У майго айчыма была проста вялізарная калекцыя з беларускай музыкай на фізічных носьбітах. Там, здаецца, было ўвогуле ўсё, калі-небудзь запісанае па-беларуску. 95% з гэтага ён не слухаў, таму і не заўважыў, як 15-гадовы пасынак прысябечыў касету з голай жанчынай і надпісам “Хуй вам” на вокладцы.
На той момант я лічыў сябе фанатам N.R.M. Але калі з касетніка загучаў Deviation, куміры ў моманце сталі іншымі.
Эзопава мова Лявона Вольскага не магла цягацца з панкаўскай прамалінейнасцю Стаса Пачобута. Ну які “Падымі мяне, паветраны шар”? Мне тут наўпрост кажуць: “Прыпомні, як раней гэта была! Ёбні фашысцкай гадзіне ў рыла!”
Альбому хутка 30 год. Калі ўключаю яго, то вяртаюся ў свой 2004-ы, наш год знаёмства. Штораз — як першы. Дагэтуль не магу паверыць, што такі матэрыял можна было запісаць, выдаць і выконваць у Беларусі.
Унікальная рэч.