Годна


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian


Мы — каманда экспертак і экспертаў у пытанні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Усё будзе Годна!
Падрабязней на https://hodna.org/
Зваротная сувязь: @hodna_by

Related channels  |  Similar channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Statistics
Posts filter


Барская канфедэрацыя: як нашыя продкі змагаліся супраць «ДНР» XVIII стагоддзя

Расійскі ўплыў на Рэч Паспалітую ў сярэдзіне XVIII стагоддзя быў вельмі моцным: масква ўмешвалася ва ўнутраныя справы, навязала свайго караля – Станіслава Аўгуста Панятоўскага – і праз яго спрабавала цалкам кантраляваць краіну.

Расія, падтрымліваючы рэлігійныя меншасці (праваслаўных і пратэстантаў), фактычна навязвала шляхце новыя законы, якія разбуралі традыцыйны парадак. Гэта выклікала абурэнне, бо шляхта лічыла, што так масква спрабуе зрабіць Рэч Паспалітую яшчэ больш залежнай.

У 1767 годзе расійская імперыя ўвяла ў Рэч Паспалітую 20-тысячнае войска. Пад прыкрыццём войскаў расія стварыла свае «канфедэрацыі» (Торуньскую і Слуцкую), якія нібыта падтрымлівалі закон і парадак, але насамрэч дзейнічалі на карысць масквы. Фактычна, гэта былі марыянетачныя структуры, створаныя для таго, каб знішчыць сапраўдны супраціў. Знаёма, так?

У кастрычніку 1767 пад ціскам расіі Сейм пераглядаў рашэнні Сейма ад 1764 года. Для таго, каб рашэнні былі прынятыя на карысць прарасійскіх сілаў, маскоўскія салдаты выкралі некаторых сенатараў. Іх без суда выслалі ў расію. Запалоханы Сейм паддаўся ціску і прыняў расійскія ўмовы.

Але ўсё ж беларуская, польская і ўкраінская шляхта не хацела гэтага трываць і 29 лютага 1768 года стварыла Барскую канфедэрацыю, каб бараніць незалежнасць сваёй дзяржавы. Яна хутка перарасла ў сапраўдную вайну супраць расійскіх войскаў і каралеўскага ўрада.

Паўстанцы вялі жорсткія баі, але сілы былі няроўныя: расійская армія мела больш салдатаў, гарматаў і рэсурсаў. Канфедэраты спадзяваліся на падтрымку Турцыі і Францыі, але саюзнікі не здолелі моцна дапамагчы. У выніку многія канфедэраты загінулі або трапілі ў палон, а сам рух быў заціснуты.

Барская канфедэрацыя не змагла перамагчы, і ў 1772 годзе адбыўся Першы падзел Рэчы Паспалітай. Расія, Аўстрыя і Прусія падзялілі паміж сабой частку беларускіх, украінскіх і польскіх земляў. Гэта стала пачаткам канца дзяржавы: праз некалькі дзесяцігоддзяў Рэч Паспалітая зусім знікне з мапы Еўропы.

Гісторыя Барскай канфедэрацыі паказвае, што нашыя продкі заўсёды змагаліся за свабоду, а масква не толькі знішчала паўстанні сілай, але і спрабавала разбурыць супраціў знутры. Гэта важны ўрок, які застаецца актуальным і сёння.


Video is unavailable for watching
Show in Telegram
Стары Магілёў ажыў!
У гэтым відэа Сяргей Дзямʼянаў ажывіў старыя фотаздымкі горада – атрымалася кароткае, але вельмі атмасфернае відэа ❤️


“Лепш размаўляць на добрай рускай мове, чым на дрэннай беларускай”🗣️

У Беларусі такая сітуацыя, што шмат людзей не размаўляюць па-беларуску ад нараджэння. Вучацца па кніжках, але ж вучацца!

Як вучаць мовы? Спачатку па кніжках, а пасля пачынаюць размаўляць, нават калі дрэнна. Чаму так шмат беларусаў і беларусак вывучыла англійскую, ці польскую, ці яшчэ нейкую раней за беларускую? У тым ліку, таму што прыходзілася размаўляць.

Баіцеся памылак? Дык а хто іх не робіць. У любой мове, нават носьбіты памыляюцца. Вас нехта груба паправіў? Але нават калі вашая беларуская мова будзе ідэальнай ці, наадварот, вы не будзеце на ёй размаўляць, гэта не выратуе. З чалавекам, які хоча даць няпрошаную параду ці сказаць нешта брыдкае, вы можаце сутыкнуцца заўсёды.

Беларуская мова – адна з адзнак нашай незалежнасці і ўнікальнасці. Менавіта на старабеларускай мове была надрукаваная першая Біблія ва Усходняй Еўропе. На ёй напісаны Статут ВКЛ. І зараз мы можам размаўляць па-беларуску, даследаваць нашую мову і развіваць яе.


Прапагандысцкія наратывы ў мультфільме “Маша і Мядзведзь”⬇️

Чаму лепш ствараць уласныя наратывы, чым спажываць чужыя? Тлумачым на прыкладзе папулярнага мультфільма.

📌 Мядзведзь як алегорыя Расіі. У мультфільме Мядзведзь — моцны, добры і цярплівы герой, які настаўляе Машу. Ён выступае як фігура «старэйшага брата», які ўсё даруе і клапоціцца пра меншых.

📌 Адсылкі да савецкай культуры і настальгія па СССР.

📌 Ідэя “вялікай і добрай Расіі” праз міжнародныя эпізоды. У гэтых серыях часта назіраецца аднолькавы патэрн: Маша выглядае разумнейшай або больш спрытнай за мясцовых герояў.

Ці з’яўляецца гэта мэтанакіраванай прапагандай?

Гэта спрэчнае пытанне. Мультфільм можа проста адлюстроўваць асаблівасці расійскай культуры і мыслення. Аднак некаторыя яго элементы (асабліва вобраз Машы, мядзведзя і адсылкі да СССР) сапраўды могуць фарміраваць пэўныя ўстаноўкі ў дзіцячай аўдыторыі.

Стаўце рэакцыі, калі цікава падрабязней паразважаць на такую тэму✨


Падзеі, якія адбываліся адначасова, але якія ў нашай галаве часта адчуваюцца як максімальна далёкія (частка другая)

Працягваем першы пост і распавядаем пра іншыя даты з беларускай і сусветнай гісторыі, якія ў нашай галаве могуць зусім не спалучацца як штосьці, што адбывалася ў адзін год.

Калі войскі Рэчы Паспалітай утрымлівалі Маскву, дзесьці ў Англіі Шэкспір пісаў свае апошнія творы. А ІІІ Статут ВКЛ выдавалі якраз тады, калі Брытанія знішчыла іспанскую Непераможную Армаду!

Першая частка тут.


Падзеі, якія адбываліся адначасова, але якія ў нашай галаве часта адчуваюцца як максімальна далёкія (частка першая)

У вас было калісьці такое, што вы даведваецеся пра нейкую дату з беларускай і сусветнай гісторыі, і не можаце ўявіць, што гэта сапраўды адбылося ў адныя і тыя ж гады? Напрыклад, крыж Еўфрасінні Полацкай і Нотр-Дам дэ Пары з’явіліся на свет з розніцай у два гады!

А вось яшчэ некалькі такіх прыкладаў, ад якіх дух захоплівае ❤️

Другая частка тут.


У лютым 1940 года пачаліся масавыя дэпартацыі беларусаў з Заходняй Беларусі. Савецкія ўлады праводзілі высылкі, каб ліквідаваць «варожыя элементы» і трансфармаваць грамадства пад ідэалогію СССР.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе НКУС выяўляў нелаяльныя групы: чыноўнікаў, вайскоўцаў, інтэлігенцыю, заможных сялянаў. Савецкая ўлада бачыла ў іх перашкоду для саветызацыі рэгіёна. Вынікам стала першая хваля дэпартацый, якая пачалася ў ноч з 9 на 10 лютага 1940 года.

Людзей будзілі сярод ночы, давалі некалькі хвілінаў на збор рэчаў і грузілі ў таварныя вагоны. Паводле ацэнак, толькі ў лютым было дэпартавана каля 50 тысячаў чалавек, многія не дажылі да месца прызначэння праз холад (маразы дасягалі -42℃) і хваробы. Наступныя хвалі высылкі прайшлі ў красавіку і чэрвені 1940 года. Агулам было дэпартавана больш за 120 тысяч чалавек.

У красавіку дэпартавалі сем’і вайскоўцаў, паліцыянтаў, інтэлігенцыі. У чэрвені – уцекачоў з цэнтральнай Польшчы. Іх лічылі нелаяльнымі і высялялі ў спецпасяленні Сібіры і Казахстана. Умовы былі нечалавечымі: цяжкая праца, холад, голад і адсутнасць медыцынскай дапамогі.

Дэпартацыі былі часткай шырэйшага плана палітычнай і этнічнай трансфармацыі Беларусі: разам з высяленнем «небяспечных» групаў СССР адначасова засяляў Зах. Беларусь лаяльнымі савецкімі грамадзянамі, у тым ліку партыйнымі кадрамі, рабочымі і вайскоўцамі з іншых частак СССР.

Савецкія ўлады праводзілі «класавае ачышчэнне», пазбаўляючыся ад заможных сялянаў, прадпрымальнікаў і іншых прадстаўнікоў старога грамадскага парадку, якія маглі стаць цэнтрам супраціву. За сухімі лічбамі статыстыкі хаваюцца смерці, разбурэнне жыцця і пакуты сотняў тысячаў беларусаў.


24 лютага 1935 года нарадзіўся адзін з найвыбітнейшых беларускіх паэтаў, чыя творчасць пранізаная любоўю да роднай мовы, зямлі і народа – Рыгор Барадулін.

Яго літаратурная спадчына надзвычай шырокая: ад вершаў і баладаў да перакладаў сусветнай класікі. Ён быў адзіным беларускім паэтам, які атрымаў званне Народнага паэта Беларусі ў незалежнай краіне (1992), а таксама лаўрэатам шматлікіх прэстыжных прэмій.

Паэзія Рыгора Барадуліна – гэта арганічнае спалучэнне народнай мудрасці, глыбокага лірызму і вострай грамадзянскай пазіцыі. Ён умеў спалучаць традыцыйную форму з сучаснымі мастацкімі пошукамі, дзякуючы чаму ягоныя вершы гучаць адначасова і класічна, і надзвычай свежа.

Асаблівае месца ў творчасці паэта займае тэма нацыянальнай свядомасці. Ён быў адным з тых, хто захоўваў і развіваў беларускую мову ў часы, калі яна сутыкалася з уціскам і русіфікацыяй. Ягоныя вершы і эсэ прасякнутыя любоўю да Беларусі, болем за яе лёс і шчырай надзеяй на адраджэнне беларускай духоўнасці.

Яго творчасць і сёння застаецца жывой, бо яна знаходзіць водгук у сэрцах людзей, якія шануюць роднае слова і нацыянальную культуру. Рыгор Барадулін – гэта чалавек, які сваімі радкамі ўзвёў беларускую мову да сапраўднага мастацтва.

Адзін з апошніх вершаў Рыгора Барадуліна, які ён напісаў 10 лютага 2014 года, актуальны як ніколі.

«Сплыве па Дняпры
Набрыдзь,
Навалач,
Хлюсь.
Майдан праз вякі
Прывітае быліна.
Не схіліць чало
Спадарыня Беларусь,
Незалежная, як жыццё,
Нэнька Украіна».


Чаму 23 лютага – не беларускае свята?

Свята 23 лютага, вядомае як «Дзень абаронцы Айчыны» або раней «Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-марскога Флоту», мае выключна савецкія і расійскія карані. Яно ўзнікла ў 1922 годзе як дзень гадавіны ўтварэння Чырвонай арміі.

Але для беларусаў 23 лютага не нясе нацыянальнага сэнсу, бо Чырвоная армія ў гэты перыяд не абараняла беларускія інтарэсы, а, наадварот, удзельнічала ў знішчэнні БНР і ўсталяванні савецкай улады. У лютым 1919 года Савецкая Расія не вызваляла Беларусь, а ўсталёўвала свой кантроль, які суправаджаўся рэпрэсіямі.

Пасля Другой сусветнай вайны 23 лютага замацавалася ў СССР як афіцыйнае свята, якое было часткай савецкай ідэалогіі. Прапаганда выкарыстоўвала яго для гераізацыі савецкай арміі, у тым ліку апраўдваючы акупацыю краінаў Усходняй Еўропы. Лагічна, што пасля распаду СССР амаль усе былыя савецкія рэспублікі адмовіліся ад гэтага.

Для беларускай ваеннай традыцыі значна важнейшай датай з’яўляецца, напрыклад, 8 верасня, калі адбылася бітва пад Воршай у 1514 годзе – тады войскі ВКЛ перамаглі Маскоўскае войска. Ці 15 ліпеня – у гадавіну Грунвальдскай бітвы. Або 27 лістапада 1920, калі пачалася беларуска-савецкая вайна, якую мы ведаем як Слуцкі збройны чын.

Беларусам важна памятаць сваё, а не працягваць святкаваць дату, звязаную з гісторыяй іншай дзяржавы, якая нішчыла ўсё беларускае.


Video is unavailable for watching
Show in Telegram
“Слова маё – гэта меч у баі”
Новы кліп ад каманды Годна і Nochy да Міжнароднага дня роднай мовы🔥

Беларуская мова – гэта нашая сіла, наш гонар і наш выбар. Яе спрабуюць заглушыць, але яна ўсё роўна гучыць. Яе крытыкуюць, але яна натхняе. Нам кажуць "лепш на рускай", але мы ўсё роўна гаворым па-беларуску – бо гэта наша!

Гэта не проста песня. Гэта моцны адказ усім, хто спрабуе прымусіць нас забыцца, саромецца або маўчаць.

Кліп паказвае, з чым сутыкаюцца беларускамоўныя. У ім выкарыстаныя рэальныя каментары, якія людзі чуюць ці чытаюць ледзь не штодня. Але гэта не гісторыя пра хейт – гэта гісторыя пра нашую сілу! Бо замест таго, каб апусціць рукі і прамаўчаць, мы гаворым: мы тут, мы ёсць і нас не спыніць.

Беларуская мова гучала, гучыць і будзе гучаць! І ніхто нас не зломіць🤍

📢 Глядзіце кліп, дзяліцеся ім і давайце разам гучаць яшчэ мацней!

Падтрымаць працу Годна данатам можна тут:
patreon.com/hodnaby
buymeacoffee.com/hodna

🎥 Відэа на YouTube

За дапамогу са здымкамі дзякуем студыі ў Варшаве і шчыра раім для выкарыстання пад вашыя патрэбы.


🔥 Заўтра – прэм’ера новага яркага відэа да Дня роднай мовы! 🔥

Каманда Годна і гурт NOCHY стварылі сумесны ролік на важную тэму. Гэта гук пакалення, заклік да тых, хто любіць, хто вагаецца і хто яшчэ не знайшоў шлях да мовы.

Ці лёгка размаўляць па-беларуску сёння? Ці варта бараніць свае словы ад насмешак? З чым сутыкаюцца тыя, хто пачынае размаўляць па-беларуску?

"Мова мая – найсвятлейшая песня, што цемру бязлітасна знішчыць!"
Гэтыя радкі пра гучную, смелую і непахісную беларускую мову. Пра тых, хто няспынна нясе яе далей – нягледзячы ні на што.

Не прапусціце! Заўтра – гучны старт!
Далучайцеся, глядзіце, дзяліцеся – няхай наш голас гучыць як мацней!

Прэм’ера на нашым YouTube

За дапамогу са здымкамі дзякуем студыі ў Варшаве і шчыра раім для выкарыстання пад вашыя патрэбы.

#ДзеньРоднайМовы #БеларускаяМова #ПаБеларуску


Video is unavailable for watching
Show in Telegram
Як выглядаў Мінск сто гадоў таму?

Яўген Юшкін, аўтар YouTube-канала Yushkin, ажывіў старыя фотаздымкі і з дапамогай штучнага інтэлекту ператварыў іх у відэа. Так можна ўбачыць старыя дамы, вуліцы і атмасферу горада, якім ён быў стагоддзе таму ❤️


20 лютага 1918 года ў Мінску быў створаны Народны сакратарыят – першы ўласна беларускі ўрад!

Гэтая падзея стала важным этапам у фармаванні беларускай дзяржаўнасці падчас распаду расійскай імперыі і нямецкай акупацыі тэрыторыі Беларусі.

Народны сакратарыят быў створаны як выканаўчы орган Рады Усебеларускага з'езду (пазней – Рады БНР), які адбыўся ў снежні 1917 года. У яго склад увайшлі вядомыя беларускія дзеячы, сярод якіх Язэп Варонка (старшыня і сакратар замежных спраў), Аркадзь Смоліч (сакратар асветы). Палута Бадунова адказвала за апеку, Мойша Гутман за яўрэйскія справы, Кастусь Езавітаў – за вайсковыя, Павел Злобін – за вялікарускія, Аляксандр Карабач – за пошту і тэлеграф. Агулам пасадаў было 15 – гэта быў сапраўдны кабінет міністраў.

Гэты ўрад меў на мэце кіраванне Беларуссю, распрацоўку дзяржаўных актаў і дыпламатычныя зносіны. Аднак яго дзейнасць сутыкнулася з сурʼёзнымі цяжкасцямі: адсутнасцю рэальнай улады, недахопам фінансавых і арганізацыйных рэсурсаў. Фінансы, напрыклад, былі скрадзеныя немцамі.

25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, і Народны сакратарыят стаў першым урадам БНР. Народны сакратарыят сутыкнуўся з процідзеяннем з боку нямецкіх уладаў, якія не прызнавалі яго легітымнасць. У канцы 1918 года пасля прыходу бальшавікоў сітуацыя пагоршылася.

Нягледзячы на кароткі перыяд існавання, Народны сакратарыят заклаў асновы для фармавання беларускай дзяржаўнасці. Да стварэння БНР бальшавікі не прызнавалі існаванне беларускай нацыі, у той час як пасля абвяшчэння яны былі вымушаныя ствараць хоць і марыянетачную, але Беларускую ССР.


Беларусы і беларускі звярнуліся да Amazon Kindle Direct Publishing з просьбай дадаць беларускую мову ў электронны сервіс для публікацыі і продажу кніг📚

Падпісаць петыцыю можна па спасылцы.

«Мы, беларускамоўная супольнасць, просім Amazon KDP дадаць беларускую мову і даць людзям магчымасць легальна і зручна выдаваць і прадаваць кнігі на па-беларуску», – звяртаюцца да Amazon аўтары петыцыі.

Kindle Direct Publishing – гэта платформа Amazon для публікацыі электронных кніг, запушчаная ў 2007 годзе адначасова з першай прыладай Amazon Kindle. Сэрвіс дазваляе аўтарам і выдаўцам публікаваць свае кнігі без папярэдніх фінансавых укладанняў, самастойна і любым накладам.

14 last posts shown.