Postlar filtri


Ня будзем забывацца, што ў 1991-98 РФ паўстала з жабрацтва, а пазьней аднавіла вайсковы патэнцыял дзякуючы гіганцкай фінансавай дапамозе Захаду. Папярэджаньні лідэраў нацыянальных рухаў аб небясьпецы ГБісцкага рэваншу, пакуль Расея застаецца імпэрыяй, Захад успрымаў голасам маргіналаў і ігнараваў. На жаль, і новае пакаленьне заходніх палітыкаў гісторыя не навучыла — яны гатовыя здаць Украіну (ужо здаюць), абы толькі Расея не распалася і ядзерная зброя не апынулася невядома ў чыіх руках (як быццам яна цяпер у адказных руках). Ядзерны шантаж Пуціна спрацаваў.

А таму — мы, беларусы, мусім спадзявацца толькі на сябе. Сьцьвярджэньні адваротнага гучаць прыгожа, але даюць падманную надзею і ёсьць нічым іншым, як фарысействам.


А я згодны з Алексіевіч: Чэхава чытаць трэба.

І самае актуальнае ў яго – вось гэты дыялог у «Вішнёвым садзе»:

«Фирс. Перед несчастьем то же было: и сова кричала, и самовар гудел бесперечь.

Гаев. Перед каким несчастьем?

Фирс. Перед волей.

Пауза».

«Перед волей» - гэта перад адменай прыгоннага права (1861 г.), якую рускі чалавек палічыў няшчасьцем, бо прызвычаіўся быць рабом. Гэткім жа (і нават большым) няшячасьцем, ужо ў канцы ХХ стагодзьдзя, успрыняў ён разбурэньне прагнымі да свабоды народамі камуністычнага СССР. І запатрабаваў вяртаньня гэтых народаў у імпэрскае стойла.

Праўда, штодзённыя паведамленьні пра забітых расейскімі ракетамі ўкраінцаў, пра зьнішчаныя бальніцы, школы, жылыя дамы – адлюстроўваюць сутнасьць гэтай рабскай мэнтальнасьці непараўнальна больш выразна (і, трэба прызнаць, больш даходліва), чым проза Фёдара Міхайлавіча і драматургія Антона Паўлавіча.


Спачатку гэтак і атпрымалася. На выбарах у ВС-13 АГП выставіла ў акрузе Пазьняка філосафа Ўладзімера Мацкевіча зь ягонай рэзкай крытыкай БНФ, які хаця і не прайшлоў нават у другі тур, але крытычную колькасьць галасоў у лідэра БНФ адабраў (адсутнасьць Пазьняка ў складзе ВС-13 мела для лёсу дэмакратыі фатальны характар). На тых выбарах ніводзін кандыдат БНФ увогуле ня быў прапушчаны ў парлямэнт, затое АГП утварыла досыць прадстаўнічую фракцыю.

Здавалася б, тактыка «толькі бяз мовы» перамагла. Але пасьля таго, як АГП зрабіла ваю справу, выцісьніўшы з парлямэнту БНФ, патрэба ў ёй зьнікла – у будучых «палатках» яе прадстаўнікоў ужо не было (да моманту красамоўнага зьяўленьня там Канапацкай).

Увогуле, гэтую тэорыю («ня трэба беларускай мовы, беларуская мова пужае людзей», «не ўздымайце нацыянальны сьцяг, бо не зразумеюць») я чую ўжо тры дзесяцігодзьдзі, і яна працягвае існаваньне, нягледзячы на тое, што яе рэтрансьлятары цярпяць паразу за паразай. Мала таго – робяць сумнеўныя (мяукка кажучы) для беларускай Незалежнасьці крокі (кшталту падпісаньня ў 2004 паміж АГП і Нямцовым дамовы, паводле якой беларуска-расейская «інтэграцыя» мусіла ісьці больш «цывілізавана», чым яе праводзіў Лукашэнка, ці заявы ў жніўні 2020 паплечнікаў Бабарыкі і кіраўнікоў штабу Ціханоўскай пра намер захаваць у сіле ўсе падпісаныя паміж Пуціным і Лукашэнкам «саюзныя» дамоўленасьці. «Усе» - гэта значыць і наконт «саюзнай дзяржавы», якую Васіль Быкаў назваў «злачынствам стагодзьдзя»).

Падобнае не прыносіла перамогі – але нязьменна адцягвала нацыянальнае сталеньне грамадзтва, накіроўвала яго на тупіковы шлях.

Ці спынецца калі-небудзь гэтае зачараванае кола, якое нязьменна вяртае беларусаў у кропку, зь якой даводзіцца пачынаць усё ледзь не спачатку? Ці ўсьвядоміць хаця б палітычна актыўная частка нашага грамадзтва, што нацыянальныя каштоўнасьці (найперш, мова) – ніякі не палітычны інструмэнт, ня сродак, а ўмова існаваньня народа, урэшце, умова фізычнага выжываньня?

У кантэксьце пераходу імпэрскай палітыкі Масквы да стадыі «гарачай вайны» словы «фізычнае выжываньне» перастаюць быць мэтафарай. (2/2)


Нядаўна прачытаў у адной дыскусіі папрок: «нашто кожны раз, як выбары, было даставаць Пагоню і БЧБ? ... Выкарыстаньне беларушчыны ў палітыцы як асноўнага сымбалю супраціву – гэта была дзярмовая стратэгія, якая заганяе кожны раз беларушчыну ў маргінэз».

Між іншым, напісаў гэта чалавек, які рэальна шмат зрабіў у справе пашырэньня ўжытку беларускай мовы.

Пакінем у баку той бясспрэчны факт, што выбараў у Беларусі не было больш як тры дзесяцігодзьдзі. Важна тое, што ў гэтых словах выяўленае, на мой погляд, разуменьне (а дакладней – неразуменьне) сытуацыі, бяз зьмены якой немагчымыя ні дэмакратыя, ні тыя ж выбары, ні ўвогуле Беларусь як незалежная дзяржава.

Маю на ўвазе ўспрыманьне беларускай мовы і, шырэй, нацыянальных каштоўнасьцяў як сродку дасягненьня нейкай мэты, а не як умовы існаваньня нацыі.

Бо абраньне нейкага сродку (скажам, пры у выпадку хваробы – таго ці іншага леку) сапраўды можа быць памылковым і нават шкодным. Тады як перакрыцьцё паступленьня ў лёгкія паветра – гэта адназначна сьмерць, без варыянтаў.

Дык вось беларуская мова, прабачце за банальнасьць параўнаньня – гэта паветра. Умова жыцьця, а ня сродак.

І ўзьняцьцё Бел-Чырвона-Белага Сьцяга (не прымаю гэтай навязанай рэжымам абрэвіятуры «БЧБ»), пачынаючы з таго легендарнага мітынгу ля Курапатаў 30 кастрычніка 1988 году, ёсьць выяўленьнем менавіта гэтага памкненьня нацыі дыхаць. А гаварыць на роднай мове – натуральным жаданьнем, а ня нейкім спосабам камусьці штосьці давесьці.

Колькі гадоў таму я прачытаў у адным часопісу (калі не памыляюся, у ARCHE) аб'ёмісты тэкст аднаго нашага вядомага філосафа, у якім аўтар даводзіў памылковасьць імкненьня БНФ часоў Пазьняка стварыць канцэпцыю дзяржавы, сыходзячы з палажэньняў і нормаў, якія існавалі ў ВКЛ.

Прачытаў і ня ведаў, ці плакаць, ці сьмяяцца.

Справа ў тым, што канцэпцыя беларускай Незалежнасьці, распрацаваная дэпутатамі БНФ (а менавіта гэтак можна назваць пакет нашых законапраектаў, у тым ліку і канстытуцыйных), не была вынікам нейкага штучнага вырошчваньня «у прабірцы» - маўляў, давайце працягнем вось такія і такія канстытуцыйныя палажэньні часоў ВКЛ, і вось гэтыя пазыцыі, заяўленыя ў дакумэнтах БНР.

Я нават адкрыю сакрэт: асабіста мае веды што пра ВКЛ, што пра БНР, ва ўсялякім разе ў першы горд дэпутацтва, маглі зьмясьціцца ў двух абзацах на палове аркуша паперы; ну што зробіш, я вучыўся ў звычайнай савецкай школе. Падазраю, што ў некаторых іншых дэпутатаў БНФ яны былі яшчэ меншыя (зразумела, я ня маю на ўвазе гісторыкаў Алега Трусава ці Валянціна Голубева – апошні меў навуковую манаграфію па землеўладкаваньню ў ВКЛ).

Тое самае тычыцца і мовы: з двух з паловай дзясяткаў дэпутатаў Апазыцыі БНФ у пачатку дзейнасьці Вярхоўнага Савета па-беларуску размаўлялі, як я цяпер падлічыў, толькі палова. Але неўзабаве па-беларуску пачалі размаўляць усе – і гэта пры тым, што ніхто нікому і ніколі ня выказаў і паў-слова папроку, не тлумачыў важнасьці мовы і г.д. Адбылося натуральна.

І тое, што наша канцэпцыя дзяржаўнага ўладкаваньня працягвала традыцыі, закладзеныя далёкімі і нядаўнімі (у гістарычным маштабе) папярэднікамі – таксама атрымалася цалкам натуральна і вынікала з усьведамленьня галоўнай умовы існаваньня нацыі. Магчыма, усьвядомленай нават больш інтуітыўнага, чым у выніку нейкага глыбокадумнага аналізу.

А менавіта: як мага далей ад Масквы. У палітыцы, у эканоміцы, у культуры, -- ва ўсіх сфэрах жыцьця.

Тут палягала асноўнае адрозьнееньне БНФ і «раньняй» беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (ці, калі хочаце, нацыянал-дэмакратаў) ад «демократов вообще» (якія ўвасабляліся найпепрш у АДПБ-АГП) і бачылі Беларусь у саюзе з Масквой.

Нягледзячы на партыйныя пературбацыі, гэтыя дзьве плыні захаваліся і па сёньня.

Прыкметна, што ўжо з 1994 года «демократы вообще» крытыкавалі БНФ за нібыта «празьмерную акцэнтацыю на беларускай мове», ня проста замоўчваючы пытаньне захаваньня беларускай мовы, але нават і прапаноўваючы (АГП) увесьці дзяржаўнае двухмоў'е. На думку іх лідэраў, гэта дазволіла б узяць больш галасоў, чым меў іх БНФ. (1/2)


ПРА ПАЛІТКАРЭКТНАСЬЦЬ. Ведаеце, у чым розьніца паміж інтэграцыяй эмігрантаў-мусульманаў у ЗША і ў Эўропе? Выхадзец з Пакістану, трапляючы ў Нью-Ёрк, наймаецца на цяжкую працу, укалвае з 6 раніцы да 20 вечара, каб ягоны сын скончыў унівэрсытэт, а народжаны ўжо ў Квінсе ці Бронксе ўнук – хто ведае, можа і сэнатарам, а нават і прэзыдэнтам ЗША. Ну, наконт унука-прэзыдэнта – можа і мара, а вось бачыць ужо сына інтэграваным у амэрыканскае грамадства – рэальная мэта. І як правіла, яна ажыцьцяўляецца.

Амэрыка – гэта плавільны кацёл, які перамешвае нацыі і, ў выніку інтэгруе іх у грамадзтва. І пры гэтым падтрымліваюцца нацыянальныя традыцыі (у чым можна пераканацца штогод на фэстывалях ля беларускай царквы на Атлянтык-авэню у тым жа Нью-Ёрку).

Іншая справа – да прыкладу, у Нямечыне. Тут чалавек сядзе на “сацыял”, праўдамі-няпраўдамі перавязе мала што бацьку-маці, але і братоў-сёстраў, і дваюродных братоў-сёстраў, і траюродных братоў-сёстраў. І яны таксама сядуць на “сацыял”. Без усялякага жаданьня бачыць свайго сына высокакваліфікаваным хірургам, а ўнука -- дэпутатам Бундэстагу ці фэдэральным канцлерам. Увогуле без імкненьня інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва інакш, чым у якасьці атрымальніка фінансавай дапамогі. Але зь вялікай прагай ператварыць тэрыторыю вакол сябе ў гермэтычную супольнасьць, якая, у ідэале, будзе жыць па законах шарыяту.

Я, вядома, утрырую і надзвычай згушчаю фарбы – выхадзец з Емену ў Мюнхене можа імкнуцца інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва ўжо ў першым пакаленьні, а пакінстанец з Бостану ў трэцім пакаленьні -- рыхтавацца пакараць “няверных” піратэхнічным спосабам. Але тэндэнцыі менавіта такія.

Адрозна ад ЗША, Заходняя Эўропа так і ня здолела вырашыць праблему эмігацыі з мусульманскіх краінаў. Нават наблізицца да яе вырашэньня. Затое дзесяцігодзьдзямі тых, хто заклікаў да ўзважанай эміграцыйнай палітыкі, хто папярэджваў пра тое, што ідэя мультыкультурызму хаця і прыгожая, але ў выпадеку сваёго правалу небясьпечная (ці мала было ў гісторыі прыгожых ідэй, якія з выніку праводзілі да катастрофаў!) , - гэтых людзей абвінавачвалі ў лепшым выпадку – у непаліткарэктнасьці, у горшым – у празізме.

Ды іх левакі па-просту цкавалі. Палітыку ўсумніцца публічна ў слушнасьці эміграцыйнай палітыкі Мэркель у якім-небудзь 2015 годзе – было ўсё роўна, што прабачце, на дыпляматычным прыёме памачыцца на сьценку.

Я ня быў прыхільнікам колішняга прэзыдэнта Чэхіі сацыяліста Мілаша Зэмана. Але мне імпануе ягоная пазцыя, выказаная колькі год таму, калі Брусэль настойваў, каб Чэхія прыняла колькі там дзясяткаў тысяч эмігрантаў-мусульманаў.

Зэман адказаў прыблізна гэтак: “У Чэхіі няма мячэцяў і няма сродкаў, каб будаваць мячэці, таму вернікі-мусульмане будуць пакутваць, а нашыя сэрцы з-за гэтага -- разрывацца. Але мы гатовы прыняць удвая болей уцекачоў з хрысьціянскіх краінаў”.

Слова сваё Зэман стрымаў: Чэхія прытуліла шмат беларусаў пасьля 2020-га і пасьля 2022-га рэкордную сярод эўрапейскіх краінаў колькасьць украінцаў (у прапорцыях да колькасьці насельніцтва) (больш за 300 тысяч).

Тое, што “мульці-кульці” у Эўропе пацярпеў татальны крах, прызнаюць, здаецца, усе (за выключэньнем зусім ужо зацятых левакоў). Але ці зьмянілася хоць што-небудзь?

Сёньня многія, камэнтуючы яўрэйскія пагромы ў Амстэрдаме, па-ранейшаму баяцца адкрыта сказаць пра паходжаньне і пра веравызнаньне тых, хто гэтыя пагромы ўчыняў. Бо – абвінавацяць у расізме.

Пагромы ў Амстэрдаме могуць быць толькі пачаткам катастрофы. Калі Эўропа заканадаўча не замацуе іудэйска-хрысьціянскія каштоўнасьці як адзін з дзяржаваўтворных базісаў (левакі дамагліся, што яны былі выключаныя з канстытуцыяў некаторых краінаў), -- праз 20-30 гадоў у ёй запануюць аятолы.

Яны ўсім нам нам даходліва прадэманструюць рэлігійную талернантнасьць, правы ЛГБТ, гендэрную роўнасьць і шматквецьце культураў.


Адзначым тое, што бясспрэчна як для прыхільнікаў, гэтак і для апанэнтаў Трампа – як бясспрэчна тое, што Нью-Ёрк знаходзіцца на беразе Атлантыкі, а Амэрыка, пры ўсіх турбуленцыях, застаецца самай свабоднай і дэмакратычнай краінай (і слава Богу).

Трамп атрымаў “моцны мандат” – у ягоным актыве галасы ня толькі большасьці членаў калегіі выбаршчыкаў, але і арыфмэтычнай большасьці амэрыканцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні (папярэдні свой мандат ён атрымаў, набраўшы менш агульных галасоў, чым Клінтан, але больш галасоў членаў калегіі выбаршчыкаў). Гэта азначае, што свае рашэньні ён можа абгрунтоўваць воляй большасьці амэрыканскага народа.

Ужо цяпер відавочна, што рэспубліканцы ўзялі большасьць Сэнату (52 крэслаў са 100), прычым падлік не завершаны і яны могуць набраць 55 (а некатороыя кажуць – і 57 крэслаў). Гэта дае гарантыі непахіснай большасьці (у выпадку, калі б набралі 51, гарантыяў бы не было – ў амэрыканскай гісторыі здаралася, што адзін сэнатар “перабягаў” з адной партыі ў іншую, і тая губляла перавагу. Пры 52 ці тым больш 55 падобнае “дэзэртырства з партыйнага фронту” для рэспубліканцаў ня будзе крытычным).

Найхутчэй, рэспубліканцы ўмацуюць свае пазыцыі і ў Палаце прадстаўнікоў. Але кантроль нават над адным Сэнатам дае Трампу магчымасьць без праблемаў праводзіць практычна любое заканадаўчае рашэньне і зацьвярджаць любую кандыдатуру, што падмацавана і наступнай акалічнасьцю, а менавіта –

Рэспубліканская партыя зрабілася практычна цалкам пратрампавай. Ніякая апазыцыя Трампу ў партыі ня мае колькі-небудзь сур’ёзнага шанцу паўплываць на стратэгічныя, а ўвогуле – і на тактычныя рашэньні кіраўніцтва партыі. Уласна, само паняцьце “кіраўніцтва партыі” пэрсаніфікуецца ў адной асобе – у асобе Трампа.

Падсумоўваючы, мы бачым, што Амэрыка сапраўды ўступіла ў якасна новы этап палітычнай рэчаіснасьці. Нават ня ведаю, зь якім іншым пэрыядам можна яго параўнаць у агляднай амэрыканскай гісторыі.

І яшчэ. Я не сказаў бы, што амэпрыканскае грамадзтва “схілілася да правага радыкалізму”, як ужо пасьпелі дэкляраваць некаторыя аглядальнікі. Але тое, што яно рушыла (у агульнай сваёй масе) да правага цэнтру – гэта безумоўна.

І менавіта такія настроі будуць дамінаваць у ЗША ў бліжэйшыя чатыры гады, а магчыма, і болей.


Шаноўныя сябры, давайце ўсё ж паспрабуем неяк зьменшаць накал супрацьстаяньня на глебе вынікаў выбараў прэзыдэнта ЗША. Усё разумею, у дзесяты раз паўтараю, што сам не галасаваў ні за каго (мая кандыдатка – Нікі Хэйлі). Але давайце сыходзіць з рэальнасьці, дадзенай нам ня толькі ў адчуваньнях). Думаю, што алармісцкія, панічныя настроі мусяць саступіць месца цьвярозаму аналізу.

Пашукаем аптымістычнае. Што датычна ЗША – так, Трамп ставіць пад сумнеў дэмакратычныя каштоўнасьці, было б сьмешна з гэтым не пагадзіцца, але канстытуцыйныя традыцыі ЗША нагэтулькі моцныя, што зруйнаваць іх немагчыма. Адносна зьнешнай палітыкі: калі Трамп рэалізуе хаця б толькі намер скасаваць абмежаваньне на продаж нафты -- гэта гарантавана абрыне цэны нафты на сусьветным рынку, і як вынік – моцна ўдарыць па экспартных даходах Пукціна.

Экскурс у нядаўнюю гісторыю: эканоміка СССР брэжнеўскія дзесяцігодзьдзі трымалася на высокіх цэнах на нафту. Гарбачову не пашанцавала: неўзабаве пасьля яго прыходу цэны абрынуліся да рэкордна нізкага ўзроўню. Бясспрэчна, ключавую ролю ў справе зьнішчэньня савецай імпэрыі адыгралі нацыянаьных рухі за незалежнасьць у рэспубліках, але эканамічны фон таксама паўплываў, і істотна.

А наш прынцып які? Правільна: тое, што дрэнна для Расейскай імпэрыі – тое добра для Беларусі.


Яшчэ раз: надзвычай небясьпечная сытуацыя з Украінай – вынік таго, што адміністрацыя Байдэна не дала Кіеву той зброі і той ваеннай дапамогі (закрыцьцё неба і інш.), якія прасіў Зяленскі ў 2022 і якія ўжо тады маглі паставіць крыж на Пуціне (а значыць, і на Лукашэнку). Байдэн ня даў, а ня Трамп, Джонсан, ці Гары Потэр.

Важна: для гэтага Байдану ня трэба было рашэньня Кангрэса, канстытуцыйных паўнамоцтваў было больш чым дастаткова. Проста бачу, як сёньня некаторымі аглядальнікамі віртуозна перакладаецца адказнасьць на будучую амэрыканскую адміністрацыю.

Мы ня ведаем, якім у гісторыі застанецца Трамп пасьля свойго другога тэрміну. Але мы ведаем, як увайшоў у яе Байдэн: у параўнаньні зь ім Чэмберлен, на якім з боку заходніх лідэраў ляжыць найбольшая адказнасьць за II Усясьветную вайну – увасабленьне палітычнай дальнабачнасьці, адказнасьці і рашучасьці.

Што датычна ўнутрыамэрыканскага фактару, дык пагаджуся з Гары Каспаравым: калі б дэмакратам апаніраваў ня Трамп, а нейкі іншы рэспубліканскі кандыдат – разгром дэмпартыі быў бы ўвогуле зьнішчальным; адміністрацыя Байдэна-Харыс – самая правальная адміністрацыя ў апошнія дзесяцігодзьдзі.


“Думаю, Трамп выйграе. І з разгромным лікам” – напісаў я за дзесяць дзён да выбараў. Не галасаваў ні за Трампа, ні за Харыс, таму мераваньне маё было аб’ектыўнае. Ведаеце, час і досьвед выпрацоўваюць такую якасьць, як інтуіцыя – і гэта дзейнічае ня толькі ў палітыцы. У цэлым, вынік выбараў у мяне сумневу не выклікаў, а вось што будзе далей – прагназаваць цяжка. Толькі паўтару сказанае раней і ў чым упэўнены: месяцы да інаўгурацыі будуць вельмі няпростымі (яны былі б такімі і ў выпадку перамогі Харыс), іх пастараюцца скарыстаць і Сі, і Пуцін (гэты будзе ствараць хаос, што ён рабіў і раней). А таксама пэрсанажы дробнага маштабу, кшталту Лукашэнкі. Дарэчы, прывязка па часе т.зв. выбараў у Беларусі да інаўгурацыі ў Вашынгтоне не падаецца мне выпадковай.


(3/3) P.S. Як казала мая бабуля Ядзя, якая ня вельмі ўмела чытаць (толькі ў юнацтве малітвы па-польску), на пытаньне пра месца працы свайго сына, майго бацькі, адказвала - “парцейны”, але пры гэтым выяўляла зайздросна глыбокае разуменьне небясьпекі верагоднай геапалітычнай пэрспэктывы, якога не хапае выпускнікам окфардаў і рознай там “Лігі плюшча” зь яе лева-маоісцкім ухілам – “Ідзе Кітай – усё кідай!”.

Не, любімая мая бабуля Ядзя, сьпі спакойна пад пастаўскімі соснамі: ня будзе іерогліфаў над магіламі тваіх пра-праўнукаў. Мы яшчэ паваюем.


ЭЎРОПА. Эўрапейскія лідэры не ўсьвядомілі, што вайна Масквы супраць Украіны – гэта вайна сцупраць Эўропы і, шырэй, усяго Захаду. Перавод асноўнай часткі прамысловасьці на ваенныя патрэбы пачаўся толькі ў некаторых сыгмэнтах вытворчасьці і ідзе вельмі марундна, але ў большасьці іншых – не пачаўся зусім. Падобна, што максымум сьмеласьці, на які здольныя сучасныя эўрапейскія лідары – парада насельніцтву запасацца пітной вадой і радыёпрыёмнікамі на батарэйках (о так, Масква падрыхтавала дыктараў на асноўных эўрапейскіх мовах, якія даходліва абвесьцяць пра ўзяцьце Варшавы, Бэрліну, Вены і Парыжу (а наконт Вільні і Рыгі – мясцовыя зразумеюць і па-расейску). І такая наіўная благадушнасьць пануе пры тым што тэатр ваеннных дзеяньняў будучай глабальнай вайны будзе палягаць менавіта ва Ўсходняй і часткова Заходняй Эўропе (другая кропка – кітайска-амэрыканскае супрацьстаяньне вакол Тайваню). Пераканаўшыся, што Вашынгтон фактычна здаў Украіну, Пуцін з поўнымі на тое падставамі можа спадзявацца, што гэтак жа (ну, пры сымбалічныім супраціве) будуць здадзеныя і тэрыторыі краінаў былой Варшаўскай дамовы.

Пяты пункт статуту НАТО не спрацуе, і можайце пра яго забыцца. У Захаду няма палітычнай волі, каб ён спрацаваў. Калі б была – ужо пасьля залёту расейскіх ракет на тэрыторыі Польшчы і Румыніі ў 2022-23 гг. пяць-шэсьць ваенных караблёў РФ былі б патопленыя (гэта для пачатку, для лепшага ўсваеньня Крамлём матэрыялу, як кашуць у школе).

ЗША. Амэрыка застаецца самай свабоднай і самай магутнай ў эканамічным і ваенным (не, цяпер ужо градацыя важнасьці іншая: у ваенным і эканамічным) сэнсах дзяржавай. І гэта добра. Што дрэнна: як у 1990-91 годзе Белы Дом рэспубліканца Буша панічна баяўся распаду СССР, гэтак сёньня Вашынгтон дэмакрата Байдэна баіцца распаду РФ, а значыць, і пройгрышу Пуціна ў вайне з Украінай (які да такога распаду прывёў бы амаль гарантавана).

У выніку, на гэты момант, калі адкінуць прыгожыя (і, па сутнасьці, пустыя) словы, Вашынгтон выступае геапалітычным саюзьнікам Масквы і тым самым умацоўвае пазыцыі Пэкіну. Па факце (не па словах) атрымліваецца менавіта так, і ня так інакш.

КІТАЙ. Выйграе па ўсіх парамэтрах. Сымбаль трыюмфу Кітаю мы ўбачым праз праз пяць гадоў, калі ў 2030-м ён зьдзейсьніць высадку людзей на Месяц – упершыню пасьля амаль 60-гадовага перапынку. Пакаленьне Сі ўступала ў жыцьцё, назіраючы трыюмфы Гагарына і Армстранга, таму ўзяць рэванш у космасе – гэта як рэалізаваць дзіцячую мару; гэтак уладальнік кантрольнага пакету акцый буйной чыгуначнай кампаніі набывае сабе цацачны паравозік з вагонамі і рэйкамі за 50 даляраў, які бацькі ня маглі купіць яму ў дзяцінстве -- дробязь, а прыемна. Але асноўныя перамогі Кітаю будуць тут, на грэшнай Зямлі. Гэта – палітычнае, эканамічнае і ваеннае дамінаваньне над паловай планеты, а магчыма, і над двума трацінамі яе. У пэрспэктыве, узяўшы пад кантроль Расею і зь яе дапамогай тэрыторыю Усходняй (і часткова Заходняй) Эўропы, Кітай уступіць у ваеннае супрацьстаяньне з ЗША па тэме Тайваню.

Чым пагражае сусьветнае дамінаваньне Кітаю, калі ЗША саступіць яму гэтае месца? Кітай будзе насаджаць свае парадкі, якія ня маюць нічога супольнага з іудэйска-хрысьціянскай цывілізацыяй, з каштоўнасьцю свабоды і дэмакратыі, з ідэаламі, да якіх заходняя цывілізацыя ішла стагодзьдзямі, праз войны, пакуты і памылкі. Нарэшце, з каштоўнасьцю чалавечага жыцьця як такога.

Для некаторых народаў дамінаваньне Кітаю, безумоўна, будзе азначаць падвышэньне ўзроўню жыцьця. Але яны могуць забыцца пра слова “свабода” надоўга, калі не назаўсёды. І нам, беларусам, ня трэба далёка хадзіць за прыкладам: дзеці і ўнукі тых, хто ў 1994 аддаў перавагу “чарцы і шкварцы” над дэмакратыяй и свабодай, ня маюць шчасьця на зямлі сваіх продкаў – ці можа быць для чалавека горай? Хіба толькі сьмерць.

Кітай выходзіць на першы плян у якасьці асноўнапй пагрозы ідэалам свабоды і дэмакратыі. Ва ўсякім разе, я бачу сытуацыю менавіта гэтак. (2/3)


Давайце, шаноўныя спадарыні і спадары, зафіксуем, дзе мы знаходзімся ў апошнія суткі перад абвяшчэньнем вынікаў выбараў у ЗША (выбараў ня толькі прэзыдэнцкіх, але і ў Кангрэс, але найперш, канешне, прэзыдэнцкіх).

БЕЛАРУСЬ – поўная палітычная, ваенная і эканамічная залежнасьць ад Расеі. Армія і спэцслужбы цалкам кантралююцца Масквой. Якая б тое ні было палітычная, культурніцка-нацыянальная ініцыятыва немагчымая. Усталяваны чэкісцкі рэжым. Выраз “крывавая гэбня, імпэрская Расея” з мэтафары ператварыўся ў рэальнасьць. З жахлівай дакладнасьцю Масквой рэалізаваныя ўсе тыя яе мэты, пра якія ў 1994 папярэджваў старшыня Апазыцыі БНФ у ВС-12 Зянон Пазьняк у артыкуле “О русском империализме и его опасности” (тэкст выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў асяродку нават саюзных з БНФ дэмпартыяў і поўнае неразуменьне ў грамадзкасьці). Некалькі чалавек забітыя і закатаваныя ў турмах (і мы, упэўнены, ведаем не пра ўсіх). На сёньня, толькі афіцыйны прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў за кратамі – амаль паўтары тысячы, а ўсяго праз турмы і катаваньні прайшлі дзясяткі тысяч. Ня менш як 300 тысяч былі вымушанвыя пакінуць краіну. Беларусь цалкам падрыхтаваная ў якасьці аднаго з палігонаў (а для пачатку атакі на НАТА – і галоўнага палігону) будучых ваенных дзеяньняў Масквы. З прымяненьнем тактычнай ядзернай зброі (дальнасьць удару 100-250 км адрозна ад стратэгічнай, дзе вымяраецца тысячамі км, калі нехта ня ведае), тут нават не сумнявайцеся.

УКРАІНА. Пад акупацыяй Расеі знаходзіцца блізу 20% тэрыторыі. Па розных ацэнках, краіну пакінула да чвэрці насельніцтва. Забітыя дзясяткі тысяч чалавек, эканамічныя страты не паддаюцца нават прыблізнаму ўліку. Просьба Кіева аб уступленьні ў ЭЗ не задаволеная. Просьба Кіева аб далучэньні да НАТА не задаволеная. Просьба Кіева аб закрыцьці неба (яшчэ з 2022) не задаволеная. Просьба аб магчымасьці зьнішчаць аб’екты ў глыбіні тэрыторыі краіны-агрэсара не задаволеная. З актуальнага – з выдаткаванай ЗША ў красавіку 2022 г (сем месяцаў таму) ваеннай дапамогі ва Ўкраіну на пачатак лістапада 2024 паступіла толькі 10%.

РАСЕЯ. Усталяваны фашысцкі рэжым у ягоным класічным варыянце. Масква цалкам узяла пад палітычны, ваенны і эканамічны кантоль Беларусь, пятую частку тэрыторыі Ўкраіы, працягвае кантраляваць фактычна анэксаваныя тэрыторыі Малдовы і Грузіі. Пры гэтым, Масква ўзьняла экспарт углевадародаў да рэкордных больш чым 300 мільярдаў даляраў у год, што, пры грубым падліку, дазваляе выдаткоўваць да аднаго мільярда (!) даляраў у дзень (!) на вайну. Нават апанэнты Пуціна вымушаныя прызнаць, што ад 70 да 80% расейскага насельніцтва падтрымліваюць Пуціна і ягоную агрэсію супраць Украіны. Гэтая акалічнасьць, у сукупнасьці з поўным зьнішчэньнем свабоды слова і грамадзянскіх свабодаў, дазваляе Пуціну мабілізаваць 3-5 мільёнаў без сур’ёзнай палітычнай для сябе рызыкі. Мабілізацыя Кіевам аналягічнай колькасьці магчымая толькі тэарэтычна, яна гарантавана абрыне якую б тое ні было ўладу і прывядзе да паралічу дзяржаўных інстытуцыяў і, як вынік, зь вялікай верагоднасьцю, да ліквідацыі Ўкраіны як незалежнай дзяржавы. (1/3)


Кажуць, што пасьля 2020 зь Беларусі выехала ня менш за 300 тысяч чалавек. Палічыце, колькі зь іх прыйшлі на Дзяды ў краінах, дзе ўшанаваньне памяці беларусаў, якія аддалі жыцьці за Незалежнасьць, нічым не пагражае.

Разумею, што многія баяцца патрапіць у аб’ектыў фотакамэраў і тым самым істотна ўскладніць жыцьцё сваім родным у Беларусі (сапраўды паважная прычына) – але журналісты, як правіла, не здымаюць людзей на такіх акцыях без іх згоды.

Параўнайце -- і тады, магчыма, вам будзе зразумела, чаму я не лічу 2020 год палітычным дафармаваньнем беларускай нацыі ці кардынальным “рыўком” да нацыянальнай сьвядомасьці ў галовах нават праціўнікаў Лукашэнкі.

Так, у жніўні 2020-на пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам выходзіла пад мільён. Але мільён прагаласаваў у 1990 за кандыдатаў БНФ, у 1994 – за Пазьняка (называю рэальную лічбу першага тура – а не падкручаную на карыстьць Кебіча), мільён галасаваў на нелегітымным рэфэрэндумек 1995 за Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і Пагоню, а таксама за кандыдатаў БНФ у ВС-13 (многія зь якіх набралі 49,9% і для дэпутацкага мандату ім не хапіла 0,1%, вось жа здарылася такая выпадковасьць). Мільён выйшаў і ў жніўні 2020-га пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам.

І на гэты “залаты мільён” ёсьць “чорны мільён” агрэсіўных пралукашысцкіх і праімэрскіх, прарасейскіх ябацек, і яшчэ тры-чатыры мільёны “аможеттакинадо” і “акакаяразницакакойязык”.

"Чорны мильён" - безнадзейны. Але вось іншыя патэнцыйна здольныя пераасэнсаваць рэчаіснасьць, толькі гэта зойме ня год і ня два – баюся, цяпер яны не разумеюць нават той простай ісьціны, што ім наканаваная роля пастаўшчыкоў “гарматнага мяса” у будучай глабальнай вайне пуцінскай Расеі з Захадам.

І яшчэ адна матэматычная апэрацыя, якая сьведчыць ужо пра аптымістычную акалічнасьць, і вельмі важную. Параўнайце 1 000 000 і 300 000. Толькі адна траціна з гэтага “залатога мільёна” пакінула (была вымушаная пакінуць) Беларусь. Дзьве траціны – засталіся. Цяпер яны пад прыгнётам расейскага рэжыму; давайце ўжо будзем назвываць рэчы сваімі імёнамі: не пра-расейскага, а расейскага рэжыму, бо акупацыя Беларусі Масквой дэ-факта адбылася.

Але гэтыя людзі нікуды не падзеліся, беларускасьць (упэўнены ў гэтым) у іх сэрцах ня згасла, наадварот, разгараецца яшчэ болей, і яны яшчэ скажуць сваё слова.

Тым больш прыкра, калі мы – тыя, хто не пад прыгнётам, хто ў свабодных краіназх – нават у Дзяды не знаходзім ці часу, ці жаданьня прыйсьці да сьвятых месцаў.

Між іншым, у пачатку 90-х дэпутаты БНФ, дамагліся, што Дзяды як дзень ушанаваньня продкаў былі абвешчаныя выходным днём. Удалося пераканаць Вярхоўны Савет. Лукашэнка гэта скасаваў. Перакананы, што ў будучай вольнай Беларусі традыцыя пачатку 90-х мусіць быць адноўленая.


Брытанская карпарацыя ВВС апублікавала інэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі, а насамрэч ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў узурпуе ўладу, пазбаўляючы беларускі народ права на свабодныя дэмакратычныя выбары.

Сярод іншых хлусьлівых сьцьвярджэньняў, з вуснаў Лукашэнкі прагучала, што нібыта старшыню Рады БНР Івонку Сурвіллу фінансуе “Амэрыка”.

Івонку Сурвіллу ніхто не фінансуе. Наагул Рада БНР ніколі не атрымлівавла і не атрымлівае ніякай фінансавай дапамогі ў якой бы тое ні было форме ад якіх бы тое ні было дзяржаў, дзяржаўных установаў альбо фондаў. Тым часам як рэжым Лукашэнкі фінансуецца Масквой і цалкам яму падкантрольны.

Усе сродкі Рады фпрмуюцца з сяброўскіх складак і ахвяраваньняў беларускай дыяспары. Ніхто не атрымлівае ніякай заработнай ці нейкай іншай платы за сваю дзейнасьць у Радзе.

Сяргей Навумчык,
Намесьнік старшыні Рады БНР.


Хутчэй за ўсё, стратэгія выгоднага Пуц
Іну прымусу да “мірных перамоваў” Кіева і Масквы будзе абраная будучай адміністрацыяй ЗША незалежна ад вынікаў выбараў.

Прычына яшчэ і ў тым, што рэсурсы ўзбраеньняў, якія можа даць ЗША (і увогуле Захад) без пагрозы поўнасьцю агаліць уласныя ўзброеныя сілы, падыходзяць да канца. Калі не лічыць зброю, якую Ўкраіне, як цяпер відавочна, не дадуць ні пры якіх умовах. І якая магла б кардынальна зьмяніць сытуацыю не на карысьць Масквы.

А кінуць ўсе сілы на змаганьне Ўкраіны з Расеяй Захад не гатовы — бо так і не ўспрыняў гэтую вайну Пуціна як вайну, ад якой залежыць жыцьцё самога Захаду (як не ўспрынялі Чэмберлен і Дэладзье пагрозу з боку Гітлера падчас мюнхенскага пагадненьня. Уражвае, як часам адзін да аднаго паўтараецца Гісторыя).

Проста пры Харыс стратэгія будзе рэалізоўвацца павольна, пры Трампе - амаль адразу (і вось тут Пуціна можа чакаць непрыемны сюрпрыз, Трампа можа “сарваць” у выпадку нежаданьня Крамля цалкам ўпісацца ў прапананавы Белым домам алгарытм).

З чым не магу не пагадзіцца - што пэрыяд паміж выбарамі ў ЗША і інаўгурацыяй (амаль чвэрць года), які пры любым выніку галасаваньня будзе адзначаны турбуленцыяй двух галінаў амэрыканскай улады (а пераабіраецца ж і Кангрэс) Пуцін скарыстае “на ўсе сто”.


Заходнія лідары адмовіліся даць Украіне “Тамагаўкі” (дабіваюць да Масквы і нават да Ўралу) і ў чарговы раз забаранілі біць ужо прадастаўленай зброяй у глыб РФ. Мы ня ведаем, якая рэальная (не на словах – а рэальная) палітыка будзе, калі прыйдуць наступнікі цяперашніх лідэраў. Але мы ведаем, што здаюць Украіну Пуціну (па факце, ужо здалі) - Байдэн, Макрон і Шольц.


ЧОРНЫ ДЗЕНЬ НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ. 29 кастрычніка 1992 Вярхоўны Савет (у парушэньне закону) адхіліў ініцыятыву БНФ аб правядзеньні рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах паводле новага дэмакратычнага закону, за які падпісаліся больш 440 тысяч беларусаў (пры патрэбных 350 тысячах). Магільшчыкамі выступілі Старшыня ВС Шушкевіч, старшыні камісіяў ВС Булахаў і Леўчык, дэпутат Ганчар. Быў перакрэсьлены шанец (магчыма, апошні) разгарнуць Беларусь на дэмакратычны шлях разьвіцьця.


Незразумела, па якіх крытэрыях U.S. News and World Report паставіла армію РФ вышэй за армію ЗША. Яшчэ больш абсурдна выглядае прыярытэт арміі РБ над войскам польскім і азэрбайджанскім (ня буду тут удавацца ў дэталі пераўзбраеньня і пасьпяховага баявога досьведу, адпаведна, двух апошніх — войска РБ ня мае ні таго, ні другога). Магчыма, улічваўся фактар наяўнасьці ядзерных боегаловак (але яны не кантралююцца камандаваньнем арміі РБ).

А вось па сукупнасьці геапалітычных фактараў Беларусь (а не падкантрольная Маскве РБ — спадзяюся, розьніцу адчуваеце) — адыгрывае стратэгічна важную ролю на эўрапейскім тэатры цяперашніх ваенных дзеяньняў. А значыць, і будучых сусьветных.


“Салідарнасьць” нядаўна напісала, што ваш пакорны слуга быў адным з нешматлікіх беларускіх камэнтатараў, хто ў 2016 ўпэўнена прадказаў перамогу Трампу (я б удакладніў — адзіным, хто ўпэўнена прадказаў).

Гэтым разам у мяне такой ўпэўненасьці няма, і ўсё ж я б —цяпер асьцярожна — паўтарыў бы свой прагноз на карысьць Трампа.

Думаю, Трамп выйграе. І з разгромным лікам, калі казаць пра агульную колькасьць галасоў выбаршчыкаў (прэзыдэнта ў ЗША выбіраюць не грамадзяне, а прадстаўнікі штатаў — выбаршчыкі).

Калі ў двух словах, амэрыканцы жадаюць пераменаў да лепшага, найперш у эканоміцы, і Трамп такую надзею дае. Усё ж, пры дэмакратах зашмат сацыялізму ў ягоным зусім ня швэдскім, а звыродлівым варыянце -/ пераразьмеркаваньня пд тых, хто працуе шмат да тых, хто працаваць ня хоча (не ня можа — а менавіта ня хоча).

Перамены пры Трампе могуць быць і да горшага, што праўда. І нават да вельмі горшага. Але рызыка — у мэнтальнасьці нашчадкаў заваёўнікаў Дзікага Захаду (якія бяскрайнія краявіды адкрываюцца, калі едзеш на аўто зь Нью-Ёрку хаця б да Кліўленду!.. А гэта ўсё было засвоена яшчэ ў XIX стагодзьдзі, без усякіх там “джэнэрал мотарс”!).

Камала ніякай надзеі на лепшыя перамены не дае, яна — палітычная рэінкарнацыя Байдана, а ён — ўвасабленьне стагнацыі, ва ўсіх сэнсах.

Часта кажуць, што міжнародны аспэкт амэрыканцаў не цікавіць; гэта ня так. Цікавіць, хаця і значна менш, чым жыхара расейскай глыбінкі, які ўнітаз бачыў два разы ў жыцьці (на фота), затое клапоціцца пра “многополярный мир».

Для Камалы адносная індыфэрэнтнасьць амэрыканцаў да міжнароднай палітыкі — шчасьце, інакш бы яе штодня тыкалі ў, напрыклад, эпізод зыходу ЗША з Аўганістану, у якім Амэрыка выглядала ганебна.

І пра галоўнае для нас: Украіну.

Так, на словах Трамп пагражае “зьдзелкай”, а Байдэн — Харыс кажуць пра падтрымку Ўкраіны. Але рэальнасьць вучыць менш зьвяртаць увагу на словы і больш — на справы.

А факты сьведчаць, што першы, хто даў Украіне зброю, быў прэзыдэнт Трамп, а не прэзыдэнт Абама (які мусіў бы гэта зрабіць хай не па літары, але па духу Будапэшцкага мэмарандуму падчас анэксіі Крыму). І яны ж, факты, кажуць, што Байдэн-Харыс у 2022 адмовіліся зрабіць тое, што нанесла б Крамлю паразу: закрыць над Украінай неба, даць дальнабойную зброю, блакаваць Чарнаморскі флот РФ.

І факты — факты, дарагія сябры! — кажуць, што ня Трамп, а Байдэн і Харыс забараняюць Кіеву біць у глыб расейскай тэрыторыі (гэта як паставіць на рынг двух супернікаў, зьвязаўшы аднаму зь іх рукі за сьпіной).

Таму пры Трампе хоць нейкі шанец у Ўкраіны можа быць. Пры Харыс яго ня будзе зусім.

P..S. Сымпатый як да асобаў ня маю ні да Трампа, ні да Харыс, ні за воднага зь іх не галасую, проста — халодныя, рацыянальныя палітычныя разважаньні. Увогуле, лічу, што ў свой час Амэрыка зрабіла глабальную памылку, калі ў свой час ня быў абраны не Макейн, а Абама, які быў катастрафічна не гатовы да такой пасады (для тых, хто пачаў цікавіцца палітыкай пасьля 2020, — Макейн гэта не Макей).


Лукашэнка ізноў апранае дасьпехі «абаронцы нацыі» і нават пагражае, у выпадку анэксыі Беларусі Расеяй, «вайной». Адначасна ён кажа, што «Беларусь не жадала незалежнасьці», чарговы раз дэманструючы шызафрэнічнасьць сваёй хворай сьвядомасьці.

Электарат, які ў 1994 сваім галасаваньнем за Лукашэнку прадаў свабоду і Беларусь (а таксама будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў) за «чарку і шкварку», безумоўна, не хацеў. Але яны – ня ўся Беларусь.

Бо да тых сотняў тысяч беларускіх патрыётаў, якія ў пачатку 90-х сталі пад Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, варта дадаць і пакаленьні беларусаў, якія за незалежнасьць сваёй зямлі клалі жыцьці цягам стагодзьдзяў. І на шалях Гісторыі яны пераважаюць лукашэнкаўскі электарат.

У 1994 годзе Лукашэнка атрымаў краіну, якая з кожным нават ня годам – месяцам! -- была ўсё больш незалежнай ад сталіцы былой савецкай імпэрыі (хаця Масква ад жніўня 1991 не спыняла паліўны шантаж), стаяла на практычна завершаным падмурку дзяржаўнасьці (хаця за кожны закон у справе ці фармаваньня беларускага войска, ці стварэньня ўласнай фінансавай сыстэмы дэпутатам Апазыцыі БНФ даводзілася змагацца з парлямэнцкай большасьцю).

Нарэщце, у 1994 Беларусь мела аўтарытэт у сьвеце значна большы, чым магла разьлічваць любая іншая дзяржава на трэцім годзе адноўленай незалежнасьці – у тым ліку і з-за дабраахвотнай адмовы ад ядзернай зброі (хаця сёньня тое рашэньне варта прызнаць ня цялкам прадуманым, хоць бы нават з прычыны адсутнасьці патрабаваньня ад Захаду магутнай фінансавай кампэнсацыі – што, дарэчы, магло стварыць эканамічна-сацыяльнае становішча, пры якім у Лубянкі не атрымалася б прасунуць Лукашэнку ва ўладу).

Праз трыццаць гадоў свайго кіраваньня Лукашэнка паставіў Беларусь як дзяржаву на мяжу зьнішчэньня, людзей – на рэжым фізычнага выжываньня, а саму краіну – у пазыцыю міжнароднай парыі.

Здавалася б, нават апошні алкаш ці бомж, калі б пракіраваў краінай тры дзесяцігодзьдзі, не зрабіў бы горай. Але гэта – не бяздарнасьць Лукашэнкі як кіраўніка, гэта – рэалізацыя пляну, распрацаванага для Беларусі Масквой. І гэта нам усім вельмі важна ўсьвядоміць.

Рыхтуючы да другога выданьня кнігу пра 1994 год, я быў ўражаны, як ідэальна паклаліся ў «маскоўскі пазл» падзеі, якія ў той час здаваліся мне ці проста чыімсьці глупоцьцем, ці недарэчнасьцю, ці нейкай выпадковасьцю. Не глупоцьце тое было і не выпадковасьць.

Ні палякі, ні чэхі, ні румыны пры знаходжаньні ў «сацыялістычным лягеры» і блізка не перажылі тых рэпрэсіяў і такога ціску, якія больш як трыццаць гадоў церпяць беларусы. І галоўнае, што ў дачыненьні да народаў Усходняй Эшропы Масква ня ставіла мэты, якая ў Крамлі вызначаная для беларусаў: ліквідацыя нацыянальнай ідэнтычнасьці, зьнішчэньне беларусаў як этнасу.

Лукашэнка дарэмна пужае беларускі народ вайной. Выконваючы загад Масквы, ён вядзе вайну з беларускай нацыяй ужо тры дзесяцігодзьдзі, ужываючы звыклы арсэнал дыктатараў: палітычныя забойствы, гіганцкія турэмныя тэрміны і нялюдзкія катаваньні для апанэнтаў, брутальныя разгоны масавых акцый, зьнішчэньне ўсіх грамадзянскіх свабодаў уключна са свабодай слова.

Разумею матывацыю аналітыкаў, якія вышукваюць у Лукашэнку нейкія прыкметы «самастойнасьці» -- ім трэба пра нешта пісаць, і чым мудрагелісьцей, тым лепей. Рэальнасьць жа простая: Лукашэнка цалкам падкантрольны Маскве, і адзіная сфэра, дзе яму пакінутая свабода дзеяньняў – гэта рэпрэсіі супраць беларускага народа.

Лукашэнка – лепшы баец у вайне Расеі з беларускай нацыяй, адсюль – і найвышэйшы (вышэй няма) што пры царах, што пры цяперашніх маскоўскіх гаспадарах ордэн Расейскай Імпэрыі. Заслужыў халуйствам і рэпрэсіямі.

«Беларусь ня зьнікне, калі ня скорыцца чужой сіле» - сказаў мне ў інтэрвію Васіль Уладзімеравіч Быкаў вясной 94-га, нібыта прадчуваючы цяжкія часы. Яна і сапраўды адродзіцца – але ўжо бяз Лукашэнкі ды прарасейскіх фашыствуючых сілавікоў, якія сёньня і ўвасабляюць сабой панаваньне гэтай «чужой сілы», пра якую казаў наш нацыянальны геній.

І ад якой беларусы, безумоўна, нарэшце пазбавяцца.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.