Падбіваючы вынікі году, вырашыла напісаць хаця б трохі пра заўважныя фільмы 2024-ага, якія паглядзела, але не пакінула для іх асобных рэцэнзій (хаця некаторыя стужкі былі таго вельмі вартыя):
🫡
Мегалаполіс (
Megalopolis) — для гэтага фільма Копалы ў мяне толькі два словы: несучасна і несвоечасова. У сённяшнім свеце, расколатым надвае шматлікімі праблемамі, мара 20-ігадовай даўнасці аб горадзе шчасця, пабудаваным з незвычайнага матэрыялу, выглядае як мінімум наіўна. Можа, калі мы перажывём усе катаклізмы і тэма стане больш актуальнай, "Мегалаполіс" і здабудзе сваю славу, але дакладна не зараз.
🇮🇱
Рэальны боль (
A Real Pain) — разумны размоўны фільм Джэсі Айзэнберга пра двух стрыечных братоў, што едуць з Амерыкі ў Польшчу на тур пра Халакост, а насамрэч — каб прывесці аднаго з братоў у прытомнасць пасля смерці бабулі. Джэсі яўна выкарыстоўвае свой тэатральны досвед, а таксама досвед працы з Вудзі Аленам (нью-ёркскі неўротык гэта ўсё ж такі яго класічны тыпаж). Гэта роуд-муві па Польшчы, у якім героі намагаюцца разглядзець сябе і іншых, і ўсё гэта пад музыку Шапэна (куда ж у Польшчы без Шапэна). Вельмі медытатыўна і з добрай ігрой Кірана Калкіна і самога Айзэнберга.
💔
Усё скончыцца на нас (
It Ends with Us) — пуставатая стужка з Блэйк Лайвлі пра хатні гвалт. У мяне засталося ўражанне, што прыгожа думаць у прыгожых інтэр'ерах і вопратцы пад любімую музыку Блэйк прыемней, чым разважаць на тэму таго самага гвалту, дый у камандзе ў іх адбылося нешта незразумелае (Лайвлі абвінаваціла свайго партнёра па здымках у дамаганнях, а ён нібыта наняў піяршчыкаў, каб яе зняславіць). Я ўвогуле падазрона стаўлюся да стужак, дзе героі наўпрост прамаўляць назву фільма як нейкую ідэю, неяк гэта па-дзіцячы.
✈️
Ручная паклажа (
Carry-On) — баевічок на вечар у традыцыях Die Hard, але ў аэрапорце. Мне спадабалася. што можна паглядзець знутры на незнаёмую прафесію, а яшчэ фінальныя тытры і як Тэран Эджэртан бегае.
🥀
Марыя (
Maria) — трэцяя стужка Пабла Лараіна пра багатых і знакамітых жанчын. Гэтым разам мне падалося, што Лараін адарваўся не толькі ад рэальнага свету, але і ад рэальнага прататыпу — відэа з самой Марыяй Каласа ў канцы фільма стварае жорсткі кантраст з інтэрпрэтацыяй Анжэліны Джалі. Тым не менш, гэта прыгожа зняты фільм з добрай акцёрскай ігрой, усім аматарам баёпікаў глядзець, але не верыць рэжысёру на слова.
⭐️
Эмілія Пэрэз (
Emilia Pérez) — мабыць, самы незвычайны фільм падборкі, не толькі таму, што мюзікл, але і з-за нетыповых, яркіх герояў: крымінальніка, што хоча стаць жанчынай, і адвакаткі, што хоча вырвацца з беднага жыцця. Такія фільмы дазваляюць нам паглядзець на жыццё і паўсядзённыя праблемы іншых краін, пра якія мы нават не думаем, і таму гэты досвед я б не прамінала (хаця сам па сабе музычны складнік мне падаўся не вельмі моцным).
🕯Еретык (
Heretic) — чаканы мной жахлівік з Х'ю Грантам з файным канцэптам, які не змаглі, на мой погляд, давесці да такой жа файнай канцоўкі. Але калі ўсё гэта было толькі дзеля бенефісу Гранта ў размовах пра рэлігію і кадра, дзе "Манаполія" прыраўноўваецца да Біблій, то ладна.
🥇Вучань (
The Apprentice) — цікава стылізаваная стужка Алі Абасі, што распавядае пра ўзлёт Трампа і яго адносіны з адвакатам Роям Конам. Вядома, у Штатах яе глядзець не было каму (трампісты байкатавалі, нетрампісты не хочуць глядзець на Трампа без крайняй патрэбы), таму гэта стужка хутчэй для нас. Гісторыя даволі просталінейная, але тая самая стылізацыя пад 70-ыя робіць прагляд значна больш цікавым.
⛪️
Канклаў (
Conclave) — зноў фільм з вялікімі спадзяваннямі, якія для мяне не спраўдзіліся: "Канклаў" вельмі прыгожа і тонка зняты, але для гэтага ў нас ужо ёсць "
Малады Папа". Сама ж інтрыга і канцоўка ў сённяшнім свеце ўжо не шакуюць, дый эмацыянальны бок мне падаўся не зусім раскрытым.
На нешта дакладна забылася, таму, можа, будзе і другая частка.
#падборка