Вясна / Правы чалавека ў Беларусі


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Политика


Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Политика
Статистика
Фильтр публикаций


‼️«Вы з вашым дыягназам дакладна жывой не выйдзеце». Як на Акрэсціна літаральна «забівалі» анкахворую ўкраінку

Былая арыштанка Акрэсціна распавяла, што ў ізалятары восенню ўтрымлівалі ўкраінку з беларускім відам на жыхарства, якая ў Беларусі пражыла 20 гадоў.

«Яе затрымалі супрацоўнікі КДБ у Брэсце амаль адразу пасля аперацыі па выдаленні лімфомы падпахай. Яна яшчэ прасіла ў лекаркі зялёнку і мазала гэтыя швы. Яна прайшла першы курс хіміятэрапіі і яе схапілі кдбшнікі наўпрост у паліклініцы, куды яна прыйшла да лекара. Ёй літаральна перапынілі курс хіміятэрапіі. Яны ёй яшчэ казалі: "Вы з вашым дыягназам дакладна жывой не выйдзеце". Яе цягалі на допыты кожны дзень, фактычна пазбаўляючы харчавання».


Са словаў самой жанчыны, пераследавалі яе праз дзейнасць дачкі, якая жыве ў Польшчы.

🔹«Суд праходзіў праз мэсэнджэр на тэлефоне». Гісторыя былой арыштанткі Акрэсціна

✍️Калі вам вядома нешта пра лёс жанчыны, калі ласка, напішыце праваабаронцам — @Viasnainfo


🌿Сяргей Коршун: «Я стаў дапамагаць тым, хто трапляў у калонію па палітычных артыкулах»

Пасля чатырох з паловай гадоў зняволення жыхар Мінска, блогер тэлеграм-канала «Армія з народам» Сяргей Коршун прыняў рашэнне выехаць з Беларусі, паколькі не адчуваў сябе ў бяспецы. Ён выйшаў на волю 17 ліпеня 2024 года з прэвентыўным наглядам як злосны парушальнік рэжыму ў статусе асобы, датычнай да «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці.

«Вясна» паразмаўляла з былым палітвязнем пра падзеі 2020 года, гісторыю ягонага пераследу і ўмовы ўтрымання ў калоніі, дзе ён адбываў пакаранне.

«Неяк нас вывелі на прагулку і тут у суседнім дворыку пачуўся вокліч “Жыве Беларусь!” Гэта падхапілі ўсе прагулачныя дворыкі, сталі гучна скандаваць і я зразумеў, што нас шмат. Была эйфарыя, адчуванне, што нават за кратамі мы не зломленыя».


Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117327

📍BYSOL адкрыў грашовы збор на першапачатковыя патрэбы для Сяргея


❗️«Суд праходзіў праз мэсэнджэр на тэлефоне». Гісторыя былой арыштанткі Акрэсціна

Сітуацыя з правамі чалавека з Беларусі ўжо амаль пяць гадоў застаецца на катастрафічным узроўні. З 2020 года ў беларускіх ізалятарах для палітычных арыштантаў створаныя спецыяльныя нечалавечыя ўмовы ўтрымання.

Праз мінскі ізалятар на Акрэсціна штогод праходзяць тысячы арыштаваных па палітычных матывах. Некаторыя з тых, каго пасля ІЧУ пераводзілі ў СІЗА па крымінальнай справе, нават у параўнанні з ім называюць Акрэсціна самым горшым месцам.

Былая арыштантка мінскага ізалятара, якая нядаўна адбывала там «суткі», распавяла «Вясне», у якіх умовах цяпер утрымліваюць людзей у ізалятары, як праходзяць суды над адміністрацыйна затрыманымі, а таксама пра анкахворую ўкраінку, якую затрымалі пасля аперацыі па выдаленні лімфомы.

«У першую ноч я ляжала намыленай галавой пад лаўкай, ногі паміж дзяўчатамі пад нарай, і думала, які ж гэта "адавы пі*дзец"».


Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117326


❗️За палітыку сёння пачынаюць судзіць адну з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі

У Першамайскім судзе Мінска 30 студзеня пачнуць судзіць Алену Шарафановіч. Гэта адна з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі, у медыцынскіх чатах і суполках немагчыма ніводнага негатыўнага водгуку пра яе ад пацыентаў. Наадварот, удзячныя людзі перадаюць адзін аднаму яе імя, піша «Наша Ніва».

Алене Шарафановіч інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Судзіць лекарку будзе намесніца старшыні суда Першамайскага раёна Наталля Дзядкова.

Шарафановіч скончыла Мінскі медыцынскі інстытут і аспірантуру Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці «анкалогія». Шэсць разоў праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, стажыравалася ў Германіі і ЗША.

13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ 3 гады ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазернай дэрматалогіі «HappyDerm».


🇲🇩Малдова далучаецца да заяваў ЕС аб ​​выбарах* у Беларусі

Кішынёў раскрытыкаваў рашэнне беларускіх уладаў заблакаваць міжнароднае назіранне за выбарчым працэсам.

МЗС Малдовы зазначае, што краіна далучылася да заяваў, якія тычацца неабходнасці захавання правоў чалавека ў Беларусі, ініцыяваных групамі дзяржаў або Еўрасаюзам. Таксама міністэрства падкрэслівае, што краіна далучылася да заявы аб запуску Венскага механізма ў адносінах да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.


Репост из: Вясна: Палітвязні Беларусі
❗️Ураджэнца Херсона Сяргея Белага будуць судзіць трэці раз

Сяргей родам з украінскага Херсона, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі. Мае двух непаўналетніх дзяцей. Мужчыну затрымалі ў лютым 2023 года. На "пакаяльным" відэа ён казаў, што пакідаў каментары ў тэлеграме і «прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце план «Перамога». У першы раз яго асудзілі ў кастрычніку 2023 года за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).

Наступны суд над Сяргеем адбыўся 27 верасня 2024 года ў Мінгарсудзе. Яго абвінавацілі па 4 артыкулах — «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Вынік суда невядомы.

Стала вядома, што 4 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска адбудзецца разгляд ужо трэцяй справы супраць Сяргея. Гэтым разам паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Працэс будзе весці суддзя Жана Хвайніцкая.


У Гомелі семярых падлеткаў будуць судзіць за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» «Дух Русі»

Тэлеграм-канал «Дух Русі» КДБ прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем 4 снежня. «Радыё Свабода» стала вядома, што меркаваныя стваральнікі і ўдзельнікі «фармавання» ўжо шэсць месяцаў знаходзяцца за кратамі.

Паводле крыніц, затрыманні адбыліся раней, чым КДБ прызнаў тэлеграм-канал «экстрэмісцкім фармаваннем». Усе затрыманыя — непаўналетнія.

Справа расследуецца паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім). КДБ палічыў, што непаўналетнія стварылі тэлеграм-канал, «накіраваны на рэабілітацыю нацызму». У згаданым тэлеграм-канале былі размешчаныя здымкі з выявамі Гітлера, згадваўся расійскі нэанацыст Цясак, таксама былі выявы свастыкі, шавінісцкія і расісцкія выказванні.


⁉️Што трэба для таго, каб чалавека ўнеслі ў спіс былых палітвязняў?

Для таго, каб інфармацыя пра чалавека трапіла ў спіс «былых палітвязняў», яму самому ці яго блізкім трэба звярнуцца ў «Вясну» (@ViasnaSOS, @Viasnainfo) і распавесці пра сваю справу.

Праваабаронцы падрабязней тлумачылі працэдуру ўнясення чалавека ў спіс былых палітвязняў:

«Трэба даслаць хоць нейкія дакументы, якія датычацца крымінальнай справы чалавека і ў якіх будзе зафіксавана, што ў пэўны перыяд дадзены чалавек знаходзіўся ў месцы несвабоды. Напрыклад, калі чалавек да суда ўтрымліваўся ў СІЗА, то гэта будзе пазначана ў тэксце прысуда. Бо калі ў праваабаронцаў да моманту звароту не было зусім ніякіх звестак пра чалавека, то ў сваім рашэнні далучыць яго ці яе да спісу былых палітвязняў мы мусім абапірацца не толькі на словы чалавека, але і на дакументы».


🔹«Мы аднаўляем справядлівасць». Праваабаронцы растлумачылі вялікую заяву аб наданні статусаў «былых палітвязняў»


Былы палітвязень Сяргей Гунь мае патрэбу ў падтрымцы: аднаўленне здароўя і новае жыццё

Сяргей — былы дырэктар івэнт-агенцтва KRONA. Яму інкрымінавалі арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і ў выніку асудзілі на 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Мужчына цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

«Я спрабаваў знайсці іншую працу, але чалавеку, які мае тэрмін паводле палітычнага артыкула, у сучаснай Беларусі зрабіць гэта амаль немагчыма. Прыватнікі браць на працу баяцца, а дзяржаўныя прадпрыемствы адразу адмаўляюць. Таму ўзважыўшы ўсе рызыкі, я вырашыў з'ехаць.

За час, праведзены ў калоніі, я страціў шмат здароўя. Пастаянны стрэс, галадоўкі і ўмовы ўтрымання моцна аслабілі мой арганізм. Старыя праблемы абвастрыліся і з'явіліся новыя сімптомы, якія я не магу ігнараваць.

Мне трэба прайсці абследаванне і пачаць лячыцца. Таксама мне патрэбны сродкі, каб здымаць кватэру першыя 2-3 месяцы».


Падтрымаць Сяргея на BYSOL


Стала вядома пра яшчэ два суды за «парушэнні на выбарах»

3 лютага ў судзе Першамайскага раёна Мінска плануецца разгляд адміністарцыйнай справы ў дачыненні да Багдана Літванава паводле арт. 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Ягоную справу будзе разглядаць Аляксандр Сяргей.

На наступны дзень, 4 лютага, справу па аналагічным артыкуле ў судзе Ленінскага раёну Мінска будуць разглядаць у дачыненні да Максіма Біткова. Судовы працэс прызначана весці суддзя Марына Клімчук.

Агулам правааабаронцам вядома пра як мінімум 6 судовых пасяджэнняў па артыкуле аб «парушэнні на выбарах».


Репост из: Вясна: Палітвязні Беларусі
📍У Віцебску сёння пачалі судзіць палітвязня Міхаіла Лабаня

Міхаіл — гаспадар ювелірнай майстэрні "Самародак", які займаўся вырабам упрыгожанняў для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю Сярэднявечча. Яго абвінавацілі ў "паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 367 КК), абразе "Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК) і "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК).

У траўні 2022 года суддзя Віталь Лапко асудзіў палітвязня да 4 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь. Тэрмін Міхаіл адбываў у івацэвіцкай калоніі № 22. Але ў траўні 2024 года яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

У Віцебскім абласным судзе 29 студзеня Міхаіла пачалі судзіць за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Справу разглядае суддзя Аляксандр Абашын.


Першы на Гомельшчыне вядомы суд за «парушэнні на выбарах» запланаваны на наступны тыдзень

На 3 лютага ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля запланаванае судовае пасяджэнне для разгляду адміністрацыйнай справы, складзенай паводле арт. 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян).

Жыхара Навабеліцкага раёна абласнога цэнтра Андрэя Цімашэнку з гэтай падставы будзе судзіць Генадзь Калацэй, піша «Гомельская Вясна».

Раней ЦВК паведамляў, што падчас выбараў* былі зафіксаваныя адміністрацыйныя правапарушэнні — фатаграфаванне запоўненых бюлетэняў, а таксама спробы вынесці іх з участку.


Беларуса-эмігранта ўключылі ў экстрэмісцкае фармаванне «Расія — гэта зло». А ён усё адно вярнуўся з Польшчы дадому

Руслану Зубкову 26 гадоў. Мяркуючы па сацсетках, ён у апошнія гады жыў і працаваў у Польшчы.

У снежні 2023 года Зубкова ўнеслі ў спіс удзельнікаў экстрэмісцкага фармавання «Расія — гэта зло». Гэта невялікі тэлеграм-чат на 135 чалавек, дзе актыўныя цяпер толькі тры чалавекі. У лютым 2024 года Руслана аб'яўлялі ў вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі — гэта значыць, што на той момант ён яшчэ быў на свабодзе.

Калі Руслан быў затрыманы — таксама невядома. У першы раз яго судзілі ў чэрвені 2024 года за «абразу Лукашэнкі» ў Камянецкім раённым судзе. Прысуд невядомы, піша «Наша Ніва».

Цяпер Зубкова пачынаюць судзіць зноў. Працэс пачнецца 10 лютага ў Брэсцкім абласным судзе. Хлопца абвінавачваюць па двух артыкулах — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Судовы працэс прызначана весці Сянько Руслана.


✍️Шукаем людзей, якія за апошнія паўгода адбывалі арышты ў беларускіх ізалятарах часовага ўтрымання

Распавядзіце праваабаронцам пра ўмовы ўтрымання.

Ананімнасць гарантуецца. Калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo


🌿Праваабарончая праграма «Вясна»

1:36 «Імітацыя выбарчых працэсаў». Павел Сапелка — пра выбары*

10:14 Спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс выступіў на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Вільні

23:59 Кампанія салідарнасці Тэма#1 і печыва з прадказаннямі ад палітвязняў

30:35 Вечар салідарнасці з палітвязнямі ў Вільні: лісты і прагляд фільма «Шлях да волі»

35:47 «Ці пайшоў бы Цімур на вайну, калі б не жнівень 2020?» — спецпраект Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі


У беларускай кватэры былога палітвязня Вадзіма Ермашука адбыўся ператрус

Пра ператрус у экс-палітвязня паведамілі праўладныя Telegram-каналы. Яны сцвярджаюць, што ператрус звязаны з удзелам у акцыях у Варшаве, прымеркаваным да прэзідэнцкіх выбараў*. Вадзім у той дзень сапраўды публікаваў сторысы з маршу.

Інфармацыю аб ператрусе пацвердзіла і крыніца Hrodna.life.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

📍Telegram-каналы і чаты «Берасце (не пайду на выбары) Бярозаўка разам з Беларусамi!», «ᛉСпільнота Езотериків», «spetsnazer»;
📍Instagram старонкі «fpixel.svabody», «cyber_resistenza», «plan.it.b2020» з лагатыпамі;
📍Старонка ва «Укантакце» «РБ головного мозга»;
📍Відэаролік «Почему игнорировать "выборы" 26 января - не выход?».

🔗Хроніка палітычнага пераследу


⚖️Сарваная балаклава, драпіны, каментары: больш за 300 чалавек асудзілі за «гвалт» і «супраціў» міліцыянтам

Больш за 3270 чалавек асудзілі за ўдзел акцыях пратэсту супраць фальсіфікаваных выбараў у 2020 годзе. Гэта асуджаныя паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), 342-2 КК (неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў), 293 КК (масавыя беспарадкі).

Таксама пратэстоўцаў судзілі паводле арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да міліцыянта).

Паводле гэтых артыкулах агулам асудзілі мінімум 307 чалавек. Першыя палітзняволеныя Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе былі асуджаныя менавіта за «супраціў» амапаўцам.

«Вясна» распавядае, колькі пратэстоўцаў асудзілі па «гвалтоўных» артыкулах, узгадвае гісторыі некаторых з іх, а праваабаронца Павел Сапелка тлумачыць, чаму яны прызнаныя палітзняволенымі.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117322


Намесніца дырэктаркі ляхавіцкай гімназіі Таццяна Крапіневіч эвакуіравана з Беларусі з дапамогай BYSOL

Пра гэта паведамляе @stryzhak

Настаўніца была вымушана пакінуць краіну з-за ціску, ініцыятаркай якога стала прарасійская прапагандыстка Бондарава. Жанчыну ўдалося вывезці з краіны за некалькі дзён да суда.

«Мой суд быў прызначаны на 28 студзеня, і, баючыся несправядлівага прысуду, я была вымушаная пакінуць родную краіну і разам з дачкой шукаць прытулку ў Польшчы. Цяпер мы знаходзімся ў Варшаве, дзе спрабуем пачаць жыццё нанова.

На жаль, нашыя ашчаджэнні абмежаваныя, і без вашай дапамогі нам будзе складана забяспечыць сабе годныя ўмовы для жыцця. Мы маем патрэбу ў сродках для аплаты арэнды жылля, набыцця неабходных рэчаў і пакрыцця штодзённых выдаткаў.

Звяртаюся да вас з просьбай падтрымаць нас у гэты няпросты перыяд. Любая, нават самая невялікая дапамога, будзе для нас неацэннай і дапаможа пераадолець цяжкасці на шляху да новага жыцця».


Падтрымаць жанчыну на BYSOL


Мінчука, які адказваў за бяспеку пасажыраў у аэрапорце «Мінск», сёння пачалі судзіць за «распальванне варожасці»

Анатолю Крупіну 65 гадоў. Паводле інфармацыі «Белпола», у 1993-2015 гадах мужчына працаваў у аэрапорце «Мінск-2» інспектарам службы бяспекі. У 2016 годзе ён згадваўся як начальнік змены авіяцыйнай бяспекі і рэжыму — тады ў аэрапорце затрымалі грамадзянку Расіі за няўдалы жарт пра траціл у багажы. Сітуацыю каментаваў менавіта Крупін.

У сацсетках апошні допіс мужчыны датуецца чэрвенем 2024 года, піша «Наша Ніва».

28 студзеня Анатоля пачалі судзіць у Мінскім гарадскім судзе за «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Працэс прызначаны весці суддзя Аляксандр Рудэнка.

Показано 20 последних публикаций.