Крысціна Рыхтэр: «З чэрвеня беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы, змогуць атрымаць праязны дакумент бясплатна»
Пра гэта
заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Барташ Градзецкі: «Міністр Марыюш Каміньскі пасля перамоваў з беларускай суполкай у Польшчы, а таксама са Святланай Ціханоўскай, вырашыў, што гэты дакумент будзе выдавацца бясплатна».
Польскі праязны дакумент – гэта замена пашпарта для выезду за мяжу. Ён пацвярджае асобу і выдаецца тым, хто не можа зрабіць новы пашпарт па палітычных прычынах.
Для таго, каб гэта стала магчымым, яшчэ ў 2022 годзе была створаная
працоўная група МУС Польшчы, куды ўвайшлі дарадца Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр, прадстаўніца Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская і прадстаўнік НАУ Арцём Праскаловіч. 18 студзеня 2023 года яны правялі чарговую сустрэчу, на якой
абмеркавалі спрашчэнне працэдур легалізацыі. Таксама ў студзені адбылася
сустрэча Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў Аб'яднанага пераходнага кабінета з міністрам унутраных справаў Польшчы Марыюшам Каміньскім, дзе абмяркоўвалі пытанне спрашчэння легалізацыі і міграцыйных працэдураў для беларусаў.
Вынікам гэтых сустрэчаў стала
ўнясенне зменаў у заканадаўства Польшчы аб выдачы праязнога дакумента гэтай краіны. З чэрвеня беларусы, якія маюць часовы або пастаянны від на жыхарства ў Польшчы, змогуць атрымаць праязны дакумент без выплаты адпаведных пошлінаў і збораў.
Нагадаем, з ліпеня 2022 года беларусы могуць
атрымліваць гуманітарны від на жыхарства ў Польшы. Гэта таксама вынік намаганняў працоўнай групы МУС Польшчы.
Падрабязней – на
сайце Святланы Ціханоўскай.