Я чырванею (2022)Камедыя, мультфільм
Перад вамі — шматслойная гісторыя пра чырвоную панду падлетку Мэй-Мэй, якой толькі споўнілася 13 гадоў.
На паверхні мы маем гісторыю дзяўчыны, якую распірае ад новых пачуццяў і эмоцый, якая спрабуе разабрацца са зменамі ў сваім целе і вельмі няёмка пачынае знаёмства са сваёй сэксуальнасцю. Пры гэтым мне вельмі падабаецца, як з’яўленне чырвонай панды самімі ж аўтарамі параўноўваецца з пачаткам месячных: для шматлікіх дзяўчат досвед першай менструацыі даволі траўматычны, і шматлікім мамам сорамна размаўляць пра такое са сваімі дачкамі, пакуль не становіцца занадта позна.
Трохі глыбей нас чакае гісторыя траўмы пакаленняў, траўматычнасці традыцый і прыняцця сваіх цёмных бакоў. Маці Мэй-Мэй вымушае яе саромецца сваёй неідэальнасці, сваёй панды і сваіх эмоцый. І яна робіць гэта не таму што ненавідзіць сваю дачку, а як раз наадварот — таму што вельмі яе любіць і жадае, каб у той усё было «нармальна», а па-іншаму яна любіць не ўмее.
«Я чырванею» паказвае, як чалавек можа літаральна разрываць сабе на кавалкі, толькі каб быць прынятым сваёй жа сям’ёй і ісці «традыцыйным» шляхам. І як важна мець падтрымку і тых людзей, якія скажуць, што ганарацца табой, нават калі ты злая чырвоная пачвара.
А на самай глыбіні можна знайсці тэму табуяванасці жаночых эмоцый, а дакладней — самай забароненай для жанчын эмоцыі: гневу. Чырвоная панда з’яўляецца метафарай моцных пачуццяў і эмоцый, і складана знайсці мацнейшае за гнеў пачуццё. Пакаленнямі жанчыны адмаўляліся ад гэтай «няёмкай» эмоцыі, саромеліся злавацца і адстойваць свае межы, і вучылі сваіх дачок быць «мудрэйшымі» ды цярпець моўчкі.
У выніку атрымліваецца даволі добрая і смешная гісторыя, якую я раю глядзець мамам са сваімі дачкамі-падлеткамі.
9/10 — мая шчырая адзнака.
А паглядзець па-беларуску можна
туць#у_пошуках_жанчын
#у_пошуках_мультфільмаў #у_пошуках_камедыі