Naračanščyna | Нарачанскі край


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Edutainment


Naračanščyna — краязнаўчы канал пра Мядзельскі раён. Тут вас чакаюць цікавыя гістарычныя факты, сустрэчы з велічнай прыродай і вандроўкі па знакамітаму Нарачанскаму краю!
Сувязь/рэклама: @Narachanski_bot
Вашы ўспаміны: @vashy_uspaminy_itp_bot

Related channels  |  Similar channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Edutainment
Statistics
Posts filter


🎄Успаміны Анэлі Катковіч пра святкаванне Калядаў у Будславе ў 1920-х гадах:

«З вялікай прыемнасцю ўспамінаю зіму й калядныя святы, а таксама запусты. Нейкі месяц да Каляд цэлымі вечарамі клеілі мы розныя цацкі на ёлку. У краме куплялі ўсялякія галоўкі анёлаў, Зюзяў, зоркі, каляровую паперу й пачыналі рабіць ланцугі, розныя цацкі, спяваючы пры гэтым калядкі.

Успамінаючы родны дом адразу перад вачыма бачу Каляды, асабліва куццю, калі ўбіралі мы ёлку й прыгатаўлялі ўрачыстую вячэру. На стол клалі сена й накрывалі белым абрусом. Калі на небе паказалася першая зорка, садзіліся мы за стол, ламаліся аплаткам і пачыналі вячэраць. Мусела быць дванаццаць страў. Найперш ішлі селядцы й рыба, далей боршч з вушкамі, потым куцця, сліжыкі, кісель белы, аўсяны й журавінавы, кампот і г.д. Пасля вячэры запальвалі на ёлцы свечкі й пачыналі спяваць калядкі. Апоўначы ішлі ў касцёл на пастэрку. На першы дзень святаў, пасля снедання, пачыналі йграць у арэхі, дзе трэба было адгадаць, ці хто мае ў руцэ цотку ці лішку.»


Скаўцкая каманда ў Свіры

⚜ Рух скаўтаў узнік у 1907 годзе ў Вялікабрытаніі і стаў папулярным у розных частках свету. Падлеткаў-скаўтаў на свежым паветры вучылі карыстацца зброяй, выжываць у лесе, арыентавацца на мясцовасці. У міжваенны перыяд польскае скаўцтва ператварылася ў магутны моладзевы рух. Перад Другой сусветнай Саюз польскіх Харцэраў налічваў 200 тыс. чалавек

⛺️ Скаўцтва актыўна дзейнічала і ў Свіры, што адлюстравана на 3 фотаздымках з архіва Дануты Зіленас:

• Скаўцкія (харцэрскія) каманды ў Свіры падчас цырымоніі прынясення прысягі, 1923 г.

• Свірская скаўцкая каманда ім. Эміліі Плятэр, вучні школы разам з настаўнікамі і святаром, 1935 г. Мяркуючы па чорнай нарукаўнай павязцы ў настаўніка, здымак зробены падчас усепольскай жальбы з нагоды смерці Юзафа Пілсудскага.

• Скаўцкая дружына ім. Эміліі Плятэр, каля 1935 г. У каментарах будзе пералік асобаў, размешчаных на апошнім фотаздымку

✏️ Будынак школы ў Свіры, 1934 г.

501 1 10 5 26

Брукаванка ў вёсцы Гарадзішча

Гэтая брукаваная вуліца была часткай старой дарогі на Сваткі. Яна абмінае Гарадзішчанскія могілкі і далей ідзе ў лес.


У Княгініне сёння прайшла цырымонія пахавання астанкаў жанчыны-ваяра Рускай імператарскай арміі часоў Першай сусветнай вайны

🪖 Адшукалі іх так: пры правядзенні земляных работ у двары дома па вуліцы Маладзёжнай знайшлі астанкі, а таксама жалезны кацялок, фрагмент рамня са спражкай воіна Рускай імператарскай арміі і казырок фуражкі. У выніку судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што астанкі належаць жанчыне ўзростам ад 22 да 25 гадоў.

(Крыніца: Нарачанская Зара)


Гарадзішча ў вёсцы Гарадзішча

Пляцоўка гарадзішча авальнай формы, памерамі 36 х 62 м. Яно ўзвышаецца над наваколем на 8-10 метраў, таму адсюль адкрываецца цудоўны від.

Гэты помнік даследавалі Мітрафанаў і экспедыцыя БДУ пад кіраўніцтвам Загарульскага. Знойдзеныя матэрыялы адносяцца да дзвюх культур: штрыхаванай керамікі і банцараўскай.

Гарадзішча ўзнікла ў 6 ст. да н.э. і было ўмацавана драўлянай сцяной па краі пляцоўкі. У 3 - 4 стагоддзях н.э. жыццё тут спынілася. Пазней гарадзішча было перабудавана і пераўтворана ў крэпасць на выпадак ваеннай небяспекі жыхарамі селішча, што было побач з гарадзішчам. У такой якасці гарадзішча выкарыстоўвалася да 8 стагоддзя нашай эры.


Стараверская царква ў Свіры
2024 і 1934 год

Пабудаваная на рубяжы 19—20 стагоддзяў. Па знешняму выгляду будынак нагадвае звычайную жылую хату. Толькі дзве невялікія вежы выдаюць, што гэта храм.

У міжваенны час у Свіры было ўсяго каля некалькіх дзясяткаў сем'яў стараабраднікаў. Яны жылі ў невялікім анклаве на ўскраіне Свіры.

Свірскія яўрэі ўспаміналі старавераў так:
"Стараверы жылі на Слабадской вуліцы. Гэта былі мускулістыя мужчыны з доўгімі бародамі. Царква, у якую яны хадзілі, стаяла ў канцы вуліцы."


#сучаснасцьvsмінуласць


Карчма ў Свіры
2024 і 1917 год

У савецкі час тут размяшчалася паліклініка. Асаблівая разынка гэтага будынка — унікальныя разныя дзверы. Пра іх мы ўжо рабілі пост.

#сучаснасцьvsмінуласць


Замалёўкі Мядзела з натуры мастака Уладзіміра Лукшы

З кнігі "Нарачанскія ваколіцы", 1991 г.


6 снежня 1800 года ў Крывічах нарадзіўся Язэп Ходзька — геадэзіст, географ.

Прадстаўнік славутай сям'і Ходзькаў. Атрымаў ад бацькоў выдатную адукацыю, пазней вучыўся ў Віленскім ўніверсітэце, які скончыў у 1821 г. Займаўся ў асноўным астраноміяй і геадэзіяй.

Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у таварыстве філаматаў, паступіў на службу ў расійскую армію, дзе быў залічаны ў Корпус ваенных тапографаў.

З-за сувязі Ходзькі з лідарамі паўстання 1830-1831 гадоў, яго накіравалі на правядзенне тапаграфічных работ на Поўдні. З 1839 служыў на Каўказе. Пісаў працы па геадэзіі і вайсковай тапаграфіі.

Адзін з аб'ектаў ЮНЭСКА ў Беларусі, Дуга Струвэ, пачаўся з градусных вымярэнняў, якія выканаў уласна Язэп Ходзька. Сучасныя даследчыкі мяркуюць, што менавіта побач з Крывічамі быў першы геадэзічны пункт на тэрыторыі Беларусі, які ўдалося зафіксаваць. У гонар Язэпа Ходзькі ў яго родных Крывічах усталяваны камень з памятнай дошкай.


✈️ На самалёце да Нарачы — як можна было наведаць самае вялікае возера Беларусі раней

"Да возера Нарач можна трапіць з Мінска аўтобусам за 5 гадзін або самалётам за 50 хвілін"

(Ю.Кокараў. "Па рэках і азёрах Беларусі", 1975)

Даўжыня тагачаснай прамой аўтадарогі з Мінска праз Заслаўе і Маладзечна складала 150 кіламетраў. Пакуль даедзеш — вада паспее астыць. Таму ў цёплыя дні аматары адпачынку абіралі больш хуткі транспарт. Групу такіх людзей можна пабачыць на фота 1970 года (з архіваў Мядзельскага музея)

У в. Нарач (Кабыльнік) і па сённяшні дзень існуе вуліца Аэрадромная, якая калісьці вяла да аэрадрома. Памяць пра яго захоўваецца дагэтуль у жыхароў Мядзельшчыны: пры набыцці квіткоў на прыгарадных аўтобусных рэйсах, людзі, якім трэба даехаць да к.п. Нарач, часцей за ўсё гавораць "Купа" (былая назва пасёлка) альбо "аэрапорт". На колішнім месцы аэрадрома сёння знаходзіцца школа №2 курортнага пасёлка Нарач.


Усіх вітаю 👋

Наш краязнаўчы канал жыве дзякуючы вашым рэпостам, рэакцыям, а таксама энтузіязму двух адмінаў дадзенага праекта!

Наша адміністрацыя патрабуе і фінансавай падтрымкі, бо стваральнікамі пастоў з’яўляюцца звычайны школьнік і студэнт. Будзем вам вельмі ўдзячны, калі вы падтрымаеце праект фінансава 💸

🟢 Беларусбанк: 9112 3800 5247 9120
Дата карткі: 06/25


Большасць грошаў будзе ісці на развіццё праекта: вандроўкі, набыццё фотаздымкаў, стварэнне сайта. Цяпер мы збіраемся набыць цыфравую копію інвентара мядзельскага староства, таму просім вашай дапамогі

Той, хто кідае данат - пішыце ў каментары ці ў бот, аддзячым вам у канцы будучых пастоў



12 last posts shown.