Мы ўжо гаварылі пра Віленскую публічную бібліятэку ў кантэксце фондаў 16-18 бібліятэкі Урублеўскіх. Сёння лагічны працяг, толькі гэтым разам пра непрыкметны фонд
LVIA 597.
Фонд называецца «Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки», мае два вопісы, і нас цікавіць менавіта другі, бо ён утрымлівае частку тых самых спраў з бібліятэкі (161 справа, 1511-1936).
Некаторыя справы падзелены на катэгорыі (Магілёўскае губернскае праўленне, Бабруйскі павятовы суд, Лідская правіянцкая камісія, Барысаўская падпрэфектура, Лепельская гарадская дума, Лепельскі сіроцкі суд, Себежская дваранская апека, Віленская мітраполія, Пінска-Тураўскае епіскапства) + 8 без катэгорыі + 13 з даапісання.
Акрамя Барысаўскай падпрэфектуры (пра якую ніжэй, і якую я б ніколі не дадумалася шукаць у гэтым фондзе, калі б была такая мэта), я паглядзела адну справу «без катэгорыі» з прывабнай назвай «Акты гродских и судебных учреждений Минской губернии 1803». На жаль (для мяне), у гэтай справе нават і не пахне Барысаўскім паветам – 99% запісаў прыпадае на Бабруйск (але трэба яшчэ ўдумліва перагартаць).
З справамі падпрэфектуры (утворана ў 1812 замест павета) мне пашанцавала значна больш (хаця б тэрытарыяльна). Што яшчэ цікавей, гэта менавіта тыя справы, на аснове якіх была складзена глава 6 (Распоряжения временнаго Французскаго правительства)
37 тома (Документы и материалы, относящиеся к истории Отечественной войны 1812 г) знакамітых Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі.
Глава гэта спасылаецца на справы №№168-180 з Залы Б, шафы 8 бібліятэкі, і вельмі падобна, што большасць з іх (калі не ўсе) апынуліся менавіта ў LVIA 597.
Вопісы LVIA сціпла замоўчваюць, як перакладаць нумары спраў са старой бібліятэкі ў сучасныя шыфры, але старыя нумары хаця б захаваліся на вокладках. Я прагледзела 5-6 спраў і адназначнай логікі ў перакладзе нумароў не ўбачыла.
Пакуль што ўзяла адну справу падпрэфектуры, у якой, на першы погляд, дзіўная мешанка розных дакументаў (вось ужо сапраўды змяшаліся ў кучу людзі, коні і гарэлка з жытам) і супаставіла змест з Актамі (з думкай, што шчупаць арыгіналы заўсёды прыемна, але калі за мяне ўжо ўсё расчыталі больш за 100 гадоў таму, то няма сэнсу марнаваць час).
Добрая навіна №1: прыкладна палова часам не самай чытэльнай пісаніны ўжо ёсць у Актах.
Добрая навіна №2: але ж паловы няма, і ў ёй трапляюцца даволі цікавыя дакументы, напрыклад, спісы шляхты і рэкрутаў.
Супастаўленне можна паглядзець тут:
жмяк. Калі дакумент ёсць у Актах — будзе скрыншот, калі няма — мінімальна пазначана дата, хто і каму пісаў. Больш-менш цікавыя дакументы, якіх няма ў Актах, адзначаны як «!». У Актах знайшлося пару памылак у нумарацыі старонак, і ў некалькіх месцах 8bra — гэта раптоўна лістапад, але ў цэлым даволі акуратная праца.
Чаго вось не разумею – дык гэта па якім прынцыпе рабілася выбарка, бо часам ёсць два аднатыпныя дакументы з розных кантонаў, адзін у Акты ўключылі, а другі — не.
Найбольш цікавае менавіта ў гэтай справе — спісы чыншавай шляхты Ухвальскага кантона. У каментарыях пакажу цікавыя старонкі ⬇, цалкам і ў лепшай якасці, як звычайна, у шафе:
LVIA 597-2-28 (ex Віленская публічная бібліятэка Зала Б, шафы 8, справа 179) Akta Podprefektury Borysowskiey (Miscelanea) / Финансовые, хозяйственные и другие документы 1812