Вырашыў спраўдзіць, што сёння з Венесуэлай — пасля 3 студзеня, калі Дональд Трамп абвясціў пра захоп Нікаласа Мадура разам з жонкай Сіліяй Флорэс.
Звонку гэта можа выглядаць як пералом на карысць дэмакратычнага лагера: Мадура зрынулі, частку палітзняволеных выпусцілі, Марыя Карына Мачадо яшчэ ў 2025 годзе атрымала Нобелеўскую прэмію міру, а значная частка венесуэльскай дыяспары за мяжой вітала падзеі. Але чым далей, тым больш гэта нагадвае проста персанальную змену кіраўніка Венесуэлы пры захаванні нязменнай чавісцкай дзяржаўнай машыны — на фоне рэзкага росту каштоўнасці венесуэльскай нафты для ЗША і заходніх кампаній.
Судзебная працэдура ў ЗША супраць Мадура працягваецца з 5 студзеня, але ў публічнай павестцы яна ўжо менш прыкметная, чым у першыя дні пасля захопу. Быў нават асобны юрыдычны эпізод з аплатай яго адваката: спачатку праз санкцыі ўрад Венесуэлы не мог аплаціць абарону, а пасля ЗША адступілі і змянілі санкцыйны рэжым, каб такі плацеж стаў магчымым.
У самой Венесуэле да прысягі як часовая прэзідэнтка 5 студзеня была прыведзеная Дэльсі Радрыгес — віцэ-прэзідэнтка пры Мадура і чалавек з той жа ўладнай сістэмы. Асноўныя структуры чавізму збольшага засталіся на месцы, а пра прызначэнне свабодных выбараў гаворка не ідзецца, нават няма „дарожнай карты” для такога кірунка.
Палітзняволеных сапраўды пачалі выпускаць, але карціна застаецца супярэчлівай: частка людзей застаецца за кратамі, частка вызваленняў можа быць не поўнай свабодай, а пераходам да іншых абмежавальных мер кшталту беларускай «хатняй хіміі», і закон аб амністыі мае выняткі, якія дазваляюць працягваць пераслед часткі апанентаў. Прыкмет таго, што рэпрэсіўны апарат сістэмна дэмантаваны, пакуль няма.
Чаму ж тады вакол Венесуэлы стала цішэй? Магчыма, таму, што на фоне амерыкана-ізраільскай вайны супраць Ірана і абмежаваных паставак праз Армузскі праліў венесуэльская нафта раптам стала стратэгічна значна больш каштоўнай як альтэрнатыва Персідскаму заліву.
Сённяшні артыкул у The New York Times паведамляе, што свет хутка расходуе запасы нафты і паліва, амерыканскія дзяржаўныя рэзервы набліжаюцца да найніжэйшага ўзроўню з 1983 года, а рынак застаецца ўразлівым, пакуль пастаўкі праз Армуз абмежаваныя. У такой сітуацыі Венесуэла становіцца больш важнай як крыніца нафты па-за Персідскім залівам.
Але з пункту гледжання заходняга нафтавага бізнесу пакуль бачны перадусім рост доступу, экспарту і камерцыйнай прывабнасці, а не даказаная стабільная прыбытковасць здабычы нафты ў Венесуэле. Таму ІМХО: Венесуэла пасля выкраданя Мадура стала больш карыснай як энергетычны рэсурс, але гэта пакуль не азначае ні руха да дэмакратызацыі, ні сістэмнага спынення рэпрэсій, ні нават прывабнасці інвестыцый у нафтаздабычу ў гэтай краіне.
https://www.nytimes.com/2026/06/12/business/energy-environment/iran-war-oil-reserves.html