Напісаць літаратурны твор – прозу ці верш – мне, колькі сябе памятаю, ніколі не хацелася, выказванні такога характару не з’яўляліся ў маёй галаве, сэрцы ці пячонцы. Жаданне напісаць крытычны артыкул ці штосьцінібытазнаўчы агляд з’яўляецца з даволі частай перыядычнасцю. Зрэшты, гэта канал праз такія жаданні і быў створаны.
Гэтаксама і з чытаннем. Чытаць прозу, а тым больш вершы, асабліва чытаць так, як хочацца – засяроджана і павольна – атрымліваецца рэдка. Для крытыкі, каментароў той ці іншай ступені глыбіні, час знаходзіцца параўнальна рэгулярна. Такі матэрыял і засвоіць прасцей, і падрыхтоўкі асаблівай не трэба – але ж таксама чытанне, пры тым часам даволі асэнсаванае.
Тым больш, калі трапляюцца такія выдатныя працы, як праца
Ганны Кісліцынай “Blonde attack”. Першы ж радок, назва першага артыкула –
“Крытыка – жаночая справа” – і вось я ўжо ў пастцы (насамрэч, у пастку я трапіў ужо праз вокладку, але “это другое”).
Пра вокладку: на ёй прызнаны беларускі літаратуразнаўца і крытык, прафесар і доктар адпаведных навук, Ганна Мікалаеўна Кісліцына in propria persona (уласнай асобай). Якая глядзіць… падазрона? іранічна? Ці можа быць
КРЫТЫЧНА?“Увогуле, крытык - той, хто любіць літаратуру, але не літаратараў. На пісьменнікаў ён глядзіць у задуменні…” – тлумачыць Кісліцына. І на сваіх чытачоў, чытачоў крытыка, яна таксама глядзіць
“у задуменні”.
Выданне 2003-га году, таму ў асноўным разглядаецца тагачасны літаратурны і калялітаратурны працэс – “ліхія” 90-ыя, свабодныя, з юнацкая эгаістычнай адмовай ад мінулага, а таму ў пошуках новых формаў. А значыць, правакацыйныя, гучныя і даволі прыдуркаватыя. І з зацікаўленым і задуменным крытыкам.
Мне некаторыя актыўныя аўтары тых часоў падаюцца актуальнымі і сёння, таму пры нагодзе абавязкова працытую тут асобныя фрагменты. Што яшчэ бачу паказальнага: многія крытычныя развагі і заўвагі Ганны Кісліцынай як пра аўтараў, так і пра працэс агулам таксама не страцілі сваёй актуальнасці і дакладнасці, нават з улікам кардынальна новай рэальнасці. Бо, як вядома, што
зроблена якасна, зроблена назаўсёды.
Гэту кніжку ў электронным выглядзе не знайшоў, таму, калі цікавіцеся беларускім літаратурным працэсам, раю звярнуць увагу на іншыя матэрыялы ад Ганны Кісліцынай, што можна нагугліць, іх нямала.
#Беларуская_глыбіня #Кісліцына