Аднаго дня да Клімковіча ў хату прыйшлі барысаўскія паліцыянты ў хату й кажуць:
Перадайце калі ласка спадару Клімковічу, што яго на заўтра чакае ў сябе бурмістар Барысава.
А тады бурмістрам быў Станкевіч. Гэта прапанова, ад якой адмовіцца практычна немагчыма.
Назаўтра Клімковіч надзеў стройчык, гальштук, капялюш і прыходзіць да Станкевіча. Той пытаецца:
– Чым зараз займаецеся, спадар Клімковіч?
– Пішу, – кажа, – гістарычную п’есу.
– Цудоўна, – кажа Станкевіч, – мы якраз арганізуем у Барысаве тэатр, будзе, што ставіць на прэм’еру.
Клімковіч кажа:
– Разумееце, спадар Станкевіч, у мяне дачка ў эвакуацыі. Што будзе зь ёй, калі пойдзе п’еса? Я не магу пайсьці на гэта.
Станкевіч кажа:
– Канешне, разумею. Не выпадае супрацоўнічаць. Тады адзінае, што магу прапанаваць, гэта – ідзеце да партызанаў (да іх лётаюць самалёты з Масквы), перакажыце нашую размову, і тады яны Вас пераправяць у Маскву, бо далей ужо я Вас ахоўваць не змагу.
Клімковіч падзякваў, хацеў сысьці, а той кажа:
– Толькі капялюш, калі ласка, пакіньце.
Клімковіч вярнуўся, і сапраўды ўсё так і здарылася. Пайшоў да партызанаў, дамовіўся, што яго й жонку пераправяць у Маскву, і зьляцелі адной ноччу.
А ў тую ж самую ноч Станкевіч паслаў на балота барысаўскіх паліцыянтаў, і тыя прастрэлілі некалькі разоў дзедаў капялюш і сказалі, што, нібыта, калі Клімковіч уцякаў да партызанаў, яны стралялі… Ужо для немцаў была адмазка. І вось толькі прастрэляны капялюш…
Вось такая амаль калядная гісторыя 42-га году пра беларусаў, якія апынуліся па розныя бакі, але ўсё адно засталіся добрымі й чалавечнымі адзін да аднаго.
На першым здымку — Міхась Клімковіч.
На другім — Станіслаў Станкевіч (з правага боку) разам з Мікалаем Шчорсам і Натальляй Арсеньневай падчас шпацыру ў Вільні. Другая палова 1930-х гг.