Беларускі Бабілон


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Познавательное


Беларуская гісторыя ў незвычайных ракурсах

Связанные каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Статистика
Фильтр публикаций


Ніхто сёння ў маёй стужцы пра 23 лютага не напісаў дзякуй Богу. То я напішу.

Ёсць у Магілёве 2 вуліцы названыя ў гонар двух братоў Міхаіла і Ўладзіміра Бонч-Бруевічаў. Наўрад ці пра іх шмат хто чуў, апроч магілёўцаў і гісторыкаў.

Яны абодва нарадзіліся ў Маскве, але іх бацька, шляхціч Дзмітрый Бонч-Бруевіч, быў з Магілёўшчыны і відаць меў вялікую ласку да малой радзімы, бо на сваіх землях там пабудаваў царкву ў ХІХ ст. і агулам правёў там ладную частку жыцця, хоць і рабіў кар'еру ў Маскве.

Сыны ягоныя, відаць, раслі ўжо маскоўскімі пацанчыкамі, але на радзіме ў бацькі часта бывалі. У розных даведніках усюды пішуць, што яны былі старадаўняга беларуска-літоўскага шляхецкага паходжання.

Лёс братоў вельмі цікавы, можна проста кіно здымаць: Уладзімір з ранніх гадоў падаўся ў рэвалюцыянеры, дапамагаў Леніну "Іскру" друкаваць у замежжы, а Міхаіл наадварот рабіў кар'еру прафесійнага вайскоўца ў імперскім апараце.

Вось жа, калі грымнула рэвалюцыя, то Ўладзімір стаяўся галоўным памочнікам і сакратаром Леніна, а Міхаіл, заслужаны і актыўны ваяка, стаў першым генералам расійскай арміі, які перайшоў на бок чырвоных.

І пры чым тут 23 лютага? А вось пры чым.

Дэкрэт аб стварэнні Чырвонай Арміі быў прыняты 28 студзеня 1918 года (яго і мусілі адзначаць як святочную дату, але першы год не паспелі, то перанеслі на 23 лютага, а пасля вырашылі нічога не мяняць). Сярод подпісаў пад дэкрэтам быў подпіс Бонч-Бруевіча Уладзіміра. А подпісаў там было няшмат.

А калі 18 лютага таго ж года скончылася перамір'е і немцы папёрлі ў наступ, то Ленін у паніцы вызваў у стаўку менавіта Міхаіла, як адзінага генерала ў чыровных, і загадаў яму ўзначаліць абарону кволай савецкай рэспублікі, якая рассыпалася на вачах. Ну Міхаіл узяўся за справу і зрабіў што мог. Фронт утрымаўся.

Агулам абодва браты вельмі цікавыя сваімі лёсамі. Раю проста вікіпедыю пра іх пачытаць. Рэальна матэрыял для кіно.

Але я гэта ўсё да чаго.

У нас з кожнага праса прапагандысты крычаць пра тое, што Беларусь - гэта спадчынніца СССР,традыцыі трэба захоўваць і 23 лютага мы забываць не мусім, бо гэта гісторыя.

Але вось 2 беларуска-літоўскіх шляхціча прыклалі руку да фармавання Чырвонага войска на самым высокім узроўні. Узначалілі працэс, можна сказаць. І хто пра іх ведае? і хто іх спрабаваў раскруціць?

І хай сабе, у тыя 1920-30-ыя маглі быць нейкія палітычныя матывы, каб гэтага не рабіць. Але ж у нашыя часы можна было б ужо разгуляцца на славу! Такая тэма! Утварэнне грознай Чырвонай Арміі і беларусы ў самы адказны момант кіруюць працэсам.

Але нецікава. Бо нікому на самой справе не цікава, што там было з тымі бальшавікамі. Ні нам не цікава, ні ўсім гэтым посткамуністам. Бо ім трэба адбыць дату, паставіць плюсік, кульнуць чарку, а далей трэба думаць пра наступныя "знамянацельныя" даты.

І з камуністычным брэндынгам заўсёды так. Канон даўно сваё аджыў, а на ягонай базе шукаць/ствараць нейкія новыя сэнсы нікому нецікава. Ну і дзякуй Богу.

Ёсць у гэтай гісторыі і другі паварот. Самі Міхаіл і Уладзімірам да Беларусі за сваё жыццё так нідзе не "прытулілся". Не назваліся, не абазначыліся. Тут я магу памыляцца, бо не займаўся спецыяльна, але ва ўспамінах Міхаіла Беларусь не разу не ўзгадваецца.

Вось і атрымліваецца, што ты можаш служыць імперыі на самых высокіх пасадах, але калі ніяк не абазначыў сваю нацыянальнасць за жыццё, то па выніку ты мала каму будзеш патрэбны пасля смерці.


25 лістапада - адна з найтрагічнейшых дат нашай гісторыі, якая амаль што не прысутнічае ў нашай гістарычнай памяці. Зрэшты яно і зразумела, бо гэты дзень адбылася толькі адна цалкам сабе сціплая падзея - стомлены адзінокі чалавек паставіў подпіс на дакуменце, які хутчэй фіксаваў рэальны стан рэчаў, чым абвяшчаў нешта новае.

25 лістапада 1795 года Станіслаў Панятоўскі ў Новым Замку Горадні падпісаў адрачэнне да трона Рэчы Паспалітай.

І гэта быў канец. Канец тутэйшай дзяржаўнасці. За папярэднія стагоддзі нашая дзяржаўнасць перажывала самыя нечаканыя змены і здзяйсняла самыя дзіўныя кульбіты. Але яна ніколі не перарывалася.

Полацкая зямля вырасла з нейкай тутэйшай далетапіснай сістэмы кіравання плямён, ВКЛ увабрала ў сябе вопыт рускіх княстваў і літоўскіх аб'яднанняў, Рэч Паспалітая (пры ўсёй неадназначнасці абставін яе стварэння) несумненна базавалася на дзяржаўніцкіх практыках двух саюзнікаў.

Сумарна гэта больш за 900 год непарыўнай дзяржаўніцкай традыцыі! Яе мадыфікацый, крызісаў, праблем, але па выніку станаўлення і развіцця.

Адмова Панятоўскага ад кароны знішчыла гэту скарбонку дзяржаўнасці. Прычым трагедыяй гэта стала найперш для нас (беларусаў і літоўцаў), чым для палякаў. Бо палякі ў хуткім часе атрымалі сабе Герцагства, пасля Царства. Усё гэта дазволіла ім у моцна паламаным выглядзе праз пакуты і страты, але данесці сваю дзяржаўнасць да ХХ ст.

Для нас жа гэты подпіс абазначаў, што дзяржаўнасць нам трэба будзе аднойчы ствараць з нуля. Цалкам з нуля. І незразумела калі.

Зразумела стала толькі праз ... 2 дні ...і роўненька 125 год, калі 27 лістапада 1920 года грозаўскія палкі далі першы бой ворагу і тым засведчылі сур'ёзнасць намеру тутэйшага народу вярнуць сабе дзяржаўнасць любым коштам.


Нобелеўская прэмія Бяляцкаму - гэта першая прэмія "беларускаму" беларусу, чалавеку, які з дзяцінства змагаўся за вольнасць Беларусі, прычым, амаль што на ўсіх франтах.

І таму гэты Нобель асабліва круты.

Ідэя пра супольнае ўшанаванне трох арганізацый мне таксама падаецца ўдалай.

Таму што, папярэдні наш Нобель таксама быў "трынародны", бо нададзены быў постсавецкай пісьменніцы Алексіевіч, звязанай і з Беларуссю, і з Украінай, і з Расіяй.

І тая прэмія таксама была прынцыпова антыімперская і, нават, антыпуцінская. Бо высвечвала, разбірала на часткі "чырвонага чалавечка".

Нобелеўскі камітэт спрацаваў вельмі элегантна: сённяшняя прэмія узнагаводзіла тых, хто змагаўся з гэтым чырвоным чалавекам апошнія 30 год.

Ну і нікуды ня дзенешся ад таго, што да 2022 года мы ў такіх глабальных падсумаваннях, як Нобель, ідзем адной абоймай. Бо кожны сваім шляхам спрабаваў вытравіць з сябе савецкае балота.

А вось з 2022 года гэты супольны шлях канчаткова разрываецца. Бо ва ўкраінцаў атрымалася, у беларусаў яшчэ не, а рускія, верагодна, залазяць у яго назад.

Так што, усё добра падсумаваў Нобелеўскі камітэт.


І яшчэ наўздагон даце 17 верасня.

17 верасня гэта не святочная дата. Проста таму што ў тых падзеях беларусы былі не суб'ектам палітыкі і нават не аб'ект, а выпадковасцю, якую Молатаву выгодна было ўпісаць у сваю Ноту да польскага пасла.

Калі б гэтага ўз'яднання не адбылося, Беларусь зараз была б. Слабая, падзеленая на 2 часткі, але была б.

На гэтым фоне значна цікавей выглядае гісторыя ўзбуйненняў БССР 1924 і 1926 гадоў. Гэтыя праекты рыхтавалі, рызыкуючы сваімі кар'ерамі, самі беларусы. Прапаноўвалі, інтрыгавалі, даказвалі і дамагліся.

І вось, дарэчы, калі б узбуйненняў тых не здарылася, то і Беларусі зараз не было б. У 6 паветах нацыю не моцна ўзгадуеш.

Памятаць трэба ўсё даты. Але святкаваць толькі тыя да якіх мы супольна ішлі і за якія змагаліся.

І 17 верасня тут не выцягвае.


Репост из: Беларускі Бабілон
​​Жыў быў такі хлопец Сяргей Грыцавец.

Родам быў з невялікай вёскі пад Баранавічамі. Але пражыў там нядоўга, бо калі Сяргею споўнілася 5 год пачалася Першая Сусветная. Малая радзіма знікла: Баранавічы апынуліся на польскай тэрыторыі, а сям'я выехала на Урал, дзе Грыцавец адвучыўся і пайшоў працаваць на чыгунку. Перамогшы сваё беларускае маўленне, ён стаў паспяховым камсамольскім актывістам.

Але ў 1931 годзе дзяржаве спатрэбіліся лётчыкі і партыя дала загад «Комсомолец — на самолёт!». Сяргей быў сярод тысяч натхнёных маладых людзей, якія захацелі скараць неба.

І тут выявілася, што ў Грыцаўца талент. Ужо ў 1933 годзе ён стаў камандзірам звяна, у 1935 узначаліў рэкордны пералёт новых самалётаў І-16 да Ўладзівастока, а ў 1938 годзе адправіўся ў Гішпанію.

За паўгады баявых дзеянняў Сяргей Грыцавец збіў да 30 варожых самалётаў. Гэта быў бліскучы вынік. Неба сапраўды скарылася маладому хлопцу. За Гішпанію ён атрымаў званне Героя СССР.

А вясной 1939 года маёр Грыцавец апынуўся ўжо зусім на іншым краі кантынента. Пад час баёў на Халхін-Голе Сяргей збіў каля 12 японскіх самалётаў. Асабліва праславіўся ён, калі 26 чэрвеня, вяртаючыся з боя ўбачыў, што ягоны камандзір маёр Забалеў быў падбіты і зрабіў аварыйную пасадку ў варожым тылу. Нягледзячы рызыку, Грыцавец пасадзіў свой самалёт проста на полі недалёка ад японскіх пазіцый і выратаваў Забалуева. У войску пра гэта гаварылі ўсе.

У канцы жніўня, разам са сваім сябрам украінскім лётчыкам Краўчанкам, Грыцавец атрымаў званне двойчы Героя СССР. Беларус і ўкраінец сталі першымі ў гісторыі двойчы героямі СССР.

У пачатку верасня прыйшоў нечаканы загад усім лепшым лётчыка ляцець у Маскву. Ніхто ня ведаў у чым справа. Тым больш нечаканым стаў вялікі прыём, наладжаны ў Крамлі. Сталін абвясціў савецкім афіцэрам, што іх чакае "вызваленчы" паход на Беларусь і Украіну.

Тут якраз прыдаліся два двойчы героя СССР. Краўчанка паляцеў вызваляць украінцаў, а Грыцавец быў накіраваны на аэрадром Балбасава пад Воршай камандзірам 58-ай авіяцыйнай брыгады. 

Верагодна, менавіта ён, беларус Сяргей Грыцавец, павінен быў стаць адным з твараў восеньскай ваеннай кампаніі ў Беларусі.

Сам жа Сяргей, напэўна, у гэтыя гадзіны думаў пра тое, што зможа ўбачыць сваю малую радзіму ўпершыню за шмат год. І не проста ўбачыць, а з'явіцца там вызваліцелем. Лёгкай сентыментальнасці мусіла спрыяць і тое, што жонка Сяргея якраз чакала другое дзіця.

16 верасня самалёты Сяргея Грыцаўца і яго сябра Пятра Хары вылецелі з Балбасава на мінскі аэрадром Мачулішчы для атрымання загадаў.

Вярталіся назад яны ўжо позна ўвечары. Самалёт Грыцаўца ішоў першы. У Балбасава ў той час стаяў вялікі перапалох. Як зрэшты і па ўсё савецкай арміі - загад аб наступленні зваліўся як снег на галаву. Каб прыстрэльваць кулямёты, з узлётна-пасадачнай паласы знялі пражэктары і перавезлі іх на палігон. На паласе паставілі керасінавыя ліхтары.

Грыцавец пасадзіў свой самалёт без праблем і вывеў яго на нейтральную паласу. А вось маёр Хара нешта пераблытаў ці не разабраў з-за адсутнасці пражэктараў. Ён зайшоў на пасадку менавіта з боку нейтральнай паласы. Грыцавец спрабаваў пазбегнуць аварыі, але было ўжо позна.

Два самалёты сутыкнуліся на хуткасці. Сяргею Грыцаўцу вінтом адрэзала галаву.

###

Мне падаецца, што лёс Сяргея Іванавіча Грыцаўца - гэта найлепшая метафара "свята" 17 верасня. Вось ёсць прыстойны савецкі беларус, герой і прафесіянал, які хутчэй за ўсё шчыра хоча выратаваць сваіх супляменнікаў ад калектыўнага ворага. Але ўсё ідзе не так як трэба і сканчаецца трагедыяй у той момант, калі ворагі яшчэ нават ня ведаюць, што яны ворагі.

А чаму? Бо савецкія беларусы не мелі ніякага дачынення да самой ініцыятывы аб'яднання. Некаторыя марылі пра яго, хтосьці нават агітаваў, але ўсё здарылася ў выніку геапалітычнай гульні вялікіх сілаў.

А які сэнс святкаваць падзею, у якой нашыя продкі ўдзельнічалі толькі як працоўная сіла? Бо калі б беларусы мелі хоць нейкае дачыненне да ініцыяцыі гэтай аперацыі, ці яе планавання, то пражэктары стаялі б на месцы.


Покуль я рэкламаваў украінскія Ютуб каналы, беларуская гістарычная прастора прырасла яшчэ некалькімі цікавымі праектамі.

Абавязкова напішу пра ўсе, але дазволю сабе спачатку зрабіць анонс "Вусаў Скарыны".

Нарэшце, пачалі выходзіць арыгінальныя серыі нашай перадачы на BelsatHistory.

Гэты цыкл моцна адрозніваецца ад украінскага. Тут больш анімацыі, жартаў і гульні шклянымі перлінамі.

Можна глядзець з дзецьмі, можна кампаніяй пад піва. Зрэшты можна і не глядзець, але тады вы не даведаецеся, які галоўны сакрэт Францыска Скарыны)

https://youtu.be/unvBtXQi_8w


... Год назад я напісаў невялікую зацемку з крытыкай даты 8 верасня, як свята вайсковай славы. Усё ў нашым жыцці трэба часам пераасэнсоўваць. Нават такія даты.

Асноўны пафас зацемкі - калі для даты вайсковай славы нам трэба спусціцца на 500 год назад, то нешта ў нас ня так з гэтымі 500 гадамі.

І вось нібыта сурочыў. Сёння 8 верасня святкуюць беларускія хлопцы з рэальнай зброяй у руках, на сапраўднай вайне.

Таму пакуль ідзе вайна, крытыка інтэпрытацый пачакае.

Ваяроў са святам Беларускай Вайсковай Славы!


Чаму зараз важна ўслухоўвацца ва ўкраінскую інтэрпрэтацыю гісторыі?

Спрабаваў сфармуляваць гэта сваімі словам, але знайшоў адказ у артыкуле Ігара Бабкова Беларусь / Украіна: падарожжа на скрай. Ён караценькі, але вось асноўная цытата:

"Паасобку — Беларусь і Ўкраіна — пакутліва вылузваюцца з посткамуністычнай, постсавецкай, посткаланіяльнай прасторы, энтрапійнай у сваёй сутнасьці, зараджанай энэргетыкай распаду, культурнае летаргіі й бяспамяцтва. Шукаючы свае вяршыні, яны ўвесь час азіраюцца на гераічнае мінулае. Ім так не хапае „міфа будучыні”, усвядомленай гістарычнай місіі.

Разам — яны ўтвараюць цывілізацыю Міжмор’я, злучаюць ваколбалтыцкае й ваколпантыйскае культурныя колы".

Уваходзіць ва украінскі гістарычны кантэкст нам зараз вельмі трэба. Украінцы мэтанакіравана фармуюць свой наратыў. Ён трагічны, але вельмі амбітны. Дзесьці падобны да нашага, а дзесьці зусім іншы.

Нам яго трэба разумець, каб граматна і эфектыўна будаваць свой. Вельмі раю паціху паглыбляцца ў прастору ўкраінскай гісторыі. Гэта адна з кропак апоры для выбудоўвання нашага наратыва.


У дзень ведаў хачу парэкамендаваць 2 добрыя ўкраінскія гістарычныя Youtube каналы. Для азнаямлення выбраў па некалькі відэа з кожнага. Выбіраў тыя якія, на маю думку, могуць крыху пашырыць і разуменне гісторыі Беларусі.

ІСІТОРІЯ БЕЗ МІФІВ
Канал з акадэмічнай падачай інфармацыі ад прафесійных гісторыкаў. Але ўсё вельмі прафесійна і па справе.

Некалькі відэа з канала на мой густ:
Річ Посполита: руйнуємо російсько-імперські наративи
Штурм Ізмаїла: руйнуємо міф про найбільшу перемогу Суворова
1618: похід Сагайдачного на Москву

YOUTUBE КАНАЛ ІМЕНІ Т.Г. ШЭВЧЭНКА
Больш папсовы і лёгкі канал. Тыя ж тэмы, але з жарцікамі і адвольнымі разважаннямі. Там месцамі можна злавіць трэнд "Украіна - радзіма сланоў". Але ўсё гэта аргументавана і прафесійна.

І вось некалькі відэа з канала:
Король Данило Галицький та його Корона
Як відбувалось ХРЕЩЕННЯ РУСІ?
Нащо Москва вкрала Мономаха?
Люди, що зруйнували СРСР. Дуже важливий випуск
За що спалили Москву в 1571?

Нам зараз вельмі важна паглыбляцца ў прастору ўкраінскай гісторыі. Чаму? Патлумачу пастом ніжэй ⬇️


27 ліпеня 1990 года беларускі парламент абвесціў Дэкларацыю аб Незалежнасці, а ратыфікаваў яе 25 жніўня 1991 года.

Украінскія парламентарыі ішлі на крок наперадзе: дэкларацыю яны абвесцілі 20 ліпеня 1990, а ратыфікавалі 24 жніўня 1991 года.

Але тады, у пачатку 1990-ых, украінцы выбралі днём Незалежнасці дату ратыфікацыі - 24 жніўня, а мы дату дэкларацыі - 27 ліпеня.

Мне гэта заўсёды падавалася вельмі сімвалічным: украінцы больш шануюць матэрыяльнае, тое, што можна памацаць, а ў нас у пашане больш словы, сэнсы і дэкларацыі.

Тым больш цікава было назіраць як ў гэтым годзе беларусы амаль што ніяк не абазначылі дату 27 ліпеня, а вось 25 жніўня святкавалі як "Дзень Незалежнасці". Такое было, падаецца, упершыню. Галасы пра тое, што 25 важней чым 27 гучалі раней, але іх заўсёды была меншасць.

На маю думку, такія змены сведчаць пра "украінізацыю" беларускага дыскурса: выбар на карысць зразумелых вынікаў без лішніх дэкларацый.

Пры гэтым цікава, што з іншага боку каманда Зяленскага адчула недахоп якраз той самай дэкларатыўнасці і завязкі на глыбокія сэнсы.

І нечакана знайшла тыя сэнсы побач з нашым 27 ліпеня. Ад гэтага года яны святкуюць Дзень Хрышчэння Русі. А гэта 28 ліпеня.

Філосаф Ігар Бабкоў нядаўна вывесіў свой стары тэкст (1998 года) пра гістарычную ўзаемасувязь Беларусі і Украіны. Вельмі раю пачытаць. Ён там называе нашыя краіны ўзаемададатковымі, як Інь і Янь.

Вось жа, выглядае, што гэтае чорна-белае калечка сапраўды круціцца.

Украіну з чарговым днём Незалежнасці!

А нас з чарговай засечкай на шляху да Незалежнасці.

Артыкул тут 🔽
https://abdziralovic.com/igar-babkou-belarus-ukraina-padarozhzha-na-skraj/


Адной з самых дзіўных "сляпых зонаў" у постсавецкай гістарыяграфіі ёсць тэма хрышчэнне Русі.

Усім спецыялістам вядомая рэальная падзея, якая прывяла да хрышчэння Кіева ў 988 годзе, але, думаю, што нават 90% выпускнікоў нашых гістфакаў пра яе не чулі.

Вось жа...

Быў такі візантыйскі імператар Васіль ІІ. У гісторыю ён увайшоў пад імем Балгарабойца за шматлікія і крывавыя войны з балгарамі.

Кіраванне ягонае ў 976 годзе пачалося з бунту, які падняў адзін з прэтэндэнтаў на імператарскі сталец. Там была класічная візантыйская "Санта-Барбара" з атручваннямі, падманам, інтрыгамі і перманентнымі паўстаннямі. Каб апісаць увесь замес спатрэбіцца яшчэ пяць такіх пастоў.

Вось жа, у 987 годзе гэтае паўстанне моцна актывізавалася. За год да гэтага Васіль паклаў амаль што ўсе сваё войска ў вайне з тымі самымі балгарамі і ў яго зусім не было сілаў, каб супрацьстаяць супернікамі. Тады Васіль накіраваў просьбу аб дапамозе ў Кіеў князю Ўладзіміру.

Сцяжынка ў Кіеў на той момант была ўжо добра вытаптаная (дакладней вывеславана:).

У 860 годзе русы моцна напужалі візантыйцаў, калі першы раз з'явіліся пад сценамі Канстанцінопаля.

Змагацца з варварамі сілай у Візантыі рэсурсаў не было, таму яны пачалі сістэмную піар-кампанію - дасылалі манахаў і паслоў, запрашалі ў госці князёў-русаў, спрабавалі іх хрысціць і ўсяляк пускалі пыл у вочы сваёй раскошай.

Ну і паступова пачалі мець поспехі. Ад агрэсіі русаў атрымлівалася адкупіцца (не заўсёды, канешне), княгіню Вольгу хрысцілі, у Кіеве царкву пабудавалі.

Шмат русаў служыла ў самой Візантыі і, верагодна, таксама хрысцілася.

Таму разлік на дапамогу русаў у Васіля быў досыць апраўданы. Але падтрымка Уладзіміра яму патрэбная была конча і хутка, таму ён прапанаваў кіеўскаму князю тое, што раней русам ніхто не прапаноўваў - руку сваёй імператарскай сястры Ганны. Ну і грошы, канешне.

Для Уладзіміра - гэта быў джэк-пот, бо даваў яму, варвару, квіток у Вышэйшую Лігу.

Уладзімір накіраваў у Візантыю 6000 ваяроў і тыя падавілі бунт.

Але, нават, стоячы на краю бездані, Васіль не мог проста аддаць сваю сястру ў гарэм язычніку. Чацвёртай жонкай. Таму ён выставіў патрабаванне, каб Уладзімір хрысціўся.

Кіеўскі князь да рэлігій ставіўся практычна. Даказана, што язычніцкі пантэон, створаны ім у Кіеве, быў сабраны з бостваў розных рэгіёнаў пад нейкія палітычныя мэты.

Байка пра "кастынг" зладжаны Уладзімірам для розных рэлігій таксама можа мець долю праўды. У Х ст. ужо добра было зразумела, што за монатэізмам будучыня.

Таму ён пагадзіўся. Гарэму было шкада, але профіт монатэізму пераважваў усе нязручнасці монагаміі.

Па выніку ўсіх жыхароў Кіева загналі (настойліва запрасілі) ў Дняпро і хрысцілі, а Васіль ІІ атрымаў зачышчанае палітычнае поле і аказаўся адным з самых доўгатрывалых імператараў Візантыі (да 1025 года даседзеў).

Такая вось, зусім не рамантычная гісторыя пра realpolitik, якую ў школах не распавядаюць, хоць яна вядомая па шматлікіх дакументах і не падлягае сумневу.


У першым выпуску гістарычнага падкаста "База" (хто яшчэ не глядзіць, то вельмі раю), прысвечанага Полацкай Зямлі, гісторык Сяргей Емельянаў звярнуў увагу на цікавы ракурс "прызвання варагаў".

Чаму гэтых варагаў агулам звалі і чым яны былі настолькі лепшыя за мясцовых, што прыйшлі і пачалі кіраваць?

Існуе побытавае меркаванне, нібыта вікінгі стаялі ледзьве не на іншай прыступцы эвалюцыі, таму і загаспадарылі ў варвараў-славянаў. Уся тэорыя антынарманістаў паўстала якраз, каб зняпраўдзіць гэты тэзіс (калі хто ня ведае пра нарманістаў - антынарманістаў, тым больш раю паглядзець падкаст).

Але калі браць толькі палітычную тэорыю, то ўсё было значна прасцей. Верагодна, вікінгі па ўзроўні тэхналогій не дужа адрозніваліся ад мясцовых плямёнаў апроч адной рэчы.

Славянскія і фіна-вугорскія аб'яднанні жылі ў IX ст. яшчэ па правілах племяннога ладу, калі ўладу ў родзе меў старэйшы з гэтага роду, а племя адпаведна кіравалася супольным рашэннем старэйшын. І гэта было вельмі проста і натуральна. Бо шмат стагоддзяў існавала зразумелая вертыкаль: улада прыходзіла з вопытам і узростам.

Вікінгі ж пачалі актыўна выкарыстоўваць іншую мадэль - яны пачалі выбіраць конунгаў. Гэта значыцца адкінулі жвачку "падрасці, тады і пакіруеш" і пачалі выбіраць сабе кіраўніка наўпрост з самых прабіўных і амбітных. І працэдура гэта, відаць была няпростая і крывавая, але выгодная. Апроч іншага, такая мадэль была зручная, бо адзін конунг мог аб'яднаць вакол сябе розныя роды і сем'і, таму што ён ад пачатку быў чужы для ўсіх і ня меў арганізацыйных межаў. Радавы ж старэйшына быў абмежаваны сваім племенем і родам.

Магчыма, якраз гэтае ноў-хаў і спадабалася чудзі, славенам і крывічам, якія спачатку афігелі ад нахабства прышлых малойцаў, і выгналі іх за парушэнне субардынацыі і знявагі узроставай вертыкалі, а пасля агледзіліся і зразумелі як гэта зручна - выбіраць князя за заслугі, а не за выслугу.

Але прыкол у тым, што зразумеўшы гэта, яны не былі ў стане выбраць самі свайго князя. Бо проста яшчэ не ўмелі выбіраць. Вось і паклікалі назад вікінгаў.

Выходзіць, што глабальную перавагу над славянамі і фіна-вуграмі, вікінгам дало проста іншае размеркаванне ўлады ўнутры племені праз уменне выбіраць.

Ёсць пра што падумаць.


Репост из: Полк Каліноўскага
Видео недоступно для предпросмотра
Смотреть в Telegram
У гэты важны дзень для беларускай гісторыі добраахвотнікі з батальёна Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу. З сёньняшняга дня наш батальён уваходзіць у склад узброеных сілаў Украіны.

Зарок на беларускай мове быў напісан нашымі добраахвотнікамі. Упэўнены, у будучыні гэты тэкст стане асновай прысягі для сапраўднай беларускай арміі.

@BelWarriors


Жаўнер з пазыўным Брэст разарваў шматстагоддзевы праклён, які вісеў над беларусамі.

Тутэйшыя ваяры шматкроць прамаўлялі рэальныя вайсковыя прысягі за каго заўгодна, толькі не за беларускі народ. І пасля пад гэтымі прысягамі ішлі ў бой.

Спачатку за народ рускі, пасля за савецкі, пасля, як высветлілася, за аднаго канкрэтнага чалавека.

Выключэнне, падаецца, здарылася толькі ў 1920 годзе на Случчыне.

А Брэсту выпаў заслужаны гонар упершыню за сто год прывесці да прысягі беларусаў для змагання за Беларусь.

Ён гэта зрабіў вельмі добра. А пасля пайшоў на вайну і загінуў.

Украінцы любяць свой вокліч "Слава Героям", а вось мы б дык без яго цудоўна пражылі б.

Але, не. Не выйдзе.

Слава Герою Івану Марчуку!


​​Апошні год аказаўся выбухным для беларускай гістарычнай тэмы ў Youtube. Я, па шчырасці, у нейкі момант пачаў блытацца, хто, дзе і што выпускае.

Вырашыў сабраць усе вядомыя мне праекты ў адзін спіс. Сам разабраўся, спадзяюся і вам будзе карысна.

У спісе толькі праекты, якія былі актыўнымі ў гэтым годзе. Калі кагосьці прапусціў, то напішыце ў бот.

⬇️

ГЭТА БАЗА - відэа-гутаркі ад Ганны Дзягель з беларускімі гісторыкамі.

ГІСТОРЫЯ ЗА 5 ХВІЛІН - кароткія гістарычныя "тлумачалкі" па розных пытаннях ад прафесара гісторыі Алеся Краўцэвіча.

ПРОСТА ГІСТОРЫЯ - цыкл грунтоўных лекцый навукоўца Андрэя Унучака. 

СВЯДОМЫ - канал вельмі інтэрактыўных і "ўежных" ролікаў па гісторыі Беларусі.

ВУСЫ СКАРЫНЫ. Вольныя людзі Украіны - цыкл перадач пра беларуска-украінскія гістарычныя сувязі.

РАЗМОВЫ АБ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ - канал вядомага папулярызатара ваеннай гісторыі Беларусі Віталя Чырвінскага. 

ГІСТОРЫЯ БЯЗ МЕЖАЎ - гістарычныя вандроўкі па беларускіх мясцінах з Лявонам Казаковым.

ЖЫВЫ БЕЛАРУС - канал вельмі розных па фармаце відэа аб гісторыі Беларусі ад крэатыўнай каманды. Падарожжы, расповяды, жарты.

ТУТЭЙШЫ ШЛЯХЦІЧ. Гісторыя - папулярызатарскія відэа па гісторыі блогера Тутэйшы Шляхціч.

ГІСТОРЫЯ З КОЛАСАМ - расповяды і дыскусіі пра гісторыю ад Андрэя Коласа.

Гісторыя Магілёўскай вобласці ад Бацюкова  - гістарычныя лекцыі ад аднаго ад былога дырэктара магілёўскай Ратушы Аляксея Бацюкова

КАВА З ГІСТОРЫКАМ - ютуб трансляцыі лекцый крутых беларускіх гісторыкаў у Беларускім Хабе ў Варшаве.


Усё хто мог ужо "насыпаў" Пуціну за самапараўнанне з Пятром І. Абсалютна заслужана.

Ніякіх "рускіх" земляў Пётр не вяртаў. Ён проста ўключыўся ў бясконцы канфлікт за балтыйскае ўзбярэжжа. У 1697 годзе на шведскі сталец сеў 15-гадовы хлопчык Карл ХІІ і суседзі не маглі гэтым не скарыстацца. Пятру падабалася ўсё еўрапейскае і ён вырашыў паўдзельнічаць у сапраўднай еўрапейскай вайне.

Пачыналася вайна катастрафічна для саюзнікаў, бо 15-гадовы хлопчык раптам раздаў на горкія дзічкі сваім суседзям і навёў моцнага шухеру па ўсёй Еўропе.

Але па выніку, у гэтай доўгай вайне выйграў усё ж Пётр: выйшаў да мора, пабудаваў флот, узмацніў армію, займеў імперскі статус і "прарубіў акно ў Еўропу".

Пад гэтай метафарай найчасцей маецца на ўвазе, што мужыкі ў Расіі збрылі бароды і пачалі насіць парыкі і легінсы. Але змены напраўду былі значна глыбейшыя. Адна з самых важных, але незаўважных: пасля перамогі над Карлам ХІІ Расію ўключылі ў еўрапейскі кантэкст. І расійская гісторыя пачала разглядацца менавіта ў ім.

А гэта значыцца, што аграменны "замаскоўскі" кантэкст Расіі цалкам сышоў у цень. Гісторыя Расіі стала гісторыяй Масквы і Піцера, якія ўдзельнічаюць у розных еўрапейскіх гульнях. А ўся "замаскоўская" гісторыя вялізных тэрыторый застаецца ў забыцці па сённяшні дзень.

Возьмем да прыкладу башкір. Фраза "Башкіры і Паўночная вайна", напэўна, не выклікае ў вас ніякіх асацыяцый. А дарма.

У 1704 годзе, калі Пётр І, Аўгуст ІІ, Карл ХІІ, і гетман Мазепа ўжо пяты год бегалі адзін за адным па цэнтральнай Еўропе, расійскі цар раптам зразумеў, што ў яго скончыліся грошы і загадаў сваім фаварытам здабыць фінансы на вайну дзе заўгодна. Тыя паехалі трэсці рэгіёны.

Прыехалі і да башкір. Тыя яшчэ ў часы Івана Жахлівага добрааховатна (былі на тое свае прычыны) ўвайшлі ў падпарадкаванне Масковіі, але на ўмовах аўтаноміі і зразумелых падаткаў. Існуе такая байка, што башкіры некалькі стагоддзяў хавалі ў сваіх дамах грамату Івана ІV, якую спрабавалі перыядычна скрасці царскія прыслужнікі, каб апраўдаць невыкананне тых старых умоў.

Вось жа, башкірам новыя правілы Пятра І не спадабаліся. Яны паспрабавалі дамовіцца па-харошаму, але маскоўскія апрычнікі, як заўсёды выбралі метад кнута, як больш надзейны. Пачаліся карныя аперацыі і здзекі. Асабліва любілі маскавіты запаіваць да смерці гарэлкай народных паслоў і батыраў. Гэтай забаве іх навучыў сам Пётр.

Башкіры такога не сцярпелі. Выбухнула магутнае паўстанне, якое цягнулася 7 год. У падручніках пра тое паўстанне ідзе адным радком, але на самой страве яно скаланула ўсю імперыю. І моцна яе патрэсла.

Пётр вымушаны быў перакідваць вайсковыя часткі з еўрапейскага тэатра на азіяцкі, каб хоць неяк справіцца з башкірамі. Паралельна бунтавалі казакі Булавінскага, астраханцы, кіргізы. Карацей, ад ваеннай перанапругі Імперыя ледзьве сама не развалілася. Гэта была вялізная вайна ў цэнтры Расіі, пра якую зараз мала хто памятае.

Паўстанне, дарэчы, так і не было падаўленае. У 1711 годзе Пётр І пагадзіўся на ўсе ўмовы башкір і нават пакараў несумленных зборшчыкаў падаткаў (якіх сам паслаў). Башкіры выйгралі, і адначасова прайгралі, бо так і не сабраліся ў самастойнае ханства, каб аддзяліцца. Пагадзіліся зноўку паверыць рускаму цару.

З башкірскім паўстаннем гісторыя Паўночнай вайны выглядае крыху па іншаму, бо Пётр І, які перамог вундэркінда Карла, улез ва ўнутраную палітыку Рэчы Паспалітай, прымусіў паважаць сябе ўсю Еўропы, перакраіў Расію, не здолеў зламаць башкіраў.

І башкіры пра ўсё гэта памятаюць. Бо агулам пад Масквой яны падымаліся на вялікія паўстанні больш за 6 разоў. Таму для гераічнага наратыва ў башкір герояў з запасам.

Вось пад якой оптыкай трэба цяпер глядзець на гісторыю Імперыі. Бо ўсе тыя падзеі, якія стагоддзямі хаваліся за еўрапейскім фасадам, зараз набываюць іншае значэнне і гучанне. Дзесьці там схаваная ігла Кашчэя.


І ў дадатак да папярэдняга паста.

Імя Вацлава Іваноўскага губляецца сярод іншых асобаў адраджэння не проста так. Ягоная біяраграфія вельмі складаная для сучасных інтэрпрэтацый. Мяркуйце самі.

Першыя 20 год дзейнасці Іваноўскага - гэта суцэльны фантан беларускіх ініцыятыў і праектаў. Пры ўсёй кіпучай дзейнасці беларускага адраджэння таго часу, Іваноўскі ўсё адно выдзяляецца маштабам і эфектыўнасцю.

Пасля Рыжскай дамовы 1921 года Іваноўскі сыходзіць у навуку. І наступныя 20 год ён паважаны польскі прафесар хіміі у Варшаве. Папярэднай беларукай дзейнасці нібыта не было.

Здараецца 1939 год і Іваноўскі, убачыўшы акно магчымасцяў, кідае цёплае месца і едзе ў Вільню. Спачатку выкладае ва універсітэце, а пасля прыходу немцаў у 1941 годзе, зноўку паглыбляецца ў беларускія справы. Відавочна, пад кантролем немцаў.

Па выніку маем:
- гігант беларускай справы;
- прагматычны навуковец, які кінуў беларускую справу, калі яна перастала быць перспектыўнай;
- чалавек, які дзеля беларускай справы пайшоў на супрацу з нацызмам.

І ўсё гэта ў адной асобе (там яшчэ ёсць пласт супрацоўніцтва з АК, але гэта варта асобнага разбору).

Павароты біяграфіі Іваноўскага робяць ягоную гісторыю складанай для ўбудоўвання ў нейкі просты агульнанацыянальны наратыў. Але якраз гэта дадатоквая нагода цікавіцца Іваноўскім як мага больш.

Бо ў вельмі цяжкім і вар'яцкім ХХ ст. ён выявіўся максімальна эфектыўным і дзейсным як для беларускай справы, так і для асабістай кар'еры. А галоўнае, здолеў пражыць сваё жыццё годна. І гэта складана адмовіць нават тым, хто "калабарцыю" вызнае найцяжэйшым грахом беларусаў.

Карайцей ёсць пра што задумацца і да чаго прыгледзіцца.


Учора споўнілася 142 гады з дня нараджэння Вацлава Іваноўскага, чалавека, чыё імя незаслужана губляецца сярод іншых імёнаў адраджэнцаў пачатку ХХ ст.

Калі вы слаба сабе разумееце маштаб гэтай асобы, то раю пачытаць гэты допіс з ФБ журналіста Дзмітрыя Гурневіча. Коратка і па справе.

"Сёння дзень нараджэння чалавека імем каторага нармальная дзяржава мела б за гонар назваць Нацыянальную бібліятэку і размясціць яго партрэт на грашах. Сам я яго лічу галоўным мэнэджэрам беларускай дзяржаўнасці.

Кажуць, што беларускі рух шмат у чым стварыла кніжка. А без гэтага чалавека гэтай кніжкі не было б, альбо невядома калі б яна была і якой. 142 гады гадоў таму нарадзіўся мой хэдлайнер пачатку мінулага стагоддзя Вацлаў Іваноўскі. Дзякуючы яму нацыянальны рух сто гадоў таму атрымаў магутны штуршок.

Паехаў вучыцца ў Піцер, сабраў студэнтаў-беларусаў у кучу і зацеяў "аванцюру". У часы, калі кніжка па-беларускай была такой жа рэдкасцю, як і кнігі на ліўскай мове сёння, а яшчэ і забароненай, ён выдае грошы заробленыя на студэнцкай практыцы на набыццё гектографа і пачынае выдаваць на забароненай мове ўлёткі, адозвы і ўрэшце кніжкі. Збірае вакол сябе маладых энтузіястаў. Ва ўласнай кватэры вучыць з імі культуру і гісторыю Беларусі. Там яны прыдумаюць першыя краўдфандынгавыя праекты і пачынаюць збор сродкаў. І самае важнае - рэалізуюць іх.

Іваноўскі бачыць, што беларускія дзеці не маюць уласнай азбукі. Ноў проблемс. Ён піша яе сам, на лацінцы. Замест sz, cz, ż піша š, č, ž. Бачыць, што па-беларуску няма тэхнічнай і навуковай літаратуры - пачынае перакладаць сам і просіць рабіць гэта іншых. Бачыць, што кнігі не трапляюць да чытача - сам стварае сетку распаўсюду. Яны прадаюцца ў Менску, Гародні, Магілёве, Піцеры, Вільні, Варшаве і г.д.

Пазней пачынаецца вышэйшы пілатаж. Калі ў Расейскай імперыі здымаецца забарона на беларускую мову, ён засноўвае выдавецтва "Загляне сонца і ў нашэ ваконца", якое робіць рэвалюцыю ў мазгах беларусаў. Упершыню ў гісторыі кнігі па-беларуску выходзяць масава. Тысячнымі накладамі. Але проста выдаваць - мала. Трэба ж знасці аўтараў. І як вы думаеце, якое імя адкрыў Іваноўскі? Самога Купалу. Гэта дзякуючы яму невядомы нікому Іван Луцэвіч сваю першую кнігу "Жалейка" і быў уцягнуты ў беларускі нацыянальны рух. Тое самае з Цёткай і процьмай іншых. Дарэчы, гэта Іваноўскі выдаў зборнік вершаў Янкі Лучыны, абдурыўшы цэнзуру, што гэта балгарская паэзія.

Іваноўскі выдае драматургію, што спрыяе развіццю тэатральных труп. Выдае першыя сельскагаспадарчыя кнігі для сялян на іх мове. Выдае навуковыя кнігі, аўтараў мала дык просіць пісаць сваю сястру, якая вучылася ў Кембрыжды. Тая, дарэчы, пісала пра Беларусь і ў ангельскія выданні. Выдае больш і больш мастацкай літаратуры, а гэта, вядома, стымулюе літаратараў пісаць больш і больш. Гэта ўжо сотні тысяч асобнікаў. Так ён стварае маладую беларускую інтэлігенцыю. Без гэтых кніжак нічога б не было. Бо што тады прыцягвала б новую кроў? Не было б ніякіх нацыянальных кадраў. І гэта ніякае не перабольшванне. Правадыром нацыянальнага яго перад І сусветнай вайной яго назваў Максім Гарэцкі. Не верыць Гарэцкаму ў мяне няма падстаў.

Іваноўскі ўцягвае ў беларускія справы мецэнатку Радзівіліху, дапамагае ставарыць вадывацтва Беларускай сацыялістычнай грамады, самай крутой беларускай палітычнай сілы на той час. Пераязджае ў Вільню і там таксама стварае двіжуху.
Іваноўскі не бачыў праблем, каб супрацоўнічаць з рускімі, палякамі і немцамі, калі іх дзеянні супадалі з беларускімі інарэсамі. Гісторык Юры Туронак назваў яго рацыянальным рамантыкам, які з нічога стварыў нешта. Не пашкадуйце часу на кніжку "Вацлаў Іваноўскі і беларускае Адраджэнне" (спасылка ў каментары). Сёння добрая нагода."

Юры Туронак. Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі


Выпусцілі апошнюю перадачу з серыі "Вольныя Людзі Украіны".

Ніколі б не падумаў, што мой першы аўтарскі вопыт на ТБ атрымаецца такім пафасным і "класічным". Але абставіны вайны не дазволілі спусціцца на больш лёгкі фармат. Хутчэй, наадварот, падштурхоўвалі да эмацыйных абагульненняў. Але тут ужо нічога не паробіш - вайна ўсё робіць прапагандай.

Перадача агулам атрымалася вельмі аўтарскай, бо канцэпцыя фармавалася на хаду і ў тэкстах я меў карт-бланш. Добра гэта ці дрэнна, пакажа час.

Зрэшты, мы зрабілі, падаецца, першы вялікі беларускі медыйны праект па гісторыі Украіны. Спадзяюся, ён будзе не апошнім. Беларусам трэба вельмі ўважліва прыгледзіцца да гэтай гісторыі.

І ў кантэксце станаўлення ўкраінскай нацыі і ў кантэксце гісторыі Русі. Перадача агулам стала такім сабе крыху маніфестам Русі. Гэта не спецыяльна, проста ў такой плоскасці было найбольш цікавых беларуска-украінскіх сувязяў пра якія хацелася распавесці.
Але можа і не зашкодзіць. Пра Русь без Расіі нам цяпер шмат трэба будзе гаварыць.

Вельмі радуе, што ад украінцаў атрымалі збольшага вельмі пазітыўны водгук. Хочацца верыць, што гэта быў наш невялічкі ўклад у тое, каб святла пасярод цемры стала болей.

Калі ўсё будзе добра, то ў верасні мы вернемся ўжо з асноўным блокам перадач "Вусы Скарыны". І гэта будзе зусім іншая гісторыя)

https://youtu.be/Kr6sDgH6owA


Гэты сюжэт для перадачы я пачынаў пісаць адным з першых, але асіліў адным з апошніх.

Бо гісторыі фармавання Першага Беларускага Палка ў вайне 1654 і стварэння Першага Беларускага Батальёна (ужо Палка!) у вайне 2022 прыцягвалі і адштурхоўвалі адначасов. Сваім падабенствам назваў і адрознасцю абставінаў.

Але прапусціць было нельга.

Ня ведаю, ці атрымалася мне перадаць важнасць гэтага гістарычнага ланцужка даўжынёй у 370 год, але прынамсі звярнуў увагу.

Гісторыя пра тое, як канфлікт двух Русяў непазбежна правакуе стварэнне беларускага войска.

https://youtu.be/BqpidLv_-fY

Показано 20 последних публикаций.

830

подписчиков
Статистика канала