Сёння адмыслоўца вырашыў узгадаць
Уладзіміра Абушэнку – беларускага сацыёлага і філосафа, а таксама выдатнага выкладчыка, які заўчасна пакінуў свет сем гадоў таму, 26 верасня 2015.
Мы няшмат ведаем пра нашых навукоўцаў, як мінуўшчыны, так і сучаснасці. Сацыялогія ў Беларусі, як і іншыя гуманітарныя навукі, фактычна мела толькі адно дзесяцігоддзе на нармальнае развіццё – і гэтае дзесяцігодзе скончылася ўжо больш за дваццаць гадоў таму. З тых часоў, за вельмі рэдкім выключэннем, заўважныя і публічныя беларускія сацыёлагі – гэта даследчыкі Беларусі, якія даследуюць яе з замежжа. Ці даследуюць Беларусь у Беларусі, але робяць гэта не вельмі заўважна і без публічных справаздач. Уладзіміра Абушэнку, відаць, трэба аднесці да другой групы.
Пэўныя абмежаванні для гэтага стварала афіцыйная пасада Уладзіміра Леанідавіча – апошнія 13 гадоў свайго жыцця ён быў намеснікам дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі па навуковай працы. Здавалася б, чалавек на такой пасадзе мае доступ да дадзеных даследаванняў, а значыць, павінен час ад часу з’яўляцца ў рэспубліканскіх СМІ, распавядаць людзям пра грамадства, у якім яны жывуць. Але беларуская дзяржаўная сацыялогія функцыянуе не зусім так.
Уладзімір Абушэнка працаваў з іншымі аўдыторыямі: не з масавым чытачом, але з даследчыкамі на канферэнцыях і чытачамі спецыяльных выданняў, а таксама са студэнтамі-сацыёлагамі БДУ, дзе ён быў дацэнтам 25 гадоў свайго жыцця. І менавіта сярод гэтых аўдыторый ён пакінуў добрую памяць пра сябе.
Напрыклад, наступным чынам яго ўнёсак адзначаў
Уладзімір Мацкевіч у прамове памяці У. Абушэнкі на
кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў 2015 годзе, дзе Мацкевіч падкрэсліў менавіта ролю настаўніка, якую шмат гадоў выконваў Уладзімір Леанідавіч:
“Настаўнікаў у сённяшнім інтэлектуальным жыцці Беларусі вельмі і вельмі бракуе – Уладзімір Абушэнка, магчыма, быў адным з апошніх сапраўдных настаўнікаў як для маладых, так і для старэйшых пакаленняў даследчыкаў”.
Уладзімір Абушэнка для
адмыслоўцы – гэта распрацоўшчык культурсацыялогіі, аўтар шэрагу артыкулаў у сацыялагічных энцыклапедыях (у тым ліку пра персаналіі беларускай сацыялогіі), а таксама аўтар “крэольскага” падыходу ў асэнсаванні беларускай ідэнтычнасці і яе генеалогіі. Абушэнка вывучаў вопыт краін Лацінскай Амерыкі, асабліва іх досвед пераадолення культурнай улады метраполіі, які дазволіў тым краін прыйсці на ўзровень посткаланіяльнага, а па сутнасці, самастойнага і самадастатковага культурнага быцця (таму “пост” тут менавіта ў сэнсе “пераадолены”).
Датычна паходжання нашай сённяшняй ідэнтычнасці Абушэнка звяртаў увагу на дзіўныя адносін творцаў і даследчыкаў да беларускіх праектаў ідэнтычнасці, якія не толькі крытыкуюць сваё, але часта фактычна адмаўляюцца ад свайго:
“постоянно подвергаемые остракизму внутри своего же контекста (!!!) национал-строительные (идентификационные) стратегии и проекты”. Гэты астракізм, на думку Абушэнкі, рабіў магчымым далейшае, досыць паспяховае, існаванне прарасейскіх (імперскіх) праектаў ідэнтычнасці.
Калі працягваць разгортваць ідэі Абушэнкі пра генеалогію беларускай ідэнтычнасці, атрымаецца даволі складаны тэкст для непадрыхтаванага чытача, таму зараз мы спынімся на вышэй напісаным. Таксама прапануем усім зацікаўленым асобай Уладзіміра Абушэнкі і яго падыходам наступныя матэрыялы для самастойнага вывучэння (увага – будзе няпроста):
👉 Лекцыя Ігара Бабкова “Абушэнка: рэканструкцыя ідэі”
👉 Артыкул Уладзіміра Мацкевіча пра Уладзіміра Абушэнку “Жизненная стратегия творческой личности“
👉 Артыкул Уладзіміра Абушэнкі “Мицкевич как “Креол”: от “Тутэйшых генеологий” к генеологии “Тутэйшасці”
#Каўчэг_беларушчыны #Абушэнка