🔥🔥🔥
30 кастрычніка, перад сьвятам Дзяды, РУХ ушанаваў памяць выбітных беларусаў, пахаваных у Варшаве. Перш за ўсё былі абраны асобы так ці інакш зьвязаныя з антыкамуністычным супрацівам. ФОТАСПРАВАЗДАЧА ТУТ і
ТУТ. За гадзіну да пачатку сябры РУХу сабраліся на Вольскіх праваслаўных могілках, каб прыбраць месцы пахаваньня дзеячоў — зьмесьці лісьця і бруд, выкарчаваць пустазельле і памыць надмагільлі.
У прызначаны час, сябры РУХу і далучыўшыяся неабыякавыя беларусы і прадстаўнікі "Паспалітага рушаньня", сабраліся каля магілы
Янкі Жамойціна (1922-2003) — аднаго з лідараў Беларускай незалежніцкай партыі і Саюза беларускай моладзі падчас Другой сусьветнай вайны, а пасьля вязьня бальшавіцкіх лягераў. Прадстаўнік РУХа распавёў пра важнасьць ушанаваньня памяці герояў супраціву —
што ня трэба сароміцца некаторых акалічнасьцяў іх змаганьня падчас нямецкай акупацыі, ня трэба слухаць савецкую рыторыку, якая кляйміць нашых ваяроў і дзеячоў нацыстамі, здраднікамі і гд. Усе мы яскрава бачым сучасную пуцінскую і лукашэнаўскую прапаганду, якая таксама называе абсалютна кожнага, хто так ці інакш змагаецца супраць іх нацыстамі і здраднікамі. Таму што сучасны пуцінізм і лукашызм ёсьць прамы спадкаемца і дзіця таго самага крыважэрнага камуністычнага рэжыму. Пасьля разуменьня гэтага ўсё становіцца на свае месцы. Напрыканцы ўступнага слова сябры РУХу пакрылі магілу Янкі Жамойціна сьцягам Саюза беларускай моладзі і ўсклалі зьнічы ў нацыянальных колерах.
Затым прысутныя рушылі да магілы
Юрыя Туронка (1929-2019) — аднаго з галоўных дасьледвальнікаў супраціву, а таксама актывіста беларускай меншасьці ў Польшчы. У памяць аб яго вядомай кнізе пра Саюз беларускай моладзі сябры РУХу таксама пакрылі яго магілу сьцягам СБМ і ўсклалі зьнічы.
Апошняй на праваслаўных могілках стала магіла
ігумена Мітрафана Будзькі (1900-1982) - беларускага рэлігійнага і культурніцкага дзеяча. Акрамя таго, ён зьяўляецца прадзедам палітвязьня і лідара "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі" Паўла Севярынца. На надмагільле быў пакладзены бела-чырвона-белы сьцяг і зьнічы.
Далей мерапрыемства працягнулася на Павонзкіх вайсковых могілках. Тут прысутныя сабраліся каля магілы
Станіслава Булак-Балаховіча (1883-1940). Пасьля яе прыбіраньня, прадстаўнік РУХу распавёў аб генэрале — асобе вельмі авантурнай і спрэчнай для гісторыкаў. Пры гэтым былі падкрэслены і ягоныя заслугі перад беларушчынай і змаганьне з камуністамі. Сябры РУХу пакрылі магілу сьцягам Асобнага атрада Беларускай Народнай Рэспублікі і ўсклалі зьнічы.
Скончыліся Дзяды каля памятнага знака
паўстанцам 1863 года, дзе пахаваны ў тым ліку і беларусы. Сябры РУХу прыбралі мемарыял і усклалі букет квецьця і зьнічы.
Нагадаем, 29 кастрычніка сябры РУХу ўшанавалі памяць яшчэ аднаго змагара — Цімоха Хведашчэні (1893-1977), які пахаваны на ўскрайку Варшавы.#РУХ #RUCH #Дзяды #БеларускіСупраціў #ЯнкаЖамойцін #БулакБалаховіч #Паўстаньне1863