Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Politics


Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Зваротная сувязь press@belaruscabinet.org
Сайт https://belaruscabinet.org

Related channels  |  Similar channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Politics
Statistics
Posts filter


Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчы ў Парыжы з дырэктарам Дэпартамента Кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі Арно Гіюа, новым Спецыяльным прадстаўніком па Беларусі МЗС Францыі Міхаэлем Ру, які быў прызначаны на пасаду два дні таму, таксама з кіраўніком парламенцкай групы па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, членам Камісіі па міжнародных справах Нацыянальнага сходу Францыі Фрэдэрыкам Пеці.


Video is unavailable for watching
Show in Telegram


Юлія Міцкевіч: Будучая Беларусь павінна вярнуць сабе прынцыпы сацыяльнай дзяржавы

Па заказе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы група экспертаў і экспертак распрацуе рэформу ў сферы правоў пажылых людзей і пенсіянераў у Беларусі. Гэта комплекс заканадаўчых, сацыяльных і эканамічных змен, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян старэйшага пакалення, абарону іх правоў ад дыскрымінацыі і забеспячэнне іх актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства, — распавяла выканаўца абавязкаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч.

1 кастрычніка свет адзначыў Міжнародны дзень пажылых людзей. Для Беларусі гэта больш чым дата ў календары. Больш за 15 % насельніцтва Беларусі — людзі старэйшыя за 65 гадоў. Менавіта гэтыя людзі сёння найбольш пакутуюць ад таго, што ўлады замянілі сацыяльную палітыку рэпрэсіўнай. І гэта ўплывае не толькі на тых людзей пенсійнага ўзросту, якія жывуць у краіне, але і на тых, хто знаходзіцца ў выгнанні і пакутуе ад наступстваў транснацыянальных рэпрэсій. Згодна з інфармацыяй ад Dissidentby, 153 чалавекі сталага ўзросту сутыкнуліся з пераследам, 25 з іх і сёння за кратамі, 18 мелі або маюць праблемы са здароўем, 121 чалавек — у спісе «экстрэмістаў», 24 — у спісе «тэрарыстаў».

«Сацыяльная дзяржава — гэта не толькі пра пенсіі і льготы. Гэта мадэль, у якой дзяржава служыць грамадзянам: будуе сістэмы падтрымкі і забяспечвае празрыстае і справядлівае пераразмеркаванне рэсурсаў. Такая мадэль трымаецца на даверы паміж людзьмі і ўладай, а рэжым пабудаваны на страху і падаўленні. Таму там, дзе павінны быць інвестыцыі ў медыцыну і сацыяльныя паслугі, мы бачым выдаткі на сілавы апарат. Там, дзе павінна быць забеспячэнне годнасці пажылых, мы бачым рэпрэсіі і занядбанне».


Рэформа будзе ўключаць у сябе некалькі напрамкаў, такіх як:

🔺справядлівыя і празрыстыя пенсіі;
🔺 даглядная медыцына і доўгатэрміновы догляд;
🔺 абарона ад дыскрымінацыі па ўзросце;
🔺 гнуткі пенсійны ўзрост;
🔺 актыўнае старэнне і даўгалецце;
🔺 бяспека і годнасць, абарона ад гвалту.

Усе гэтыя падыходы абапіраюцца на міжнародныя стандарты: Прынцыпы ААН у дачыненні да пажылых людзей, Мадрыдскі міжнародны план дзеянняў па праблемах старэння і Дзесяцігоддзе здаровага старэння СААЗ (2021–2030).

Будучая Беларусь павінна вярнуць сабе прынцыпы сацыяльнай дзяржавы: празрыстыя пенсійныя механізмы, даступную медыцыну, развітую сістэму сацыяльных паслуг і падтрымку сям'і. Бо толькі тая краіна, якая клапоціцца пра сваіх старэйшых, мае маральнае права называцца сучаснай і справядлівай.


Беларусь з’яўляецца часткай рашэння рэгіянальнага крызісу

Стратэгія і роля Францыі ў пазіцыі Еўрапейскага саюза адносна падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі былі абмеркаваны ў Парыжы падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі з кіраўніком парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», членам Камісіі па міжнародных справах Нацыянальнага сходу Францыі Фрэдэрыкам Пеці.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні рэгіянальнай бяспекі, ролі Лукашэнкі ў падтрымцы агрэсіі Расіі супраць Украіны, важнасці працягу ціску на рэжым з мэтай прымусіць яго змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку, а таксама падыходы да вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.

Фрэдэрык Пеці адзначыў, што Беларусь з’яўляецца часткай рашэння рэгіянальнага крызісу і без урэгулявання ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі немагчыма забяспечыць бяспеку Еўропы.

Павел Латушка падчас сустрэчы прадставіў стратэгію двух напрамкаў: пакуль Злучаныя Штаты Амерыкі ўздзейнічаюць на рэжым Лукашэнкі і дамагаюцца вызвалення палітычных зняволеных у абмен на зняцце санкцый, Еўрапейскі саюз выкарыстоўвае свае інструменты ціску і санкцый для дасягнення сістэмных змен у Беларусі.

Асобна была абмеркавана магчымая падтрымка Францыяй правядзення круглага стала па выхадзе з унутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.


Ці патрэбны Беларусі свой Нюрнберг над камунізмам?

Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі звязвае неасэнсаваныя злачынствы савецкага рэжыму з рэпрэсіўнымі практыкамі сучаснай Беларусі.

У картках распавялі, чаму працэс над камунізмам, на думку Паўла Баркоўскага, так ці інакш патрэбны Беларусі і як такі працэс можа паўплываць на стаўленне да дзяржаўнай сімволікі.


Кабанчук: Расія спрабуе парушыць знешнюю лагістыку Украіны і правярае супрацьпаветраную абарону краін НАТО

Расійскія ўдары паблізу заходняй мяжы Украіны — гэта ўжо не асобныя атакі, а сістэмны ціск на транспартныя зносіны з краінамі ЕС, лічыць прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук.

«Мішэнню становіцца не толькі ваенная лагістыка, якая ў асноўным ідзе з Польшчы, Румыніі і Малдовы, але і сама ўстойлівасць транспартных зносін Украіны з гэтымі краінамі — бо праз іх ідуць не толькі ваенныя грузы, але і амаль увесь гандлёвы абарот.

Адначасова расіяне, безумоўна, правяраюць рэакцыю краін НАТО і іх супрацьпаветраную абарону, таму што ўдары наносяцца непасрэдна ў раёне мяжы».


Наступствы такіх атак ужо адчуваюць суседнія краіны. Паветраныя трывогі прыводзяць да эвакуацыі памежных пераходаў і часовага спынення іх працы.

На думку Вадзіма Кабанчука, адказам павінна стаць рэгіянальная сістэма абароны: альтэрнатыўныя лагістычныя маршруты, супрацьдронавая абарона, сумеснае назіранне за паветранай абстаноўкай і загадзя ўзгоднены механізм дзеянняў Украіны і краін ЕС падчас новых атак.

Асобнай увагі патрабуюць пад’язныя дарогі, чыгуначныя вузлы, паліўныя аб’екты і масты. Кабанчук таксама прапануе мінімізаваць чэргі на мяжы з дапамогай электроннага запісу, каб вялікая колькасць аўтамабіляў не канцэнтравалася ў адным месцы і не станавілася патэнцыйнай мішэнню.

Чытаць цалкам каментар Вадзіма Кабанчука.


Павел Латушка: Санкцыі павінны выкарыстоўвацца для спынення рэпрэсій і дасягнення сістэмных зменаў у Беларусі

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка і прадстаўнік Кабінета па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка сустрэліся з міністаркай замежных спраў і супрацоўніцтва Манака Ізабэль Бэрра-Амадэі. Манака ў гэтым паўгоддзі старшынюе ў Камітэце міністраў Рады Еўропы.

🔺Павел Латушка праінфармаваў міністарку пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, становішча палітычных зняволеных і рэпрэсіі, якія працягваюцца. Асобна ён звярнуў увагу на выкарыстанне рэжымам практыкі прызнання людзей і арганізацый «экстрэмісцкімі» і «тэрарыстычнымі» для пераследу за палітычныя погляды і грамадзянскую актыўнасць.

🔺Адной з ключавых тэм сустрэчы стала прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці. Павел Латушка распавёў пра працу па зборы доказаў злачынстваў і расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда ў дачыненні да беларускай сітуацыі.

🔺Асобна Павел Латушка падтрымаў працу Рады Еўропы па запуску Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Ён адзначыў, што дзякуючы працы беларускіх дэмакратычных сіл у адпаведныя дакументы была ўнесена папраўка, якая дазваляе ў будучыні прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны.

🔺Таксама падчас сустрэчы была закранута праца па стварэнні Міжнароднай камісіі па разглядзе прэтэнзій для Украіны (International Claims Commission for Ukraine), якая стане часткай міжнароднага механізму кампенсацыі шкоды, нанесенай расійскай агрэсіяй.

🔺Павел Латушка звярнуў увагу на незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. У гэтым кантэксце ён закрануў дыскусію вакол магчымага зняцця санкцый з «Беларуськалія», адзначыўшы ўдзел прадпрыемства ў фінансаванні перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Міністарка замежных спраў Манака адзначыла, што Манака як краіна, якая старшынюе ў Камітэце міністраў Рады Еўропы, падтрымлівае працу, накіраваную на вяртанне ўкраінскіх дзяцей на радзіму.

🔺Асобна бакі абмеркавалі санкцыйную палітыку ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Павел Латушка адзначыў, што дэмакратычныя сілы падтрымліваюць выкарыстанне санкцыйных інструментаў ЗША для спынення рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Адначасова яны заклікаюць Еўрапейскі саюз выкарыстоўваць санкцыйны ціск для дасягнення сістэмных зменаў у Беларусі.

Міністарка замежных спраў Манака адзначыла, што краіна далучаецца да рашэнняў Еўрапейскага саюза па ўвядзенні санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі, прынятых у сувязі з парушэннямі міжнароднага права.

Падчас сустрэчы таксама была адзначана важнасць таго, што ўпершыню за дзесяцігоддзе беларуская дэлегацыя афіцыйна ўдзельнічае ў працы Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. А Уладзімір Астапенка прапанаваў вярнуцца да аналізу «Люксембургскіх рашэнняў», накіраваных на вырашэнне праблем беларусаў у выгнанні.


Палітвязні і еўрапейская будучыня Беларусі: пра што гаварылі прадстаўнікі АПК з кіраўніком МЗС Манака

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка і прадстаўнік Кабінета па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка сустрэліся з міністрам замежных спраў і супрацоўніцтва Манака Ізабэль Бэрра Амадэй. У цэнтры размовы — сітуацыя ў Беларусі і вызваленне палітвязняў.

Уладзімір Астапенка расказаў, што абмеркаванне закранула адносіны з еўрапейскімі партнёрамі і далейшае ўзаемадзеянне ў падтрымку дэмакратычных перамен. Беларускі бок акрэсліў свае прыярытэты: вызваленне палітвязняў, захаванне ціску на рэжым Лукашэнкі, прыцягненне яго да адказнасці і пошук шляхоў выхаду з палітычнага крызісу праз дыялог.

Зараз Манака старшынюе ў Камітэце міністраў Рады Еўропы. Таму сустрэча — магчымасць наўпрост данесці беларускія пытанні да тых, хто цяпер каардынуе працу гэтай арганізацыі.

Паводле ацэнкі Астапенкі, сустрэча пацвярджае захаванне падтрымкі з боку еўрапейскіх партнёраў і ўвагу да беларускіх пытанняў. Працяг такіх кантактаў сведчыць аб гатоўнасці паглыбляць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі.


Спорт — не па-за палітыкай

Сёння ў Еўрапейскім саюзе ідзе нефармальная дыскусія пра тое, каб абмежаваць вяртанне беларускіх і расійскіх спартсменаў да выступленняў пад дзяржаўнымі сцягамі. Паміж урадамі краін ЕС застаюцца рознагалоссі адносна таго, якія меры варта прымаць і ў якой ступені дзяржавам варта ўмешвацца ў рашэнні спартыўных федэрацый.

Дыскусія вядзецца на фоне рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта ў ліпені часова зняць абмежаванні з Алімпійскіх камітэтаў Расіі і Беларусі, што дазволіць, напрыклад, прадстаўнікам рэжыму Лукашэнкі і Расіі прыняць удзел у Алімпіядзе 2028 года ў Лос-Анджэлесе.

«Мы бачым спробы нармалізаваць вайну Расіі супраць Украіны і ўдзел у ёй рэжыму Лукашэнкі. Пакуль ідзе вайна, казаць пра такую нармалізацыю недапушчальна», — заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка на фоне адпаведнага рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта.

У кантэксце таго, што краіны ЕС на дадзены момант разглядаюць шэраг мер, якія могуць абмежаваць вяртанне беларускіх і расійскіх спартсменаў да выступленняў пад дзяржаўнымі сцягамі, Павел Латушка адзначыў:

«Мы падтрымліваем намаганні краін ЕС па ўзмацненні ціску: санкцыі, візавыя абмежаванні, скарачэнне фінансавання арганізацый, якія дапускаюць спартсменаў пад дзяржаўнай сімволікай, а таксама абмежаванне даходаў ад медыяправоў. Важна ўлічваць і рэпрэсіі супраць беларускіх спартсменаў, якіх пераследуюць за грамадзянскую пазіцыю, кідаюць за краты і вымушаюць пакідаць краіну.

Мы заклікаем рупліва правяраць склады дэлегацый: афіцэрскія пагоны сярод спартсменаў — не выключэнне, а можна нават сказаць, што ўжо ў многім правіла. Важнай апорай зараз могуць таксама стаць міжнародныя федэрацыі, бо канчатковае рашэнне пра допуск да спаборніцтваў перад Алімпіядай у іх юрысдыкцыі. Мы заклікаем федэрацыі ўлічваць сувязі спартсменаў з дзяржавай і арміяй, а таксама падтрымліваць рэпрэсаваных беларускіх атлетаў. Менавіта яны, а не функцыянеры рэжыму, прадстаўляюць сапраўдны беларускі спорт».


Павел Латушка звярнуўся да Андрэя Сібігі: «Беларуськалій» — галоўны спонсар незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

«"Беларуськалій" выступае непасрэдным інстытуцыйным, фінансавым і лагістычным удзельнікам супрацьпраўнага механізму сістэматычнага вывазу ў Беларусь, размяшчэння і ідэалагічнай індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка ў афіцыйным звароце да міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі.

У сваім звароце Павел Латушка адзначыў, што паводле даных НАУ на тэрыторыю Беларусі было супрацьпраўна перамешчана не менш за 3 500 украінскіх дзяцей. НАУ ў межах супрацоўніцтва з Лабараторыяй гуманітарных даследванняў Ельскага ўніверсітэта (Yale HRL) перадало сабраныя доказы, на падставе якіх Yale HRL падрыхтавала 16 лістапада 2023 года адпаведны даклад.

Таксама было адзначана, што больш за 2 050 украінскіх дзяцей былі накіраваны ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Дубрава» (Салігорскі раён Мінскай вобласці), які знаходзіцца на балансе і пад поўным прамым кіраваннем «Беларуськалія».

Павел Латушка ў звароце таксама адзначыў:

«Кіраўніцтва прадпрыемства былі непасрэдна ўцягнутыя ў арганізацыю гэтага ваеннага злачынства. Былы генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты, які быў унесены ў санкцыйныя спісы ЕС (які цяпер з'яўляецца членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь), асабіста падпісваў распараджальныя дакументы, выдзяляў мэтавае фінансаванне і прадастаўляў аўтатранспарт для транспартыроўкі ўкраінскіх дзяцей па тэрыторыі Беларусі, а таксама асабіста аддаў распараджэнне падрыхтаваць і выкарыстоўваць лагер «Дубрава» для знаходжання ўкраінскіх дзяцей. НАУ валодае адпаведнымі дакументамі.

Разблакаванне фінансавых рэсурсаў і гандлёвых магчымасцей ААТ «Беларуськалій» стане прамой легітымацыяй і фінансаваннем структуры, замешанай у дзеяннях, якія кваліфікуюцца міжнародным правам як ваенныя злачынствы».


НАУ у 2023 годзе перадало ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе дзве афіцыйныя камунікацыі пра здзяйсненне адпаведых злачынстваў. Генеральная пракуратура Украіны і Літвы адкрылі па дадзеных фактах дасудовае расследаванне ў межах нацыянальных юрысдыкцый. Павел Латушка і сябры каманды НАУ далі паказанні ў якасці сведак следчым органам Украіны і Літвы.

У сваім звароце да міністра замежных спраў Украіны Павел Латушка звярнуўся з просьбай да ўкраінскага боку:

1. Займаць цвёрдую пазіцыю ў дыялогу з міжнароднымі партнёрамі і інстытутамі ЕС, актыўна супрацьдзейнічаючы любым ініцыятывам па змякчэнні, адмене або ўвядзенні выключэнняў (derogations) у дачыненні да экспарту і транзіту беларускіх калійных угнаенняў у ЕС.

2. Улічваць факты непасрэднага ўдзелу ААТ «Беларуськалій», яго ведамаснай інфраструктуры і кіраўніцтва прадпрыемства ў супрацьпраўнай дэпартацыі дзяцей пры ўзгадненні новых пакетаў міжнародных абмежавальных мер.

3. Увязваць любыя будучыя дыскусіі пра статус беларускага калійнага сектара з поўным спыненнем удзелу рэжыму Беларусі ў агрэсіі і ваенных злачынствах Расіі, а таксама поўным і неадкладным вяртаннем усіх незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей і прыцягненнем вінаватых асоб да міжнародна-прававой адказнасці.

«НАУ працягне праактыўную інфармацыйную кампанію для максімальнай агалоскі ролі ААТ "Беларуськалій" і яго кіраўніцтва ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, то-бок у здзяйсненні ваенных злачынстваў, а таксама гатовае да сумеснай каардынацыі з ўкраінскім бокам юрыдычных і дыпламатычных намаганняў па прыцягненні да адказнасці Лукашэнкі, а таксама іншых фізічных і юрыдычных асоб, уцягнутых у супрацьпраўныя працэсы па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей»,

— гаворыцца ў завроце Паўла Латушкі да Андрэя Сібігі.

Таксама 25 верасня падчас сустрэчы з дэлегацыяй Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Павел Латушка перадаў факты фінансавання «Беларуськаліем» і ўдзелу кіраўніцтва «Беларуськалія» ў незаконнай дэпартацыі тысяч украінскіх дзяцей у Беларусь.


Юлія Міцкевіч: Беларускія жанчыны ў палітыцы становяцца прыкладам для жанчын у іншых краінах

Выканаўца абавязкаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч прыняла ўдзел у канферэнцыі «Жаночае палітычнае лідарства і ўдзел ва Усходнім партнёрстве» ў Стакгольме.

Мерапрыемства было арганізавана Еўрапейскім саюзам і Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў (EEAS) пры ўдзеле Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і падтрымцы Міністэрства замежных спраў Швецыі.

Удзельніцы і ўдзельнікі абмеркавалі выклікі, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў палітыцы, у тым ліку харасмент і іншыя формы гвалту анлайн і афлайн, мову варожасці і гендарную дэзінфармацыю, а таксама стратэгіі супрацьдзеяння такім атакам. Асобна абмеркавалі роўны ўдзел жанчын і мужчын у палітыцы і размеркаванні ўлады, а таксама тое, як гэта ўплывае на дасягненне гендарнай роўнасці ў іншых сферах.

«Вельмі важна, што на гэтай канферэнцыі я прадстаўляла беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. Ад іншых пяці краін Усходняга партнёрства ўдзельнічалі прадстаўніцы дзяржаўных інстытуцый, парламентаў і міністэрстваў. Таму такое запрашэнне для нас таксама з’яўляецца знакам павагі і прызнання вялікай працы, якую робяць жанчыны і мужчыны беларускага дэмакратычнага руху ў кірунку гендарнай роўнасці»,

— адзначыла Юлія Міцкевіч.

Падчас выступу яна распавяла пра тое, як беларускія дэмакратычныя сілы працуюць над тым, каб узмацніць жаночае палітычнае лідарства і пашырыць удзел жанчын у палітычных працэсах. Сярод прыкладаў — сумесная з Саветам Еўропы праца па распрацоўцы гендарнай палітыкі для дэмакратычных сіл і нядаўна створаная група, якая аб’ядноўвае жанчын, уключаных у палітычныя працэсы.

«Я таксама распавяла пра жанчын-палітзняволеных у Беларусі і рэпрэсіі, якія працягваюцца. Мы ведаем, што жанчынам у палітыцы складана працаваць праз стэрэатыпы, бар’еры, харасмент анлайн і афлайн, прадузятасці. А ў выгнанні гэта ўтрая складаней, бо мы знаходзімся яшчэ і пад ціскам транснацыянальных рэпрэсій. Але пры гэтым беларускія жанчыны становяцца ролевай мадэллю і прыкладам для жанчын у іншых краінах. Менавіта гэта мне сказалі пасля майго выступу»,

— падкрэсліла Юлія Міцкевіч.


Усе вызваленыя 16 верасня палітзняволеныя падалі заявы на міжнародную абарону ў Польшчы

Усе палітзняволеныя, якія былі вызваленыя 16 верасня, дэпартаваныя ў Літву і прынялі рашэнне са згоды польскіх уладаў легалізавацца на тэрыторыі Польшчы, падалі заявы на міжнародную абарону пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, ініцыятывы «Вольныя» і Цэнтра Беларускай Салідарнасці. 9 чалавек падаліся ў Варшаве, 1 — у Беластоку. Важна адзначыць, што з кожным вызваленым палітвязнем была праведзеная індывідуальная юрыдычная кансультацыя.

«Дзякую Галоўнай камендатуры Пагранічнай службы Польшчы за вельмі аператыўную рэакцыю і эфектыўнае супрацоўніцтва.

Як і ў снежні 2025 года, і ў сакавіку 2026 года, калі дэпартаваныя палітзняволеныя падавалі дакументы на легалізацыю, з боку Польшчы мы пабачылі глыбокае разуменне і аператыўнае спрыянне. Такая эфектыўная падтрымка неабходная беларусам, якія прайшлі праз рэпрэсіі і прымусовую дэпартацыю», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.


Forward from: Народное Антикризисное Управление
Беларускі калій не можа быць транспартаваны праз ЕС без адмены санкцый

«Змена юрысдыкцыі пакупніка (напрыклад, здзелка з амерыканскай кампаніяй) або маніпуляцыя гандлёвымі ўмовамі не дазволяць законна аднавіць транзіт беларускага калію праз ЕС», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Юрыдычны аналіз паказвае, чаму любыя падобныя схемы асуджаны на правал:

1. Сутнасць тэрміна «transfer» у праве ЕС

У дыскусіях часта памылкова сцвярджаюць, што забарона на «transfer» тычыцца толькі юрыдычнай перадачы права ўласнасці. Насамрэч у санкцыйным праве ЕС «transfer» азначае менавіта фізічную транспартыроўку і транзіт тавараў пад любой мытнай працэдурай. Нават калі ўласнік змяніўся да мяжы ЕС, фізічнае перамяшчэнне грузу застаецца пад поўнай забаронай.

2. Забарона дзейнічае незалежна ад пункта прызначэння

Тлумачэнні Еўракамісіі падкрэсліваюць: транзіт парушае закон, калі ў лагістыцы хоць неяк задзейнічаны аператар з ЕС (банк, страхоўшчык, порт ці экспедытар). Схема «продажу на мяжы» на ўмовах Ex Works нерабочая: калій застаецца таварам беларускага паходжання, а прыём вагонаў у Літве ці перавалка ў Клайпедзе цягнуць адміністрацыйную і крымінальную адказнасць. Маніпуляцыі з умовамі пастаўкі расцэньваюцца як наўмысны абыход санкцый і вядуць да арышту грузу.

3. Аргумент ад супрацьлеглага (прыклад з РФ)

Прамым доказам таго, што «transfer» аўтаматычна забараняе любы транзіт, служыць досвед з расійскімі ўгнаеннямі. Каб паслабіць прадовольчы крызіс, ЕС прыняў спецыяльны нарматыўны акт (derogation), прама дазволіўшы транзіт некаторых угнаенняў з РФ. Падобнае выключэнне не спатрэбілася б, калі б транзіт можна было абысці зменай уласніка. Для беларускага калію такіх выключэнняў прынята не было.

4. Жорсткая пазіцыя Суда ЕС

У справе «Беларуськалія» і рашэннях па справах «Bosphorus» і «Rosneft» Суд ЕС чотка зафіксаваў:
• Забарона на транзіт праз тэрыторыю ЕС — правамерная мера знешняй палітыкі, якая не парушае нормы Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
• Абмежаванні прымяняюцца да ўсіх аб'ектаў на тэрыторыі ЕС незалежна ад статусу ўласніка.
• Тэрміны «transfer» і «export» падлягаюць максімальна шырокаму тлумачэнню, каб выключыць любыя шчыліны.

Рэгламенты Савета ЕС абавязковыя для ўсіх 27 дзяржаў-членаў. Аднавіць транзіт за кошт юрыдычных схем немагчыма. Разблакіроўка калідора магчымая выключна пры наяўнасці прамога палітычнага кансэнсусу краін ЕС і афіцыйнага ўнясення зменаў у Рэгламент Савета ЕС № 765/2006.

«У апошні час у інфармацыйнай прасторы рэгулярна з'яўляюцца заявы і меркаванні аб тым, што транзіт беларускага калію нібыта можна аднавіць праз розныя юрыдычныя крокі — напрыклад, змяніўшы юрысдыкцыю пакупніка альбо па-іншаму трактуючы тэрмін "transfer" у санкцыйным праве ЕС. Хачу падкрэсліць: усе падобныя сцвярджэнні з'яўляюцца беспадстаўнымі і дэзінфармуюць грамадскасць. Ніякія маніпуляцыі з гандлёвымі ўмовамі ці спробы спрэчнага тлумачэння тэрміналогіі не дазволяць абмінуць закон. Прававая база Еўрасаюза складзена такім чынам, што забараняе менавіта фізічнае перамяшчэнне беларускага калію праз сваю тэрыторыю, незалежна ад таго, хто фармальна згадваецца ў якасці яго ўласніка.

Любыя спробы рэалізаваць такія "схемы" — гэта парушэнне санкцыйнага рэжыму ЕС, што цягне за сабой адміністрацыйную і крымінальную адказнасць для ўсіх удзельнікаў лагістычнага ланцужка. Адзіны рэальны шлях да аднаўлення транзіту беларускага калію праз еўрапейскія порты — гэта не юрыдычныя лазейкі, а поўная адмена ці рэвізія адпаведных санкцыйных рэгламентаў Савета ЕС праз афіцыйнае палітычнае рашэнне ўсіх 27 краін-сябраў. Пакуль такога рашэння няма, кожны вагон з беларускім каліем на тэрыторыі ЕС застаецца нелегальным грузам, які падлягае неадкладнаму арышту», — падкрэсліў Павел Латушка.

Поўны тэкст на сайце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.


Беларус Леў Міхееў вызвалены ў Арменіі

Беларус Леў Міхееў, якога пасля высылкі з Грузіі затрымалі на армянскай мяжы праз міждзяржаўны вышук па запыце беларускіх уладаў, вызвалены.

З учорашняга вечара да сітуацыі далучыліся беларускія праваабаронцы ў Грузіі і Арменіі, прадстаўнікі армянскага і грузінскага бакоў, а таксама юрысты Офіса Святланы Ціханоўскай. Каманда каардынавала дзеянні і звязвалася з тымі, хто мог дапамагчы дамагчыся як мага хутчэйшага вызвалення беларуса.

«Вялікая падзяка ўсім, хто быў уцягнуты ў гэты працэс: беларускім праваабаронцам у Грузіі і Арменіі, армянскаму і грузінскаму бакам, юрыстам Офіса Святланы Ціханоўскай. Асобная падзяка праваабаронцу і юрысту, нашаму калегу з Каардынацыйнай Рады Раману Кісляку. Уся каманда з учорашняга вечара, даведаўшыся пра затрыманне Льва, працавала, каардынавала свае дзеянні і звязвалася з усімі, хто мог дапамагчы дамагчыся яго як мага хутчэйшага вызвалення», — адзначыла выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч.

Леў Міхееў таксама мае намер дамагацца прававой ацэнкі дзеянняў грузінскіх уладаў у сувязі з гэтай сітуацыяй. Пазней для гэтага будуць аформленыя неабходныя даверанасці.

Гэты выпадак таксама прыцягнуў сур’ёзную ўвагу грузінскіх праваабаронцаў да праблемы прымусовага выдалення беларусаў з Грузіі. Кейс Льва стаў адным з першых, які прыцягнуў да гэтай праблемы такую ўвагу.


Станіслаў Салавей распавёў, чаму ўвядзенне страхавой медыцыны сёння не з'яўляецца прыярытэтам і панацэяй

Намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Станіслаў Салавей на канферэнцыі «Медыцына і ахова здароўя будучыні: ад бягучых праблем да новай мадэлі» патлумачыў, чаму лічыць страхавую мадэль далёка не першай задачай будучай рэформы аховы здароўя ў Беларусі. Галоўная праблема цяпер глыбейшая: мы ў прынцыпе дрэнна разумеем, у якім стане знаходзіцца гэтая сістэма.

На першы погляд беларуская медыцына выглядае нядрэнна, пакуль чалавеку патрэбны тэрапеўт, педыятр або кансультацыя спецыяліста. На гэтым і трымаецца міф пра сістэму, якую, здаецца, дастаткова крыху падправіць — і ўсё запрацуе. Але насамрэч сітуацыя вельмі цяжкая. «Прапагандысцкая вітрына, якая транслюе міф пра найлепшую бясплатную медыцыну, на жаль, працуе, — прызнае Станіслаў. — Карціна становіцца зусім іншай, калі ў чалавека з’яўляецца цяжкая хвароба, патрэбная складаная аперацыя або ён жыве ў невялікім горадзе, дзе патрэбнага спецыяліста можа не быць гадамі».

Важна разумець: грошай ад самой змены мадэлі аховы здароўя больш не стане. Выдаткі Беларусі на ахову здароўя паводле парытэту пакупніцкай здольнасці прыкладна ўдвая (а паводле іншых ацэнак — утрая) ніжэйшыя за польскія і літоўскія, і нават гэтыя грошы выдзяляюцца «са скрыпам». Пры нізкіх легальных даходах і слабым фондзе аплаты працы страхавыя ўзносы не пакрыюць выдаткі на лячэнне.

Важны і дэмаграфічны фактар: за дзяцей, пенсіянераў, беспрацоўных і людзей з нізкімі даходамі ўзносы ўсё роўна павінен плаціць дзяржаўны бюджэт. Таму пераход на страхаванне не створыць новых грошай, а толькі зменіць маршрут пераразмеркавання бюджэтных сродкаў.

Сітуацыя пагаршаецца тым, што ні незалежныя эксперты, ні цяперашняя ўлада не разумеюць, колькі грошай сапраўды патрабуе сістэма аховы здароўя праз пастаяннае замоўчванне або фальсіфікацыю даных.

«Мы не ведаем, якая ў Беларусі патрэба ў якой дапамозе і якія выдаткі на лячэнне, умоўна кажучы, пнеўманіі сапраўды патрэбныя. Мы не можам разлічыць і нават уявіць, колькі спатрэбіцца фінансаў на сярэднестатыстычнага беларуса з цукровым дыябетам або з артэрыяльнай гіпертэнзіяй», — прызнаецца Станіслаў. Без такой статыстыкі немагчыма нармальна разлічыць страхавы тарыф. А гэта значыць, што страхавая кампанія альбо закладзе вялікі запас у кошт страхоўкі, альбо рызыкуе недаацаніць выдаткі і сутыкнуцца з дэфіцытам грошай і банкруцтвам.

Яшчэ адна глабальная праблема — планава-койкавая медыцына. Бальніцы патрэбныя ложка-дні, паліклініцы — паказчыкі вакцынацыі, сістэме — прыгожая справаздача. У выніку, з аднаго боку, у Беларусі быццам бы перамаглі пэўныя хваробы і ўскладненні пасля аперацый, якія застаюцца праблемай ва ўсім свеце, з другога — у нас масава лечаць фактычна здаровых людзей.

Станіслаў прапануе параўнаць: «У Беларусі чалавека трымаюць у бальніцы тры дні перад некаторымі аперацыямі і тыдзень — пасля, у той час як у норме ўвесь гэты цыкл займае некалькі дзён». І робіцца гэта для таго, каб бальніца магла прыгожа адсправаздачыцца па паказчыках ложка-дзён.

Таму пачаткам любых рэформ павінен стаць збор дакладных даных.

Усё гэта адбываецца на фоне схаванага кадравага дэфіцыту, прымусовага размеркавання і патэнцыйнага адтоку лекараў пасля адмены адміністрацыйнага ўтрымання спецыялістаў.

«Праводзіць рэформы ў такіх умовах — гэта як спрабаваць пасадзіць самалёт без сродкаў навігацыі, у шчыльны туман, слухаючы дыспетчара, які гаворыць на незнаёмай вам мове, выкарыстоўвае неметрычныя адзінкі, нават не ведаючы тыпу самалёта, на якім вы ляціце, а інструкцыя да яго напісаная па-карэйску», — лічыць Станіслаў Салавей.


Спробы рэжыму дамагчыся адмены санкцый супраць БЕЛАЗа і МАЗа праваліліся

Суд Еўрапейскага саюза адхіліў іскі БЕЛАЗа і МАЗа аб адмене санкцый ЕС. Абодва прадпрыемствы таксама абавязаныя аплаціць судовыя выдаткі.

У рашэннях Суд ЕС захаваў санкцыі ў сіле і пацвердзіў аргументы, на падставе якіх яны былі ўведзеныя. У тым ліку гаворка ідзе пра рэпрэсіі супраць работнікаў прадпрыемстваў пасля выбараў 2020 года, фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі, а ў выпадку МАЗа — таксама пра пастаўкі ваенных грузавікоў расійскай арміі, якія выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Украіны.

«Еўрапейскае правасуддзе наўпрост сказала рэжыму: абарона чалавечай годнасці, спыненне рэпрэсій і ўдзелу ў вайне непараўнальна важнейшыя за камерцыйныя інтарэсы дзяржаўных аўтагігантаў.
Рашэнні па БЕЛАЗе і МАЗе — гэта поўны крах усёй стратэгіі Лукашэнкі па адмене санкцый», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Суд таксама адхіліў аргументы аб тым, што санкцыі парушаюць свабоду вядзення бізнесу і права ўласнасці, а іх працягласць робіць абмежаванні фактычна бестэрміновымі. У рашэннях падкрэсліваецца, што санкцыі з’яўляюцца часовымі і рэгулярна пераглядаюцца, а іх захаванне звязана з тым, што прычыны для іх увядзення працягваюць існаваць.

У сувязі з рашэннямі Суда ЕС Павел Латушка асобна адзначыў:

«Прапаганда сёння будзе крычаць, што “Еўропа хоча разбурыць нашы флагманы і пазбавіць рабочых прыбытку”. Аде санкцыі ўведзеныя не супраць заводаў і не супраць працоўных. Санкцыі перакрываюць кісларод дыктатару, які ператварыў прадпрыемствы ў ваенныя цэхі і фінансавыя кашалькі для ўтрымання сваёй улады. Як толькі рэжым спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць удзел у ваеннай агрэсіі і пойдзе на дыялог з грамадствам — санкцыі будуць знятыя. Заводы вернуцца на міжнародныя рынкі, атрымаюць тэхналогіі, інвестыцыі і годныя заробкі. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і ўсе дэмакратычныя сілы працягнуць працу ў накірунку права і справядлівасці».


Юлія Міцкевіч: Каб заставацца рэлевантнымі, трэба зыходзіць з патрэбаў і запытаў беларусаў

Выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч прыняла ўдзел у XXIII Мінскім форуме ў Варшаве.

Сёлета адна з дыскусій форуму была прысвечаная таму, як беларускім дэмакратычным сілам і іх структурам у выгнанні працягваць працу і захоўваць сувязь з беларускім грамадствам.

«Каб заставацца рэлевантнымі, палітыкам трэба быць сумленнымі, адкрытымі, празрыстымі і падсправаздачнымі перад тымі, для каго мы працуем. А працуем мы для беларусаў і беларускага грамадства»,

— адзначыла Юлія Міцкевіч.

Паводле яе, важна накіроўваць фокус працы не на асабістыя амбіцыі, а на інтарэсы, патрэбы і запыты людзей — як у Беларусі, так і ў выгнанні.

Асобную ўвагу Юлія Міцкевіч звярнула на сацыяльныя пытанні, якія сёння хвалююць беларусаў і знаходзяцца ў фокусе працы Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы.

«Атрымліваць інфармацыю знутры Беларусі складана, але магчыма. Таму важныя даследаванні і апытанні, якія дапамагаюць разумець патрэбы людзей і выпрацоўваць палітычныя рашэнні — тыя, што могуць прымяняцца ўжо сёння, і тыя, што стануць асновай для будучых рэформаў».


XXIII Мінскі форум у Варшаве быў прысвечаны памяці Аляксандра Мілінкевіча. Для Юліі Міцкевіч важнай часткай форуму стала размова пра ягоны ўклад у беларускі дэмакратычны рух і бачанне Беларусі як незалежнай дэмакратычнай дзяржавы — часткі еўрапейскай сям’і.


Інфармацыя пра памілаванне 15 чалавек пакуль правяраецца

24 верасня дзяржаўныя крыніцы паведамілі пра памілаванне 15 асуджаных, сярод якіх 10 жанчын. Паводле афіцыйнага паведамлення, 13 чалавек былі асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Імёны вызваленых не называюцца. Праваабаронцы цяпер высвятляюць, пра каго менавіта ідзе гаворка.

Выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч адзначае, што да гэтай інфармацыі трэба ставіцца асцярожна:

«Мы вельмі перажываем і чакаем любой інфармацыі пра людзей, якія маглі выйсці на волю. Але цяпер самае важнае — яе верыфікаваць. Мы пакуль не ведаем, хто гэтыя людзі, ці сапраўды яны былі вызваленыя па памілаванні, па якіх артыкулах былі асуджаныя і якое пакаранне адбывалі».

Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы знаходзіцца на сувязі з праваабарончымі арганізацыямі і разам з імі правярае інфармацыю.

«Мы ўжо сутыкаліся з падобнымі паведамленнямі. Пасля праверкі праваабаронцамі высвятлялася, што сярод вызваленых не было людзей, прызнаных палітвязнямі. “Дзеянні экстрэмісцкай накіраванасці” — гэта не абавязкова палітычны пераслед. Таму зараз для нас галоўнае — высветліць, хто менавіта выйшаў на волю».

Калі вам вядома нешта пра людзей, якія маглі быць вызваленыя, калі ласка, перадайце інфармацыю праваабаронцам — у прыватнасці, «Вясне» (@Viasnainfo), «Краіне для жыцця» або Dissidentby (@Dahary_nahami ), калі гэта бяспечна для вас.

Як толькі з’явіцца верыфікаваная інфармацыя, мы будзем паведамляць пра яе.


Каардынацыйная Рада рэкамендавала Вераніку Станкевіч на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце

Напярэдадні ў Каардынацыйнай Радзе прайшлі слуханні кандыдатак на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы. Па выніках рэйтынгавага галасавання ў прадстаўнічым органе беларускіх дэмакратычных сіл, Каардынацыйная Рада рэкамендавала кандыдатуру Веранікі Станкевіч. Для афіцыйнага ўступлення на пасаду рэкамендаваная кандыдатура мусіць быць ухвалена і зацверджана кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святланай Ціханоўскай.

Вераніка Станкевіч — каардынатарка ініцыятывы «Вольныя», якая займаецца дапамогай і рэсацыялізацыяй былых палітычных зняволеных. Ініцыятыва дапамагае вызваленым беларусам адаптавацца да жыцця на волі і атрымаць неабходную сацыяльную, юрыдычную і іншую падтрымку.

Кандыдатуру Веранікі Станкевіч на разгляд Каардынацыйнай Рады вылучыла фракцыя «Кааліцыя Латушкі і Рух “За Свабоду”».

З моманту прызначэння Вольгі Зазулінскай на пасаду кіраўніцы Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве, абавязкі прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета выконвала Юлія Міцкевіч.


Палітычныя інстытуты дэмакратычных сіл неабходныя для фарміравання парадку дня, арыентаванага на нацыянальныя інтарэсы Беларусі

«Дэмакратычны рух ніколі не быў так інстытуцыйна і сістэмна развіты, як сёння», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас XXIII Мінскага форуму ў Варшаве, арганізаванага Нямецка-беларускім таварыствам.

Падчас свайго выступу Павел Латушка адзначыў, што ўпершыню ў гісторыі беларускі дэмакратычны рух мае палітычныя інстытуты — АПК на чале з кіраўніцай Святланай Ціханоўскай і Каардынацыйную Раду, якія ўяўляюць сабой палітычную альтэрнатыву рэжыму Лукашэнкі і, што важна, дасягаюць канкрэтных вынікаў. У якасці прыкладу ён прывёў некалькі з найважнейшых:

1. Дэлегацыі КР ёсць ва ўсіх вядучых міжпарламенцкіх арганізацыях Еўропы: Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Еўранэст. Нядаўна таксама атрымана запрашэнне ў Паўночную Раду.

2. Беспрэцэдэнтны ўзровень, на які сёння паднята пытанне міжнароднай адказнасці рэжыму Лукашэнкі.

3. «Трэці прэцэдэнт — які мы, магчыма, усё яшчэ недаацэньваем, але які застаецца надзвычай важным, — гэта выбары ў Каардынацыйную Раду. Упершыню была створана бяспечная, незалежная лічбавая платформа для рэальнага, свабоднага і дэмакратычнага валевыяўлення беларусаў».

Акрамя таго, Павел Латушка адзначыў важнасць палітычных інстытутаў для фарміравання парадку дня і прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне:

«Калі мы не будзем мець незалежнай беларускай палітыкі і ўласнага палітычнага парадку дня, арыентаванага на нацыянальныя інтарэсы Беларусі, нашы незалежныя медыя будуць вымушаны асвятляць палітыку рэжыму Лукашэнкі. А гэта не прывядзе нас да дэмакратычнага транзіту».

Асобна Павел Латушка адзначыў, што ў любых дамоўленасцях адносна будучыні Беларусі суб'ектам павінны быць дэмакратычныя сілы і беларускае грамадства, бо Лукашэнка не прадстаўляе інтарэсы беларускага народа. Наш галоўны прынцып застаецца нязменным: «Нічога пра беларусаў без беларусаў».

Таксама ў рамках Форуму Павел Латушка ўзяў удзел у дыскусіі «Люблінскі трохкутнік і яго значэнне для дэмакратычнай Беларусі».

Люблінскі трохкутнік — гэта прыкладная рэгіянальная платформа бяспекі і інфраструктуры ў Паўночна-Усходняй Еўропе. Яна аб’ядноўвае суседнія краіны, якія маюць агульныя геапалітычныя задачы, адзіныя еўрапейскія каштоўнасці, агульную гісторыю і неразрыўную геаграфічную непарыўнасць.

У ходзе дыскусіі Павел Латушка падтрымаў прапанову міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі пра ўключэнне дэмакратычных сіл Беларусі ў фармат Люблінскага трохкутніка, якая была агучана падчас перамоваў у Кіеве ў маі 2025 года:

«Я перакананы і прапаную разглядаць у якасці нашай агульнай стратэгічнай мэты ператварэнне Люблінскага трохкутніка ў Люблінскі квадрат. Гэта бачанне саюза раўнапраўных, моцных і свабодных удзельнікаў: Польшчы, Літвы, Украіны і дэмакратычнай Беларусі. Толькі з уключэннем Беларусі гэта рэгіянальная архітэктура стане лагічна завершанай, паўнавартаснай, устойлівай і павысіць узровень бяспекі ў нашым рэгіёне».

Поўны выступ Паўла Латушкі падчас XXIII Мінскага форуму.

20 last posts shown.