Цыганкоў


Kanal geosi va tili: Belarus, Beloruscha
Toifa: Siyosat


Віталь Цыганкоў. Публіцыст, аналітык, журналіст. Аглядальнік Радыё Свабода, вядучы праграмы "Двубой" на Белсаце.

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Kanal geosi va tili
Belarus, Beloruscha
Toifa
Siyosat
Statistika
Postlar filtri




Сацыялізм, капіталізм, мерытакратыя (працяг мінулага допіса)
Напрыклад, возьмем двух футбалістаў. Яны аднолькава трацяць час на сваю прафэсію, дзьве трэніроўка ў дзень, два матча ў тыдзень, не п’юць, не кураць, вядуць здаровы лад жыцьця. Але адзін зь іх – Ліонель Мэсі, а другі гуляе ў першай лізе беларускага чэмпіянату “за пяцьсот”. Справядліва?
Ці нейкі мастак намазюкаў пару палосак, і прадаў гэтую карціну за мільён. А іншы мастак, які малюе і прадае бярозкі, за ўсё жыцьцё столькі не заробіць. Справядліва?

І што вы прычапіліся да мільярдэраў? Вазьміце любую сфэру, законы свабоднага грамадзтва прыблізна паўсюль аднолькавыя. У баскетбол гуляюць мільёны, але толькі 500 чалавек з усяго сьвету трапляюць у НБА і зарабляюць у тысячы разоў больш за іншых баскетбалістаў. Сярод творчых прафэсіяў -- пісьменьнікаў, мастакоў, музыкантаў --– 3-5, максымум 10 працэнтаў маюць посьпех і здымаюць вяршкі, а астатнія 90 працэнтаў “влачат жалкое существование», нават зарабіць на сярэдняе жыцьцё ня могуць сваёй творчасьцю. Адна Тайлар Свіфт зарабляе больш чым усе музыкі Беларусі і яшчэ дзясятка краінаў, разам узятыя.

Гэта прырода свабоднага грамадзтва, бо людзі нараджаюцца (і становяцца цягам жыцьця) няроўнымі ў сваіх здольнасьцях, амбіцыях, талентах, працавітасьці.
І калі вы лічыце, што гэта несправядліва, то адзіны спосаб пакончыць з гэтым – пабудаваць нейкую форму СССР і ГУЛАГа. Аднак і там будуць людзі, якія наверсе -- наглядчыкі і начальнікі, якія трапляюць туды зусім не ў выніку свабоднай канкурэнцыі.


Капіталізм, сацыялізм, мерытакратыя

У апошніх абмеркаваньнях амэрыканскіх падзеяў зашмат гістэрыі і ляманту (як без гэтага), але трапляюцца і рацыянальныя развагі. Напрыклад, заяўляецца, што новая амэрыканская палітычная рэальнасьць можа разьвівацца ў крайнюю форму мерытакратыі.

Мерытакратыя – гэта ўлада вартых, улада адпаведна заслугам. Сьцьвярджаецца, што ў “Трампаўскай Амэрыцы” гэты прынцып можа быць даведзены да крайнасьці, да свайго кшталту сучаснай разнавіднасьці фашызму, калі тыя, хто наверсе і апынуліся там сапраўды дзякуючы сваім заслугам, а не прыналежнасьці да класу, нацыі, ці роду – будуць ігнараваць інтарэсы тых, хто корпаецца ўнізе.

Што ж, маю некалькі разважаньняў «вакол» гэтай тэмы, і асабліва пра “сацыяльную справядлівасьць”.

1.“Нехта заўсёды ўверсе, нехта ўнізе” -- як сказана ў злавесным фільме “Платформа” (рэкамендую). Для тых, хто ўнізе, заўсёды ёсьць два варыянты паводзінаў. Альбо 1.імкнуцца наверх альбо 2.нічога не рабіць, заставацца “унізе”, шкадаваць сябе, праклінаць лёс, абставіны і ненавідзець тых, хто “уверсе”.
Многія з тых, у якіх не надта атрымалася альбо яны не надта і намагаліся – безумоўна, знойдуць прычыны, чаму яны не наверсе. Зьнешнія абставіны (вядомы мэм -- “гэта таму, што я чорны?”), хітрасьць і пранырлівасьць тых, хто апынуўся наверсе, уласныя «высокія маральныя прынцыпы, якія не дазволілі», “не надта і хацелася” і гэтак далей.

Памятаеце, як у «Майстар і Маргарыта» паэт Рюхин глядзеў на помнік Пушкіна? Но что он сделал? Я не понимаю... Что-нибудь особенное есть в этих словах: «Буря мглою...»? Не понимаю!.. Повезло, повезло! — вдруг ядовито заключил Рюхин.

Пры гэтым, як мне падаецца, ніякі ўзровень сацыяльнай абароны ня зьменіць нянавісьць да багатых і пасьпяховых. Зараз абмяркоўваецца без-умоўны даход, калі людзі будуць атрымліваць дастатковыя для жыцьця грошы ні за што, толькі за тое, што яны нарадзіліся ў багатай краіне. Думаеце, яны будуць удзячныя ўладам і лёсу? Не. Яны будуць абурацца, чаму я маю толькі 2 тысячы эўра ў месяц, а Цукерберг 200 мільярдаў!

2. Гісторыя і эканоміка прыводзіць да высновы, што ідэя роўнасьці і сацыяльнай справядлівасьці ўступае ў відавочную супярэчнасьць з ідэяй росту і разьвіцьця краіны. Калі ўтрыраваць, то гэта даволі выразны выбар – альбо туды альбо сюды, пасярэдзіне ня вельмі атрымліваецца.
Ад ВУП да даходаў насельніцтва, тэндэнцыя відавочная – ЗША і, дапусьцім, Усходняя Азія эканамічна разьвіваюцца нашмат хутчэй за Эўропу. Дарэчы будзе ўзгадаць і факт, які многімі забываецца – і ў наш час штогод тысячы і дзясяткі тысячаў ня толькі італьянцаў ці палякаў, але немцаў, англічан і шведаў эмігрыруюць назаўжды з мілай Эўропы ў ЗША. Зваротнага руху не назіраецца. Калі ж казаць пра інавацыі і тэхналогіі, то Эўропа і блізка не стаяла, яны даўно нічога вялікага інавацыйнага не ствараюць, ні Facebook, ні Google, ні Starlink. 2000 год. Доля эўрапейскіх кампаній у рыначнай капіталізацыі міжнароднага топ-100 фірм у раёне 40%. 2024 год. Доля эўрапейскіх кампаній у рыначнай капіталізацыі міжнароднага топ-100 фірм у раёне 10%.

Затое ў Эўропе ў большасьці грамадзян ёсьць добрая мэдычная страхоўка і працоўныя гарантыі. Чаго няма ў ЗША. Так што, паўтаруся, гэта справа выбару народу і палітычных эліт – альбо вы, умоўна, добры пансіянат для пэнсіянэраў (Эўропа, асабліва Заходняя) альбо вы маеце амбіцыі расьці і разьвівацца.

3. Ідэя сацыялізму, роўнасьці вечная і неўміручая, яна нікуды не падзенецца. І не таму, што яна правільная, а таму, што гэта мара для таго чалавека, які хоча “ўзяць усё і падзяліць”.

Я вялікі і зацяты прыхільнік справядлівасьці. Для мяне справядліва, калі чалавек, які больш працуе, больш таленавіты, больш пасьпяховы, павінен і атрымліваць больш. Незалежна ад патрачанага часу, а залежна ад вынікаў працы. (працяг ніжэй)


Старыя песьні пра Расею

Падчас гэтай выбарчай кампаніі ад некаторых аналітыкаў мы пачулі старыя знаёмыя песні. Маўляў, Расея хоча ўчыніць для Лукашэнкі правакацыі, дэстабілізацыю і да таго падобнае. Каб аслабіць ягоныя пазіцыі, а можа і ўвогуле замяніць на больш згаворлівага – напрыклад, прарасейскага сілавіка.
Калі сочыш за падзеямі і аналізуеш палітыку даволі доўгі час, то некаторыя сюжэты, якія паўтараюцца з незайздроснай перыядычнасцю, выклікаюць ужо толькі іронію і раздражненне.

Колькі жывем, столькі і чуем фантазіі на тэму «Масква шукае Лукашэнку замену». Асабліва настойліва гэта гучала ў 2020 годзе, калі не толькі некаторыя эксперты, але і прадстаўнікі нашай дэмакратычнай апазіцыі спадзяваліся, што Крэмль дапаможа нарэшце пазбавіцца ад Аляксандра Лукашэнкі.

З чаго раптам? Лукашэнка абвясціў, што Беларусь уступае ў Еўразвяз? Паабяцаў адмяніць дзяржаўны статус расейскай мовы, якая пануе ўва ўсіх сферах жыцця? Зрабіўся прыхільнікам дэмакратыі і заявіў пра жаданне правесці свабодныя выбары? Нібыта не. Усе гэтыя гады Лукашэнка паслядоўна праводзіў і ажыццяўляў на тэрыторыі Беларусі расейскія стратэгічныя інтарэсы.

Я лічу, што Расея можа сапраўды сыпаць Лукашэнку солі на хвост, пашчыпваць, пакусваць, нерваваць яго, ствараць яму псіхалагічныя праблемы. Але яна не збіраецца зрынаць Лукашэнку. З чаго б мяняць уласнага васала? Так, ён часам капрызлівы і нязручны, часам надта шмат просіць, але – васал.
Да таго ж, нават калі ўявіць, што раптам пад уплывам хвілінных эмоцыяў Крэмль нейкім загадкавым чынам заменіць Лукашэнку, то той імаверны хаос, якія можа выклікаць такая «аперацыя», можа прынесці нашмат больш рызыкаў і нестабільнасці для Расеі. Не мела баба клопату? Не, у Крамлі сядзяць не дурні.

2020 год даказаў тое, пра што я неаднаразова пісаў раней і што адстойваў у розных спрэчках і дыскусіях: у рэальна крытычнай сітуацыі, у выпадку пагрозы сваёй уладзе Лукашэнка пойдзе на паклон да Масквы. Дзеля захавання асабістай улады ён будзе прадаваць незалежнасць – кавалкамі або разам (вядома, лепш кавалкамі, бо так выгадней і можна ў выніку атрымаць больш).

Лукашэнка і быў, і застаецца самым галоўным гарантам залежнасці ад Расеі. І Масква гэта цудоўна разумее, нібыта змагаючыся з ім у спакойныя часы, але адназначна падтрымліваючы ў крытычную хвіліну, робячы ўсё, каб ён застаўся пры ўладзе. Бо Крэмль ведае: нікуды ён не падзенецца і ў патрэбны час зробіць Маскве любую паслугу, якой ад яго запатрабуюць.
———————-
Гэта тэкст, які я напісаў для праграмы Студыя Белсат, дзе будзе прысутнічаць і аўтарская рубрыка, у якой вядучы дзеліцца сваім меркаваньнем.
Учора я ўпершыню правёў гадзіну гэтага жывога эфіру. Гэта дастаткова новы для мямне досьвед. Ня ў сэнсе вядзеньня эфіру, канешне – тут досьведаў самых розных у мяне хапае. А ў сэнсе стварэньня такой праграмы, якая калектыўны і ў значнай ступені рэдактарскі прадукт. У адрозьненьні ад Двубоя, дзе я сам сабе гаспадар. Так што гэта даволі новы для мяне выклік, які я з задавальненьнем прымаю.
Некаторыя кажуць, што было відаць, што я хвалююся. Відаць, гэта натуральна – нават спрачацца не буду).
https://belsat.eu/84572824/fantaz-na-temu-maskva-shukae-lukashenku-zamenu


Дэбют Кавалеўскага ў Двубоі

Валер Кавалеўскі ўпершыню прыняў удзел у маёй праграме Двубой. Карэктная, але даволі гарачая і прынцыповая дыскусія з Міхаілам Кірылюком пра эфэктыўнасьць санкцыяў і шляхі вызваленьня палітзьняволеных.

“Аляксандр Лукашэнка даслаў сігнал Захаду: палітзняволеныя Бабарыка і Калеснікава таму пацверджанне. Так лічыць Валер Кавалеўскі і прапаноўвае паслабіць санкцыі. Міхаіл Кірылюк кажа, што толькі працяг ціску дасягне мэты ў Беларусі. Новы "Двубой"”.
https://www.youtube.com/watch?v=ZZvJgvJV6Zo


Аналіз выступаў Лукашэнкі і Ціханоўскай

Пакуль вы даядаеце салаты, некаторыя людзі з падвышаным пачуцьцём адказнасьці перад аўдыторыяй) працуюць.

Людзі – гэта я і Паўлюк Быкоўскі, які грунтоўна і глыбока прааналізаваў навагоднія выступы Лукашэнкі і Ціханоўскай. І ня толькі гэтыя, але і міналагоднія -- чым адрозьніваліся, якія пасланьні несьлі, у чым зьмяніліся. І што азначае загадкавая фраза Лу пра “зьмену пакаленьняў”. Дарэчы, мой адказ – нічога не азначае)

Некаторыя тэзісы Паўлюка:
• Аляксандар Лукашэнка выступае перад сваёй ляяльнай аўдыторыяй з тэлевізара, Ціханоўская — праз Youtube.
• Ціханоўская акцэнтуе ўвагу на тым, што ёсьць праблема расколу грамадзтва, выкарыстоўвае беларускую мову і сымбалі сям’і як мэтафару нацыянальнага адзінства.
• Існуе поўная супрацьлегласьць у тым, як чыста фармальна былі выбудаваныя выступы Лукашэнкі і Ціханоўскай.
• У Лукашэнкі галоўная думка: «Яднайцеся вакол мяне, вакол дзяржаўных інстытутаў».
• Тэма пераемнасьці ў пэўны час стала асноўным наратывам Лукашэнкі.
https://smarturl.click/jk66j


Угадайце, хто дае дакладныя прагнозы)

“12 з 18 экспэртаў прадказалі курс у інтэрвале 3,4–3,6 рубля, траціна ад усіх апытаных назвалі лічбу 3,5 рубля за даляр, найбольш дакладны прагноз даў Віталь Цыганкоў (3,45 рубля за даляр)”.

Гэта Радыё Свабода (Юры Дракахруст) падвяло вынікі свайго традыцыйнага прагноз-апытаньня 18 экспэртаў наконт падзеяў 2024 году, якое было зробленае ў канцы мінулага году. (Спасылка ў першым каменце)

Я на гэты раз заняў (разам зь іншымі) другое месца. І тое, толькі таму, што выпендрыўся, і па двух пытаньняў не даў відавочных адказаў, бо хацелася быць арыгінальным)

Але ў любым выпадку, “стабільнасьць – прыкмета майстэрства”. Па выніках прагнозу на 2022 год я быў на другім месцы, 2023- на першым, і зараз – зноў на другім. Сярод 18-20 удзельнікаў.

Так што… розныя людзі могуць як заўгодна да мяне ставіцца і мяне ацэньваць, лічыць альбо не лічыць мяне экспертам ці аналітыкам, гэта іхняе права і суб’ектыўны выбар. Але ёсьць пэўныя аб’ектыўныя рэчы. Адна зь іх – “Віталь Цыганкоў даволі дакладна (статыстычна больш дакладна за большасьць экспэртаў) аналізуе і адпаведна прагназуе палітычныя і эканамічныя зьявы”.

Але больш за ўсё мяне парадаваў мой прагноз наконт зьмяншэньня колькасьці палітвязьняў. Паводле ацэнак праваабарончай супольнасьці, на канец сьнежня 2023 году ў Беларусі налічвалася 1477 палітзьняволеных. На 30 сьнежня 2024 году ў Беларусі было 1265 палітвязьняў. Я сказаў, што будзе 1300. Прызнаюся, я кожны год даваў прагноз на змяншэньне, і папярэднія два гады памыляўся. Нарэшце, гэты прагноз спраўдзіўся.

Дарэчы, у нашай праграме з Юрыям Дракахрустам і Валерам Карбалевічам пра вынікі году (папярэдні допіс) я даў прагноз, што ў 2025-м у Расеі адбудзецца сур’ёзнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, у выніку вайны, санкцыяў і – можа, галоўнае – падзеньне цэнаў на нафту, выкліканае дзейнасьцю новай адміністрацыі ЗША. Пры цане на нафту 40 даляраў Расея ня здолее весьці вайну.

Спадзяюся, спраўджваньня гэтага прагнозу не давядзецца чакаць тры гады.

https://smarturl.click/jk6Gq


"Тры тэнары") Дракахруст, Карбалевіч і Цыганкоў)

Напярэдадні Новага году мы на Свабодзе ўспомнілі адзін яркі жанр, калісьці вельмі распаўсюджаны, але потым часова забыты з-за пэўных адміністратыўных прычынаў. Гэта калі тры аглядальніка Свабоды – Я, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч – абмяркоўваюць нейкую падзею.
У гэтай праграме мы абмяркоўвалі вынікі году і спрабавалі даць прагноз на год наступны.

Ведаеце, мы стараліся, рыхтаваліся. Бо немагчыма экспромтам назваць адразу 5 галоўных беларускіх ці міжнародных падзеяў, пагаварыць пра тыя тэндэнцыі, якія могуць працягнуцца ў 2025 годзе. Так што вам ня трэба пакутліва ўзгадваць усе падзеі і тэндэнцыі гэтага году – мы гэта зрабілі для вас. Таму – глядзіце праграму

“Якімі былі самыя важныя падзеі году? Якія прагнозы спраўдзіліся, якія не? Чаго чакаць ад наступнага году? На пытаньні Юрыя Дракахруста адказваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў”. Спасылка на Юцюб у першым каменце
https://www.youtube.com/watch?v=R-xXpvJHX54


Падставіць другую шчаку?

Мне здаецца, што я (магчыма, па-свойму) усё ж разумею хрысьціянскую метафару наконт "падставіць другую шчаку".

На самой справе, гэта мудры і глыбока абгрунтаваны, у нейкім сэнсе нават рацыянальны псіхалагічны ход. Цябе б'юць па адной шчацэ, але ты не адбіваешся, а падстаўляеш другую, і тым самым якбы гаворыш агрэсару – "паглядзі, што ты нарабіў, няўжо табе ня сорамна. Я табе не супраціўляюся, я не хачу памнажаць зло, адказваючы на зло. Я даю табе магчымасьць супакоіцца, астыць і ўсьвядоміць, як кепска ты паступіў. І папрасіць прабачэньня”

І гэта павінна працаваць. І гэта (часам) працуе. Але – пры ўмове, што той, другі, крыўдзіцель, мае такую ж самую сыстэму каардынат, тыя самыя каштоўнасьці. Ён аступіўся, сарваўся, пагарачыўся – зразумеў гэта і прынёс прабачэньне. Дробны эпізод не перарос у канфлікт і вайну. Ён зразумеў сваю памылку і будзе імкнуцца больш так не рабіць.

Але калі гэты чалавек сьвядома ўдарыў цябе другі раз, то гэта азначае, што ён мае іншыя прынцыпы і каштоўнасьці. Можа, для яго гвалт самамэта і асалода. Можа ён проста псіхічна не ўстойлівы, ці з тых 2 працэнтаў папуляцыі, якія маюць садысцкія схільнасьці. Таму выбару ў цябе не застаецца – ты ж ня можаш ператварыцца ў баксёрскую грушу. Таму бей яму назад у два разы мацней.

Праблема і ў тым, што часам «нападнікі» блытаюць ветлівасьць і добразычлівасьць з няздольнасьцю адказаць.

Памятаю, неяк на баскетболе ў нашу кампанію прыйшоў малады, і як мне адразу падалося, даволі хамаваты хлопец. Недзе праз некалькі гульняў, убачыўшы, што я (у адрозьненьні ад іншых гульцоў) паводжу сябе спакойна, не крычу, не мацюкаюся – ён, відаць, зрабіў памылковыя высновы. У некалькіх момантах ён безпрычынна прайшоўся па мне локцікам, сытуацыя гэтага ніяк не патрабавала. Я кажу – “Ты чаго? Другі раз ужо жорстка, не па правілах граеш. Мы тут так не робім, мякка гуляем. Я ж нават не перашкаджаў табе забіваць”. Ён такі ціпа --“адвалі”. Ок. Праз нейкі момант я ў абароне, ён хутка бяжыць на мяне, я прымаю яго плечыкам, трошкі дапамагаю рукамі – і ён вылятае метры на тры за межы пляцоўкі. Ён нейкі час ляжаў разгублена на падлозе, вырачыўшы вочы, потым нешта сказаў некультурнае ў мой адрас. Я (ну да, я завёўся) кінуўся на яго – і мяне схапілі, стрымалі іншыя гульцы. Я адразу патлумачыў, што гэта быў адказ на тыя нахабныя фалы.

Наступныя месяцы ён на мне больш ніколі жорстка не фаліў, увогуле імкнуўся мяне абыходзіць на пляцоўцы)

На маю думку, “падстаўляць шчаку” можна максімум адзін раз, каб пераканацца, што працуе той механізм “усьведамленьня” і пакаяньня, які я апісаў вышэй. Але калі механізм не працуе – трэба ваяваць. Калі нейкі чалавек ці дзяржава паўтарае напад, і агрэсар застаецца без пакараньня, то губляецца магчымасьць перашкодзіць яму гэтак рабіць у будучым і адпаведна пашыраецца зло ў сьвеце.


Менск — Захад, вынікі года

Падводзім аналітычныя вынікі года. Пра адносіны з Захадам размаўляў з Андрэем Казакевічам. У яго даволі прагматычны і, можа таму – дастаткова скептычны погляд.

Некаторыя тэзісы:

Аляксандар Лукашэнка ўсё больш успрымаецца ў сьвеце як падпарадкаваны, несамастойны суб’ект.
Не відаць прыкметаў таго, што для ЗША і Эўропы тэма адмены санкцыяў стала важнай і актуальнай.
Пакуль працягваецца расейска-ўкраінская вайна, «перагарнуць старонку» ў адносінах Беларусі з Захадам немагчыма.
Калідор для магчымага паляпшэньня адносінаў Менску і Захаду вельмі вузкі, прынамсі пакуль Беларусь падтрымлівае Расею ў яе агрэсіі супраць Украіны.
Інтарэс адміністрацыі Трампа да Беларусі будзе значна меншы, чым у адміністрацыі Байдэна.
https://smarturl.click/XyVRL


Сірыйскі і беларускі варыянт

З захапленьнем назіраю, як сірыйскія паслы, чыноўнікі праклінаюць дыктатарскі рэжым Асада.

Уяўляю сабе, як гэта будуць рабіць нашы цяперашнія чыноўнікі пасьля сыходу (у той ці іншай форме) Лукашэнкі.

Як будуць даказваць, што працавалі не на рэжым, а на краіну, распавядаць, як ім было цяжка змагацца з іншымі, нашмат горшымі, пералічваць, колькі добрага, і не заўсёды заўважнага, яны зрабілі дзеля Беларусі.

І як яны на самой справе ўсімі сваімі дзеяньнямі набліжалі гэты момант


Шанцаў у грузінскіх пратэстоўцаў няшмат?

Пагаварыў пра грузінскую тэму і непазьбежныя беларуска-украінскія паралелі з Вадзімам Дубновым -- адным з найлепшых спецыялістаў па постсавецкім краінам і асабліва Каўказу.

Вось некаторыя даволі яркія і, магчыма, не самыя папулярныя тэзісы, якія могуць зацікавіць вас прачытаць гэта інтэрвію:

Шанцаў у грузінскіх пратэстоўцаў няшмат. “Грузінская мара” – не прарасейская сіла. Націск на эўрапейскую тэму — адна з памылак грузінскай апазыцыі. Паралелі з Беларусьсю ёсць, яны ў тым, што эліта і сілавікі сканцэнтраваныя вакол улады, Іванішвілі.

Палітычны аглядальнік службы «Эхо Кавказа» Радыё Свабода Вадзім Дубноў тлумачыць, чаму ў пратэстоўцаў Грузіі, на ягоную думку, мала шанцаў на перамогу, і аналізуе паралелі з украінскімі і беларускімі вулічнымі пратэстамі.

https://smarturl.click/AdQx3


Хто можа стаць наступным пасьля Украіны?

“На жаль, на Захадзе дастаткова сілаў, якія хочуць заканчваць гэтую вайну хутка, і заканчваць яе за кошт Украіны. Эўрапейцам вельмі ня хочацца ўцягвацца ў гонку ўзбраеньняў, марнаваць грошы, якіх у іх і так не хапае, на будаўніцтва, аднаўленьне або ўмацаваньне ўласнай вайсковай прамысловасьці. Ня кажучы ўжо пра тое, каб аднаўляць так ці інакш прызыў, прызыўныя арміі, безь якіх рэзэрвы быць ня можа…

..Эўропа апынулася ў складанай сытуацыі, таму што, калі зараз падпішуць дамову на ўмовах, якія абсалютна ня выгадныя Ўкраіне, то ўсе зразумеюць, што гэтая дамова ня будзе каштаваць той паперы, на якой яна напісаная.

Бо вельмі хутка ў Расеі адбудзецца аднаўленьне вайсковага патэнцыялу, і куды будзе скіраваная новая пагроза?..

Я ня думаю, што гэта будзе NATO. Але я думаю, што ў выпадку, калі зараз будзе дасягнута замірэньне за кошт Украіны, то наступнымі стануць Беларусь і Малдова. Беларусь будзе проста анэксаваная, а Малдова ваеннымі і неваеннымі сродкамі загнаная ў выключную сфэру расейскага ўплыву. Бо калі Захад здасца зараз у пытаньні Ўкраіны, то мабілізавацца ў абарону Беларусі і Малдовы ён ня зможа”.

Гэта толькі адна цытата з майго вялікага і, як падалося, даволі глыбокага інтэрвію з Аркадзем Мошасам. Некаторыя іншыя тэзісы
• Расейскае кіраўніцтва лічыць, што час на ягоным баку, таму ісьці на саступкі пакуль не зьбіраецца.
• Людзкія страты нікога ніколі ў Расеі асабліва не цікавілі, акрамя сем’яў загінулых.
• Мэта Пуціна — перагледзець вынікі халоднай вайны.
• Лукашэнка ў студзені 2025 году сябе зноў перапрызначыць, але ніякай дадатковай легітымнасьці гэта яму ня дасьць.
• У параўнаньні з тым, што даюць Расеі сёньня Іран і асабліва Паўночная Карэя, Беларусь ужо цэніцца значна менш. Лукашэнка больш ня можа сказаць, што «мы ўдваіх».
https://smarturl.click/RAyXW


The Вайна

За савецкім часам, калі людзі казалі слова “вайна”, усім было зразумела, пра якую вайну ідзе размова. Ня трэба было тлумачыць. “Ён нарадзіўся яшчэ да вайны”, “першыя гады пасьля вайны была вялікая злачыннасьць”, “гэта было гадоў праз 10 пасьля вайны”. Усе разумелі, што размова ідзе пра Другую сусьветную вайну, якую тады называлі Вялікай Айчыннай. Але гэта толькі на сходах, “афіцыйна”.

У звычайнай гаворцы ніхто яе высокапарна не называў, казалі проста – “вайна”. The Vajna. Слова “вайна”, ужываная менавіта так, без тлумачэньняў, аўтаматычна прадугледжвала, што мы гаворым пра тую самую.

Гэта не зьмяніла ані афганская вайна СССР, ані чачэнская вайна ў Расеі, якую беларусы таксама інфармацыйна даволі блізка перажывалі і абмяркоўвалі. Паводле маіх назіраньняў (якія не абавязкова ўсеахопныя), гэта не зьмянілася ў Беларусі нават і ў 21-м стагоддзі. Ужываючы без тлумачэньня слова “вайна” -- людзі па-ранейшаму казалі менавіта пра Другую сусьветную.

І гэта зьмянілася 1000 дзён таму, калі пачалася (шырокамаштабная) расейска-украінская вайна. Цяпер, калі я камусьці (у нашым асяроддзі) кажу “гэта было яшчэ да вайны”, то мы разумеем, што я гавару пра падзеі да лютага 2022 года. Я кажу – “на фоне вайны”, “у выніку вайны”, “пасьля вайны” – і мне ня трэба дадаваць “расейска-украінскай”. Бо ўсе разумеюць, пра якую вайну ідзе размова.

Але гэта, паўтаруся, наша палітычна-журналісцкае асяроддзі. І мне цікава, наколькі гэта супадае з рэакцыяй большасьці беларусаў. Вобразна кажучы, калі б нехта зладзіў (зразумела, што гэта немагчыма) на вуліцах Менску апытаньне са словамі “Што вы думаеце пра вайну?” – колькі б чалавек адразу зрэагавалі менавіта пра гэтую вайну? Ці ўвайшла цяперашняя вайна (у якой беларусы ўсё ж непасрэдна не ўдзельнічаюць) у мову гэтак сама як і Другая Сусьветная – з улікам таго, што само слова "вайна" цяпер у Беларусі ўслых небясьпечна прамаўляць?




Дэмакраты не прыйшлі на выбары

Зараз традыцыйна (бо я раблю гэта кожныя 4 гады) аналіз некаторых найбольш прыкметных і ў пэўным сэнсе сенсацыйных дэмаграфічных зьяваў падчас галасаваньня ў ЗША.

Першае, найбольш яркае. "Моладзь за Трампа!")) Гэта, вядома, зусім ня так, бо сярод моладзі Трамп набраў 43, а Харыс 54 працэнты. Але! У параўнаньні з 2020-м колькасьць маладых мужчын (18-29), якія галасавалі за Трампа, вырасла на 15 працэнтаў і склала зараз 56 працэнтаў. Нават сярод маладых жанчын гэтага ўзросту "мізагіністычны і таксічны" Трамп дадаў 8 працэнтаў і ў выніку набраў 40

Сярод чорных "расіст" Трамп дадаў 8 працэнтаў, сярод лацінас 7, азіатаў 4. І можна канстатаваць правал "палітыкі ідэнтычнасьці" -- маўляў, возьмем чорна-азіяцкую жанчыну і ўсе чорныя, азіаты і жанчыны за яе прагаласуюць. Не. Людзі прагаласуюць за таго, хто нешта з сябе ўяўляе -- напрыклад, двойчы даволі пераканаўча галасавалі за Абаму.

Ідзем далей. Па градацыі ўзроўню даходаў Трамп набыў 4-6 працэнтаў ва усіх катэгорыях, акрамя, што паказальна, самых багатых, дзе ён страціў 2 працэнты. Так што багатыя (гадавы даход на хатнюю гаспадарку 100 тысяч і вышэй, гэта 30 працэнтаў выбарнікаў) 53 працэнты галасавалі за Камалу і 45 за Трампа, што не адпавядае даўнейшаму стэрэатыпу, што рэспубліканцы -- партыя для багацеяў.

Яшчэ з цікавага. З тых, хто прыйшоў на выбары першы раз у жыцьці (такіх было ажно 8 працэнтаў з усіх, хто прагаласаваў) 56 працэнтаў за Трампа. З тых, хто вырашыў, каму аддаць свой голас, толькі ў апошні тыдзень (7 працэнтаў ад усіх выбарнікаў) -- 51 за Трампа і 42 за Харыс.

Так што бачым, што шмат чаго вырашылася ў апошнія дні. То бок (гэта ўжо мая інтэрпрэтацыя) людзі пачулі, як СМІ называюць Трампа фашыстам, а ягоны мітынг у Нью-Ёрку нацысцкім -- гэта актыўна пашырылася менавіта апошнія дні перад выбарамі -- і папёрлі за яго галасаваць)

А электарат Дэмакратаў проста не прыйшоў на выбары. Вось і ўвесь сакрэт. Так што ўсё вышэйсказанае я мог не пісаць) У 2020 м Байден атрымаў 81 мільён, а Харыс зараз -- 69 млн. Трамп зараз набраў прыблізна тыя самыя 74 млн, што і ў 2020-м. І перамог з розьніцай 5 мільёнаў.


Пра перамогу Трампа

Дазволю сабе некалькі небанальных (па магчымасьці) думак.

1. Тое, што Трамп (як выглядае на цяперашні момант) выйграў і popular vote, то бок набраў больш галасоў у цэлым па краіне -- гэта ўражвае. Нагадаю, у 2016-м, калі ён стаў прэзідэнтам, Хілары Клінтан набрала на некалькі мільёнаў больш. Так што рэспубліканскі кандыдат выйграў popular vote упершыню з 2004 года.

2. У многіх штатах і ў цэлым па ЗША фіксуецца рэкордная падтрымка Трампа з боку лацінас. Іх, як шчырых каталікоў, відавочна раздражняла "прагрэсісцкая" павестачка Дэмакратаў. Напрыклад, Фларыда, дзе ўсё больш кубінцаў, калісьці была хісткім штатам, цяпер чыста рэспубліканскі. Дык узьнікае пытаньне -- а ці трэба Трампу змагацца супраць мігрантаў?) Бо большасьць зь іх з Лацінскай Амерыкі.

3.Забаўна будзе глядзець, як Маск (калі пагадзіцца на гэтую функцыю) пачне скарачаць дзяржаўны апарат. Калі ён купіў Твітэр, то скараціў на 75 працэнтаў супрацоўнікаў. Калі спыталі, "а так можна?" -- ён адказаў, што скарочаныя займаліся цэнзурай і таму ў новым Х болей яму не патрэбныя. Можна.

4.На дадзены момант найбольш узнёсла і грунтоўна Трампа з перамогай павіншаваў Зяленскі)

5. У вынікі апублікаванай эканамічнай праграмы рэспубліканцаў (яе добра аналізаваў інвестар з Лондану Мовчан, пачытайце ў яго) сусьветная цана на нафту зьнізіцца. Што будзе з Расеяй і яе агрэсіяй, калі нафта ўпадзе вясной да 50 даляраў (а менавіта гэта ўжо спрагназаваў Дэрыпаска) -- здагадайцеся самі.

6. Адразу пасьля замены Байдэна ў Камалы быў, паводле сацыялогіі, найлепшы рэйтынг. А потым ён пачаў падаць. Чаму? Бо яна пачала гаварыць. Даваць інтэрвію, выказваць свае погляды. Не, яна не гаварыла нейкія глупствы. Проста гэта вядомы эфэкт. Цябе ўсе любяць, пакуль ты маўчыш і ўсім усьміхаешся. Калі ты пачынаеш упершыню выказваць свае погляды, то кагосьці губляеш. (З Трампам гэта ўжо не працавала, бо ягоныя погляды даўно ўсім вядомы)


За Гайдукевіча!)) Двубой!

Прэзідэнцкія "выбары" ў Беларусі: галасуй не галасуй, усё роўна Лукашэнка? Алег Гайдукевіч ломіць сістэму, мяркуе Аляксандр Кныровіч. Ці лепш 26 студзеня 2025 зрабіць пазнаку "супраць усіх", як заклікае Святлана Ціханоўская і Вадзім Мажэйка? Новы "Двубой".

А сёньня ўжо можна падумаць -- а можа лепш Чамаданава?)

https://youtu.be/XU2Ds6NR8NM?si=VXxBXqrntMX3Q3OU


Фільм: "1994-ы — чаканая катастрофа"
Дэбют!
Забаўна пісаць слова дэбют, калі табе 36+)) Але, фармальна кажучы, сапраўды ўпершыню ў маёй журналісцкай дзейнасьці я разам з камандай стварыў тое, што можна назваць «дакумэнтальны фільм».

«У фільме Віталя Цыганкова «Непазьбежны прэзыдэнт» Свабода праз галасы сьведкаў спрабуе даць адказ на пытаньне, чаму беларускае грамадзтва ў 1994-м годзе выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму альбо менавіта такі вынік быў наканаваны».

Нагадаю, цягам 4 месяцаў мы рабілі вялікія, гадзінныя інтэрвію з самымі рознымі людзьмі ў праекце Свабоды «Сьведкі Лукашэнкі». Я запрашаў герояў, якія былі з розных сфэраў, палітычных пазіцыяў, узростаў, і нават (у пэўны час) з розных бакоў барыкад. Павал Латушка, Аляксандар Мілінкевіч, Натальля Радзіна, Дзьмітры Шчыгельскі, Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч, Сьвятлана Курс, Аляксандар Кныровіч і Мікалай Халезін. (Калі каму цікава, то паведамлю, што больш за ўсіх праглядаў набралі Шчыгельскі – 43 тысячы, Халезін – 30 тысяч, і Радзіна – 23 т).

І вось у фільме мы сабралі самыя важныя і цікавыя выказваньні герояў «Сьведак» пра 1994 год, і паміж імі – мой аўтарскі тэкст.

Так што цяпер прашу мяне прадстаўляць у розных эфірах ня толькі як журналіст і палітычны аглядальнік, але яшчэ і рэжысёр і сцэнарыст)))

https://youtu.be/TtKY3RpHp_U?si=WDTfCZOMUAiG581E


Шчыраваньні ў свой Дзень нараджэньня

Нядаўна адзін чалавек на працы, які ў прынцыпе ня тое каб вельмі добра са мной знаёмы (але працуючы над адной праграмай, мы вядома, абменьваемся рознымі гісторыямі, думкамі, выказваньнямі), прамовіў такую фразу -- «вось Віталь, яўна хоча дажыць да ста гадоў»

Я задумаўся. Ці хачу я пражыць сто гадоў? У свой Дзень нараджэньня магу сказаць -- не ўпэўнены. Назіраючы за старымі людзьмі, за тым, як яны мяняліся, гублялі інтарэс да шмат якіх рэчаў, станавіліся празьмерна абыякавымі да таго, што раней ім было важна, і гэтак далей -- я прыйшоў да высновы, што менавіта колькасьць пражытых гадоў сама па сабе зусім не вабіць. Хочацца жыць нямала (цікава ж, што будзе гадоў праз 50) – але пры ўмове фізычнай і інтэлектуальнай якасьці гэтага жыцьця. Колькі -- не так важна, важна – як.

І я разумею, што «усе мы пад Богам ходзім», што ў любы момант можа здарыцца нешта непапраўнае, мне непадуладнае -- і абсалютна спакойна да гэтага стаўлюся. Але хапае рэчаў, на якія мы можам уплываць, хоць у нейкай ступені -- здароўе, цела, інтэлектуальны ўзровень, праца, зьнешнасьць, адносіны з людзьмі. І там, дзе мы маем шанец уплываць на сваё жыцьцё – хочацца зрабіць так, каб якасьць гэтага жыцьця максымальна залежала ад цябе самога.

Таму – так, я радуюся, калі незнаёмы цырульнік дае мне 36 гадоў)) Бо гэта не падарунак лёсу, а гэта мае намаганьні і пакуты: паўтары кілямэтра ў басэйне, гэта футбол і баскетбол, галадоўкі і разгрузачныя дні, (пераважна) здаровае харчаваньне і мінімум алькаголю. Я не на чым не заклініваюся, і нічога сабе канчаткова не забараняю, але я не буду штодня есьці чыпсы, заядаючы іх хот-догамі і сьнікерсамі. Плюс, апрыёры пазытыўнае стаўленьне да людзей, адсутнасьць злобы ці зайздрасьці – але не таму, што гэта карысна для здароўя), а таму, што мне так падабаецца.

Проста рэальна хочацца хоць на нешта ўплываць у сваім жыцьці! Калі я не магу ўплываць на палітыку, вайну, і нават месца свайго цяперашняга пражываньня.

Як кажуць, «Божанька, дай мне магчымасьць прыняць тое, што я не магу зьмяніць, мужнасьць – зьмяніць тое, што магу, і мудрасьць – адрозьніць адно ад другога».

Спадзяюся, я знайшоў гэта балянс.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.