Mewa Bałtycka


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Познавательное


Мэва вітае!
На што спадарству чакаць? Пішу аб:
🖤 Гісторыі, культуры ды мастацтве Гданьску ды Pomorza
🖤 Падарожжах (пераважна паўночнапольскіх)
🖤 Музыцы (пераважна важкой)
Калі хаціцё напісаць мне: @manuel_venator

Связанные каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Статистика
Фильтр публикаций


1. Куншт Водны (Wasserkunst). Збудаваная ў 1593 годзе помпавая станцыя, каторая больш-менш 250 гадоў забясьпечвала працу гданьскага вадаправоду. Цяпер на ейным мейсцы - насупраць гандлёвага Форуму - будынак Інстытуту Мейскае Культуры з адпаведнаю назваю Kunszt Wodny (а шкляная рака на даху ўласна таксама паказвае на мінулае).

2. Такім Гданьск мы б убачылі ў 1765 годзе, стаячы на супрацьлежным беразе Матлавы: крыху паўночней выспы Алавянкі.

3. Попельны двор (Aschhof). Склад паташу ды драўнінных попелаў: патрэбных, напрыклад, для шкляное вытворчасьці, выгатавленьня фарбаў ці мыла. Адныя з найдаходнейшых экспартных тавараў тых часоў! Месьціўся на самым ускрайку Старога перадмесьця, да каторага ўласна вёў Мост попельны (Aschbrücke) - назва захаваная.

4. Смаловы двор (Neuer Teerhof). Шчэ склад: бочак з смалою ды дзёгцем. Гандаль і гэтымі прадуктамі быў вельмі прыбытковым. Калісьці Попельны ды Смаловы двары стаялі на Выспе сьпіхлераў, але іх неяк падпаліў сярэднявечны піраман, разам з будынінамі згарэла пяць сьпіхлераў поўных збожжам ды прычалены побач карабель. Падпальшчыка з памагатарамі - ягонымі братамі - пакаралі страшнай сьмерцяй, а склады перанесьлі на Старое перадмесьце для большае бясьпекі.

5. Аліўская брама ды Heilig-Leichnam-Kirche, Касьцёл Божага Цела. Брамы ўжо няма, крыху падрабязьней пра яе пойдзецца ў пункце 7, а касьцёл стаіць. Калісьці ён быў часткаю каталіцкага шпітальнага комплексу: пачаткова лепразарыйнага, пазьней прытулку для самотных людзей сталага веку.

6. Масьлены Рынак. Рынак гуртавога гандлю маслам, пазьней на ягоным мейсцы быў арганізаваны пляц, каторы захаваў гістарычную назву: Buttermarkt. Цяпер гэта двор Urzędu Pracy.

7. Аліўскаю брамаю сканчалася шасьцісотгадовая тады дарога з Алівы да Гданьска. А за пяць гадоў пасьля выданьня альбома з праспэктамі, фрагмэнты з каторага мы разглядаем, дарога ператворыцца на ліпавую алею, каторая істнуе й цяпер (Aleja Zwycięstwa). Брама была разабранаю ў 1899 годзе, памяць па ёй засталася ў назве аўтобуснага ды трамвайнага прыпынку Brama Oliwska.

8. Драўнінны Рынак (Holzmarkt). Шчэ адзін рынак, толькі ў адрозьненьне ад масьленага, назваю ён надалей працягвае жыць у месьце: драўнінаю калісьці гандлявалі менавіта там, дзе цяпер ляжыць ронда Targ Drzewny.

9. На тле пэйзажу Аліўскі кляштар ды Палац абатаў. Цяпер між вершнікамі ды будынінамі ляжаў бы найцудоўнейшы Аліўскі парк.

10. Перадмесьце Шатляндыя (Schottland). У ім сяліліся рамесьнікі з Шатляндыі, галяндзкія мэнаніты, габрэі: непрыемныя Гданьску суседзі, каторыя выраблялі тавары ня менш майстэрна за мейскіх майстроў, а галоўна прадавалі іх таньней. Гданьшчанаў каралі за пакупкі ў партачэй, але гандаль гэтым спыніць Рада не магла. Шатляндыя ў адказ прымала ўцекачоў зь места (а для каго падонкаў), за што была празванаю там Schadeland, Шкодным краем. Цяпер гэта частка дзяльніцы Orunia-Święty Wojciech-Lipce пад назваю Старыя Шкоты.

#мэваgdańska




Мы ўжо траплялі ў XVIII ст. ды вандравалі разам з Даніелем Хадавецкім з Бэрліну да Гданьску.

А цяпер паглядзьма, якім паказаў тагачаснае места рысавальнік Матэюс Дайш у сэрыі гравюраў 50 Prospecte von Danzig (1761-1765).

Тое нязьменнае выглядам мы ўжо бачылі: старую ды новую Ратушу, Марыяцкую, Катарыну, Жураў, Дом Артуса. Ці ня ўсе сівыя памяткі, каторымі Гданьск вабіць і надалей.

То прапаную агледзець з большага зьніклае, сьлядоў па каторым засталося небагата.

#мэваgdańska


#мэвабеларуская


Увогуле зьбіраўся зусім пра іншае пісаць па Нэптуне: падзяліцца пэўнымі разважаньнямі пра тое, як Гданьск ад сівых часоў даваў паратунак ад перасьледу ці прывабліваў магчымасьцяй зладзіць новае жыцьцё. Багата ж цёплага можна знайсьці ў аналёгіях.

Але побач з нашым нядзельным мейсцам чынілася рэканструкцыя сутыкненьняў польскае грамады з міліцыяю ды службамі - да 43 гадавіны абвешчаньня ваеннага стану. Папросту перасмыкнула, як пабачыў.

Таму хіба на цёплыя аналёгіі на разе пачакаем.

Праўду кажучы, трасе да гэтае гадзіны: нібы тэхніка іншая, мундуры іншыя, нават самога інсцэнаваньня не разгледзеў (шчэ ж нашая акцыя трывала) - але нянавісьць выбухае тая самая, што й чатыры гады таму.

#мэваgdańska
#мэвабеларуская


А гэтыя гравюры дазволяць нам шчэ на некаторы час застацца ў XVII ст., толькі што ўжо ў другой ягонай палове.

Рысункі ілюстравалі выданьне першага ґрунтоўнага твору аб гісторыі Гданьску: напісанага Рэйнгальдам Курыке - зноўкі ж замовы мейскае Рады - Der Stadt Dantzigk historische Beschreibung (Гістарычны опіс места Гданьску, 1687).

#мэваgdańska


Прысьвечаны Гданьску ляцінскі тэкст пад панарамаю места неверагодна патэтычны ды лісьлівы, пераклаў вам, больш-менш захаваўшы стыль:

(левы бок)

Дбаеш пра добрую еміну для лічных зямель,
Кажуць, на гэтым сьвеце ты - пасад багіні Цэрэры.
З рогу дары ахвяруе табе - з права іх маеш.
Багіня Цэрэра, прынось жа й далей дастатак!

(правы бок)

Не даспадобы табе, як паскудная набрыдзь
Пазьбягае харугваў Палады вучонай.
Нішчыш дзікунства, меч выхапіўшы, цэліш у горла Мэдузы
Бо прагнеш, каб Фэб мог сяліцца паўсюль.

#мэваgdańska



Показано 8 последних публикаций.