Ці мае права рэжым Лукашэнкі называць Беларусь сацыяльнай дзяржавай?Ірына МакЛейн, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, — аб праблемах у сацыяльнай сферы і шляхах да сацыяльнай справядлівасці:«26 студзеня нам ізноў давядзецца назіраць за спектаклем, які Лукашэнка называе "выбарамі". Але пакуль улады імкнуцца стварыць ілюзію "легітымнасці" і "стабільнасці", рэальныя праблемы застаюцца без увагі. Ці мае права рэжым ганарыцца статусам Беларусі як сацыяльнай дзяржавы, калі рэпрэсіі, гвалт і палітвязні сталі яе сумнай візітоўкай?
Замест наладжвання годнага жыцця пенсіянераў, настаўнікаў, дактароў, людзей з інваліднасцю, барацьбы з хатнім гвалтам і падтрымкі ягоных ахвяр, рэжым фінансуе рэпрэсіўны апарат. У дзяржСМІ пішуць пра важныя сацыяльныя ініцыятывы, але яны аказваюцца толькі разавымі акцыямі і становішча не мяняюць. Тым часам беларусы талакою збіраюць грошы на чарговую дарагую аперацыю для хворага дзіцяці – у тым ліку праз "экстрэмісцкія рэсурсы".
У сацыяльна арыентаванай дзяржаве існуюць эфектыўныя механізмы падтрымкі ўразлівых груп: дастойныя пенсіі, якасная медыцына, дапамога ў крызісных сітуацыях… У сацыяльна арыентаванай дзяржаве не знішчаюць НДА, што змагаюцца за інтарэсы самых розных людзей і чуюць голас грамадства. У сацыяльна арыентаванай дзяржаве не ліквідуюць медыя і не саджаюць блогераў, якія задаюць нязручныя пытанні чыноўнікам. Не "адціскаюць" маёмасць, не адбіраюць бізнес, не забіваюць людзей у турмах, не трымаюць зняволеных інкамунікада. У сацыяльна арыентаванай дзяржаве людзі не залежаць ад паказушных ініцыятыў.
За 30 гадоў ва ўладзе Лукашэнка добра навучыўся маніпуляваць лічбамі – у некаторых рэйтынгах Беларусь выглядае няблага. Але там наверсе часта «падмалёўваюць» ці хаваюць статыстыку. Гэта стала відавочна яшчэ падчас пандэміі каранавіруса, калі медыкі і пацыенты засталіся сам-насам са сваімі праблемамі.
Напярэдадні "бязвыбараў" рэжым раздае "падачкі" пад выглядам "клопату пра людзей". Па факце гэта проста спроба ўтрымаць кантроль. Сацыяльная палітыка – сістэмная з’ява і не трымаецца на волі аднаго чалавека, які вырашыў "спыніць цэны" ці ў зручны для сябе момант падняць пенсіі. Чалавека, які працягвае ігнараваць патрэбу ў рэформах і шукаць "прагрэс" у савецкім мінулым.
Рэформы могуць стаць падмуркам для эфектыўнай новай сістэмы, над чым мы зараз і працуем. Бо беларусы вартыя лепшага, Беларусь заслугоўвае быць сацыяльнай дзяржавай, а не проста мець гэты прапагандысцкі статус. І яна ёй будзе».
@CabinetBelarus