Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Politics


Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org

Related channels  |  Similar channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Politics
Statistics
Posts filter


«Вы можаце бяспечна выказаць свой пратэст»

Арцём Брухан, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета, – да рэгіянальных чыноўнікаў Беларусі:

«На нашых вачах праходзяць так званыя "выбары" ў Беларусі – звычайная імітацыя, інструмент захавання ўлады састарэлым дыктатарам. Што адбываецца на месцах, лепш за іншых ведаеце менавіта вы, рэгіянальныя чыноўнікі.

Вы штодня сутыкаецеся з рэальнымі праблемамі людзей. І сёння, у момант, калі будучыня Беларусі стаіць перад пагрозай страты суверэнітэту, ваша роля асабліва важная. Пры гэтым чамусьці прапагандысты гавораць, што ў выпадку няўдач ва ўсіх праблемах вінаватыя вы, а не Лукашэнка.

Калі перамены прыйдуць – а яны непазбежныя, гісторыя гэта даказала шматкроць, – менавіта мясцовыя ўлады стануць ключавым звяном у працэсе аднаўлення краіны. Гэта магчымасць для вас стаць сапраўднымі лідарамі, блізкімі да людзей. Ва ўмовах транзіту ўлады і дэмакратычных перамен рэгіянальныя ўлады павінны атрымаць больш паўнамоцтваў і рэсурсаў для рэальнага вырашэння праблем на месцах.

Цяпер перад вамі стаіць выбар: застацца часткай сістэмы, якая працуе на знішчэнне даверу да інстытутаў улады і ў выніку сысці ў нябыт разам з ёй, ці ўжо сёння пачаць рыхтавацца да пабудовы Беларусі, дзе за меркаванне не саджаюць у турму і не звальняюць з працы за тое, што твой сваяк цікавіцца палітыкай, – Беларусі, дзе кожны чыноўнік працуе для людзей, а не супраць іх.

Вы можаце бяспечна выказаць свой пратэст супраць таго, што вас прызначаюць крайнімі за ўсе праблемы. Прыслухайцеся да галасоў сваіх суграмадзян. Пастаўце знак у графе «супраць усіх». А калі ў вас будзе магчымасць – зафіксуйце рэальныя вынікі для будучыні.

Падрабязней – па спасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=4WDp77bDLzQ

@CabinetBelarus


«Альтэрнатыва – без альтэрнатывы»

Юлія Міцкевіч, першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, – пра рыторыку «спойлераў» Лукашэнкі:

«Уявім на секунду, што гэта рэальныя выбары, а не зноў «бязвыбары». Уявім, што мы гатовыя паслухаць перадвыбарчыя прамовы так званых «альтэрнатыўных кандыдатаў і кандыдатак». Як бы мы да іх паставіліся? Калі б яны былі не проста «спойлерамі» Лукашэнкі, а рэальнай апазіцыяй?

Мае чаканні дакладна бы не апраўдалі.

Гэтая «апазіцыя» ігнаруе тэму гендарнай роўнасці – важную для любой сапраўды дэмакратычнай дзяржавы. Ні слова – аб роўных правах, магчымасцях і ўмовах для жанчын і мужчын, аб роўным размеркаванні паміж імі абавязкаў і адказнасці.

Барацьба за гендарную роўнасць у Беларусі цяпер «экстрэмізм» і, як той казаў, «тлятворны ўплыў Захаду, парушэнне традыцыйных і славянскіх каштоўнасцей і пагроза дэмаграфічнай і нацыянальнай бяспецы». Усё гэта рыфмуецца з рыторыкай Крамля і пуцінскага рэжыму, які лабіруе антыабортнае заканадаўства і ўжо прызнаў міжнародны рух ЛГБТК+ «экстрэмісцкай арганізацыяй».

«Спойлеры» Лукашэнкі тым часам прапануюць прытрымлівацца вузкіх гендарных роляў, вызначаць іх «са школьнай лавы» (цытата Сыранкова). Прапануюць вярнуцца да савецкіх працэдур разводаў, «выступаць за прапаганду культу сям'і ў рамках традыцыйных каштоўнасцей» (цытата Гайдукевіча). Усё гэта не адлюстроўвае разнастайнасці адносін, нават тых, што ўжо існуюць у беларускім грамадстве.

Адзіная «кандыдатка» Канапацкая ў сваёй перадвыбарнай праграме згадвае, што жанчына мае высокія шанцы быць абранай на пасаду прэзідэнткі. Але прапануе зменшыць тэрмін заканадаўча дазволенага ўзросту ўступлення ў шлюб для дзяўчат да 17 гадоў – і паўтарае словы іншых «кандыдатаў» пра важнасць мацярынства як галоўнай задачы для жанчыны. Па сутнасці тое ж самае мы чуем ад «першай крыніцы прапаганды» ўжо шмат гадоў.

Уся гэтая «альтэрнатыва» – адзін калектыўны Лукашэнка. Я супраць яго, і я супраць усіх іх.

Бо «альтэрнатыва» не прапануе захавання правоў, пашырэння магчымасцей, актыўнага палітычнага ўдзелу. «Альтэрнатыва» не патрабуе адмены абсурдных законаў аб крымінальнай адказнасці для чайлдфры. «Альтэрнатыва» не бачыць праблемы хатняга гвалту, маўчыць аб правах уразлівых груп і не збіраецца будаваць дзяржаву, дзе сацыяльная справядлівасць – каштоўнасць.

Бо альтэрнатыва – без альтэрнатывы. Бо выбары – без выбару. І калі ўжо на іх давядзецца пайсці, то «супраць усіх».

#бязвыбары2025

@CabinetBelarus


Павел Латушка звярнуўся да беларусаў напярэдадні «перавыбараў» Лукашэнкі, прызначаных на 26 студзеня

«Многія з вас не прымаюць таго, што адбываецца ў нашай краіне. Многія з вас у 2020 годзе галасавалі за перамены, выходзілі на мірныя акцыі пратэсту. У вас была надзея. Але Лукашэнка самым цынічным чынам скраў гэтую надзею.

Я ведаю, што зараз вы вымушаны маўчаць, але не таму што вы змірыліся ці пагадзіліся з тым, што адбываецца. Вы маўчыце дзеля свабоды і бяспекі сваіх дзяцей і бацькоў. Але я ведаю, што вы па-ранейшаму верыце ў лепшае, спадзяецеся на змены ў нашай краіне.

Вы бачыце як некаторыя з вашых калег былі звольненыя за сваё меркаванне, за сваю грамадзянскую пазіцыю. Нехта ўжо з’ехаў з Беларусі ці збіраецца. Вы бачыце, як установы, у якіх вы працуеце, напоўнілі ідэалагічнай мішурой: праводзяць ідэалагічныя зборы, лекцыі і іншую бязглуздзіцу. Вы змушаны ўдзельнічаць у гэтым глупстве для галачкі, хоць у душы вядома не прымаеце ўсяго гэтага.

Вы бачыце, што закон у Беларусі не працуе. Дабіцца праўды і справядлівасці стала практычна немагчыма, бо праўда і справядлівасць сталі экстрэмізмам і тэрарызмам. Вы бачыце, што вашае матэрыяльнае становішча не паляпшаецца. Так, вам патроху індэксуюць заробак, але гэтага наўрад ці хапае, каб пакрыць рост коштаў. Разлічваць на нешта больш вы проста не можаце.

Але я ведаю, што ў вас ёсць сваё меркаванне. Я ведаю, што вы не згодныя з тым, што робіць Лукашэнка з нашай краінай. І прапаную бяспечна выказаць свой пратэст паставіць знак у графе «супраць усіх»!

І вялікая просьба: за мяне пастаўце. І за тых, хто апынуўся за межамі нашай Беларусі. Мы з вамі!».

#бязвыбары2025

@CabinetBelarus


«Падарунак за кошт будучыні»

– Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская адрэагавала на падпісанне Лукашэнкам указа аб павышэнні пенсій:

«З 1 лютага пенсіі ў Беларусі павялічацца ў сярэднім на 10%. На гэта выдаткуюць 196 мільёнаў рублёў, а агульныя выдаткі на пенсіі ў лютым складуць 2,2 мільярды. На першы погляд – добрыя навіны. Але варта зірнуць глыбей.

Падобныя рашэнні – відавочная спроба Лукашэнкі захаваць вернасць сваёй галоўнай электаральнай групы: пенсіянераў, людзей, залежных ад бюджэту. І гэта не выпадкова. Такі перадвыбарчы ход ужо стаў традыцыяй за яго 30 гадоў ва ўладзе.

Але ці сапраўды павышэнне пенсій палепшыць жыццё? Праўда ў тым, што нават надбаўка ў 10% будзе адчувацца нядоўга. Рост цэн і інфляцыя хутка яе «з’ядуць».

У выніку людзі апынуцца ў тым жа, а магчыма, і ў горшым становішчы. Бо менавіта рэжым Лукашэнкі падарваў эканоміку Беларусі: падтрымка агрэсіі супраць Украіны і міжнародная ізаляцыя зрабілі сваё.

Тое, што некаторыя пенсіянеры сёння ўспрымуць як паляпшэнне, магло быць значна больш адчувальным без Лукашэнкі.

Пры гэтым дзеці і ўнукі цяперашніх пенсіянераў застаюцца закладнікамі сістэмы, дзе няма месца для развіцця, а эканамічныя перспектывы ўсё больш змрочныя.

Дык ці варта дзякаваць за «падарунак» за кошт будучыні? Бо за яго плацяць будучыя пакаленні»

#бязвыбары2025

@CabinetBelarus


Ад кандыдатаў на навучанне ў Польшчы не будуць патрабавацца вынікі экзаменаў ЦТ і ЦЭ – з 1 ліпеня 2025 года

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета атрымала афіцыйны адказ на запыт адносна прызнання адукацыі, атрыманай у Беларусі, для паступлення на навучанне ў Польшчы.

Адказ быў прадстаўлены спецыялістамі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы паводле даручэння дырэктаркі Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Клаўдыі Торэс-Бартызель.

«Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы зрабіла прапанову ў праект закона, які рыхтуе МЗС. Згодна з гэтым, Міністэрства адукацыі змяняе некаторыя законы, каб ліквідаваць парушэнні ў візавай сістэме і норму, якая дазволіць асобам з Беларусі паступаць на навучанне ў Польшчы паводле правіл, якія дзейнічалі да дэнансацыі Пагаднення. Ад кандыдатаў на навучанне ў Польшчы не будуць патрабавацца вынікі экзаменаў ЦТ і ЦЭ», – сказана ў лісце.

Нагадаем, што гаворка ідзе пра аднабаковую дэнансацыю Беларуссю пагаднення паміж урадамі Польшчы і Беларусі аб прызнанні эквівалентнасці ў сферы вышэйшай адукацыі, роўнасці навуковых ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва. Гэта прывяло да змены ўмоў паступлення грамадзян Беларусі на навучанне ў Польшчы з 3 лістапада 2023 года, з-за чаго цяпер разам з заявай абітурыент павінен прадставіць у кураторыюм асветы дакумент, які пацвярджае здачу экзаменаў ЦТ і ЦЭ з улікам тэрміну іх дзеяння – для прызнання права на паступленне ў польскія ВНУ.

Новы закон уступіць у сілу 1 ліпеня 2025 года. Заявы, пададзеныя ў кураторыюм асветы і не разгледжаныя да 30 чэрвеня 2025 года, будуць разглядацца з улікам гэтых змен. Акрамя таго, з 1 ліпеня пытанні, звязаныя з прызнаннем права на паступленне ў польскія ВНУ, будуць перададзеныя ў кампетэнцыю Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену (NAWA).

Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета: «Мы вельмі ўдзячныя польскаму боку за разуменне тых цяжкасцей, з якімі сустракаюцца студэнты з Беларусі пры спробе падаць дакументы ў польскія навучальныя ўстановы, і ўхваляем гэтыя канкрэтныя крокі да дэмакратызацыі патрабаванняў. Безумоўна для многіх маладых беларусаў выбар еўрапейскай адукацыі на сёння застаецца вельмі пажаданай опцыяй, паколькі забяспечвае большыя кампетэнцыі і дае лепшыя жыццёвыя перспектывы. Мы застаемся ў далейшай камунікацыі з профільнымі міністэрствамі Польшчы для вырашэння іншых пытанняў, звязаных з інтарэсамі і патрэбамі беларускіх грамадзян. Для тых студэнтаў, хто сёння апынуўся ў складанай сітуацыі праз нястачу належных дакументаў, з’явілася надзея на яе хуткае выпраўленне».

@CabinetBelarus


Кіраўніца Кабінета здзейсніць візіт у Давос

Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у асноўнай праграме Сусветнага эканамічнага форуму (WEF) па асабістым запрашэнні прэзідэнта WEF. Мэта візіту – прыцягнуць увагу сусветных лідараў да крызісу ў Беларусі, падкрэсліць нелегітымнасць рэжыму Лукашэнкі і мабілізаваць міжнародную падтрымку дэмакратычных перамен у нашай краіне.

Кіраўніца Кабінета стане спікеркай у панэльнай дыскусіі «Мір праз сілу» разам з прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам, прэм’ер-міністрам Швецыі Улфам Крыстарсанам і камандуючым аб’яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе генералам Крыстаферам Кавалі.

Дыскусія будзе прысвечана пытанням бяспекі ва Усходняй Еўропе. Кіраўніца Кабінета акцэнтуе ўвагу на нелегітымнасці Лукашэнкі, важнасці падтрымкі перамен і ўплыве Беларусі на рэгіянальную стабільнасць.

Дэмакратычная лідарка сустрэнецца з прэзідэнтам Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам: запланавана абмеркаванне рэгіянальнай бяспекі, міжнароднай каардынацыі і непрызнання нелегітымных выбараў у Беларусі.

Таксама Святлана Ціханоўская выступіць з прамовай пра ролю жанчын у стварэнні будучыні Беларусі падчас панэлі «Сусветныя лідаркі ў Давосе».

У графіку – сустрэча з Джымі Уэйлсам, заснавальнікам Wikipedia, прысвечаная барацьбе з дэзінфармацыяй, падтрымцы незалежных медыя і дакладнаму асвятленню сітуацыі ў Беларусі.

Кіраўніца Кабінета возьме ўдзел у круглым стале IGWEL «Вяртанне геапалітыкі жорсткай сілы» і далучыцца да дыскусіі пра выклікі рэгіянальнай бяспекі і ролю Беларусі.

Запланаваная сустрэча з міністрам замежных спраў Францыі Жанам-Ноэлем Баро, на якой будзе абмяркоўвацца ўзмацненне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і гуманітарная дапамога Беларусі.

Падчас мерапрыемстваў для медыя (Washington Post, Foreign Policy, CNBC) Ціханоўская распавядзе пра сітуацыю з палітзняволенымі ў Беларусі, узмацненне рэпрэсій і неабходнасць міжнароднай салідарнасці ў барацьбе за свабодную Беларусь.

@CabinetBelarus


Forward from: Светлана Тихановская
Святлана Ціханоўская – на мерапрыемстве ўшанавання памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў

Чарговую гадавіну пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага беларуская лідарка адзначыла ўшанаваннем могілак яго ўдзельнікаў.

Святлана Ціханоўская:

«Гэты дзень заўсёды адчуваецца значным і сакральным. Нягледзячы на цяжкі лёс тых, хто больш за 160 гадоў таму змагаўся за незалежнасць і свабоду, гэтая дата нясе ў сабе шмат надзеі і моцы. Мы ўсё яшчэ тут: памятаем і шануем спадчыну нашых герояў. Нашая барацьба за самастойную дзяржаву і права беларусаў самастойна вызначаць свой лёс – гэта працяг таго вялікага шляху, які пачалі яны.

Гэтая памяць, аднак, выходзіць за рамкі толькі нацыянальнай гісторыі. Паўстанне супраць царскага прыгнёту стала сімвалам супольнай барацьбы беларусаў, палякаў і літоўцаў. Гэтае адзінства нагадвае: нават у цяжкія часы мы знаходзім сілы для салідарнасці і агульнага супраціву.

Мы праз стагоддзі застаёмся ўдзячнымі Кастусю Каліноўскаму і ўсім паўстанцам за смеласць і самаахвярнасць. І мы ведаем, што нашыя нашчадкі будуць гэтак жа ўдзячныя ўсім беларусам, што працягваюць змагацца за агульную будучыню, свабоду і мір».


Мы разлічваем на падтрымку ўрада Украіны ў пытанні прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі

Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка падзяліўся з украінскім выданнем Zahidfront бачаннем ролі Украіны ў прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці і чаканнямі на 2025 год:

«З 1 студзеня 2025 года Украіна стала членам Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Гэта адкрывае магчымасць падтрымаць ініцыятыву Літвы па выдачы ордара на арышт Лукашэнкі. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасці, ваенных злачынствах, незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей і іх прымусовай індактрынацыі. Дыктатар павінен панесці адказнасць за агрэсію, у тым ліку падтрымку вайны Расіі супраць Украіны.

Гэтыя злачынствы патрабуюць прававой рэакцыі, і мы маем намер дамагацца правасуддзя. Ордар на арышт Лукашэнкі стане магутным сігналам для яго атачэння: эліты павінны абраць – падтрымліваць дыктатара або павярнуцца да беларускага народа. Гэта здольна запусціць працэсы змен унутры краіны. Мы разлічваем на падтрымку ўкраінскага ўрада ў гэтым працэсе
», – адзначыў Павел Латушка ў інтэрв’ю.

Якім будзе 2025 год для рэжыму?

«Агрэсіўныя дзеянні Лукашэнкі, у тым ліку і пагрозы суседзям, дэманструюць яго залежнасць ад Крамля. Паралельна ён спрабуе ўявіць сябе “гуманістам”, вызваляючы асобныя групы палітвязняў, каб наладзіць дыялог з Захадам. Але пакуль Расія вядзе вайну супраць Украіны, такім спробам наканаваны правал.

Рэжым Лукашэнкі працягне палітыку тэрору і кантролю, адначасова пагаршаючы эканамічную сітуацыю. Праблемы са знешнім гандлем і рост эміграцыі непазбежныя. Яшчэ адзін год з Лукашэнкам – гэта крок назад для Беларусі, але дэмакратычныя сілы рыхтуюцца да транзіту ўлады.

Сітуацыя ў эканоміцы будзе пагаршацца, знешнегандлёвыя праблемы могуць абвастрыцца, эміграцыя працягнецца. На жаль, чарговы год з Лукашэнкам – гэта чарговы крок назад для Беларусі. Тым не менш, дэмакратычныя сілы рыхтуюць сітуацыю да моманту, каб ажыццявіць транзіт улады ў краіне. Усім відавочна, што Лукашэнка – чалавек мінулага, а знішчыць імкненне беларусаў да перамен яму не ўдалося і не атрымаецца».

@CabinetBelarus


Новы ўрад Літвы падтрымлівае прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці

Адказнасць рэжыму Лукашэнкі – адзін з прыярытэтаў для новага ўрада Літвы, падкрэсліла намесніца міністра замежных спраў Літвы Габіяй Грыгайтэ-Даўгірдэ падчас сустрэчы ў Вільні з намеснікам кіраўніцы Кабінета, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.

У папярэднім урадзе Габія Грыгайтэ-Даўгірдэ займала пасаду намесніцы міністра юстыцыі Літвы і адказвала за тэматыку МКС.

Падчас сустрэчы абмеркаваны:

▪️перспектывы далейшага расследавання беларускай сітуацыі ў Міжнародным крымінальным судзе;

▪️магчымасці выкарыстання Маскоўскага механізму АБСЕ як дапаможнага інструмента для прасоўвання пытанняў адказнасці;

▪️альтэрнатыўныя магчымасці прыцягнення да адказнасці Рэспублікі Беларусь за парушэнне міжнародных абавязацельстваў;

▪️пытанні санкцыйнай палітыкі: прадстаўніца Літвы адзначыла прыярытэтнасць працягу і ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі.

У кантэксце абмеркавання непрызнання выбарамі фарсу, які арганізуецца рэжымам Лукашэнкі 26 студзеня, намесніца міністра замежных спраў падкрэсліла, што Літва «не называе гэта выбарамі», што з’яўляецца прынцыповай пазіцыяй.

Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць працягнуць рэгулярныя кантакты, у тым ліку па пытаннях перадачы матэрыялаў па ўвядзенні дадатковых санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, і правесці сустрэчу з Дэпартаментам МЗС, які адказвае за санкцыйную палітыку. Таксама запланавана працягнуць узаемадзеянне і каардынацыю дзеянняў па пытаннях прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа.

@CabinetBelarus


Ці мае права рэжым Лукашэнкі называць Беларусь сацыяльнай дзяржавай?

Ірына МакЛейн, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, – аб праблемах у сацыяльнай сферы і шляхах да сацыяльнай справядлівасці:

«26 студзеня нам ізноў давядзецца назіраць за спектаклем, які Лукашэнка называе "выбарамі". Але пакуль улады імкнуцца стварыць ілюзію "легітымнасці" і "стабільнасці", рэальныя праблемы застаюцца без увагі. Ці мае права рэжым ганарыцца статусам Беларусі як сацыяльнай дзяржавы, калі рэпрэсіі, гвалт і палітвязні сталі яе сумнай візітоўкай?

Замест наладжвання годнага жыцця пенсіянераў, настаўнікаў, дактароў, людзей з інваліднасцю, барацьбы з хатнім гвалтам і падтрымкі ягоных ахвяр, рэжым фінансуе рэпрэсіўны апарат. У дзяржСМІ пішуць пра важныя сацыяльныя ініцыятывы, але яны аказваюцца толькі разавымі акцыямі і становішча не мяняюць. Тым часам беларусы талакою збіраюць грошы на чарговую дарагую аперацыю для хворага дзіцяці – у тым ліку праз "экстрэмісцкія рэсурсы".

У сацыяльна арыентаванай дзяржаве існуюць эфектыўныя механізмы падтрымкі ўразлівых груп: дастойныя пенсіі, якасная медыцына, дапамога ў крызісных сітуацыях… У сацыяльна арыентаванай дзяржаве не знішчаюць НДА, што змагаюцца за інтарэсы самых розных людзей і чуюць голас грамадства. У сацыяльна арыентаванай дзяржаве не ліквідуюць медыя і не саджаюць блогераў, якія задаюць нязручныя пытанні чыноўнікам. Не "адціскаюць" маёмасць, не адбіраюць бізнес, не забіваюць людзей у турмах, не трымаюць зняволеных інкамунікада. У сацыяльна арыентаванай дзяржаве людзі не залежаць ад паказушных ініцыятыў.

За 30 гадоў ва ўладзе Лукашэнка добра навучыўся маніпуляваць лічбамі – у некаторых рэйтынгах Беларусь выглядае няблага. Але там наверсе часта «падмалёўваюць» ці хаваюць статыстыку. Гэта стала відавочна яшчэ падчас пандэміі каранавіруса, калі медыкі і пацыенты засталіся сам-насам са сваімі праблемамі.

Напярэдадні "бязвыбараў" рэжым раздае "падачкі" пад выглядам "клопату пра людзей". Па факце гэта проста спроба ўтрымаць кантроль. Сацыяльная палітыка – сістэмная з’ява і не трымаецца на волі аднаго чалавека, які вырашыў "спыніць цэны" ці ў зручны для сябе момант падняць пенсіі. Чалавека, які працягвае ігнараваць патрэбу ў рэформах і шукаць "прагрэс" у савецкім мінулым.

Рэформы могуць стаць падмуркам для эфектыўнай новай сістэмы, над чым мы зараз і працуем. Бо беларусы вартыя лепшага, Беларусь заслугоўвае быць сацыяльнай дзяржавай, а не проста мець гэты прапагандысцкі статус. І яна ёй будзе».

#бязвыбары2025

@CabinetBelarus


Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснік Павел Латушка сустрэліся з новым міністрам юстыцыі Літвы Рымантасам Москусам

Абмеркавалі прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, падтрымку літоўскага звароту ў Міжнародны крымінальны суд і ўзаемадзеянне з іншымі краінамі ў пытаннях адказнасці. Дамовіліся аб устанаўленні пастаяннай камунікацыі паміж Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Міністэрствам юстыцыі па гэтых напрамках.

Кіраўніца Кабінета падзякавала Літве і яе ўраду за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. Міністр запэўніў, што дэмакратычная і незалежная Беларусь – адзін з прыярытэтаў новага ўрада.

Святлана Ціханоўская: «Я ўдзячная міністру юстыцыі за прынцыповасць, паслядоўнасць і смеласць. Упэўненая, разам мы зможам дасягнуць многага для аднаўлення законнасці і справядлівасці ў Беларусі і прыцягнення злачынцаў рэжыму да адказнасці».

Павел Латушка: «Гэта першая сустрэча з новым міністрам юстыцыі Літвы. Фактычна на другім тыдні сваёй працы ён прапанаваў абмеркаваць магчымае супрацоўніцтва па актуальных пытаннях. Галоўнай тэмай стала далейшае ўзаемадзеянне, звязанае з перадачай Літвой звароту ў Міжнародны крымінальны суд па расследаванні беларускай сітуацыі, датычнай трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці.

Важна падкрэсліць: Літва будзе працягваць – і гэта адзін з прыярытэтаў новага ўрада – сваю праактыўную дзейнасць, каб Лукашэнка і яго хаўруснікі былі прыцягнутыя да адказнасці з выкарыстаннем розных міжнародных інструментаў.

Акрамя таго, 30 пазаўрадавых арганізацый выказалі гатоўнасць перадаваць у адрас пракурора МКС інфармацыю, якая пацвярджае здзяйсненне рэжымам злачынстваў супраць чалавечнасці трансгранічнага характару, як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін Еўрасаюза»

@CabinetBelarus


Forward from: Светлана Тихановская
Святлана Ціханоўская абмеркавала сітуацыю з палітвязнямі з намеснікам дзяржсакратара ЗША

Увечары 16 студзеня беларуская лідарка правяла тэлефонную размову з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША Куртам Кэмпбэлам.

Дыялог датычыўся апошніх навінаў пра беларускіх палітвязняў – і магчымых крокаў, якія могуць спрыяць іх вызваленню.

Акрамя гэтага, бакі абмеркавалі:

📌 працяг Стратэгічнага дыялогу паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ЗША;  

📌 супрацоўніцтва з новай адміністрацыяй ЗША;

📌 пашырэнне міжнароднага ўзаемадзеяння;

📌 праграмы абменаў і стыпендыяў для беларусаў. 


«Чаго хоча Лукашэнка?»

Каментарый намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі:

«Я ўжо неяк казаў, што шукаць у хаатычных дзеяннях дыктатара нейкія таемныя пасланні ці сігналы і спрабаваць іх расшыфроўваць – няўдзячны і, мабыць, бессэнсоўны занятак. Адказ на пытанне "Чаго хоча Лукашэнка?" даволі просты.

Ён хоча ўсё ці нічога. Альбо ён захоўвае абсалютную ўладу, не нясе ніякай адказнасці і з яго рэжыму здымаюцца ўсе санкцыі, альбо гары Беларусь і яе незалежнасць сінім полымем.

Ён не хоча ніякага дыялогу ні з Захадам, ні тым больш з "беглымі", што б ён там ні пісаў у сваёй "перадвыбарнай праграме". Ён не жадае сустрэцца нават пасярэдзіне. Усё ці нічога.

Але ці хочуць таго ж беларусы, прычым нават з яго блізкага атачэння? Дакладна не. І яго словы пра "чакаюць, калі здохну – не дачакаецеся" накіраваныя да іх сапраўды гэтак жа, як і да нас, дэмакратычных сіл.

Бо і мы, і яны хочам, каб яго не было. Бо беларусы заўсёды дамовяцца з беларусамі. Беларус беларусу – беларус, а Лукашэнка беларусу – костка ў горле.

Таму давайце спыняць думаць аб тым, чаго хоча Лукашэнка. І пачнем думаць і казаць пра тое, чаго хочам мы, беларусы. Па абодва бакі мяжы і абодва бакі палітычных барыкад».

@CabinetBelarus


Непрызнанне «бязвыбараў», пытанні вызвалення палітвязняў, падтрымка беларусаў у вымушанай эміграцыі

15 студзеня ў Бруселі адбыўся другі Міжпартыйны форум «8+100», які аб’яднаў больш за 100 палітычных партый Еўропы і 8 беларускіх палітычных суб’ектаў, ліквідаваных рэжымам Лукашэнкі.

На форуме ўдзельнікі абмеркавалі ключавыя праблемы, якія стаяць перад беларускай грамадскасцю, у тым ліку пытанні, звязаныя з бязвыбарамі 2025 года, вызваленнем палітычных вязняў і падтрымкай беларусаў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі.

У дыскусіі прынялі ўдзел дэпутаты Еўрапарламента (у тым ліку кіраўніца дэлегацыі па Беларусі Еўрапарламента Малгажата Гасеўска), якія прадставілі пазіцыі асноўных палітычных актараў ЕС, а таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных структур, якія падзяліліся сваімі прапановамі адносна далейшых сумесных дзеянняў з еўрапейскімі палітыкамі.

Прысутным быў адрасаваны відэазварот кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай.

Удзел у мерапрыемстве прыняў прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка. У выступленні ён падкрэсліў, што спробы рэжыму «перагарнуць старонку і аднавіць легітымнасць» праз бязвыбары 2025 года не маюць перспектыў. Уладзімір Астапенка адзначыў, што большасць дэмакратычных краін лічыць гэты працэс несвабодным, закрытым і несправядлівым, а таму ён не можа прывесці да пазітыўных вынікаў для нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі.

Форум «8+100» – гэта адносна новая пляцоўка для ўзаемадзеяння еўрапейскіх партый па беларускім парадку дня. 6 снежня 2023 года яны заявілі рэжыму Лукашэнкі аб тым, што разглядаюць беларускія дэмакратычныя партыі як легітымных прадстаўнікоў беларускага народа і партнёраў.

Фота: @parlamentbel

@CabinetBelarus


Forward from: Светлана Тихановская
26 студзеня збіраемся разам!

Пакуль у Беларусі будуць праходзіць «выбары» – палітычны фарс, вынік якога загадзя вядомы, у Варшаве сустрэнуцца вольныя беларусы і беларускі.

Гэта магчымасць нагадаць сабе і адно аднаму, што нас шмат, што мы працягваем змагацца супраць рэпрэсіяў і беззаконня, умеем падтрымліваць і натхняць. І што беларусы #ГодныяЛепшага ☀️

Расклад на 26 студзеня (Варшава):

🔻МАШТАБНЫ МАРШ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСАК «НЕ МОЙ ВЫБАР»

Маршрут: «Plac Trzech Krzyży – Pomnik Kopernika – Plac Zamkowy»

12:00 – сустракаемся на Plac Trzech Krzyży (выступы спікераў)
12:15 – старт марша з Plac Trzech Krzyży
12:35 – прамежкавая кропка: Pomnik Kopernika (выступы спікераў)
13:15 – прыходзім у канчатковую кропк
у: Plac Zamkowy
13:15-13:45 – выступы спікераў і музыкантаў на Plac Zamkowy


🔻 ФОРУМ «БЕЛАРУСЫ ГОДНЫЯ ЛЕПШАГА»

Гэта пляцоўка, дзе лідары думак з розных сфераў падзеляцца сваімі думкамі пра будучыню Беларусі. Выступы спікераў у стылі TED дапоўняць музычныя нумары ад артыстаў.

📅 Дата: 26 студзеня, 14:00
🔗 Рэгістрацыя для гледачоў у Варшаве
🌎 Трансляцыя форуму будзе даступная па ўсім свеце

Далучайцеся! Будзем разам у гэты дзень!

❗️Увага! Мы клапоцімся пра вашую бяспеку. Імпрэзы 26 студзеня будуць публічнымі, і на іх будзе весціся здымка. Рэкамендуем выконваць меры засцярогі: скарыстайце маскі, шалікі і іншыя сродкі, каб засцерагчы сябе.

Сацыяльныя сеткі мерапрыемства:
📷 Instagram | 💬 Facebook | 📺 YouTube


«Дэмакратыя, законнасць і прававая дзяржава з’явяцца не ў межах аднаго-двух раёнаў, а на тэрыторыі ўсёй Беларусі»

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук адрэагаваў на заявы сакратара Савета бяспекі рэжыму Аляксандра Вальфовіча аб нібыта падрыхтоўцы дэмсіламі «ўзброенай аперацыі па захопе аднаго ці некалькіх памежных раёнаў Беларусі»:

«Мы бачым, што напярэдадні важных для рэжыму так званых электаральных падзей, спецслужбы перыядычна эксплуатуюць тэмы, звязаныя з устойлівасцю, бяспекай, стабільнасцю, спакоем і тым, як «знешнія ворагі» імкнуцца ўсё гэта зруйнаваць.

Заявы Вальфовіча, агучаныя ў інтэрв’ю праўладнаму медыя, – проста частка прапагандысцкай гульні.

Замест таго каб прызнаць рэальныя праблемы, якія стаяць перад краінай, ён займаецца стварэннем міфаў пра «захоп раёнаў» і «замежных баевікоў». Гэта не што іншае, як хлусня, накіраваная на апраўданне існавання паліцэйскай дзяржавы. А таксама гэта «падкормліванне» дыктатара дэзінфармацыяй, каб сілавікі маглі атрымаць сабе чарговыя зорачкі на пагоны.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет працуе выключна ў інтарэсах беларускага народа, і яго мэта – устанаўленне дэмакратыі, законнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі. І відавочна, што дэмакратыя, законнасць і прававая дзяржава з’явяцца не ў межах аднаго-двух раёнаў, а на тэрыторыі ўсёй Беларусі»

@CabinetBelarus


«Будучыня беларускай моладзі – пад ценем расійскага ўплыву?»

Маргарыта Ворыхава – пра пагрозы, якія нясе Дарожная карта па моладзевай палітыцы Беларусі і Расіі на 2025–2027 гады, падпісаная ў снежні 2024 года:

«Як прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета я не магу не выказаць перасцярогі. Гэты дакумент нібыта абяцае адкрыць новыя магчымасці для моладзі абедзвюх краін, але ў рэчаіснасці з’яўляецца чарговым крокам да падпарадкавання беларускай моладзі інтарэсам Крамля і нелегітымнага Лукашэнкі.

Дакумент пагражае:

1️⃣ Ідэалагічнай канформнасцю. Карта прадугледжвае «грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне» з агульнымі з Расіяй гістарычнымі наратывамі. Беларуская моладзь, якая яшчэ ўчора смела выходзіла на пратэсты і патрабавала перамен, сёння сутыкаецца з рызыкай ператварэння ў інструмент умацавання рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.

Падобныя працэсы ўжо назіраліся. Напрыклад, у Крыме пасля анексіі 2014 года расійскія моладзевыя арганізацыі актыўна прасоўвалі праўладную ідэалогію, арганізоўвалі адпаведныя мерапрыемствы і абмяжоўвалі дзейнасць незалежных моладзевых ініцыятыў.

2️⃣ Эрозіяй ідэнтычнасці. Прыярытэт «агульнай культурнай спадчыны» вядзе да знішчэння беларускай ідэнтычнасці. Выцясненне беларускай мовы, скарачэнне прасторы для нацыянальнай культуры, маргіналізацыя беларускіх інтэлектуалаў – гэта не проста выпадковасць, а свядомы падрыў асноў нашай дзяржаўнасці.

3️⃣ Эканамічнай залежнасцю. Ініцыятывы па «прафесійным развіцці» звязваюць беларускую моладзь найперш з расійскай эканомікай.

4️⃣ Недэмакратычнасцю. Палажэнні Дарожнай карты рэзка кантрастуюць са стандартамі Рады Еўропы, дзе ў аснове моладзевай палітыкі – каштоўнасці дэмакратычнага ўдзелу, пашырэння магчымасцей моладзі і абароны правоў чалавека.

Ці прымальная такая будучыня для беларускай моладзі – будучыня пад ценем расійскага ўплыву? Для мяне і маёй каманды – не.

Заклікаю ўсіх зацікаўленых да сумеснай працы над альтэрнатыўнай праграмай па моладзевай палітыцы, якая будзе садзейнічаць самастойнасці нашай моладзі, падтрымліваць яе імкненне да дэмакратычных каштоўнасцей і еўрапейскай інтэграцыі. Напішыце мне: m.vorykhava@belaruscabinet.org

Напярэдадні і пасля чарговых «бязвыбараў» нас чакае шмат працы, каб у будучыні ніводная ўлада не змагла гандляваць суб’ектнасцю беларускай моладзі дзеля асабістай выгады»

@CabinetBelarus


Forward from: Светлана Тихановская
Пашпарт Новай Беларусі: адказваем на самыя актуальныя пытанні

Падчас івэнту ў Варшаве 26 студзеня дэмакратычныя сілы плануюць зрабіць прэзентацыю пашпарта Новай Беларусі. Але ўжо сёння можна атрымаць адказы на самыя папулярныя пытанні, якія з’явіліся за час існавання праекта: хто і як будзе друкаваць пашпарты, колькі гэта будзе каштаваць і ці прызнаюць іх замежныя дзяржавы.

📌 Што з прызнаннем замежнымі дзяржавамі?
«Мы толькі атрымалі ўзоры ад пашпартнага цэнтра. Без гэтага мы не маглі весці перамовы пра статус пашпарта. Безумоўна, ёсць вялікая цікавасць з боку замежных палітыкаў: ужо размаўлялі з шэрагам міністраў, цяпер мае быць падрыхтавана дадатковае юрыдычнае абгрунтаванне. Пашпартны цэнтр ужо пераслаў узоры ва ўсе еўрапейскія краіны».

📌 Што з абаронай персанальных дадзеных?
«Беларускі пашпартны цэнтр будзе адказваць за захаванасць дадзеных. Усё будзе зроблена па вышэйшых міжнародных стандартах. Доступ да дадзеных будзе строга абмежаваны, і ніхто не зможа даведацца, у тым ліку прадстаўнікі рэжыму, ці ёсць у чалавека пашпарт ці не».

📌 Хто будзе адказваць за друк пашпартоў?
«Мы знайшлі пэўнае рашэнне па друку, і вельмі ўдзячныя літоўскаму ўраду за падтрымку і кансультацыі. Персаналізацыю і фінальны друк на дакументах мы будзем рабіць у самім пашпартным цэнтры. Замаўляць матэрыялы і бланкі – у падрадчыкаў».

📌 Колькі будзе каштаваць пашпарт?
«Збор за афармленне пашпарта – 97 еўра. Гэта мінімум, патрэбны для вырабніцтва дакументаў, верыфікацыі, друку, арэнды абсталявання, захоўвання дадзеных, працы цэнтра прыёму дакументаў».

Як падаць заяўку, якія дакументы патрэбныя, і ці можна будзе падарожнічаць з гэтым пашпартам – чытайце ў матэрыяле па спасылцы.

🔗Афіцыйны сайт пашпарта Новай Беларусі.


Міністр Вельдкамп: «Нідэрланды заклікаюць рэжым неадкладна вызваліць усіх – больш за 1300 – палітвязняў»

Падчас візіту ў Гаагу кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з міністрам замежных спраў Нідэрландаў Каспарам Вельдкампам. Міністр Вельдкамп запэўніў Ціханоўскую ў падтрымцы Нідэрландамі дэмсіл Беларусі.

Абмяркоўвалі:

▪️непрызнанне вынікаў так званых «выбараў» 26 студзеня і Лукашэнкі пасля гэтай даты. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што ў Беларусі адсутнічаюць любыя ўмовы для правядзення дэмакратычных выбараў, а рэпрэсіі ўзмацняюцца на фоне так званай «выбарчай кампаніі»;

▪️шляхі вызвалення палітвязняў, сітуацыю з незаконным утрыманнем зняволеных і прымяненнем катаванняў. Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць пашырэння санкцый супраць суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў калоній і прадстаўнікоў сілавых структур, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, а таксама ўдзельнікаў і арганізатараў выбарчага фарсу;

▪️падтрымку міжнародных ініцыятыў па прыцягненні рэжыму да адказнасці ў судах;

▪️магчымыя перамовы па сітуацыі ва Украіне і ролі Беларусі ў іх. Паводле Ціханоўскай, важна настойваць, каб расійскія войскі былі выведзеныя не толькі з Украіны, але і з Беларусі. Бакі таксама абмеркавалі магчымасць арганізацыі дыскусіі па Беларусі падчас саміту NATO, які адбудзецца сёлета ў Гаазе, і падрыхтоўку да сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС 26-27 студзеня, на якой будзе ўзнята беларускае пытанне;

▪️падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць інструментаў фінансавання, такіх як MATRA і Human Rights Fund, падкрэсліўшы, што гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыя ў бяспеку і стабільнасць Еўропы;

▪️праблему легалізацыі беларусаў у Нідэрландах, выкліканую адмовай рэжыму ў выдачы дакументаў.

Святлана Ціханоўская: «Я радая, што Нідэрланды займаюць прынцыповую пазіцыю па Беларусі і гатовыя дапамагаць беларусам. Важна, што Нідэрланды ў сваёй палітыцы адрозніваюць рэжым і беларусаў, а таксама Беларусь і Расію. Нельга класці нас у адзін кошык. Нідэрланды не прызнаюць “выбары” 26 студзеня, працягнуць падтрымку нашых журналістаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама забяспечаць, каб пытанне Беларусі засталося на парадку дня Еўрасаюза».

Каспар Вельдкамп: «Нідэрланды таксама заклікаюць рэжым неадкладна вызваліць усіх – больш за 1300 – палітвязняў. Праваабаронцы і незалежныя медыя могуць працягваць разлічваць на нашу падтрымку».

@CabinetBelarus

19 last posts shown.