Беларуская музыка


Kanal geosi va tili: Belarus, Beloruscha
Toifa: Musiqa


Пішу ў гэтым канале пра сваю любімую беларускую музыку
Сувязь - @charnukha

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Kanal geosi va tili
Belarus, Beloruscha
Toifa
Musiqa
Statistika
Postlar filtri


А вось і апошні выпуск Сепультуры ў гэтым годзе. Самы аб'ектыўны рэйтынг беларускіх альбомаў 2024! Глядзіце, пішыце ў каментарах пад ролікам свае варыянты. Давайце спрачацца!

https://youtu.be/MKVHiiir58E


Прывітанне, сябры! Прынёс вам плэй-ліст з майго топ-10 самых крутых альбомаў года (+2 бонусы). Забірайце сабе і слухайце. Там шмат прыгажосці!

https://open.spotify.com/playlist/6Ti6cxHNrsyxydvA6gSF6e?si=b3b67468d6dc4569

1.4k 0 14 17 59

На цяперашняга Міхалка балюча глядзець, а яго канцэрты — гэта проста сорам. Чаму так адбылося? Дакладнай інфармацыі бракуе, таму я сабраў для вас пяць тэорый. Залятайце глядзець!

https://youtu.be/u70iDTBqnmM


У самым канцы мінулага году здарылася неспадзяванка: на YouTube з’явіўся кліп абсалютна новага праекту Sw@da x Niczos. І гэта было вельмі свежа і натхняльна! Сапраўдны падляскі рэйв, аўтэнтычны і сучасны адначасова, сыры і дужа вайбовы.
За год праект Нікі Юрчук і саўндпрадусара Sw@da навыпускаў багата трэкаў і выступіў шмат на якіх беларускіх фестывалях, а ўжо пад канец 2024 году (лічыце, праз год пасля свайго дэбюту) музыканты выдалі дэбютны альбом #Indawoods.

Большасць трэкаў з гэтага рэлізу ўжо выходзіла асобнымі сінгламі. І тая самая Chadžu ja, для альбома перазапісаная ў студыйным фармаце, і нааўтацюнены бэнгер Nakrashana з усходнім вайбам, і ідэальны саўндтрэк для вашай шалёнай вечарыны Vysoko Letaju, і больш павольны і атмасферны Mahnit. Фактычна, для альбома музыканты падрыхтавалі тры новыя кампазіцыі, але яны ідэальна кладуцца ў логіку #Indawoods.

Гэта лаканічны, але і вельмі змястоўны альбом, які спалучае і сучасную электроніку, і аўтэнтычную падляскую гаворку, і класныя мелодыі. У Sw@da x Niczos шмат зусім юнацкай і абсалютна чароўнай і абаяльнай энергіі, і гэта адразу адчуваецца ў альбоме: гэта хіба не самыя мудрагелістыя песні, але гучаць яны настолькі шчыра і нахабна, што ты верыш у іх і хочаш, каб гэтая вечарына працягвалася. Ні нудоты, ні непатрэбнага акадэмізму, ні фанабэрыстасці — зразумелая выдатная канцэпцыя і пульсуючая маладая энергія. На такіх складніках можна збіраць шматтысячныя рэйвы.

https://youtube.com/playlist?list=OLAK5uy_mMn7ryE_taQYDRWXBgF3e2SrcSOUWGI3A&si=i9jcEO6Eeg-Y1LJG


Прынёс вам дужа цікавую гісторыю. Памятаеце гурт "Радиоволна"? Яны яшчэ спрабавалі паехаць у 2018 годзе на Еўрабачанне, але паехаў Alekseev. Дык вось, вакаліст гурта цяпер зорка ва Ўкраіне і нашмат больш актуальны, чым той жа Alekseev. А вось яго былы паплечнік — гітарыст гурта Trubetskoy. Карацей, там шмат усяго цікавага! Залятайце і глядзіце

https://youtu.be/_mAB_o7Lswo


Вітаю, сябры!

Сёння я прыйшоў да вас з навінамі і распавяду, што цікавага з’явілася ў нашым утульным Міністэрстве сепультуры.

А з’явіліся новыя прапановы для супорцераў канала —> https://buymeacoffee.com/charnukha/membership

Распавяду падрабязна пра кожную з іх.

💀Прыёмная (7 еўра на месяц)

Па гэтай падпісцы вы атрымаеце ранні доступ да выпускаў Міністэрства сепультуры, а яшчэ доступ да плэй-ліста з беларускай музыкай на Spotify, які будзе рэгулярна папаўняцца новымі песнямі.

💀Пінжак (15 еўра на месяц)

Гэта варыянт падпіскі для тых, хто хоча атрымліваць і штомесячны плэй-ліст з сусветнай музыкай, і мець доступ да плэй-лісту з беларускай музыкай. Бонусам — ранні доступ да выпускаў Міністэрства сепультуры.

💀Намеснік міністра (100 еўра на месяц)

Самы дарагі і эксклюзіўны варыянт падпіскі, але і прапанова вельмі цікавая. Намеснікі міністра атрымаюць доступ да штомесячных стрымаў з вядомымі беларускімі музыкантамі ў фармаце інтэрв’ю. Вы будзеце мець магчымасць задаваць свае пытанні ў чаце і быць актыўнымі ўдзельнікамі кожнага стрыма. Да таго ж, вы атрымаеце поўны пакет доступаў да іншых фарматаў: ранні доступ да новых відэа, доступ да плэй-ліста з новай музыкай, доступ да штомесячных плэй-лістоў з сусветнай музыкай і штомесячны эксклюзіўны матэрыял пра незвычайных музыкантаў.

Дзякуй вам за тое, што падтрымліваеце Міністэрства сепультуры. Без вас яго б папросту не існавала. Да таго ж, падтрымліваючы канал, вы даеце магчымасць гледачам унутры краіны глядзець новыя відэа. Гэта важна!

На наступным тыдні вас чакае новае відэа з дужа нечаканай гісторыяй. Да сустрэчы ў Міністэрстве!

Ваш міністр.


Калі вам спадабаўся выпуск пра Пятлю, можаце сказаць мне дзякуй вось тут. Дарэчы, планую ў хуткім часе дадаць новыя прапановы для падпісчыкаў Міністэрства сепультуры. Раскажу вам пра іх у чацвер, а пакуль збіраю вашыя ідэі: што б хацелася ўбачыць сярод новых падпісак? Магчымасць прапанаваць тэму для выпуску? Беларускія плэй-лісты? Пішыце свае варыянты ў каментарах!

https://buymeacoffee.com/charnukha


Сабраў для вас усе альбомы «Петли пристрастия» і паказваю, як гурт ледзь не аддалі рускаму року. Як гэта было? Залятайце глядзець!

https://youtu.be/-CbirNjiFlg

2.7k 0 23 12 148

Адбыўся наш музычны батл з Сашам Табольскім на кайфовым канале «Падабайка». Як думаеце, хто перамог?

Адказ шукайце тут —> https://www.youtube.com/watch?v=U47JiHZFkog

3.6k 0 15 4 109

Сёння выйшаў новы альбом дуэта Zui. Калі ніколі пра яго не чулі, то вось крыху кантэксту. Гэты гурт стварылі акцёры Міхась Зуй і Алена Зуй-Вайцяхоўская — дэбютны альбом выйшаў у 2016 годзе. Добра запісаны, разнастайны, але з даволі прамалінейнымі мелодыямі. З таго часу гурт знаходзіўся на паўзе і зрэдку выступаў. Былі іншыя праекты, была Шчучыншчына. Са спячкі гурт мог выштурхнуць толькі вельмі магутны імпульс — і Arka менавіта такая!

Можна лічыць, што гурт пачаў усё з самага пачатку. Матэрыял вельмі моцна адрозніваецца ад папярэдняга альбому: «дзевачкавыя» тэксты сталі больш іранічнымі, змястоўнымі і трапнымі, саўнд паляцеў ў бок змрочнай сінтовай хвалі, а мелодыі сталі больш вынаходлівымі.

У «Арцы» восем песень, вельмі розных па настроі. Ёсць рэтра-вэйв «Аркаша», які пачынаецца са словаў «Няма куды падзецца: усё не тое, чым падаецца», а вырульвае ў прыпеў «Аркаша, дэнс фор мі». Ёсць польскамоўны Żegman się з круцейшым меладычным хукам. Ёсць сумная і хітовая «Вар’яты і бамжы», якая вісіць «над прорваю у жыце». Ёсць выбуховы і агрэсіўны трэк «Мінск Юнацтва». Ёсць далікатны і пранізлівы фінал «Арка» з фантастычным рэфрэнам «Ты п'еш, як героі Быкава, я — як гераіні Рэмарка, і ляцяць журавы праз трыумфальную арку» і неверагодным саксафонным сола.

Альбом слухаецца на адным подыху і прасядае хіба на трэках Thank Youth і Bez, але і яны проста троху слабейшыя за астатні матэрыял. Цудоўны альбом, у якім поўна круцейшых мелодый, трапных тэкстаў і неблагіх аранжыровак. У Zui атрымалася сапраўдная творчая сінергія, дзе ўсё нарэшце на сваіх месцах — вельмі б хацелася, каб гэта была паўнаварстасная рэанімацыя праекту, бо новы матэрыял гэтага варты.

А вы што скажаце? Ці спадабаўся вам гэты альбом? Абавязкова напішыце сваё меркаванне ў чаце.

Ну і буду ўдзячны за падтрымку канала вось тут.

https://open.spotify.com/album/4EaKbnrRGTEcEMlxB2kloc?si=U5N6BFzaTi-f7zNs0MDChg&nd=1&dlsi=bbfb409b0149413c


Колькі Песняроў вы ведаеце? Сёння я пакажу вам кожны калектыў, які выступаў ці выступае пад гэтай шыльдай пасля 2003 году. І раскажу, як дзяржаўныя Песняры ваююць з астатнімі. Тут будуць гісторыі пра выступы на трэшовых расійскіх шоў, таямнічы чувашскі ансамбль, Змея і помсту за 2020 год. Сапраўдная анталогія шматлікіх Песняроў і іх незайздросны лёс.

https://youtu.be/Ll57QHucOEw


Сёння выйшаў сёмы альбом «Петли пристрастия» і першы беларускамоўны паўнафарматны рэліз гурта. Ён называецца «Суперпазіцыя» і даволі моцна адрозніваецца ад папярэдніх прац калектыву. Тут шмат чаго адбываецца ўпершыню. Беларускамоўная лірыка, акустычныя гітары, электроніка, візуал — нібыта гурт хоча перафармуляваць сябе і выскачыць з уласнага фармату.

Мы ўжо чулі два сінглы з гэтага альбому — даволі бляклы і няўпэўнены «Жыццё як жах» і традыцыйны для «Петли пристрастия» трагічны баявік «Квант». «Квант» у выніку трапіў на альбом першым нумарам, а вось «Жыццё як жах», як вынікае, не зусім задаволіла і саміх музыкантаў: на «Суперпазіцыі» песня «Жах» ужо ў зусім іншай (і не тое каб больш удалай) версіі — гэта ўсё яшчэ вельмі сыры трэк.

Напэўна, першае, што трэба адзначыць, гэта гучанне альбома. Упершыню вакал Іллі Чарапко гучыць такім чынам, што не заўсёды можна разабраць словы — і гэта, натуральна, моцна псуе ўражанне, бо «Петля пристрастия» заўсёды была пра моцныя, дакладныя і афарыстычныя тэксты. Але «Суперпазіцыя» гэтага адчування не дае. Натуральна, Чарапко не працуе ніжэй за пэўны ўзровень, але розніца паміж гатункамі лірыкі, напрыклад, «Гипнопедии» ці «Фобоса» і цяперашнім матэрыялам відавочная.

На «Суперапазіцыі» ёсць класныя трэкі. Той жа «Квант» дакладна стане канцэртным хітом гурта. «Алоха» — вельмі шчыры і нават пяшчотны трэк з далікатнай мелодыяй. Магутны «Дэдлайн» з фірмовымі манатоннымі гітарамі (гэта нешта сярэдняе паміж «Небо-молот» і «Автоматизмом») гучыць як споведзь на магіле ў псіхатэрапеўта. Ёсць менш удалыя «Хавай» і «Катлаван», якія проста маглі б прагучаць лепш пры пэўных маніпуляцыях з гучаннем.

Ёсць і зусім нечаканыя рэчы. Ныпрыклад, песня «Штосьці добрае», якая гучыць як мікс Coldplay і «Мегаполиса» — менш за ўсё чакаеш пачуць вось такую «Петлю пристрастия» у фінале альбому, але пасля трэку «Катастрофа» разумееш, што тут можа здарыцца ўсё, што заўгодна. Гэта самы спрэчны момант «Суперпазіцыі» — абсалютна недарэчны трэк, без якога альбом нічога б не згубіў і з якім страціў нейкі ўнутраны стрыжань.

Складваецца адчуванне, што музыканты вельмі спяшаліся зрабіць альбом і не давялі справу да канца. «Суперпазіцыя» сыраватая, у ёй хапае недасканаласцяў і спрэчных момантаў, і частка гэтага матэрыялу магла б апынуцца на бі-сайдах. Але трапіла на альбом. Ён не дрэнны, але ў параўнанні з выдатным «Не тот человек» гэта крок назад.

https://open.spotify.com/album/27FvWyFCWHZCDcFDejwVgf?si=wgbBZUyvQveBN4dwn1L2oQ

3.9k 0 59 20 139

У пятніцу выйшаў новы альбом беларускага гурта Intelligency, які ўжо добры дзясятак год намацвае сваю сцежку і шукае аўтарскі почырк. Ці атрымалася знайсці яго на The Ideals? Шаснаццаць трэкаў, у якіх можна ўбачыць адлюстраванне шмат якіх гуртоў, але толькі не беларускага.

З Intelligency цікавая гісторыя. Я назіраю за ім прыкладна з 2013 году, і ўвесь гэты час хлопцы працуюць з дастаткова простымі і зразумелымі музычнымі прыёмамі — вакальныя партыі, нібыта заканспектаваныя за класікамі, не дужа вынаходлівыя гітарныя сэмплы, і зацыкленыя кампазіцыі амаль без развіцця. Гурт увесь гэты час нібыта чакаў з’яўлення TikTok, каб аднойчы ўварвацца ў яго са сваім галоўным і адзіным хітом August, які прынёс Intelligency вельмі крутыя лічбы на стрымінгах, якія так і не канвартаваліся ў рэальную аўдыторыю. Гэтае блуканне па лічбавых пляцоўках працягваецца дагэтуль: добры прыклад цяперашняй папулярнасці гурта — прэзентацыя новага альбома ў віленскім бары Pahonia.

Але давайце пра сам матэрыял. Гурт працягвае шукаць сябе і свой твар у папулярных плынях электроннай музыкі і, падаецца, адкрыў для сябе Caribou і альбом Swim. Не самы паганы прыклад, але паміж Swim і The Ideals прыкладна 14 год розніцы.

Intelligency працягваюць працаваць з тымі ж музычнымі прыёмамі і першакрыніцамі. Таму я проста паўтару: вакальныя партыі, нібыта заканспектаваныя за класікамі, не дужа вынаходлівыя гітарныя сэмплы, і зацыкленыя кампазіцыі амаль без развіцця. Клікбэйтны матэрыял, які спачатку слухаць цікава, а пасля не вельмі — настолькі ён прадказальны. Альбом-сэмпл, альбом-клікбэйт, альбом-мазаіка, у якім ёсць, падаецца, усё акрамя асобы музыкантаў.

The Ideals — далёка не самы дрэнны ўзор сучаснай беларускай музыкі. Калі б гэта быў дэбютны альбом маладога гурта з яшчэ не змарнаваным крэдытам даверу, можна было б толькі парадавацца за поспехі калектыву. Але перад намі гурт з гісторыяй у бясконцыя і манатонныя 11 год — ад ад яго чакаеш зусім іншага падыходу.

https://open.spotify.com/album/3mm1gyXEvEc3E6jH9YknPL?si=JidC8rTORJm1aEzOmrGaEA


Сёння будзе вельмі важны выпуск, бо менавіта з гэтага гурта пачынаўся беларускі рок. Абавязкова паглядзіце, пастаўце лайк і напішыце каментар пад відэа, каб яго ўбачыла як мага больш людзей!

https://youtu.be/zTez7K_usSw


Сёння ў мяне ёсць цудоўная нагода распавесці вам пра дужа цікавы новы альбом! Упэўнены, што вы нічога не чулі пра гурт Аум! І, магчыма, нешта чулі пра Autonomicon. Цяпер самы час выпраўляцца: разам яны выдалі вельмі круты рэліз пад назвай Bestiarium. Насычаны метафарамі, разнастайны і нестандартны, пранізлівы і сумны — і дужа прыгожы!

Антыфолк-гурт Аум! паводзіць сябе дужа актыўна. Напрыклад, у гэтым годзе музыканты ўжо выдавалі альбом Baroque. Можаце зацаніць хаця б вельмі атмасферны кліп на гіпнатычную песню «Яшчур» з гэтага рэлізу.

А цяпер ужо супольны з Дзянісам Autonomicon (адданы баец беларускага андэграунда) альбом Bestiarium. У ім таксама антыфолкавы падмурак, але з выкарыстаннем шматлікіх цытат і музычных міксаў. Вось вам, напрыклад, шыкоўная трып-хопавая песня «Кахаць» — з дабавым сінтэтычным басам, сырой перкусіяй і гіпнатычным вакалам. Ці індустрыяльны гімн «Оленёнок Бэмби» з магутным тэкстам.

Тэксты, дарэчы, гэта асобная і вельмі цікавая дэталь рэлізу. Часам гэта інтравертныя рэфлексіі на глабальныя тэмы як, напрыклад, у песні «Зверь» (верь, зверь, человек - это больше, чем ты. верь, зверь, верь, что люди полны доброты. верь, зверь, верь, что больше не будет войны. верь, зверь, я умру, я умру, но останешься ты). Часам маніфэстацыі і плакатныя хайлайты як у «Оленёнок Бэмби» (Оленёнок Бэмби никогда не умрёт, Ленин, Ленин, Ленин, Ленин - Жил, живёт, заживёт. Оленёнок Бэмби никогда не умрёт, он олениненивает который уж год). Часам дзіцячыя песні для дарослых як «Шэры зайка» (Шэры-шэры зайка, чаму ты дрыжыш? Я бягу сам ад сябе, я дрыжу сам ад сябе).

Bestiarium — гэта няўтульнае і прывабнае адначасова музычнае падарожжа па ўнутраным і знешным свеце. У гэтай пяшчотнай музыцы прыхаваная такая чорная трывога, што можна заблукаць у ёй і доўга шукаць выйсце. Будзе ўважлівыя і абавязкова напішыце, ці спадабаўся вам гэты альбом!

А я нагадаю, што падтрымаць гэта канал і «Міністэрства сепультуры» можна вось тут! Дзякуй вам❤️

https://aumart.bandcamp.com/album/aum-autonomicon-bestiarium


Афанасьева 90-х — топ! І вы ў гэтым пераканаецеся, калі паглядзіце новы выпуск «Міністэрства сепультуры». Дзяўчынку з вёскі пад Магілёвам насіў на руках Машэраў, яна крута спявала па-польску і ганяла на гастролі ў ЗША. Адмовілася ехаць у Расію, была ў стасунках з Захаравым і асудзіла гвалт у 2020-м. Ці не зашмат для біяграфіі аднаго чалавека? А вось і не! Гісторыя каралевы беларускай папсы — у новым відэа.

https://youtu.be/CZZCxmWT_8M


Новы альбом Molchat Doma падабаецца ўсім акрамя беларусаў? Сабраў самае цікавае пра яго!

Ці праўда, што ён вельмі падобны на Depeche Mode? Вокладку для яго зрабіў штучны інтэлект? А пры чым тут Twenty one pilots? А ці знойдзеце вы ў гэтым запісе гукі Мінску?

Новы выпуск ужо на канале! https://youtu.be/QMoPxe05yKg


Сёння самы папулярны беларускі гурт у свеце Molchat Doma выдаў свой чацвёрты альбом — «Белая полоса». Гэта складанка з дзесяці кампазіцый, якія зусім па-іншаму раскрываюць гурт і яго ўдзельнікаў.

Мы з вамі ўжо слухалі сінглы з гэтага запісу — агрэсіўны і энергічны «Ты же не знаешь, кто я» з пругкімі сінтамі і трывожнай атмасферай, пост-панкавы «Сон» з цоеўскімі інтанацыямі і празрыстым, пранізлівым прыпевам і, бадай, кульмінацыю ўсяго запісу, шыкоўную «Белую полосу», нібыта адшуканую недзе на бі-сайдах дэпешмодаўскага Ultra.

Гэтага б ужо хапіла, каб зазначыць радыкальныя трансфармацыі гурта. Ад пашарпаных часам і саўнд-эфектамі папярэдніх альбомаў Molchat Doma пачалі рухацца ў бок дэталізаванага, празрыстага саўнда, у якім можна корпацца ў дэталях і працаваць з якаснымі рэферэнсамі. Сярод іх у першую чаргу Depeche Mode, The Cure і «Кино», якія прысутнічаюць амаль у кожным трэку альбома, але паспрабуйце папрацаваць з такімі першакрыніцамі і зрабіць з гэтага сапраўды цікавы матэрыял. Molchat Doma на гэтай сцежцы робяць упэўненыя крокі. На новым альбоме я б вылучыў «Черные цветы» з вельмі характэрнай гатычнай лірыкай, вельмі атмасферны інструментал «Безнадежный вальс» і вяртанне да каранёў у заключным трэку «Зимняя».

Трэба сказаць, што музыканты вельмі якасна прагрэсуюць. Ягор Шкутко спявае больш упэўнена і працуе з больш разнастайнымі інтанацыямі, басовыя партыя Паўла Казлова больш вынаходлівыя, але, канешне, галоўны рэспект прадзюсару альбома Раману Камагорцаву: ён максімальна наблізіў гучанне «Белой полосы» да пажаданых першакрыніц.

У выніку я б назваў «Белую полосу» пачаткам новай старонкі ў біяграфіі гурта, але гэта толькі пачатак.

А вам як гэты альбом? Ці спадабаўся? Пішыце ў каментарах і падтрымлівайце канал.


👻👻👻 Выбіраем галоўны саўндтрэк беларускага лета 2024! Як?

Памятаеце, я распавядаў пра тое, што зрабіў адмысловы плэй-ліст для платформы «Новая Беларусь». У ім было 18 кампазіцый беларускіх артыстаў, усе яны выйшлі цягам апошніх трох месяцаў. А пасля ўжо вы дадавалі ў гэты спіс свае любімыя кампазіцыі, і ў выніку плэй-ліст пашырыўся да 30 песень! Вось тут можна яго зацаніць.

Але гэта не ўсё! Цяпер у аплікацыі «Новая Беларусь» можна прагаласаваць за любімы трэк — і такім чынам мы з вамі вызначым галоўную песню лета. Калі для вас гэта бяспечна, залятайце ў аплікацыю і галасуйце. Зрабіць гэта можна да 7 верасня 23:00, а 9 верасня «Новая Беларусь» абвесціць пераможцу.

Але галоўнае — слухайце беларускую музыку, любіце беларускую музыку. І да сустрэчы ў Міністэрстве!


👻 Сёння раскажу вам пра новыя беларускія альбомы, якія слухаў апошнім часам. Вельмі розныя і вельмі класныя. Тут будзе шыкоўны эмбіент, джаз, пра які піша культавы Wire, новая яскравая поп-музыка і шмат чаго яшчэ. Паслухайце іх абавязкова і напішыце сваё меркаванне.

💀 Parus — зусім новы праект дасведчаных беларускіх музыкантаў. Яны вось толькі выдалі дэбютны рэліз: чароўны альбом Zara, у якім заміксаваўся генетычны код Беларусі. Гэта містычнае спалучэнне палявых запісаў, далікатнага эмбіенту, традыцыйных спеваў — а ўсё разам яно пераўтвараецца ў шчымлівы саўндтрэк да рэчаіснасці. Слухайце ўважліва!

💀 Homebound — яшчэ адзін зусім свежы гурт. Мікс англамоўных і беларускамоўных песень з вельмі адчувальным брытанскім вайбам. Лаканічны, густоўны матэрыял з неблагімі мелодыямі, у якім адчуваецца і прафесійны падыход, і добрая падача. Гучыць даволі пярэста і неаднародна, каб зразумець нейкі канцэптуальны падыход, але на ўзроўні візітоўкі — добры старт.

💀 Нястомны Віктар Сямашка і яго фры-джазавы праект Fantastic Swimmers выпусцілі шмат новага матэрыялу. Самы свежы — альбом «3’33», які выйшаў у апошні дзень лета. Як заўсёды, небанальная праца: музыка, якая выбівае з-пад цябе зэдлік, і прымушае слухаць сябе вельмі ўважліва. Пра Віктара, яго праекты і музычную перадачу «Кракатук» напісаў вось толькі-толькі культавы часопіс Wire. І вы таксама звярніце ўвагу!

💀 За гуртом «Галантерея» я сачу вельмі даўно і пісаў пра дэбютны альбом, калі яшчэ працаваў на Анлайнеры. З таго часу музыка «Галантереи» вельмі змянілася: замест падлеткавага мінімалістычнага індзі цяпер рабята робяць яскравую поп-музыку з класнымі аранжыроўкамі і шыкоўнымі мелодыямі.

💀 І троху бруду на дэсерт. Гурт «Бычий цепень» і альбом «r.i.p.». Няўтульнае гучанне, дэпрэсіўныя і дзёрзкія тэксты — музыканты распрацоўваюць нішу дэз-року, напэўна, самае змрочнае і цёмнае адгалінаванне пост-панку. Лавіце атмасферу, слухайце трэкі і атрымлівайце асалоду ад вокладкі гэтага альбома.

Што вам спадабалася больш за ўсё? Пішыце ў каментарах і не забывайцеся, што падтрымаць гэты канал і «Міністэрства сепультуры» можна вось тут.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.