Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Politics


Афіцыйны тэлеграм-канал Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры. Пішам пра #магчымасці для творцаў, рэалізоўваем праекты, гуртуем супольнасці.
Для сувязі: instagram.com/resource_byculture
Канал пра дзейнасць Беларускай Рады культуры @radakultury

Related channels  |  Similar channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Politics
Statistics
Posts filter


🔈 #ArtPowerBelarus: каго мы падтрымалі? Клуб беларускага кіно “Кінакола” у Варшаве.

Чарговая, трэцяя сустрэча-прагляд і гутарка з кінарэжысёрам (на гэты раз — Аляксеем Палуянам) у межах клуба пройдзе ў Беларускім Моладзевым Хабе ўжо сёння.

На яе яшчэ можна зарэгістравацца.

Першыя паказы клуба прайшлі выдатна, у хабе збіралася поўная зала. Атмасфера нагадвала мне атмасферу кінафестывалю. Вельмі файна, што столькі людзей прыйшло паглядзець беларускае кіно і сустрэцца з аўтарамі. Пасля прагляду людзі задавалі шмат пытанняў, адчувалася, што гэта сапраўды патрэбна, — дзеліцца ўражаннямі аўтар праекта, прадзюсар незалежнага кіно Мікалай Лаўранюк. — Вельмі ўсцешвае, калі гледачы кажуць, што раней яны амаль не бачылі беларускіх фільмаў, але збіраюцца хадзіць на ўсе паказы, што раней такога фармату не хапала.

У праграму кінаклуба выбіралі яскравыя незалежныя беларускія стужкі, якія могуць быць цікавымі розным гледачам. Сёння ж наведвальнікаў чакае прагляд фільмаў Аляксея Палуяна, якога большасць ведае па стужцы Courage.

Прагляд і гутарка пасля прагляду — магчымасць бліжэй пазнаёміцца з рэжысёрам і паглядзець як паспяховы ігравы фільм “Возера радасці”, так і ягоную менш вядомую кранальную стужку “Край жанчын”, якая пераносіць гледача ў свет беларускай вёскі, старых жанчын, якія там жывуць. Хочацца паказаць рознае кіно, — кажа Мікалай.

✔️ Сустрэчы “Кінакола” будуць праходзіць у Беларускім Моладзевым Хабе да канца кастрычніка. Сачыце за анонсамі тут.


Forward from: Беларуская Рада культуры
Нагадваем: у вачах рэжыму Беларуская Рада культуры і ўсе нашыя структурныя адзінкі (найперш гаворка пра Рэсурсны цэнтр) з’яўляюцца “эсктрэмісцкім фармаваннем”. Гэты статус мы маем з пачатку чэрвеня 2022 года. Наш сайт і сацыяльныя сеткі адпаведна лічацца “экстрэмісцкімі матэрыяламі” са жніўня 2022 года.

Таму, калі вы чытаеце нас з Беларусі, а таксама калі жывяце за мяжой і наведваеце сваякоў на радзіме, то, калі ласка:

- адпішыцеся ад нас;
- не рэагуйце на нашыя допісы лайкамі;
- не рабіце рэпостаў;
- не каментуйце;
- не пішыце нам з просьбай падзяліцца вашымі творчымі набыткамі ў нашых каналах;
- калі вы пісалі нам раней ці каментавалі нашыя пасты, выдаліце гэтыя перапіскі і каментары.

Будзьце асцярожныя, дбайце пра ўласную бяспеку.

Мы ж працягваем працаваць на карысць развіцця і даследавання беларускай культуры ў Беларусі і за мяжой. Заставайцеся з намі, калі гэта не нясе вам пагрозы.


📌 Не прапусціце! Лекцыя выбітнага беларускага пісьменніка-гісторыка ў самым сэрцы старажытнай Вільні.

Фундацыя Kamunikat i Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў запрашаюць на лекцыю Уладзіміра Арлова “Ад Рагнеды да Ларысы Геніюш: роля жанчын у гісторыі Беларусі”.

Калі? 11 кастрычніка, а 19:00
Дзе? Гасцёўня Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры (Vilnius, šv. Ignoto 5-104)

Госці сустрэчы даведаюцца пра пакручастыя лёсы, шалёныя прыгоды і неверагодна смелыя ўчынкі асветніцы і мецэнаткі Еўфрасінні Полацкай, каралевы Даніі Сафіі Полацкай, пісьменніцы і тэатралкі Францішкі Уршулі Радзівіл, авантурысткі і мемуарысткі Саламеі Пільштыновай, паўстанкі Эміліі Плятэр, міністаркі Палуты Бадуновай.

✔️ У праграме таксама: гістарычная віктарына з прызамі, кніжны кірмаш і аўтограф-сесія.

Рыхтуйце пытанні, бярыце з сабою сяброў і #сустрэнемся_ў_гасцёўні 😊


🔔 Школа арт-менеджменту #ArtPowerBelarus правяла першы выпускны!

На імпрэзе ўручэння сертыфікатаў навучэнцам(-кам), якія паспяхова завяршылі курс, сабраліся выкладчыцы школы, удзельнікі і ўдзельніцы навучання.

Колькі фактаў пра курс:

▪️Пілотны праект школы арт-менеджменту стартаваў сёлета ў красавіку, навучанне доўжылася паўгода.
▫️Выкладчыцамі былі адмыслоўцы фандрайзінгу, менеджменту і знаныя актары беларускай культурніцкай прасторы.
▪️Курс уключаў шэраг тэарэтычных і практычных дысцыплінаў, засваенне базаў якіх з’яўляецца важнай перадумовай развіцця асобы ў прафесіі арт-менеджара.
▫️Удзельнікі і ўдзельніцы засвоілі асноўныя законы функцыянавання арт-рынку, вучыліся кіраваць праектамі, пісаць заяўкі на фінансаванне і шукаць патэнцыйных донараў.
▪️З 6️⃣4️⃣ прынятых на навучанне асобаў да выпуску дайшлі 1️⃣9️⃣.

Ідэя падобнага праекта з’явілася ў нас яшчэ ў 2021 годзе. Пасля падзей 2020 года і масавай эміграцыі дзеячаў культуры з Беларусі мы трапілі на цалкам новае для нас поле, дзе працуюць зусім іншыя правілы гульні. Ужо тады мы разумелі важнасць працэсу перадачы досведу, значнасць адукацыі, атрымання новых ведаў і кампетэнцый, якія дапамаглі б беларусам канкурваць за рэсурсы на культуру і рэалізоўваць свае задумкі. Важна не страціць гэты час, не сысці ў адмаўленне і дэпрэсію, а набываць новыя ўменні, пашыраць нэтворкінг і здабываць каштоўны досвед. Вельмі радыя, што наш пілотны праект школы арт-менеджменту сёлета адбыўся, — лічыць кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Такім чынам, школа арт-менеджменту, якая сталася магчымай дзякуючы праграме ArtPower Belarus, завяршыла свой першы сезон. А больш як дзясятак крэатыўных і ініцыятыўных арт-менеджараў толькі пачынае свой шлях у прафесіі. Мы ўпэўненыя: іх імёны вы яшчэ пачуеце, а рэалізаванымі імі праектамі будзеце захапляцца!

Зычым усім выпускнікам і выпускніцам натхнення, упартасці, цвёрдасці і плёну.


🔔 Сабралі гарачыя #магчымасці для рэалізацыі творчых і даследчых праектаў у галіне беларускай культуры і міжкультурнай камунікацыі.

❕Больш абвестак пра навучальныя праграмы, арт-рэзідэнцыі і адкрытыя колы – на канале @sekktor. sekktor цяпер мае ўласны сайт, з яго дапамогай стала яшчэ прасцей арыентавацца ў свеце магчымасцяў.

▪️ Летні інстытут вывучэння Цэнтральна-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы (SISECSE) запрашае навукоўцаў. Гэта двухтыднёвы семінар, які дае даследчыкам Усходняй Еўропы час і прастору для ўласнай працы, а таксама сумесных міждысцыплінарных работ. Месца сустрэчы: Благоеўград, Балгарыя.
Рэзідэнцыя запланаваная на перыяд з 5 да 20 чэрвеня 2025 г.
Дэдлайн для заявак: 30 кастрычніка 2024 г.
Даведацца больш і падаць заяўку

▪️ Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета аб’явіла набор прэтэндэнтаў на 10 “стыпендый адраджэння”. Гэта праграма падтрымкі творцаў і даследчыкаў, якія працуюць з тэмамі, звязанымі з беларускай культурай і адраджэннем.
Дэдлайн: 12 кастрычніка 2024
Падаць заяўку
Каб даведацца больш, напішыце на пошту revivalbelarus@gmail.com

▪️ Дыскусійны кэмп Baltic Chain, прысвечаны сучасным выклікам у Паўночна-Усходняй Еўропе, збірае ў Рызе актывістаў, прадстаўнікоў НДА, лідараў ва ўзросце да 35 гадоў (выключэнні магчымыя). Арганізатары: “Форын-офіс” і Міжнародная дыскусійная ліга “4UМ”.
Калі: 7 - 10 лістапада 2024
Дэдлайн для заявак: 6 кастрычніка 2024.
Даведацца больш і падаць заяўку


Forward from: Беларуская Рада культуры
Абвяшчаем Тыдзень салідарнасці з мастачкай Нінай Маргаевай.

❗️Усе данаты, якія паступяць у @radakultury цягам гэтага тыдня, мы перадамо Ніне.

Мы, як і іншыя прадстаўнікі творчай супольнасці Беларусі, шакаваныя навіной пра цяжкую сітуацыю з нечаканай хваробай мастачкі Ніны Маргаевай. 2 гады таму яна з 12-гадовым сынам Міронам была вымушаная выехаць з Беларусі ў Польшчу, дзе атрымала статус дадатковай абароны. У студзені 2023 года ў Варшаве ў Ніны дыягнаставалі бакавы аміятрафічны склероз (БАС). На дадзены момант гэтая хвароба з'яўляецца невылечнай.

“Я здымаю кватэру, утрымліваю сына і пакрываю ўсе выдаткі на лячэнне. У цяперашні час мой фізічны стан значна пагоршыўся (не магу рухацца без падтрымкі, рукі амаль не працуюць, худнею), і мне патрэбна дапамога апекуна, якому таксама трэба плаціць”, — піша Ніна ў абвестцы.

❤️ Заклікаем усіх неабыякавых беларусаў далучыцца да збору. Акрамя сабраных сродкаў, якія паступяць на наш рахунак, мы таксама будзем шукаць дадатковыя магчымасці для дапамогі Ніне.


💬 Якія праекты былі падтрыманыя #ArtPowerBelarus?

Гэта ці не самае частае пытанне да нашай каманды, якое гучыць цягам дзеяння праграмы.

У нядаўнім інтэрв’ю “Салідарнасці” кіраўнік @radakultury Сяргей Будкін дае на яго разгорнуты адказ.

✔️
Чытаць гутарку цалкам

А пералік топавых катэгорый праектаў, якія карысталіся найбольшай прыхільнасцю адборачнай камісіі, мы перанеслі на карткі.

Пабачыць вітрыну публічных падтрыманых праектаў можна і на нашым сайце (дапаўняецца)


🔔 Ужо заўтра! Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і фундацыя Kamunikat ладзяць прэзентацыю кнігі Алега Груздзіловіча “Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы”.

Калі? 27 верасня а 19:00
Дзе? Гасцёўня Беларускай Рады культуры (šv. Ignoto g. 5-104, Vilnius)

Вядомы журналіст, пісьменнік Алег Груздзіловіч паўтара года правёў у зняволенні. Ён быў асуджаны за тое, што выконваў сваю працу па асвятленні падзей у Беларусі ў 2020 годзе. Адбываў пакаранне ў сталічным СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калоніі пад Магілёвам. Вершы і малюнкі пра арыштанта дзядзю Віцю, што склалі гэтую незвычайную кнігу, аўтар напісаў і намаляваў для ўнукаў. Шлях гэтых твораў з турэмнай камеры ў вялікі свет быў не менш складаным і пакручастым, чым шлях да волі самога журналіста. Многія рукапісы і лісты былі знішчаныя, а новы тэкст пра Валадарку Алег Груздзіловіч падрыхтаваў ужо ў эміграцыі, у Вільні.

Прадмову да выдання напісала вядомая спецыялістка па дзіцячай псіхалогіі, аўтарка кнігі “Ад 2 да 15. Мая мама ў турме” Вольга Вялічка.

Гасцей сустрэчы чакае шчырая гутарка з Алегам Груздзіловічам і Вольгай Вялічкай. Мы ўпэўненыя, што ў вас ёсць шмат пытанняў да аўтара і аўтаркі, упэўненыя таксама, што ніводзін з вашых запытаў не застанецца без увагі.

Уваход вольны! Падчас вечарыны будзе працаваць кірмашык з кнігамі беларускіх выдавецтваў.

#сустрэнемся_ў_гасцёўні


📣 Праект “Беларускія магістраты”, які рэалізуецца ў межах Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры, дзеліцца навінамі і запрашае на стрым!

▫️На сёння актыўныя 2️⃣ магістраты. Яны аб’ядноўваюць беларусаў вакол ідэй якаснай адукацыі дзяцей на роднай мове і фармавання ў іх базы фізічнай культуры, патрэбы ў разнастайнай фізічнай актыўнасці. Так, магістраты збіраюць падпісантаў на невялікія данаты для спартовага клуба “Волат” і Беларускай школы ў Варшаве.

▫️Кожны з актыўных магістратаў ужо мае па два дзясяткі прыхільнікаў сваёй задумы. І сродкі, якія яны штомесяц ахвяруюць на развіццё праектаў, трансфармуюцца ў дакладныя дзеянні.

"Волат" адкрывае 2️⃣ філіялы ў Варшаўскім раёне Прага, у планах — першы філіял у іншым горадзе.

Беларуская школа ў Варшаве апрацавала ў гэтым навучальным годзе ў два разы больш заявак, чым летась, і запусціла новы праект — адукацыйны онлайн-часопіс "Буслянка". Дарэчы, падпісвайцеся!

▫️Хочаце даведацца больш пра магістраты? Прыходзьце заўтра на стрым праекта!
Госцем — спартовы клуб “Волат”.

Калі? 26 верасня, а 19:00 СЕТ
Дзе? Інстаграм-акаўнт “Беларускіх магістратаў”

Да сустрэчы!


🔥 Сабралі для вас гарачыя адукацыйныя #магчымасці для прасоўвання творчасці ў сацсетках і развіцця арганізатарскіх ды лідарскіх здольнасцяў.

Больш абвестак пра навучальныя праграмы, арт-рэзідэнцыі і адкрытыя колы – на канале @sekktor. Дарэчы, sekktor цяпер мае ўласны сайт, з дапамогай якога стала яшчэ прасцей арыентавацца ў свеце магчымасцяў.

🔺 Арт-менеджарка, заснавальніца прадзюсарскай ініцыятывы INEXKULT Вольга Кулікоўская запрашае творцаў і прадстаўнікоў творчых прафесій на свой навучальны практыкум па арт-менеджменце.

Гэта гатовы інструмент, з якім можна працаваць адразу пасля курсу. Практыкум паглыбіць удзельнікаў у рэальныя кейсы і пашырыць інструменты для працы над уласнымі праектамі.

Пачатак: студзень 2025 года. Каб запісацца і атрымаць падрабязнасці, пішыце наўпрост у асабістыя @inexkult (у Інстаграм)
Даведацца больш

🔺Вольны Беларускі Універсітэт запрашае грамадскіх актывістаў на курс “Лідары будучыні”. Тут можна навучыцца кіраваць арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, развіць уласныя лідарскія здольнасці і “прапампаваць” матывацыю. Пажаданы досвед працы ў арганізацыі не менш за 3 гады.

Заняткі (агулам каля 60 гадзін онлайн) будуць праводзіць вядомыя эксперты і трэнеры грамадзянскай адукацыі, а таксама выкладчыкі еўрапейскіх універсітэтаў. Асобы, што паспяхова скончаць навучанне, атрымаюць сертыфікат Уроцлаўскага ўніверсітэта і ВБУ.

Дэдлайн: 29 верасня
Даведаццца больш
Запоўніць анкету для ўдзелу

🔺Адукацыйная ініцыятыва SMMNI Online Camp запрашае на курс, што можна назваць уводзінамі ў digital-маркетынг і SMM. У праграме: эфектыўныя стратэгіі ў сацыяльных сетках і іх стварэнне; інструменты для распрацоўкі кантэнту і кіравання ім, аналітыкі і прасоўвання; парады па развіцці асабістага брэнда і кар’еры ў SMM.

Калі: 30 верасня - 8 лістапада па панядзелках і пятніцах (19:00 - 21:00 па мінскім часе).
Дэдлайн для заявак: 25 верасня
Даведацца больш


✈️ Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці: беларуская паблік-арт суполка Art Yard Community і яе ўдзел у фестывалі Freedom Tour 2024 у горадзе Аса (Åsa) і вёсцы Фаргарыд (Färgaryd), Швецыя.

Freedom Tour — аднадзённы вандроўны фестываль, які наведвае невялікія рыбацкія вёскі, астравы і сельскія абшчыны ў Даніі і Швецыі. Такі фармат прыдуманы капенгагенскай прасторай cap30, каб завітаць у мясціны, якія надзвычай рэдка наведваюць мастацтва, жывая музыка і жывая культура.

Падчас міжнароднай імпрэзы Art Yard Community стварыла два муралы, якія дапоўняць прастору мясцовасці і будуць служыць напамінам пра падзею.

Удзел у фестывалі для нас — магчымасць інтэграцыі беларускіх мастакоў, нашага праекта і беларускай культуры ў міжнародны кантэкст, гэта крок да выбудоўвання новых сувязей, — кажуць удзельнікі вандроўкі. — Мы таксама знайшлі сілу ў аб'яднанні музыкі і мастацтва і змаглі дадаць больш сэнсаў праекту, на якога спрычыніліся. Прастора cap30 вельмі блізкая нам па каштоўнасцях і фармаце: мы працуем лакальна, для пэўных людзей/двароў/супольнасцяў, таму для нас было таксама важна паглядзець як cap30 працуе са сваім кам'юніці і рэалізоўвае свой фестываль. Радасна, што мы супалі ў мэтах з дацкай камандай і ўжо налета плануем новыя сумесныя праекты!

Галерэя падтрыманых праектаў #ArtPowerBelarus (дапаўняецца)


🚌 Творцы едуць. Запрашаем на онлайн-дыскусію ад @sekktor “Як дзейнічаюць праграмы мабільнасці для беларусаў(к): [прамежкавае] падсумаванне і планы”.

Калі? 19 верасня, 17:00 Мінск/Вільнюс / 16:00 СЕТ.
Дзе? ZOOM (спасылка пасля рэгістрацыі)

Сустрэча станецца пляцоўкай для абмену ўражаннямі, досведам і пажаданнямі на будучыню ад адміністратараў MOST+, Eu4Culture і #ArtPowerBelarus — трох самых заўважных праграм мабільнасці для беларускіх дзечаў культуры.

Удзел бяруць:
▫️Надзея Гарэцкая, намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры (праграма ArtPower Belarus);
▫️Наталля Юроўская, каардынатарка праграмы MOST+;
▫️Багдан Хмяльніцкі, нацыянальны каардынатар праграмы Eu4Culture цягам 2022-2024 гг.

✔️Падчас дыскусіі ўдзельнікі будуць акцэнтаваць увагу на наступных момантах:
* вынікі праграм мабільнасці для беларускіх творцаў і адметнасці іх рэалізацыі цягам 2-х гадоў;
* выклікі і неспадзяванкі, што паўстаюць перад удзельнікамі;
* самыя папулярныя (і найменш папулярныя) мэты і месцы для творчых вандровак;
* планы на будучыню і магчымыя змены ў наступных конкурсах на гранты мабільнасці.

❕Для ўдзелу абавязковая рэгістрацыя.

Да сустрэчы 🤗

762 0 17 1 13

📚 Каго мы падтрымалі: віленская бібліятэка беларускай кнігі “Чытальня”.

Створаная з прыватных кнігазбораў вядомых беларусаў-віленчукоў і падтрыманая карыстальнікамі праз платформу “Новая Беларусь” у 2023 годзе, “Чытальня” існуе як ініцыятыва, якая яднае больш за дзве сотні аматараў кнігі. Фонд праекта — амаль 2 тыс. выданняў.

Дзякуючы #ArtPowerBelarus паліцы “Чытальні” папаўняюцца новымі кнігамі, каманда вядзе сацсеткі, ладзіць імпрэзы.

Інстытуцыйная падтрымка дала “Чытальні” моцны імпульс для развіцця, – кажа менеджарка праекта Таццяна Ігнацьева. – У нас ёсць свой бібліятэкар. Колькасць падпісчыкаў у сацсетках расце, як расце і колькасць офлайн-наведванняў "Чытальні". Улетку і ў пачатку восені мы правялі сустрэчы чытацкага клуба з удзелам Сяргея Календы, Андрэя Хадановіча, Вольгі Шпарагі, адбылася таксама вечарына да 100-годдзя Васіля Быкава з чытаннем твораў аўтара".

У планах — прэзентацыі новых кніг, удасканаленне сайта і напаўненне фондаў “Чытальні” новымі беларускімі выданнямі.

👉🏻 Падпісацца на “Чытальню” у Instagram і Telegram

👉🏻 Наведаць галерэю публічных падтрыманых праектаў ArtPower Belarus.


📱 Каго мы падтрымалі: YouTube-праект “100 год беларускага кіно” культуролага Максіма Жбанкова і рэжысёра Арцёма Лобача.

Гледача чакае аналітычны серыял, у якім аўтары абяцаюць прадставіць суб’ектыўны погляд на аб’ектыўную рэчаіснасць беларускага кіно, якое, безумоўна, існуе і нават мае стогадовую гісторыю.

Максім Жбанкоў тут не апавядальнік, а даследчык ды аналітык. Ён стварае сваю асабістую версію гісторыі белкіно і прамаўляе яе ад першай асобы. Гэта не “ШокінгКульт” — тут менш стэнд-апу, больш адукацыйных складнікаў. Але ж Жбанкоў застаецца Жбанковым: спрэчным, нязручным і канцэптуальным”, — кажа Арцём Лобач.

Нечаканым — хоць і тэарэтычна прадказальным — стаў адназначна жорсткі падзел на кіно жывое і мёртвае. Цягам паглыбення ў матэрыял у мяне склалася бачанне айчыннага кінапрацэсу як стогадовага супрацьстаяння нацыянальнай свядомасці і імперскай расейскасці. Як практыкавання ў посткаланіяльным самаразуменні. Як культурніцкага пошуку ды супраціву — з непазбежнымі перамогамі і паразамі”, — адзначае Максім Жбанкоў.

Навошта гэта глядзець? Каб лепш зразумець наш шлях да свабоды. Зрэшты, яшчэ не завершаны, упэўненыя аўтары.

Новыя выпускі будуць выходзіць на канале “ШокінгКульт”.

*Праект ладзіцца ў межах праграмы #ArtPowerBelarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавым спрыянні Еўразвязу.


✉️ Падведзеныя вынікі дадатковага колу для заявак на гранты мабільнасці.

Цягам раунда мы атрымалі 40 індывідуальных і групавых заявак на агульную суму амаль 130 тысяч еўраў.

Эксперты і адборачная камісія ўхвалілі 18 заявак на агульную суму каля 37 400 еўра. Вынік выдатны, бо атрымалася задаволіць запыт амаль паловы прэтэндэнтаў.

Дадатковы кол на мабільнасці знакавы самай вялікай колькасцю заявак на гэты тып падтрымання за ўвесь час рэалізацыі ArtPower Belarus. Мы радыя, што творцы сталі спрабаваць, актыўней карыстацца магчымасцямі, каб здзейсніць значныя для іх працы вандроўкі. Самымі актыўнымі аплікантамі былі музыкі і мастакі, надзвычай многа заявак у гэтым туры было ад прафесіяналаў у галіне фатаграфіі, — кажуць грант-менеджары.

🔺 За час дзеяння ArtPower Belarus падтрыманыя 58 заявак на мабільнасці. Удзел у вандроўках з мэтай прафесійнага развіцця ўзяло (і яшчэ возьме ўвосень) каля 200 чалавек.

У нашай галерэі можна пабачыць прыклады публічных падтрыманых вандровак, якія ўжо адбыліся (будзе дапаўняцца).

❗️ Калі вы падавалі заяўку, правярайце свае паштовыя скрыні: там ужо знойдзеце паведамленне ад нашых грант-менеджараў.

Сродкі, вылучаныя на мідзі-гранты, міні-гранты, а таксама мабільнасці, вычарпаныя. Пра магчымы працяг праграмы падтрымання беларускай культуры паведамім дадаткова.


🔈 Новы магістрат на старце!

Праект “Беларускія магістраты”, які дзейнічае ў межах Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры, распачынае кампанію па падтрыманні Беларускай школы ў Варшаве. Гэтая ініцыятыва паўстала ў 2022 годзе з мэтай захавання і развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці беларускіх дзяцей у замежжы. Школа мае філіялы — офлайн-пляцоўкі ў чатырох гарадах Польшчы, працуе онлайн і ладзіць сумесныя праекты са школкамі ў Літве і Грузіі.

Беларуская школа ў Варшаве — адзін з самых амбітных і прафесійных беларускіх праектаў у сферы школьнай адукацыі за мяжой. Цяпер Школа стаіць перад новым выпрабаваннем — зарэгістравацца, пашырыць сваю дзейнасць і паўнавартасна запусціць платныя курсы па розных кірунках, каб выйсці на самаакупальнасць. Таму навучальны год 2024-2025 будзе вельмі важны. Мы можам дапамагчы ініцыятыве пераадолець гэты складаны перыяд, каб на выхадзе атрымаць паўнавартасны адукацыйны інстытут, які самастойна будзе пашырацца і развіваць беларускую адукацыйную сетку па свеце”, — кажа кіраўнік “Беларускіх магістратаў” Цімох Акудовіч.

Перыяд дзейнасці магістрату: 9 месяцаў (2 верасня 2024 – 31 траўня 2025).
Стаць удзельнікам можна, падпісаўшыся на ахвяраванне паводле аднаго з трох тарыфаў падтрымання: 40 (≈ € 9,5), 80 (≈ € 19) альбо 150 (≈ € 35) злотых.
Рэгулярнасць спісання: штомесяц.

Дэталі пра праект і ўзнагароды для ўдзельнікаў

Збор ахвяраванняў ажыццяўляецца пры ўдзеле фундацыі “ByProsvet”.

✔️Даведацца больш пра “Беларускія магістраты”.


⚡️ Заўтра — фінісаж выставы Ales Pushkin. AFTERLIFE

Цягам жніўня Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве быў домам для вялікай супольнай экспазіцыі беларускіх мастакоў з розных краін, якія на новыя творы натхніліся працамі Алеся Пушкіна і яго трагічнай асобай. Адкрыццё выставы сталася сапраўднай падзеяй, цягам трох тыдняў працы экспазіцыі яе пабачыла больш як 800 гасцей.

Выключнай станецца і імпрэза закрыцця выстаўкі.

Калі? Заўтра, 30 жніўня а 19:00
📍Дзе? Музей Вольнай Беларусі (Foksal 11, Варшава)
Уваход вольны

У праграме: прэм’ера перформансу “Партрэт №1” тэатральнай ініцыятывы “Дзея другая” (аўтары: Канстанцін Мужаў, Ілья Семашкевіч і Даніла Ганчароў), а таксама вялікая дыскусія Art Afterlife, у якой возьмуць удзел вядомыя культурніцкія дзеячы і дзяячкі:

Андрэй Дурэйка (онлайн) – куратар выставы, мастак;
Аляксей Кузьміч – мастак-акцыяніст;
Піт Паўлаў – мызыка гурту N.R.M., сябра Алеся Пушкіна;
Вольга Архіпава – мастацтвазнаўца, культуролаг, куратарка, даследчыца сучаснага беларускага мастацтва;
Наталля Задзяркоўская – кіраўніца Музея Вольнай Беларусі;
Лера Лазук (онлайн) – мастачка, калега і сяброўка Алеся Пушкіна.

Мадэратар – Сяргей Будкін, арт-менеджар, прадзюсар, кіраўнік Беларускай Рады культуры.

Даведацца больш пра праект Ales Pushkin. AFTERLIFE

Выстава ладзілася пры падтрымцы #ArtPowerBelarus


👀 Стаміліся адпачываць і прагнеце карысных сустрэч ды новых ведаў? Прапануем падборку онлайн-івэнтаў, на якія можна зарэгістравацца ўжо цяпер.

▪️Сёння, 21 жніўня, супольнасць “Культурны Код” запрашае на паблік-ток з Ягорам Дуброўскім, CEO і сузаснавальнікам Filmustage — аднаго з самых яскравых і нашумелых новых беларускіх стартапаў з culttech. Filmustage — гэта вэб-сэрвіс, які з дапамогай нейрасетак аўтаматызуе працэс апрацоўкі сцэнароў для кіно.

✔️Абавязкова рэгіструйцеся і далучайцеся да сустрэчы а 17:00 (па Варшаве).

▪️culture makes ладзіць адкрытую лекцыю (онлайн і офлайн) “Дэкаланіянізм і паварот да народнай культуры, або Што новага ў свеце мастацтва”. Спікерка — Міхаліна Саблік, гісторык мастацтва, куратарка выстаў і публічных праграм (Польшча).

Калі? 30 жніўня а 18:00 па Варшаве
📍Дзе? WOK (Варшава, ul. Mokotowska 29a) ці онлайн у Zoom

✔️Рэгістрацыя

▪️ Праект ProWomen BY прапануе пагутарыць пра грошы ды асабістыя фінансы падчас цыклу сустрэч Мoney Talk. На гэты раз спікеркай выступіць дызайнерка Юлія Шчасная. Яна раскажа, чаму выбрала менавіта фрыланс і падзеліцца, якія галоўныя "паглынальнікі грошай" у яе ёсць і як яна з імі пасябравала.

Калі? 27 жніўня, 19:00 - 20:00 (па Мінску).
✔️Зарэгістравацца

▪️Форын-офіс набірае ўдзельнікаў адукацыйнага онлайн-праекта Free University. Тут можна сабраць для сябе цэлую праграму з курсаў па розных дысцыплінах .

Некаторыя з курсаў:
- моўны імідж
- SMM і асновы прасоўвання кантэнту ў сацсетках
- сацыялогія гвалту
- і іншыя.
❕Самыя актыўныя ўдзельнікі будуць запрошаныя на трэнінг для трэнераў, каб пазнаёміцца з методыкамі нефармальнай адукацыі.

Дэдлайн: 25 жніўня.
✔️Падрабязней

#магчымасці


📹 Каго мы падтрымалі: онлайн-кінатэатр Vodblisk ад каманды кінафэсту “Паўночнае ззянне”. Тут штомесяц з’яўляюцца новыя беларускія фільмы, якія можна глядзець легальна за невялікія грошы з усяго свету, а з Беларусі — бясплатна!

Vodblisk планамерна працуе на тое, каб беларусы адкрывалі для сябе новыя імёны, наратывы, фарматы нашага нацыянальнага кіно. Гэтыя праекты цяжка адшукаць у публічнай прасторы, яны раскіданыя па розных крыніцах, платформах, а каманда онлайн-кінатэатру сваёй місіяй бачыць збор стужак у зразумелы каталог, даступны з любой кропкі свету. Да таго ж афіша праекту ўвесь час дапаўняецца асветніцкімі імпрэзамі: паблік-токамі, дыскусіямі, калабарацыямі з медыя. Тут уключаецца простая заканамернасць: чым больш цікавасці да беларускага кіно будзе з боку гледачоў, чым шырэйшай стане яго аўдыторыя, тым больш матываванымі будуць аўтары, якія працуюць над яго стварэннем.

Беларусам важна глядзець сучаснае беларускае кіно, каб заставацца на сувязі з рэчаіснасцю не толькі праз прызму навінаў, але і з дапамогай кіно як інструменту сторытэлінгу. Кіно дазваляе бачыць свет вачыма сучасных беларускіх аўтарак і аўтараў. Для мяне асабіста кіно — элемент ідэнтычнасці нацыі: праз рухомыя вобразы мы можам захоўваць нашую няўлоўную самасць, прыгажосць, якая выслізгвае, але можа быць акумуляваная ў гісторыях на стужцы. Разам з тым кіно — гэта яшчэ і вельмі файна, смешна, бо часам трапляюцца недарэчныя, няўклюдныя, страшныя, але разам з тым вельмі праўдзівыя вобразы і новыя эмоцыі з нашай рэчаіснасці, — кажа прадзюсарка, рэжысёрка, стваральніца Vodblisk Воля Чайкоўская.

Падпісацца на інстаграм Vodblisk і сачыць за афішай.

✔️Пабачыць іншыя праекты, падтрыманыя #ArtPowerBelarus, у адмысловай галерэі.


📢 Вынікі дадатковага колу для заявак на праграму мабільнасці #ArtPowerBelarus будуць падведзеныя напрыканцы жніўня.

Цягам раунда, які завяршыўся тыдзень таму, мы атрымалі 4️⃣0️⃣ індывідуальных і групавых заявак на агульную суму амаль 1️⃣3️⃣0️⃣ тысяч еўраў. На шанец выправіцца ў вандроўкі з мэтай прафесійнага развіцця з дапамогай нашай праграмы прэтэндуюць 9️⃣5️⃣ дзеячаў культуры.

“Канкурэнцыя будзе жорсткая” — гэтую фразу мы вельмі часта паўтараем, калі гаворка ідзе пра конкурсы ArtPower Belarus. Паўторым яе і цяпер. Бо сума, запрошаная аплікантамі ў заяўках, у некалькі разоў перавышае фінансавыя магчымасці гэтага колу, — кажа намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая. — Гэта азначае, што беларускія дзеячы культуры навучыліся бачыць магчымасці для прафесійнага развіцця і смела ўдзельнічаюць у колах. Заяўкі таксама сталі больш прафесійна складзенымі, а змест планаваных вандровак — больш адпаведным мэтам нашай праграмы.

У адпаведнасці з пратаколам цяпер заяўкі ацэньваюць эксперты, затым іх разгледзіць адборачная камісія, што збярэцца напрыканцы жніўня. Тады ж стануць вядомыя атрымальнікі апошніх грантаў мабільнасці #ArtPowerBelarus. Іх вандроўкі з мэтай прафесійнага развіцця адбудуцца гэтай восенню.

❗️Сродкі, вылучаныя на мідзі-гранты, міні-гранты, а таксама мабільнасці, вычарпаныя. Пра магчымы працяг праграмы падтрымання беларускай культуры паведамім дадаткова.

20 last posts shown.