Эстафета «Галасы праз межы» падвяла вынікі: сотні неабыякавых беларусаў і беларусак, больш за 20 імпрэз у 10 краінах Праект стартаваў у кастрычніку: беларускія дыяспары па ўсім свеце з’ядналіся, каб расказаць пра краіну, яе дасягненні і праблемы, у тым ліку пра палітычны і гуманітарны крызіс пасля 2020 года. Паралельна на платформе BYSOL праходзіў збор сродкаў, якія пойдуць на падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў.
Скончылася эстафета імпрэзай у Варшаве 18 снежня, у Міжнародны дзень мігранта. У Моладзевым Хабе сабраліся ўдзельнікі і ўдзельніцы эстафеты, якія расказалі пра свае праекты, цяжкасці, з якімі сутыкнуліся, і радасці ўзаемнай падтрымкі.
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета:
«
Арганізатары эстафеты ставілі перад сабой мэту ў першую чаргу прыцягнуць увагу да тэмы Беларусі, знайсці новых партнёраў, расказаць пра беларусаў, нашую культуру, гісторыю і дзе ж мы на карце свету. Я рада, што першыя крокі зроблены, можна колькі заўгодна даваць ацэнку дзеянням іншых, але я заўсёды шчыра радуюся, калі беларусы бяруць на сябе адказнасць і спрабуюць дзейнічаць самі. Мне было прыемна стаць часткай гэтага праекту. Сума сродкаў, сабраная на пляцоўцы BYSOL,
будзе накіравана, паводле рашэння арганізацыйнай рады, менавіта ў тыя сем’і, у якіх сітуацыя найбольш складаная. Паколькі гаворка ідзе пра невялікую суму, то атрымальнікаў можа быць не так шмат. Справаздача аб тым, куды будуць накіраваныя сродкі, будзе апублікавана ў сацсетках партнёраў».
Як адзначаюць арганізатары эстафеты, шмат якія замежнікі дагэтуль не ведаюць, дзе дакладна знаходзіцца Беларусь, і часта шакаваныя тым маштабам рэпрэсій, якія ахапілі краіну пасля 2020 года. Таму праект «Галасы праз межы» будуе планы на наступны год, каб тэма Беларусі не сыходзіла з міжнароднага парадку дня.
@CabinetBelarus