Mewa Bałtycka


Kanal geosi va tili: Belarus, Beloruscha


Мэва вітае!
🖤 Ад готыкі да мадэрнізму
🖤 Жыцьцё ў Гданьску ад XIII да ХХІ ст.
🖤 Караблі ды мора, квяты ды коткі
🖤 Паўночнапольскія падарожжы: здымкі ды нататкі

Связанные каналы

Kanal geosi va tili
Belarus, Beloruscha
Statistika
Postlar filtri


Пэльплін - раптоўная вандровачка, нібы й не плянаваў, але ўчора прачнуўся ды пацягнула!

Гады два таму я ўжо ў ім быў, гэта наймілейшае невялікае места, дзе нярэдка на раздарожжы можна пачуцца разгубленным, калі з памяці выскакнуць імгненныя асацыяцыі з Баранавічамі, Слонімам, Бабруйскам ці нават Воршаю. Зрэшты, такое дзеецца ці не паўсюль, дзе ваенныя разбурэньні ды ўжо паваеннае нежаданьне адбудоўваць цьвярдыні нямецкасьці (пошты, банкі, ратушы ды г.д.) павывелі прускі дух.

#мэвападарожнічае


Добра, маю для вас і нешта менш сумнае за размовы пра занядбаньне памяці!

Я ўжо неяк паказваў набрынялая раскошаю мяшчанскія інтэр'еры колішняга Гданьску, нарысаваныя Карлам Йаганам Шульцам. Гэта была графіка, але ж маем і спосабы на тое, каб надаць выявам колераў - ды багата!

Можам, напрыклад, завітаць да ратушы Старога Места. Дарэчы, я люблю яе больш за ратушу Галоўнага, бо адчуваю надалей жывою істотаю.

(пра ўсе тры ратушы - маем жа шчэ й чынную цяперашнюю - мы падрабязьней пазьней пагаворым)

А на разе здымкі!

#мэваgdańska


Першы здымак з гданьскага мэмарыялу Могілкі няісных могілак, астатнія паказваюць ляпідарыюм на Гарнізонавым нэкропалі. Тэкст вышэй.

#мэваgdańska
#мэванамогілках


Глеба клякоча - а гэта яны, хто сам ужо ператварыўся на глебу, устаюць камячок па камячку, жменя побач з жменяю, выходзяць з замоўчваньня, вяртаюцца да імёнаў, да памяці народу, да вянцоў ды убраньняў.

Гданьскія Могілкі няісных могілак сустракаюць наведнікаў гэтымі радкамі зь вершу Рэабілітацыя польскае паэткі Віславы Шымборскае. Менавіта імі распачынаецца пасланьне ад Рады Места, разьмешчанае пры браме да прасторы памяці пра ліквідаваныя па вайне нэкропалі невыгоднага для Народнае Рэспублікі паходжаньня.

Радцы склалі немаленькі тэкст, але скончылі ёмістым падсумаваньнем. Мо крыху грувасткім, затое вельмі характэрным: Могілкі Няісных Могілак у дусе экумэнізму вяртаюць згубленае агніва гісторыі, адтвараюць злучво зь мінуўшчынаю і выбудоўваюць тоеснасьць сучасных гданьшчанаў на ґруньце праўды.

Я нярэдка завітваю да мэмарыялу, ён напраўду сэрцам зладжаны ды я памятаю, як упершыню ўбачыўшы яго, адчуў, што, прайшоўшы праз браму, трапіў у вымярэньне, здольнае зьмяняць нешта ўсярэдзіне чалавека. Ці то мне толькі падалося.

Але не хачу хаваць, мяне бянтэжыць тое, што й за 23 гады па адкрыцьці мэмарыялу з абяцаных у пасланьні вяртаньня, выбудоўваньня ды г.д., зьдзейсьнены былі рэчы пачатковыя, а далей агульная праца была скончанаю. Што робіць патэтычны настрой тэксту непрыемна няшчырым.

Прыкметаў такое няшчырасьці параскідана - у наўпроставым сэнсе! - багата па ўсім Гданьску. Я багата пра гэта вам расказваў, напрыклад, зусім нядаўна апісваў стан захаванага кавалачку крэматарыйнага нэкропалю.

Гэтак жа сумнеўна злучво было адтвораным на Гарнізонавых могілках - 500 мэтраў ад памятнае прасторы.

Вось жа, добрая й патрэбная штука пазьбіраць кавалкі плітаў ды скласьці іх разам (шчэ б зрабіць гэта ў больш прыстойны спосаб!). Натомест, абсалютна недастаткова, мяркую, каб ляпідарыюму таварышыў адзіна сьціплы надпіс на шыльдаццы, каторы гаворыць, што побач месьцяцца фрагмэнты знойдзеных на абшарах могілак надмагільляў.

А гэта ж пакідае без абавязковага адказу нямала даволі відавочных пытаньняў. Чаму ўвогуле на могілках ляжалі ў такой колькасьці паразмалочаныя надмагільлі? Галоўна, куды з пачаткова прускага, а потым нямецкага вайсковага нэкропалю падзеліся астатнія? І дзе яны цяпер? Чаму жаўнеры, загінулыя ў Першую ды Другую сусьветныя войны заслугоўваюць на, хай зборныя, але свае пліты, а безьліч тых безыменных цяпер - не?

Зрэшты, адказаць аніякае штукі ж няма, гэта не таямніца. Але так, адказы непрыемныя.

Бо растлумачыць усё - як у пасланьні Рады - наказамі скампрамітаванае ідэалёгіі, як ні намагайся, рады не дасі.

#мэваgdańska
#мэванамогілках



5 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.