Завіталі ў мой дом Мельхіёр... Балтасар... Каспар...
Завіталі наўпрост... быццам быўшы тут сто разоў...
Кажуць... Бог нарадзіўся... быць сведкам яго раства...
Гэта гонар для кожнага з каралёў...
Не... ну што вы... панове... памілуй бог...
У гэтым месцы няма ні кроплі святой крыві...
А яны жагналіся і цалавалі парог...
І гарэлі іх вочы ў чаканні слаўных навін...
І сказаў Мельхіёр... Мы крочылі дзевяць год...
Йшлі дарогамі ветру, шукаючы гэты кут...
Каб пабачыць таго, хто людскі ўратуе род...
І на плечы свае возьме цяжар пакут...
Вось дары нашы... вымавіў Балтасар...
Тут цярновы вянок і цвікі... і драўляны крыж...
Ўсё, што мае ўзяць у дарогу вялікі цар...
Каб узняцца на самае неба з любой гары...
Што вярзеце вы... людзі... ідзіце адгэтуль прэч...
Каб у хату маю не ступала вашай нагі...
І ляцелі праклёны ўслед, а дары ў печ...
І барвелі цвікі ў пякельным яе агні...
З той пары данімае... штоночы... жахлівы сон...
Бог стаіць на вадзе... гэты бог мой адзіны сын...
І я не магу з гэтым светам нічога зрабіць...
Толькі любіць яго... толькі яго любіць...
Міхал Бараноўскі#хвілінка_паэзіі