«
У інтарэсах беларусаў – дэмакратычная, незалежная, суверэнная Беларусь»
, – Павел Латушка аб значэнні старшынства Польшчы ў ЕСПавел Латушка, прадстаўляючы Аб'яднаны Пераходны Кабінет, прыняў удзел у афіцыйнай інаўгурацыі пачатку старшынства Польшчы ў Радзе ЕС, на запрашэнне міністра па справах ЕС Польшчы Адама Шлапкі «Ад імя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, выканаўчага органа дэмакратычных сіл Беларусі, я хацеў бы выказаць удзячнасць міністру замежных спраў Польшчы
Радаславу Сікорскаму, які ў сваёй прэзентацыі прыярытэтаў польскага старшынства ў ЕС асабліва падкрэсліў важнасць рэалізацыі падыходу "
no business as usual" у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Гэта можа стаць асновай для далейшых дзеянняў, у тым ліку супрацоўніцтва Польшчы з дэмакратычнымі інстытутамі і ініцыятывамі беларускай грамадзянскай супольнасці як падчас старшынства Польшчы ў ЕС, так і пасля яго.
У інтарэсах абсалютнай большасці беларусаў – дэмакратычная, незалежная, суверэнная Беларусь, што, я перакананы, адпавядае і нацыянальным інтарэсам Польшчы, якая суседнічае з Беларуссю. На гэтым супадзенні інтарэсаў можа грунтавацца наша агульная стратэгія, якая падкрэслівае важнасць дэмакратычных змен у Беларусі. Для дэмакратычных сіл Беларусі важнай з’яўляецца сістэмная праца па папулярызацыі сумесна са структурамі ЕС еўрапейскай перспектывы для беларусаў», – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета
Павел Латушка.
Ён таксама акцэнтаваў увагу, што дэмакратычныя сілы вызначылі шэраг прыярытэтаў на найбліжэйшы час, у рэалізацыі якіх важная падтрымка ЕС і польскага старшынства ў ЕС:
☑️ непрызнанне фарсу, які арганізуецца Лукашэнкам 26 студзеня пад выглядам выбараў, недапушчэнне вяртання міжнароднай суб’ектнасці Лукашэнкі;
☑️ прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, а таксама за ваенныя злачынствы супраць украінскіх дзяцей;
☑️ прадстаўленасць голасу беларускіх дэмакратычных сіл у выпадку правядзення перамоў па сітуацыі ва Украіне, што можа ажыццяўляцца праз прамы ўдзел дэмакратычных сіл ці праз старшынства Польшчы ў ЕС, а таксама недапушчэнне да магчымых перамоў дыктатара Лукашэнкі, які цалкам страціў права прадстаўляць інтарэсы беларусаў і ўжо не адновіць яго.
Павел Латушка падкрэсліў, што падчас старшынства Польшчы ў ЕС важным застанецца пытанне паляпшэння магчымасці мабільнасці для беларусаў, а таксама працяг у садзейнічанні выдачы віз у краіны ЕС для камунікацыі беларускага грамадства з Еўропай.
Важна таксама павялічваць колькасць адукацыйных стыпендый для беларусаў у Еўропе, падтрымку незалежных СМІ і блогераў, падтрымліваць нацыянальную культуру і беларускую ідэнтычнасць у процівагу палітыцы рэжыму Лукашэнкі і Расіі, накіраванай на прапаганду «рускага свету» ў беларускім грамадстве.
Таксама Павел Латушка адзначыў важнасць правядзення 3-4 лютага 2025 года па ініцыятыве МЗС Польшчы Касцюшкаўскага форуму ў Еўрапейскім цэнтры Салідарнасці ў Гданьску, прысвечанага падтрымцы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
«Я спадзяюся, што лідарства Польшчы ў ЕС дазволіць звярнуць увагу еўрапейскіх партнёраў на масавыя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ўзмоцніць стратэгію ЕС у мэтах пошуку рашэнняў і інструментаў для пераадолення гуманітарнага крызісу ў Беларусі і пасадзейнічае вызваленню палітвязняў. Будзе ўзмоцнены ціск на пануючы ў Беларусі рэжым.
Я таксама ўдзячны Польшчы і польскаму ўраду, польскаму грамадству за тую вялікую дапамогу, якая была аказаная і працягвае аказвацца для нас, як для беларускага грамадства, так і для дэмакратычных сіл у гэты складаны лёсавызначальны перыяд для Беларусі», – адзначыў Павел Латушка.
Падчас інаўгурацыі Павел Латушка правёў размовы з кіраўнікамі Сейма і Сената, членамі ўрада Польшчы, еўрадэпутатамі ад Польшчы аб планах сумесных мерапрыемстваў падчас старшынства Польшчы ў ЕС.
@CabinetBelarus