"Анора" (Anora) — самы дэпрэсіўны фільм гэтага годаТрэба прызнацца, я падступалася да "Аноры" доўга і з недаверам, бо як беларусцы мне прыкра бачыць, як нягледзячы на ўсе тыя зломы і пераломы, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне, амерыканцы працягваюць бачыць нас усіх праз старыя стэрэатыпы: рускіх — нафтабагацеямі ці гопнікамі, армян — служкамі рускіх, Беларусь — лепшай краінай для закідвання шпіёнаў. Але недавер мой спраўдзіўся не толькі ў гэтым — шмат бачыла, як "Анору" называлі лёгкім і яркім кіно, а для мяне яно атрымалася цёмным і надзвычай сумным і пакінула толькі шмат пытанняў да тых рэцэнзентаў.
Пра што? Анора танцуе ў стрыпціз-клубе і спіць з мужчынамі за грошы — і вось аднойчы ей у кліенты трапляе сын багатых рускіх Іван, які жыве весела і бесклапотна і проста так прапануе Аноры шлюб. Учынак не застаецца незаўважаным: да Івана адразу прыязджаюць бацькавы армяне, каб прымусіць яго адмовіцца ад шлюбу, і разам з Анорай армяне бадзяюцца па Н'ю-Ёрку ў пошуках таго самага Івана, які паспешліва збег, як толькі гаворка зайшла пра прыезд яго бацькоў. Паралельна Анорай пранікаецца памагаты армян, брыты Ігар з сумнымі вачыма.
Ці гэта новая "Прыгажуня"? "Анору" шмат параўноўвалі з "
Прыгажуняй", і не дарма — у нейкі момант героі наўпрост цытуюць знакаміты рамкам. Але ў "Аноры" Шон Бэйкер вяртае гісторыю Папялушкі бліжэй да рэальнасці: яе прынц аказаўся зусім не прынцам і нават не Рычардам Гірам, а проста мамчыным сынком, і ніякага хэпіэнда Анору не чакае. Разам з тым, сапраўднай рэальнасцю тут і не пахне: нягледзячы на тое, што Бэйкер імкнецца паказаць, чым насамрэч канчаюцца такія гісторыі, ён гуляе не на сваёй тэрыторыі і не ведае, што Анору не лавілі б усім кагалам и не ўгаворвалі, а проста адразу выбілі б ёй усе зубы, і справа б на гэтым скончылася. Я, як ураджэнка рэгіёну, гэта ведаю, а Шон Бэйкер і Грэта Гервіг, што дала "Аноры" пальмавую галіну Кан — не. Таму пры ўсёй сваёй прэтэнзіі на рэалізм "Анора" ўсё роўна застаецца казкай — няхай і сумнай.
Ці смешна? Я не глядзела іншыя карціны Шона Бэйкера, але чула, што гэты рэжысёр любіць асвятляць жыццё людзей з уразлівых груп і робіць гэта з павагай і гумарам. Тым не менш, гульня не на сваёй тэрыторыі зноў ідзе супраць Бэйкера: што для яго — сацыяльны гумар, то для мяне — ком у горле. І калі гледзячы "
Паразітаў" По Джун Хо я смяялася з эпізодаў класавай барацьбы, хаця і разумела ўвесь жах сітуацыі, то з чаго трэба было смяяцца ў "Аноры", я так і не ўцяміла: са сцэны, дзе дзяўчыну звязваюць і затыкаць ёй рот, а армянін побач трымае на падбітым носе пельмені? Ці з дракі стрыпцізёрак? Ці калі армянін, што кінуў дзіця на службе ў царкве, каб пабегчы па справах багатых расіян, крычыць маладым суайчыннікам, што яны не паважаюць старых і не хочуць працаваць? Ну хіба што з рускамоўных акцёраў другога плану, якія не даюць сваім ролям рады нават калі ў іх адна рэпліка.
Ці сучасна? Я думала, што "
Мегалаполіс" Копалы, дзе ён намагаецца выказаць свае ідэі дваццацігадовай даўніны, стане самым несучасным фільмам гэтага года, але "Анора" хіба што выйграе нават у яго, бо гэта кіно знята ў свеце, дзе няма апошніх трох гадоў, і апошніх дзевяці гадоў, і ўвогуле нічога не змянілася з 90-ых, як на Брайтан Біч. Таму яно можа падысці толькі тым, хто гатовы на две гадзіны забыцца пра ўвесь гэты час, а калі не — падрыхтуйцеся, што будзе крынжова, і несвоечасова, і Кірыл Серабракоў. Час у ЗША адносна іншых краін проста спыніўся.
Што думаю я? Можна падумаць, што стужка мне зусім не спадабалася — і ў некаторай ступені гэта так, але трэба прызнаць, што яна ўвагнала мяне ў смутак і адчуванне поўнай адсутнасці добрых канцовак (бо я не лічу, што ў "Аноры" і блізка ёсць нейкі хэпіэнд). А гэты значыць, што кіно выклікала эмоцыю, і калі гэта так, яно ўжо вартае прагляду — нават калі гэта зусім не тая ж эмоцыя, што ў іншых. Ну і яшчэ гэта якасна зняты фільм, дзе можна шмат чаго разглядзець — калі захочаце паглядзець яго другі раз.
#рэцэнзія