«Я моцная настолькі, наколькі моцны беларускі народ», – Святлана Ціханоўская
У інтэрв’ю выданню «Європейська правда» беларуская лідарка патлумачыла, як разумее адказнасць за лёс Беларусі, у чым розніца паміж беларускімі дэмакратычнымі структурамі і як розныя міжнародныя палітыкі звяртаюцца да Ціханоўскай на сустрэчах.
Хто такая Святлана Ціханоўская?
Чым адрозніваюцца Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада?
Як ставяцца міжнародныя лідары да Ціханоўскай?
Што зменіцца пасля #бязвыбары2025?

«Перадусім – жонка палітвязня. Яшчэ я маці дваіх дзяцей.
Так склаўся лёс, што я стала лідаркай дэмакратычнага руху Беларусі, што я з'яўляюся абранай прэзідэнткай Беларусі. То бок у мяне шмат роляў.
Вядома, я нясу вялікую адказнасць за лёс краіны, за беларусаў. Але я моцная настолькі, наколькі моцны беларускі народ. Я заўсёды кажу, што адзін чалавек нічога не можа зрабіць. Я раблю, што магу, на міжнароднай арэне. Але далей – адказнасць кожнага грамадзяніна, кожнага беларуса – рабіць наш рух, нашу незалежную краіну мацней».
Чым адрозніваюцца Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада?
«Офіс Святланы Ціханоўскай – гэта офіс абранай прэзідэнткі. Аб'яднаны Пераходны Кабінет – «протаўрад», дзе ёсць прадстаўнікі па розных напрамках. Каардынацыйная Рада – зачаткавы «протапарламент». Мы пабудавалі гэтую сістэму, каб палітыкі маглі камунікаваць, дыскутаваць. Трэба зрабіць усё магчымае, каб паказаць беларусам, як могуць працаваць дэмакратычныя структуры».
Як ставяцца міжнародныя лідары да Ціханоўскай?
«Розныя палітыкі могуць называць па-рознаму. Смялейшыя абіраюць зварот «прэзідэнтка» ці «абраная прэзідэнтка», іншыя – «лідарка дэмакратычнага руху». Але гэта не змяняе сутнасці. Ёсць усе атрыбуты афіцыйных сустрэчаў. Мяне прымаюць як кіраўніцу дзяржавы, дэмакратычнага руху, то бок як альтэрнатыву Лукашэнкі».
Што зменіцца пасля #бязвыбары2025?
«Тое, што робіць Лукашэнка, не легітымізуе яго ні ў вачах беларусаў, ні ў вачах нашых заходніх партнёраў, і так жа, спадзяюся, у вачах украінцаў. Таму гэтае перапрызначэнне Лукашэнкі ніяк не ўплывае на маю дзейнасць. Мы, як і раней, будзем працаваць над паслабленнем рэжыму Лукашэнкі і ўмацоўваць усё беларускае».