Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі


Kanal geosi va tili: Belarus, Beloruscha
Toifa: Siyosat


Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Kanal geosi va tili
Belarus, Beloruscha
Toifa
Siyosat
Statistika
Postlar filtri


Латушка сустрэўся з прадстаўнікамі польскай Асацыяцыі дырэктараў тэатраў

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка разам з прадстаўнікамі трупы «Вольныя Купалаўцы» правёў сустрэчу з членамі прэзідыўма польскай Асацыяцыі дырэктараў тэатраў на чале з яе кіраўніком Паўлам Шкотакам.

Членам прэзідыўма Асацыяцыі дырэктараў тэатраў была прадстаўлена інфармацыя пра дзейнасць трупы «Вольныя Купалаўцы», абмеркавана магчымасць яе ўдзелу ў тэатральных фестывалях у Польшчы.

Павел Латушка звярнуўся з просьбай аб пашырэнні супрацоўніцтва паміж беларускімі артыстамі тэатру, якія вымушана пакінулі Беларусь і сёння знаходзяцца ў Польшчы, і тэатральнымі ўстановамі Польшчы.

Асацыяцыя пацвердзіла імкненне падтрымаць такое супрацоўніцтва, у тым ліку выказала зацікаўленасць прымаць у польскія тэатры на працу тэхнічных спецыялістаў для ўдзелу ў рэалізацыі тэатральных пастановак. У адказ на запыт асацыяцыя прапанавала сумесна прапрацаваць магчымасць рэалізацыі беларуска-польскіх тэатральных пастановак пры падтрымцы профільных праграм Еўрасаюза.

Прадстаўніцтва па транзіце ўлады Кабінета сумесна з Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Кабінета перададуць інфармацыю аб дзейнасці як «Вольных Купалаўцаў», так і іншых беларускіх незалежных тэатральных калектываў у Польшчы ў адрас польскіх тэатраў.

@CabinetBelarus


Святлана Ціханоўская выступіць у Еўрапарламенце і правядзе сустрэчы ў Радзе Еўропы

11-12 сакавіка дэмакратычная лідарка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская наведае Страсбург. Яна выступіць на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента, сустрэнецца з намеснікамі міністраў у Радзе Еўропы і правядзе сустрэчу з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсола.

Падчас візіту кіраўніца Кабінета абмяркуе:

падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці і стратэгію процідзеяння рэжыму Лукашэнкі;

рэпрэсіі супраць беларусаў, пытанні вызвалення палітзняволеных;

ролю Беларусі ў еўрапейскай бяспецы і неабходнасць захадаў супраць далейшай акупацыі краіны Расіяй.

Святлану Ціханоўскую будзе суправаджаць Паліна Шарэнда-Панасюк, якая таксама выступіць на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента і возьме ўдзел у сустрэчах.

@CabinetBelarus


«Прызначэнне Турчына не прывядзе да сістэмных змен у эканамічнай палітыцы Беларусі»

Намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка пракаментаваў прызначэнне Аляксандра Турчына прэм’ер-міністрам рэжыму Лукашэнкі:

«Упэўнены ў тым, што прызначэнне прэм’ер-міністрам Аляксандра Турчына не прывядзе да сістэмных змен у эканамічнай палітыцы Беларусі.

І гэта не звязана нават з той заявай, якую зрабіў сам дыктатар падчас абвяшчэння свайго рашэння прызначыць новага прэм’ера.

Гэта звязана з тым, што Лукашэнка прытрымліваецца свайго асаблівага падыходу да эканамічнай мадэлі Беларусі, які заключаецца ў поўным кантролі над усімі сектарамі эканомікі, як дзяржаўнай, так і прыватнай формай уласнасці, гатоўнасці ажыццяўляць нацыяналізацыю, канфіскацыю маёмасці, выкарыстанне жорсткага адміністрацыйнага рэсурсу ў кіраванні эканомікай.

Таму, нягледзячы на тое, што Аляксандр Турчын быў першым віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Сяргея Румаса, якога адносілі да беларускіх тэхнакратаў, лібералаў, які імкнуўся даць больш свабоды эканоміцы, яго прызначэнне не прывядзе да сістэмных змен.

Сур’ёзнай стратай для тых, хто прытрымліваўся ліберальных поглядаў на эканамічнае развіццё Беларусі, з'яўляецца адстаўка кіраўніка Нацбанка Паўла Калаўра. Пры ўсведамленні таго, што ліберальная палітыка ў Беларусі ўжо даўно адышла ў нябыт, яго замена на Галоўчанку сведчыць пра тое, што цяпер рашэнні ў манетарнай палітыцы будуць прымацца адзінагалосна.

Фіксуецца страта Нацбанкам сваёй незалежнасці, і яго дзейнасць яшчэ больш будзе падпарадкоўвацца інтарэсам рэжыму. Галоўчанка, які раней адказваў у якасці амбасадара, а пасля і прэм’ера, за эканамічныя сувязі з арабскімі краінамі і забеспячэнне фінансавых інтарэсаў сям’і Лукашэнкі, цяпер будзе і кантраляваць фінансавыя патокі ў інтарэсах сям’і праз каналы Нацбанка.

Наш прагноз цалкам спраўдзіўся. Яшчэ два тыдні таму на YouTube-канале я прадставіў сваё бачанне, што новым прэм’ер-міністрам будзе прызначаны Аляксандр Турчын. Дарэчы, упершыню гэтая інфармацыя з’явілася паўтара-два гады таму. Турчын разглядаўся як замена Галоўчанку, аднак на той момант Лукашэнка не прыняў гэтага рашэння.

Нягледзячы на кампліменты, якія выказаў яму дыктатар, што Турчын валодае прэзідэнцкімі якасцямі, гэта не тая фігура, якая можа стаць рэальнай альтэрнатывай Лукашэнку.

Дарэчы, варта памятаць, што Турчын знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза за падаўленне пратэстаў 2020 года, за што нясе персанальную адказнасць як старшыня Мінскага аблвыканкама»

@CabinetBelarus


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Больш за 48 тысяч грамадзян Беларусі звярнуліся па легалізацыю знаходжання на тэрыторыі Польшчы ў 2024 годзе

Аднавіла сваю дзейнасць рабочая група, створаная Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, па пытаннях легалізацыі беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.

Першае пасяджэнне рабочай групы днямі адбылося ў Варшаве на чале з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам. Беларускі бок узначальваў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка. Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета Віталь Малчанаў, кіраўніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская, дэлегатка Каардынацыйнай Рады Вольга Карпушонак.

Кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч праінфармаваў Паўла Латушку аб тым, што за мінулы год больш за 48 тысяч грамадзян Беларусі звярнуліся з просьбай аб легалізацыі знаходжання ў Польшчы. Толькі за студзень 2025 года такіх зваротаў было больш за 4 тысячы, што, як адзначыў прадстаўнік польскага боку, дэманструе захаванне дынамікі зваротаў грамадзян Беларусі за легалізацыяй свайго знаходжання ў Польшчы.

Падчас сустрэчы быў абмеркаваны шэраг праблем, у прыватнасці:

▪️Скарачэнне тэрмінаў разгляду спраў па легалізацыі беларусаў у Польшчы.

Томаш Цытрыновіч паведаміў, што польскі бок прымае намаганні, каб скараціць тэрміны разгляду спраў па легалізацыі беларусаў у Польшчы. У другой палове 2025 года плануецца ўнесці змены ў закон аб замежніках, якія дазволяць увесці электронную сістэму падачы дакументаў для замежнікаў у рамках працэдуры легалізацыі. Як прадугледжваецца, змены паскораць разгляд спраў, мінімізуюць колькасць наведванняў заяўнікамі Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы і ўправаў ваяводаў, а таксама пазітыўна паўплываюць на праблему з пасярэднікамі. Працэдура будзе прадугледжваць электронную форму запаўнення анкеты з электронным подпісам, пазней – зварот у адпаведную інстанцыю для здачы адбіткаў пальцаў, перадачы дадатковых дакументаў (калі гэта будзе патрабавацца), а таксама для атрымання дакументаў;

▪️Пытанні, звязаныя з падставамі для выдачы падарожных дакументаў.

Была абмеркавана магчымасць выдачы падарожных дакументаў для беларусаў не толькі ў выпадку сканчэння тэрміну дзеяння пашпарту альбо яго адсутнасці, але і ў выпадку сканчэння старонак для віз і пячатак альбо ў выпадку, калі пашпарт быў выдадзены больш за 10 гадоў таму. Томаш Цытрыновіч падтрымаў неабходнасць разгледзець магчымасці інтэрпрэтацыі дзейнага заканадаўства, якое дазволіць пашырыць падставы выдачы падарожных дакументаў для беларусаў. Пасля аналізу дзейнага заканадаўства Польшчы ў Кабінет будзе накіраваны адпаведны адказ;

▪️Пытанні, звязаныя з тэрмінам выдачы падарожных дакументаў.

Павел Латушка прапанаваў разгледзець магчымасць выдачы падарожных дакументаў на тэрмін больш за 1 год, як ажыццяўляецца гэта на сённяшні момант. Прадстаўнік польскага боку праінфармаваў, што разглядаецца магчымасць унясення змен у заканадаўства з мэтай павялічыць тэрмін дзеяння дадзенага дакумента, але на сёння не акрэсліў, на які тэрмін гэты дакумент будзе выдавацца ў будучым;

▪️Пытанні выдачы падарожных дакументаў дзецям грамадзян Беларусі.

Бакі абмеркавалі магчымасць выдачы падарожных дакументаў беларускім дзецям, якія нарадзіліся ў Польшчы, у выпадку, калі бацькі не могуць паехаць у Беларусь для афармлення пашпарта для дзіцяці. Томаш Цытрыновіч паведаміў, што ў гэтай сітуацыі справы будуць разглядацца індывідуальна ваяводамі на падставе заяў бацькоў.

Просім вас інфармаваць Кабінет @belcabinet_bot аб выпадках адмовы ў атрыманні дакументаў для дзіцяці, каб мы маглі адсочваць сітуацыю і інфармаваць Упраўленне па справах замежнікаў Польшчы.

@CabinetBelarus


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Юлія Міцкевіч, лаўрэатка Жаночай прэміі Ганны Кляйн, першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, віншуе беларусак з Міжнародным днём барацьбы за правы жанчын

@CabinetBelarus


Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета, – аб праблеме гендарнай няроўнасці ў Беларусі і пагрозах правам жанчын у свеце:

«Сёння, у Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын, я звяртаюся да ўсіх беларусаў і беларусак. Не, не проста па “жаночай праблеме”, а па праблеме справядлівасці і роўных магчымасцей для ўсіх.

Мы жывём у час, калі гендарная роўнасць не толькі недасягнутая, але і свядома атакоўваецца. Уплывовыя палітычныя сілы, аўтарытарныя рэжымы і антыдэмакратычныя групы ва ўсім свеце выкарыстоўваюць дэзінфармацыю і мізагінныя наратывы, каб запалохаць, заглушыць і знішчыць голас жанчын.

У Беларусі жанчыны церпяць ад дыскрымінацыі не толькі з боку рэжыму, але і праз глыбока ўкаранёныя грамадскія стэрэатыпы. Кажуць, што справа ў сістэме. Але гэта толькі палова праўды. Другая палова – у тым, што самае складанае змаганне адбываецца ў галовах людзей.

Жанчыны выконваюць значна больш неаплочваемай хатняй працы, чым мужчыны, і грамадства па-ранейшаму ўспрымае гэта як “натуральны парадак рэчаў”.

Гендарны разрыў у заробках – рэальны, і ён не “сам выправіцца”.

Забароненыя для жанчын прафесіі – гэта не пра “клопат”, а пра пазбаўленне выбару.

Гендарна матываваны гвалт – гэта не “прыватная справа сям’і“, а сістэмная праблема, якая свядома ігнаруецца ўладамі.

Больш за тое, тыя, хто адкрыта змагаецца за правы жанчын, сутыкаюцца з ціскам, запалохваннямі, а часам і з фізічным гвалтам. Гэта не проста “супраціў зменам”, гэта наўмысная спроба прымусіць жанчын замаўчаць.

Але мы не будзем прасіць дазволу быць свабоднымі. Мы не будзем чакаць, пакуль нехта вырашыць “прыйшоў час”. Мы будзем патрабаваць свабоды, самі, кожны дзень, пакуль яна, нарэшце, не прыйдзе.

У Прадстаўніцтве па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета мы працуем з разуменнем, што кожная жанчына, у тым ліку і маладая жанчына, можа рэалізоўваць сябе, так, як хоча яна сама, так, каб яе голас гучаў і ўплываў, каб яе праца прызнавалася»

@CabinetBelarus


Светлана Тихановская dan repost
Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Святлана Ціханоўская павіншавала беларусак-лаўрэатак Жаночай прэміі Ганны Кляйн

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў Берліне адбылося ўзнагароджанне Жаночай прэміяй імя Ганны Кляйн, якая ўручаецца ў знак прызнання ўнёску жанчын у барацьбу за правы і роўнасць.

Сёлета ўпершыню прэмію атрымалі беларускі – першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч, фемактывістка Дар’я Афанасьева і праваабаронца, гендарная экспертка Ірына Альхоўка.

Беларуская лідарка шчыра павіншавала лаўрэатак, адзначыўшы:
«Юлія, Дар’я, Ірына, вы прадстаўляеце тысячы беларускіх жанчын, якія не спыняюцца, не здаюцца і не маўчаць. Гэта вялікі гонар і радасць – ведаць, што беларускі натхняюць увесь свет. І ўвесь свет бачыць, як вы нястомна працуеце дзеля будучыні, свабоднай ад несправядлівасці».




У Берліне адбываецца цырымонія ўзнагароджання Жаночай прэміяй Ганны Кляйн

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская віншуе лаўрэатак і распавядае пра іх уклад у барацьбу за роўнасць і свабоду:

«Сёлета гэтая ўзнагарода ўпершыню прысуджаная беларускім актывісткам. Гэта прызнанне іх барацьбы і сведчанне таго, што змаганне беларускіх жанчын за роўнасць і свабоду бачаць і падтрымліваюць ва ўсім свеце.

Сярод лаўрэатак – нашая каляжанка Юлія Міцкевіч, першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Разам з ёй узнагароды атрымліваюць Дар’я Афанасьева, палітзняволеная, фемактывістка, і Ірына Альхоўка, праваабаронца і гендарная экспертка.

Беларускі штодня змагаюцца супраць сістэмы, якая баіцца свабодных жанчын. Яны не толькі супрацьстаяць рэпрэсіям, але і ствараюць новыя формы салідарнасці і ўзаемадапамогі. Менавіта гэта адзначыла журы прэміі Анны Кляйн:

💬 «Феміністычны актывізм Юліі, Ірыны і Дар’і, іх рашучасць і стойкасць перад жорсткім пераследам з боку дзяржавы і гвалтам з’яўляюцца прыкладам універсальнага досведу жаночага супраціву аўтарытарным рэжымам. Яны прадстаўляюць розныя пакаленні жаночага актывізму, выкарыстоўваюць лічбавыя формы дзеянняў, ствараюць бяспечныя прасторы для жанчын і выступаюць за іх удзел у палітыцы. І яны працягваюць грамадзянскую справу Ганны Кляйн, распрацоўваючы для гэтага новыя інструменты».

Сённяшняя ўзнагарода – гэта не толькі прызнанне іх мінулых заслуг, але і падтрымка той будучыні, якую яны ўжо ствараюць.

Сімвалічна, што цырымонія ўзнагароджання адбываецца ў Берліне напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы за правы жанчын»

Фотакалаж: boell.de

@CabinetBelarus


«Беларускі ўжо даказалі, што могуць змяняць рэальнасць»

Напярэдадні 8 сакавіка намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета Ірына МакЛейн разважае пра страх рэжыму перад жанчынамі і пра тое, чаму роўнасць – гэта не падарунак і не прывілей, а базавая каштоўнасць:

«Я жыву ў Шатландыі, і мая дачка не разумее, чаму 8 сакавіка – гэта пра кветкі. Тут гэты дзень – не пра «мілых дам», не пра фармальныя віншаванні, а пра барацьбу за роўныя правы. У Беларусі ж 8 сакавіка толькі падкрэслівае, наколькі раўнапраўе недасягальнае ва ўмовах дыктатуры.

Рэжым Лукашэнкі бачыць у жанчынах не асоб з правамі, а толькі карысныя вобразы: маці, жонкі, работніцы… Ахвярныя, пакорлівыя, маўклівыя.

Але свабодныя жанчыны разбураюць гэты карцінкавы свет і прапануюць альтэрнатыву – грамадства, у якім няма месца гвалту і манаполіі ўлады.

Рэжым навязвае жанчынам ролю абслугоўвання. Хоча, каб яны працавалі за капейкі і дзякавалі. Каб гадавалі дзяцей у страху перад дзяржавай. Каб маўчалі, бо за голас годнасці рэжым карае турмой і выгнаннем.

Сённяшняя Беларусь – гэта не краіна для жанчын. Гэта краіна, дзе яны становяцца ахвярамі гвалту, дзе іх працу прыніжаюць, дзе ім адмаўляюць у правах, дзе іх дзяцей могуць забраць у якасці пакарання. Але жанчыны – не ахвяры. Яны – сіла.

Жанчыны вучаць, каб адукацыя канчаткова не ператварылася ў прапаганду. Жанчыны лечаць, хоць сістэма аховы здароўя развальваецца. Жанчыны ствараюць сацыяльна адказны бізнес і фарміруюць палітычны парадак дня – праўда, цяпер без прамой рызыкі для сябе толькі за межамі Беларусі. Яны не маўчаць, нават калі іх спрабуюць знішчыць.

Роўнасць – гэта не прывілей і не падарунак, які можа «даць» дзяржава. Гэта аснова справядлівага грамадства. І пакуль беларускі змагаюцца з няроўнасцю, прыгнётам, эканамічнай і палітычнай несправядлівасцю, барацьба не скончаная.

Мая дачка не разумее, чаму 8 сакавіка – гэта пра кветкі. Для яе гэты дзень – пра права быць пачутай, пра павагу, пра магчымасць выбіраць. У Беларусі гэта пакуль недаступная раскоша. Але беларускі ўжо даказалі, што могуць змяняць рэальнасць – і мы працягнем. Пакуль дзень 8 сакавіка ў Беларусі не стане святам сапраўднага раўнапраўя – не на словах, а ў рэальнасці»

@CabinetBelarus


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Важна, каб у стратэгію бяспекі Еўропы была ўключана перспектыва дэмакратычнай і незалежнай Беларусі

Дасягненне мэты будучай дэмакратычнай Беларусі было галоўным пытаннем падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі з палітычным дырэктарам МЗС Ірландыі Джэрардам Кеонам.

У сувязі з выклікамі для сусветнай бяспекі і вайной, якую вядзе Расія супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, асаблівая ўвага была нададзена неабходнасці пры распрацоўцы будучай стратэгіі бяспечнай Еўропы ўлічыць падтрымку беларускага грамадства, якое выступае супраць вайны і хацела б жыць у дэмакратычнай, еўрапейскай і незалежнай дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь.

Павел Латушка звярнуўся з просьбай да прадстаўніка МЗС Ірландыі аб падтрымцы ў тым ліку:

- незалежных СМІ і блогераў – і забеспячэнні іх працы ва ўмовах рэпрэсій;

- няўрадавых арганізацый, асабліва тых, хто займаецца абаронай правоў чалавека.

Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі:

стратэгіі ціску на рэжым Лукашэнкі праз:

- прыцягненне Лукашэнкі і яго памагатых да міжнароднай адказнасці за агрэсію супраць Украіны, ваеннае злачынства, звязанае з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей, і злачынствамі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа;

- пашырэнне санкцый супраць рэжыму і іх гарманізацыю на еўрапейскім узроўні.

сітуацыю ў Беларусі:

- у краіне застаецца вялікая колькасць палітзняволеных – працуе «канвеер» рэпрэсій;

- усе незалежныя палітычныя партыі ліквідаваныя;

- больш за 50% няўрадавых арганізацый былі зачыненыя.

Джэрард Кеон падкрэсліў неабходнасць працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі. Ён адзначыў жорсткасць рэжыму Лукашэнкі і выказаў салідарнасць з беларускім народам у яго барацьбе за дэмакратыю, пацвердзіўшы гатоўнасць Ірландыі аказваць дапамогу.

Прадстаўнік ірландскага МЗС выказаўся за неабходнасць далейшага ўзмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя магчымыя далейшыя крокі па ўзмацненні і наданні большай эфектыўнасці санкцыйнаму ціску.

Павел Латушка: «Ірландыя мае абсалютна рэалістычныя ацэнкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, які з’яўляецца саюзнікам Расіі ў агрэсіі супраць Украіны. Ірландыя выступае і будзе выступаць за больш моцныя санкцыі супраць рэжыму, калі ён не спыніць сваю падтрымку ў вайне супраць Украіны.

Таксама Ірландыя вывучыць магчымасць падтрымкі прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы, якія ён здзяйсняе супраць беларусаў і ў сувязі з агрэсіяй у адносінах Украіны.

Мы абмяркоўвалі і сітуацыю, звязаную з фінансавай падтрымкай і дапамогай грамадзянскай супольнасці Беларусі. Ірландыя абсалютна разумее важнасць і прыярытэтнасць падтрымкі незалежных СМІ і блогераў. Я звярнуўся з просьбай, каб былі выдзеленыя адпаведныя сродкі. Таксама мы казалі пра важнасць фінансавай падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў і праваабарончых арганізацый
».

Прадстаўнік МЗС Ірландыі адзначыў зацікаўленасць у правядзенні ў Ірландыі адмысловай канферэнцыі, прысвечанай беларускай культуры і яе падтрымцы.

@CabinetBelarus


«Рэжым дэманструе гатоўнасць падзяліць усю адказнасць за негатыўныя наступствы ў рэгіёне»

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, пракаментаваў абмеркаванне Расіяй і рэжымам Лукашэнкі планаў аб стварэнні завода па вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі:

«Распачынанне вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі відавочна з’явіцца эскалацыйным крокам і дадасць напружанасці ў рэгіёне. Гэты завод, хутчэй за ўсё, будзе функцыянаваць у інтарэсах перадусім Расійскай Федэрацыі, бо заяўленая вытворчая магутнасць – больш за 100 тысяч беспілотнікаў – відавочна перавышае патрэбы беларускай арміі.

Размясціўшы гэты завод у Беларусі, Расійская Федэрацыя вырашыць некалькі задач.

Па-першае, яна арганізуе вытворчасць высокатэхналагічнай прадукцыі непасрэдна каля меж НАТА і Украіны, што, безумоўна, спросціць лагістыку і планаванне далейшых аперацый, накіраваных на эскалацыю ў рэгіёне.

Па-другое, размяшчэнне гэтай вытворчасці ў Беларусі фактычна зробіць яе няўразлівай для ўкраінскіх сіл абароны. Як вядома, і гэта не сакрэт, што ўдары ўкраінскіх сіл па глыбіні тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку па вытворчых прадпрыемствах, нафтабазах і іншых стратэгічных аб’ектах, ужо дасягаюць паўтары тысячы і больш кіламетраў. Цяпер яны хаваюць гэтую вытворчасць, робячы яе недасягальнай.

Па-трэцяе, гэта стварае яшчэ адну вялікую мішэнь на Беларусі. У выпадку большай эскалацыі ў рэгіёне гэтая вытворчасць, персанал, які на ёй працуе, і тэрыторыя Рэспублікі Беларусь стануць цэллю нумар адзін.

Акрамя таго, абмеркаванне гэтых планаў паказвае, што рэжым Лукашэнкі, які ўзяў курс на палітычную, эканамічную і вайсковую інтэграцыю, усё больш паглыбляецца ў сферу інтарэсаў Расійскай Федэрацыі, робячы незваротныя крокі і канчаткова звязваючы сябе з рэжымам Пуціна. Такім чынам, ён дэманструе гатоўнасць падзяліць усю адказнасць за негатыўныя наступствы ў рэгіёне»

@CabinetBelarus


Светлана Тихановская dan repost
Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць беларусаў, якія змагаліся за свабоду Італіі

Святлана Ціханоўская наведала Італію напярэдадні важнай гістарычнай даты – 80-годдзя вызвалення гэтай краіны ад фашызму. Беларусы таксама прымалі ўдзел у гэтай барацьбе, і 81 год таму ў бітве пад Монтэ-Касіна загінулі 264 беларускія жаўнеры.

Лідарка наведала могілкі польскіх жаўнераў Арміі Андэрса і ўсклала кветкі на магілы беларусаў, якія вызвалялі Балонню падчас Другой сусветнай вайны.

Святлана Ціханоўская:
«80 гадоў таму Балонню акупавалі нацысты. Першымі войскамі, якія ўвайшлі ў горад і прынеслі вызваленне, былі войскі Арміі Андэрса. Яна складалася ў асноўным з польскіх грамадзянаў. Тым не менш сярод жаўнераў налічвалася мноства беларусаў з Заходняй Беларусі. Нашыя людзі змагаліся не толькі за свабоду Італіі, але і за каштоўнасці: дэмакратыю, незалежнасць, права народа жыць без дыктатуры. Яны прыехалі, каб дапамагчы італьянцам вярнуць сваю краіну. Яны ведалі, што свабоду ў любым месцы варта абараняць.

Многія беларусы сёння змагаюцца ва Украіне, каб таксама абараніць свабоду. Яны ведаюць, што перамога Украіны азначае свабоду Беларусі. Ужо 80 з іх аддалі жыцці за гэтую справу. Свабода ніколі не датычыцца толькі адной нацыі. Калі мы абараняем Украіну, мы абараняем Беларусь і абараняем Еўропу. Сёння, калі беларусы працягваюць змагацца за будучыню, важна памятаць: нашая краіна заўсёды мела герояў, якія станавіліся на бок свабоды».


ААТ «Пеленг» могуць выключыць з міжнароднай асацыяцыі праз санкцыйны статус

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка на падставе інфармацыі Альянсу расследвальнікаў Беларусі накіраваў зварот у Дзяржаўны сакратарыят эканомікі Швейцарыі (SECO) з просьбай праверыць адпаведнасць сяброўства беларускай кампаніі ААТ «Пеленг» у Асацыяцыі гідраметэаралагічнай прамысловасці (HMEI) санкцыйным абавязацельствам Швейцарыі. Ён таксама заклікаў SECO прыняць меры для блакавання супрацоўніцтва паміж HMEI і кампаніяй, уключаючы магчымасць выключэння яе са складу асацыяцыі.

3 лютага прэс-служба HMEI абвясціла аб далучэнні ААТ «Пеленг» да арганізацыі, нягледзячы на тое, што кампанія знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Японіі, Украіны, Новай Зеландыі і Швейцарыі за падтрымку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

У звароце Павел Латушка падкрэсліў, што сяброўства ААТ «Пеленг» у HMEI дае кампаніі доступ да міжнародных экспертных груп, звязаных са Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй (WMO), а таксама магчымасць прасоўваць сваю прадукцыю на міжнародным рынку. Гэта выклікае занепакоенасць, паколькі арганізацыя, якая знаходзіцца пад санкцыямі, можа выкарыстоўваць платформу HMEI для абыходу абмежаванняў, што супярэчыць прынцыпам міжнароднай адказнасці і намаганням па ізаляцыі суб’ектаў, якія падтрымліваюць ваенную агрэсію.

Павел Латушка звярнуўся ў SECO як у кампетэнтны орган, адказны за выкананне санкцыйнага рэжыму, з просьбай:

правесці праверку абставін уступлення ААТ «Пеленг» у HMEI і ацаніць, ці не парушае гэта дзейныя санкцыйныя абавязальніцтвы Швейцарыі;

прыняць меры для блакавання супрацоўніцтва паміж HMEI і ААТ «Пеленг», уключаючы выключэнне кампаніі са складу асацыяцыі, каб пазбегнуць легітымацыі яе дзейнасці на міжнароднай арэне;

разгледзець магчымасць дадатковых мер у дачыненні да ААТ «Пеленг», каб прадухіліць выкарыстання швейцарскіх платформ для абыходу санкцый.

«Мы высока цэнім намаганні Швейцарыі ў падтрымцы міжнароднага міру і бяспекі праз выкананне санкцыйных мер. Упэўненыя, што Вашае ведамства падзяляе занепакоенасць адносна магчымых злоўжыванняў з боку суб’ектаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, у міжнародных арганізацыях», – адзначыў Павел Латушка ў звароце да SECO.

Намеснік кіраўніцы Кабінета паведаміў швейцарскім органам пра гатоўнасць падаць дадатковую інфармацыю і дакументацыю наконт ААТ «Пеленг» і яе ўдзелу ў падтрымцы ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

@CabinetBelarus


Збіраецца база беларускіх культурніцкіх арганізацый за мяжой. Запоўніце заяўку, калі вам можна пералічыць дапамогу

Прадстаўніцтва на нацыянальным адраджэнні Кабінета стварае базу арганізацый, якім можна пералічваць 1,2% ці 1,5% падатку ў краінах Балтыі і Польшчы:

«Калі вы займаецеся культурай, адукацыяй, медыя або грамадскай дзейнасцю, гэта можа стаць добрым і дадатковым інструментам фінансавай падтрымкі вашай арганізацыі. Беларуская супольнасць хоча дапамагаць сваім – і гэта рэальны спосаб атрымаць такую дапамогу.

Магчыма, вам здаецца, што гэта не працуе, але ўжо шмат арганізацый паспяхова карыстаюцца гэтым механізмам. 1,2% ці 1,5% – гэта не асобны падатак, а грошы, якія людзі ўсё роўна плацяць, толькі яны могуць самі выбраць, куды іх накіраваць. Для вас гэта магчымасць атрымаць дадатковыя рэсурсы на важныя праекты, а для людзей – спосаб падтрымаць тое, што ім блізка.

Каб трапіць у спіс арганізацый, якія могуць атрымліваць такую падтрымку, запоўніце заяўку.

Мы плануем выкарыстаць гэтыя дадзеныя для стварэння публікацыі і распаўсюджвання інфармацыі пра магчымасць накіравання 1,2%-1,5% падатку на падтрымку арганізацый, якія працуюць у сферы адукацыі, культуры, медыя і сацыяльных праектаў у гэтым годзе і актуалізацыю ў наступныя гады»

@CabinetBelarus


Стратэгія ЕС у дачыненні да Беларусі: каштоўнасны выбар ці «business as usual»?

«Важна, каб у гэты перыяд гістарычнай турбулентнасці Еўропа дакладна вызначылася і агучыла сваю стратэгію ў адносінах да Беларусі. Ці будзе гэты выбар заснаваны на каштоўнасцях, ці мы зноў сутыкнемся з падыходам "business as usual"? Я веру, што гэта будзе стратэгічны выбар на карысць адстойвання каштоўнасцей», – заявіў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка на X Еўрапейскім кангрэсе мясцовага самакіравання, які праходзіў 3-4 сакавіка ў Мікалайках.

Павел Латушка падкрэсліў, што важна выпрацаваць стратэгію, якая прывядзе да таго, каб Беларусь перастала быць пагрозай бяспецы Еўропы, трансфармаваўшыся ў дэмакратычную, незалежную і праеўрапейскую дзяржаву, якая стане часткай архітэктуры еўрапейскай бяспекі.

Павел Латушка таксама адзначыў заяву дэпутата Нацыянальнай асамблеі Францыі Фрэдэрыка Пэці аб прызнанні Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа беларускіх дэмакратычных сіл і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, якія з'яўляюцца важнымі інстытутамі дэмакратычных сіл для падтрымкі ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі краінамі. Фрэдэрык Пеці падкрэсліў важнасць і беспрэцэдэнтнасць выбрання за мяжой Каардынацыйнай рады Беларусі.

«Сёння многія беларусы задаюцца пытаннем: ці дастаткова моцная Еўропа, каб прыняць і рэалізаваць стратэгію падтрымкі беларусаў у дасягненні мэты – дэмакратычнай Беларусі? Лукашэнка застаецца саюзнікам Расіі, і гэта з’яўляецца сур’ёзным выклікам для Еўропы. Выклікам для будучай бяспекі Еўропы», – адзначыў Павел Латушка.

@CabinetBelarus


«Ксенія Луцкіна на волі, але сотні палітвязняў застаюцца за кратамі»

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская пракаментавала вызваленне Ксеніі Луцкіной:

«Кожнае вызваленне – вынік вялікай сумеснай працы. За кожным выратаваным жыццём стаяць дзясяткі людзей: тыя, хто падтрымліваў, арганізоўваў дапамогу, хто заставаўся ў цені, але быў важным звяном у ланцугу салідарнасці. Большасць з іх не публічныя, але без іх такія навіны былі б немагчымыя.

Мы дзякуем усім, хто быў побач на гэтым шляху.

Ксенія Луцкіна, нарэшце, на свабодзе, але пакінуць калонію – яшчэ не азначае вярнуцца да нармальнага жыцця. За час зняволення яе здароўе сур’ёзна пагоршылася, яна не атрымлівала неабходнай медыцынскай дапамогі, і цяпер перад ёй – доўгі шлях рэабілітацыі.

Падтрымайце Ксенію. Мы не вернем ёй гэтыя чатыры гады, але можам дапамагчы зноў стаць на ногі, адчуць пад імі глебу.

Тым часам у беларускіх турмах працягваюць знаходзіцца сотні палітзняволеных. Яны пазбаўленыя базавай дапамогі, медыцынскага дагляду. Іх становішча – крытычнае, і мы не можам спыніць барацьбу, пакуль кожны з іх не выйдзе на волю.

Мы жадаем Ксеніі моцы і хуткага аднаўлення. І дзякуем усім, хто працягвае змагацца за вызваленне палітвязняў. Кожнае намаганне мае значэнне»

@CabinetBelarus


Юлія Міцкевіч, першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, – пра неабходнасць падтрымкі зняволеных па палітычных матывах жанчын:

«Жанчыны ў беларускіх турмах сутыкаюцца з асаблівай жорсткасцю. Іх псіхалагічна і фізічна катуюць, ізалююць ад дзяцей, пазбаўляюць медыцынскай дапамогі і ствараюць для іх невыносныя ўмовы ўтрымання. Але яны не здаюцца нават у такіх умовах, падтрымліваюць адна адну, праяўляюць любоў і клопат.

Для беларускага рэжыму правы жанчын і гендарная роўнасць ніколі не былі важнымі ці прыярытэтнымі пытаннямі, а з 2020 года тыя, хто лічаць сябе ўладай, дзейнічаюць проста антыгуманна – б’юць па жанчынах, якія маюць голас, моц і сваю грамадзянскую пазіцыю, падзяляючы тым самым беларусак на “няправільных” і “правільных”.

Падтрымка жанчын у няволі – наш унёсак як дэмакратычнай супольнасці ў справу сацыяльнай справядлівасці. Таму кожны і кожная, хто сёння далучаецца да гэтай дапамогі, не проста ахвяруе матэрыяльна, але і робіць уклад у пабудову інклюзіўнай дэмакратыі, дзе голас жанчын не прыніжаецца, а мае значэнне»

@CabinetBelarus


«Яны павінны быць такія, як ты». Што гэта значыць?

В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі адрэагаваў на заяву Лукашэнкі, які забараніў міністру культуры браць на працу тых, хто выступаў супраць рэжыму, незалежна ад іх таленту:

«Лукашэнка адкрыта прызнаў тое, што і так відавочна: культура для яго – не сфера творчасці, а зона ідэалагічнага кантролю. Гаворка зусім не ідзе пра нацыянальныя інтарэсы, пра захаванне і развіццё беларускай культурнай традыцыі, пра важнасць унёску таленавітых творцаў у культурную спадчыну народа. Гэта ўсё яму непатрэбнае.

Ён патрабуе толькі аднаго – абсалютнай лаяльнасці. Не мае значэння, наколькі чалавек таленавіты, калі ён не гатовы складаць хваласпеў «найчалавечнейшаму чалавеку».

Сёння тыя, хто кіруе дзяржаўнымі ўстановамі культуры, самі не ствараюць нічога значнага. Ані новая мастацкая кіраўнічка Купалаўскага тэатра, ані дырэктарка Тэатра юнага гледача, ані рэктарка Універсітэта культуры – гэта не людзі, якімі магла б ганарыцца беларуская культура.

Але яны якраз такія, як трэба Лукашэнку. Як ён сказаў міністру культуры: «Ты – дзяржаўны чалавек. Яны павінны быць такія, як ты».

Ніякай лібералізацыі няма. У культуры усё яшчэ неперагорнуты 20-ты.

Насуперак усім тым, хто бачыць нейкія няўлоўныя прыкметы «паслаблення» ў краіне, Лукашэнка сам дае выразны адказ: ніводнаму вядомаму і таленавітаму творцу нічога не дараванае.

Забарона на прафесію не толькі не скончылася – яна атрымала новы імпульс. Рэпрэсіі супраць творчых людзей працягваюцца. Любая свабодная творчасць становіцца магчымай альбо «ў стол», альбо ў эміграцыі. Мы вяртаемся ў часы СССР, калі сапраўднае мастацтва магло існаваць толькі ў падполлі і размаўляць з гледачом эзопавай мовай.

Гэта ўсё не выпадковасць, а працяг свядомай палітыкі нацыянальнага выраджэння, якая ўхваляецца з усходу.

Менавіта таму сёння беларуская культура за мяжой – гэта яе авангард і вітрына. Творцы, якія былі вымушаныя пакінуць краіну, працягваюць ствараць Беларусь – і падтрымка іх працы цяпер важная як ніколі.

І гэта не толькі пытанне грантаў ці замежнай дапамогі. Гэта адказнасць кожнага з нас.

Нашы кнігі, спектаклі, карціны, музыка і спевы – гэта тое, што будзе жыць, калі сістэма, якая прымушае «быць такімі, як ты», скончыцца. Таму давайце інвеставаць у сваё».

@CabinetBelarus


Баркоўскі: «Назвы вуліц – гэта нашая памяць і нашая будучыня»

28 лютага ў Вільні адбыўся круглы стол «Урбананімічная прастора Беларусі: канцэпцыі ўпарадкавання, дэкаланізацыі, дэкамунізацыі», арганізаваны Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Гісторыкі, мовазнаўцы і культуролагі абмеркавалі, чаму ў беларускіх гарадах і да сёння захоўваецца савецкая і імперская тапанімічная спадчына, як і чаму мясцовыя ўлады блакуюць перайменаванні і якія прынцыпы павінны быць у аснове вяртання гістарычных назваў. Удзел у дыскусіях прынялі Андрэй Казакевіч, Алесь Капуцкі, Алесь Чайчыц, Святлана Куль-Сяльверстава, Уладзімір Хільмановіч, Яўген Малікаў, Аляксей Ластоўскі, Алесь Адамковіч, Сяргей Харэўскі, Вінцук Вячорка.

В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі падвёў вынікі і растлумачыў значэнне круглага стала і працы ў межах яго тэматыкі:

«Назвы вуліц – гэта нашая памяць і нашая будучыня. Чалавек можа ўсё жыццё хадзіць па вуліцы Леніна і ніколі не даведацца, што продкі называлі яе Францішканскай. Жыць на Камсамольскай, не здагадваючыся, што яна насіла імя святога Феліцыяна – заступніка Мінска. Штодня мінаць плошчу 8 сакавіка і не ведаць, што ўвесь папярэдні час гэта быў Нізкі рынак.

Тапанімічная спадчына Беларусі працягвае заставацца пад моцным уплывам чужых ідэалогій. У гарадах і мястэчках дагэтуль дамінуюць назвы, звязаныя з савецкімі дзеячамі, «інтэрнацыяналам» і вайсковымі тэрмінамі. Мы бачым, што нават дзе была магчымасць для змен, чыноўнікі не спяшаліся пазбаўляцца «камуністычнага іканастаса». Сёння амаль не засталося тых, хто ўсур’ёз верыць у ідэі камунізму, але ў нашых гарадах працягваюць дамінаваць імёны рэвалюцыянераў і генералаў, якія ніяк не звязаны з мясцовай культурай.

Тапанімічная палітыка – гэта не толькі пытанне мінулага, але і будучыні. Як паказваюць даследаванні, тапанімічнае асяроддзе ўплывае на нашыя культурныя арыенціры. Калі ў буйных гарадах кожная трэцяя назва – савецкая, то што атрымлівае дзіця, якое расце ў такім атачэнні? Калі ў Мінску не знойдзецца вуліц ні Быкава, ні Барадуліна, ні Саламеі Русецкай, то якія каштоўнасці сфарміруюцца ў новых пакаленняў?

Мы не можам чакаць, калі гэтыя пытанні будуць вырашаныя самі сабой. Круглы стол яшчэ раз даказаў, што сістэмная праца павінна весціся ўжо зараз: стварэнне рэестраў аўтэнтычных назваў, распрацоўка тапаграфічных карт, каб быць гатовымі змяняць гарадскі ландшафт тады, калі адкрыецца акно магчымасцей.

Гэта не проста перайменаванні. Гэта аднаўленне гістарычнай памяці. Гэта выбар, які вызначае, у якім сімвалічным свеце будуць жыць будучыя пакаленні беларусаў».

@CabinetBelarus

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.