Postlar filtri




Польскі дыпламат: Беларуская стратэгія выжывання можа аказацца больш эфектыўнай, чым паўстанні ці рэвалюцыі

Марцін Вайцяхоўскі працаваў у польскім пасольстве ў Менску 8 год, а апошнія 4 гады ўзначальваў яго. Пасля вяртання летась у Варшаву ён напісаў цэлую кнігу пра Беларусь. Я прачытаў яе і паразмаўляў з аўтарам.

Кніга пачынаеца словамі Віталя Портнікава, які ён калісьці сказаў Вацяхоўскаму:

«Беларусь — самая еўрапейская краіна ў былым СССР, а беларусы самыя праеўрапейскія, — у гэтым больш за 20 гадоў таму мяне пераконваў вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў. Ён з захапленнем расказваў, як ездзіць на адпачынак штогод у Беларусь, бо там так файна. Столькі еўрапейскіх помнікаў, цэркваў, палацаў, шляхецкіх сядзіб, добра захаваных могілак. І перш за ўсё тое, што там вельмі адкрытыя на Еўропу людзі, таму што гэта стагоддзямі было ў іхнай ДНК. А яшчэ, сцьвярджаў ён, калі б толькі Беларусь мела шанец далучыцца да Еўразвязу, яна трапіла б туды хутчэй і ўпісалася б лепш, чым краіны Балтыі ці Ўкраіна, таму што яна лепш арганізаваная, людзі больш адукаваныя, працавітыя і менш дэмаралізаваныя камунізмам. Я быў у шоку і ня ведаў, што адказаць».

Ніжэй спасылка на ўвесь матэрыял, але тут пакіну яшчэ адну цытату з кнігі. Так дыпламат апісвае першае ўражанне ад Менску:

«Я ехаў па праспекце Дзяржынскага, здзіўляючыся, як гэта магчыма, што тут яшчэ ўшаноўваюць такога тырана, злачынцу і дэгенерата. Але, з другога боку, я быў станоўча здзіўлены тым, як Менск сустрэў мяне сваёй сучаснасцю. Гэты кантраст заўсёды суправаджае ў Беларусі. Старое змешваецца з новым. Савецкасць пераплятаецца з сучаснасцю, і наадварот. З маім здзіўленнем і раздваеннем асобы пазней пагадзіліся многія нашы госці. Стэрэатып Беларусі ў Польшчы — гэта галеча, калгас і адсталасць. Але калі вы бачыце нешта іншае ў рэальным жыцці ці, прынамсі, ня проста вобраз са стэрэатыпу, узьнікае кагнітыўны дысананс. Але таксама ня трэба паддавацца ілюзіям, ашукваць сябе тым, што ўсё прыгожа. Беларусы — майстры добрага ўражання».

Увесь тэкст - https://smarturl.click/O0p6o




Слова “грант” стала нейкай лаянкай, а дарма. Яго неабходна рэабілітаваць. І не проста рэабілітаваць, а зрабіць інструментам функцыянавання дзяржавы. Бо дзяржаўная сістэма, праз кантраляваныя ёю Дамы культуры і калектывы, цэлыя ўстановы, у разы менш эфектыўная.

Усё сваё дзяцінства і юнацтва я не мог зразумець, навошта ў Налібаках патрэбныя Дом культуры. Апрача дыскатэк два разы ў тыдзень, там было пуста. Гэта была мёртвая ўстанова. Кінапаказы там скончыліся ў канцы 90-х. Рэпетыцыі мясцовага фальклорнага ансамблю там пачыналіся напярэдадні прыезду “нечаканай” праверкі з раёна. Нас тады здымалі з урокаў, каб мы раз у год паспявалі са сцэны ДК.

У шафе там віселі нацыянальныя касцюмы, каб іх выпрасіць на калядаванне, якое мы, моладзь, ладзілі самі ў вёсцы, трэба было хадзіць і прасіць з вачыма ката са “Шрэка” некалькі дзён. Гукавую тэхніку, якая стаяла пад замком, выпрасіць было яшчэ складаней. Адказ быў просты – “хлопцы, усё чысліцца (на балансе) не дам”. Гэта ўсё ляжала лежма і гніло. Пры гэтым, у ДК былі працаўладкаваныя людзі, якія зараблялі за гэта грошы. Вядома, так было не паўсюль. Але з гісторый сяброў ведаю, што шмат дзе ў Беларусі справа выглядала менавіта так. Гэта фіяска.

Самыя паспяховыя рэчы, якія робяцца, гэта справа актыўных людзей. Ад пачатку і да канца. І матываваць трэба іх.

У Польшчы, напрыклад, гарады іпрызначаюць частку бюджэту на праекты жыхароў. Мэрыя Варшавы ў гэтым годзе раздасць на гранты 25 мільёнаў даляраў. На конкурс прыходзіць больш тысячы праектаў.

Пераможцаў праз галасаванне выбіраюць гараджане. Самыя папулярныя праекты датычаць азелянення ў горадзе, пасадкі дрэваў, кустоў, будаўніцтва роварных сцежак, лавак, набыццё новых кніг у бібліятэкі, псіхалагічныя кансультацыі для моладзі, культурныя падзеі, кірмашы здаровага харчавання. Гэта сотні праектаў. Такая ж практыка раздачы грантаў у Міністэрства культуры. Сёлета на праекты грамадзян прызначана 6 мілёьнаў даляраў.

Некалькі год таму ўлады Ісландыі разбалі сваім грамадзянам 3 мільёны даляраў. Усё адбывалася ў рамках конкурсу найлепшых ідэяй святкавання дня незалежнасьці. У аргкамітэт прыслалі 170 праектаў, парламент у выніку зацьвердзіў 100.

Бюджэт быў размеркаваны так, каб імпрэзы ахапілі ўсю краіну. Гранты пайшлі на пастаноўку ў Ісландзкай оперы, на спектаклі ў тэатрах. Датацыя для прыватнай тэлекампаніі на 10-серыйны серыял пра падзеі 1918 году, калі Ісландыя аддзялілася ад Даніі.

Акрамя гэтага, гранты пайшлі на выставы пра касцёлы Ісландыі, пра зямлю і прыроду ў ісладзкай культуры. За грошы з гэтых грантаў адбыўся Фестываль дзіцячай культуры прысвечаны правам дзіцяці за 100 гадоў незалежнасці, Фестываль дзіцячай кнігі, Фестываль для дзяцей, прысьвечаны нацыянальным спевам, Фестываль паўночнага танцу, цыкл тэлепаралачаў пра будучыню Ісландыі, заняткі для сем’яў у вясковых дамах культуры ўзімку, калі людзі мала ездзяць па краіне. Раздалі грошы на стварэнне гістарычных сайтаў, нават на пасадку лесу з нагоды юбілею дзяржаўнасці і гендэрныя праекты, прывязаныя да юбілею незалежнасці. Частку грантаў атрымала ісландская дыяспара за мяжой.

Быў нават экзатычны праект –“Гарачыя дыскусіі” пра незалежнасць, якія прайшлі ў “гарачых джакузі”. Ініцыятары напісалі ў абгрунтаванні, што калі сітуацыя раптам выйдзе з-пад кантролю з-за эмоцыяў, то можна будзе акунуацца ў ледзяную ваду ў басейне побач.

Людзі ўдзельнічалі цэлымі «сельсаветамі», дварамі ў гарадах, школамі. Папулярнасць конкурсу была настолькі вялікай, што ўлады працягнулі прыём заявак на новыя праекты з новым бюджэтам.

Новымі інстытутамі павінны быць актыўныя людзі. Ніхто не зробіць лепш, чым чалавек, які сапраўды хоча зрабіць.


У Беларусі па інэрцыі з савецкіх часоў захаваліся немалыя антыамерыканскія настроі. Вынікам нейкага доўгага інтэлектуальнага працэсу гэта не назавеш. Прынамсі я нейкага ўцямнага адказу на пытанне, што кепскага зрабіла беларусам Амерыка ці “страшнае” ЦРУ, не прыгадваю. Але гісторыя захавала іншыя выпадкі. Толькі ці чулі пра іх масы ў Беларусі?

У 1922–1923 у Беларусі (на адміністрацыйнай тэрыторыі БССР і РСФСР) працавалі тры акругі Амэрыканскай адміністрацыі дапамогі (American Relief Administration).

♦️Усяго паступіла звыш 14 тысяч 440 тон амерыканскай дапамогі (Менская акруга размеркавала 6825, Віцебская — 4441, Гомельская — 3175 тон) на суму больш за 2 мільёны 730 тысяч даляраў.

♦️Было дастаўлена больш за 10 тысяч 110 тон харчовых пасылак коштам 10 даляраў кожная на агульную суму 1 мільён 732 тысячы даляраў (18,5% усіх пасылак АРА).

♦️Амерыканцы бясплатна выдалі 988 тон харчовых рацыёнаў дзецям, хворым у шпіталях і ўцекачам. АРА апекавалася больш чым 300 дзіцячымі дамамі, апроч харчавання пастаўляла адзенне, абутак, медычныя матэрыялы. Спрыяла рэпатрыяцыі ўцекачоў, якія пакінулі Беларусь падчас Першай сусветнай вайны.

♦️Пастаўлялася санітарнае абсталяванне, было арганізавана харчаванне і медычная дапамога ў канцлагеры ўцекачоў Козырава (найбуйнейшы на той час у свеце).

♦️За амерыканскія сродкі вакцынавалі больш за 1 мільён чалавек. Медыкамэнты, матэрыялы санітарыі і абсталяванне агульнай вагой 484 тоны, кошт якіх перавысіў 470 тысяч даляраў, атрымалі больш за 300 медычных установаў. Медычная праца АРА засцерагла ад эпідэміі тыфусу Беларусь і Польшчу.

♦️Спачатку савецкая ўлада ўсяляк дзякавала АРА. Існуюць падзякі ад кіраўнікоў савецкага ўраду з Масквы. Таксама і ўлады Беларусі дзякавалі АРА. У газетах таго часу можна знайсці афіцыйныя паведамленні на гэтую тэму. Але паступова ўсё мянялася. Ужо ў 1970-я гады ў выдавецтве «Политиздат» выйшла кніжка «Диверсия под флагом помощи». Там цалкам выключылі любую пазітыўную агульначалавечую якасць і значэнне гэтай дапамогі, перакрэсліўшы ўсё сваёй няўдзячнасцю. АРА ўратавала тады мільёны людзей.

У «Бібліятэцы Свабоды» у 2005 годзе выйшла кніга Аляксандра Лукашука «Прыгоды АРА ў Беларусі». Тэкст з мноствам ілюстрацый і гістарычных архіўных дакументаў даступны на нашым сайце.

Кніга - https://docs.rferl.org/be-BY/2010/03/22/pryhody_ara.pdf
Аўдыёкніга - https://audiobooks.by/books/prygody-ara-u-belarusi


На “Свабодзе” выйшла вельмі цікавая гутарка з той самай настаўніцай Таццянай Крапіневіч, якая пасля скаргаў прарасейскіх даносчыкаў была вымушаная пакінуць Беларусь. У 2023 годзе яна перамагла ў абласным конкурсе “Настаўнік года”, працавала завучам гімназіі ў Ляхавічах. Тут некалькі цытат, а інтэрвію па спасылцы ніжэй. Там жа спасылка на збор для яе, бо Таццяна пачынае новае жыццё ў Варшаве.

😳“На ўроках я займалася з дзецьмі толькі матэматыкай. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта не пра школу, не пра навучанне, не пра выхаванне. Проста стараюцца ўпіхнуць усім у галаву, што ёсць адзін святы чалавек, дзякуючы якому мы жывём і павінны на яго маліцца».

😳«На жнівеньскай нарадзе сказалі, дзяўбуць на ўсіх педнарадах: „Забудзьцеся пра навучанне і адукацыю, найперш у школе — патрыятычнае выхаванне, прапаганда, ідэалогія“. Нас абавязалі хадзіць са значком-сцягам, кожную чвэрць пачынаем і заканчваем гімнам, спрэс святы адзінства, лінейкі, пастаянна праходзяць урокі па тэмах Вялікай Айчыннай».

😳«Кожны чацьвер — „Школа актыўнага грамадзяніна“, дзе ідэолагі прамываюць дзецям мазгі. Няважна, што на ёй адбываецца, галоўнае — зняць дзяцей. Няма фота — вы нічога не праводзілі. Фота абавязкова трэба выслаць завучу па выхаваўчай працы, апублікаваць на сайце, у тэлеграм-канале».

💪«Дзеці не такія ж ужо і дурныя. Яны ўдзельнічаюць у гэтым фарсе, бо ім пастаянна абяцаюць нейкія паблажкі — паставіць дзясятку, дазволіць не прыйсці ў школу ў суботу на нейкае мерапрыемства».

https://smarturl.click/W3254




Рамашэўска: Тэрор у Беларусі горшы, чым у нас падчас ваеннага становішча

Запісаў вялікую гутарку з Агнешкай Рамашэўскай. Не пра Белсат. Пра яго там толькі першае пытанне. Гаварылі пра яе погляды, якія многія лічаць прычынай звальнення. Пра сувязі з партыяй "ПіС". Але для мяне самым цікавым быў расповед пра барацьбу польскай апазіцыі з камуністамі ў 1980-ыя. Рамашэўская была часткай гэтага руху. Калі генерал Ярузэльскі ўвёў ваеннае становішча, яе інтэрнавалі і трымалі некалькі месяцаў у лагеры.

Пры гэтым, параўноўваючы з Беларуссю, Рамашэўская кажа, што ў Польшчы тэрор быў даволі ліберальны. Пасадзіць шматдзетную маці камуністы проста не маглі сабе дазволіць. Яе тут жа вызвалялі. Трымаць чалавека інкамунікада больш за тыдзень было скандалам. Але ціск камуністаў прымусіў людзей баяцца і актыўнасць "Салідарнасці" зменшылася магутна. Цікавыя ацэнкі Рамашэўскай кампрамісу з камуністамі ў 1989 годзе. На яе думку, альтэрнатывы тады не было, трэба было дамаўляцца. Але вось пасля, цытую: "Трэба было ўзяць іх за морду і паказаць ім іхнае месца".

Гаварылі і пра тое, чаму праз пару год пасля падзення камунізму палякі ізноў выбралі іх жа, цяпер ужо посткамуністаў. А яны, сюрпрыз, увялі краіну ў NATO і Еўразвяз. Чаму? Усё ў відэа. Сянняшняе палітычнае супрацьстаянне ў Польшчы Рамашэўская лічыць вельмі трывожным і кажа, што такога пасля 1989 года ў краіне не было. "Бо палякі сталі забываць, што такое камунізм". Дзякуй за лайкі і каментары на ютубе. Калі вы хочаце слухаць адказы ў арыгінале па-польску, то абярыце польскі гук ва ўстаноўках.

https://youtu.be/WlNYNFmb5Ks


Портнікаў: Лукашэнку прывяла да ўлады Лубянка

Але.

«Лічыць, што Лукашэнка не кантралюе Беларусь — гэта таксама вялікае перабольшванне. Лукашэнка — саюзнік Пуціна. Ён цудоўна ведаў, на што ён ішоў, калі фактычна тэрыторыю сваёй краіны прадстаўляў як плацдарм для нападу на Ўкраіну. Таму сцвярджаць, што Лукашэнка гэта ахвяра абставінаў, што ён ня мог нічога зрабіць, гэта проста не разумець беларускую палітыку». — гаворыць украінскі публіцыст.

https://www.youtube.com/watch?v=66I76osUjjg




Інтэрвію з Арлетай Бойкэ, адной з найлепшых журналістак у Польшчы (а можа і найлепшай), якая займаецца Ўсходняй Еўропай. 10 год таму Арлета з польскімі калегамі брала інтэрвію ў Лукашэнкі і менавіта ёй ён прапаноўваў славуты "чай з малінавым варэннем". І ўсе гэтыя гады Арлета не падазравала, што гэта вядомы мем сярод беларусаў.

https://youtu.be/3dwMna0Y7FY?si=DORyHVAQtBTOEBY5


Ня ўсё з запісу ў Мікіты Мелказёрава трапіла ў выніковае відэа. Адна з такіх рэчаў - Топ-5 кніг, якія дапамагаюць зразумець Беларусь. Таму пакіну гэта тут:

1. Мадэрная гісторыя Беларусі. Юры Туронак. Тут усе тэксты гісторыка, якія раскрываюць як беларусам удалося аформіць ідэю і прыйсці да ўласнай дзяржавы.

2. Да гісторыі беларускага руху. Збор тэкстаў бацькі беларускай дзяржаўнасці Антона Луцкевіча. У палякаў - Пілсудскі, у чэхаў - Масарык. У беларусаў (для мяне) - Антон Луцкевіч.

3. Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Пра чыннасць беларускіх моладзевых арганізацый у XIX-XX ст. Уладзімер Ляхоўскі на прыкладах паказаў, як нізавая актыўнасць людзей нараджае рух, які ў выніку стаў апорай усёй нацыі.

4. Чужая Бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык. Найлепшы раман пра Заходнюю Беларусь у міжваенны час, за "польскім часам".

5. Я з вогненнай вёскі. Зборнік успамінаў пра ІІ сусветную вайну ў Беларусі. Успаміны ахвяраў збіралі Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Ўладзімер Калеснік.

https://youtu.be/Zmql_ZdSOso?si=p5Bvbvp3Y_SMagku




Ідзе барацьба за розумы маладых беларусаў. Ужо некалькі гадоў рэжым у Беларусі спрабуе стварыць сетку праўладных блогераў, у якой ня будзе месца разброду і шатанію. Але выхлап нулявы. Гэта доўгая песня. Таму ўлады абралі іншы шлях - прымус да лаяльнасці самых паспяховых блогераў краіны.

https://youtu.be/JAjMe417T54?si=-e9OedlRPpsv77mA


2/2

🇵🇱 Ідэі стварэньня партызанскіх атрадаў пацярпелі крах. Большасць прыхільнікаў апазіцыі лічыла, што гэта няправільны шлях. Людзі былі перакананыя, што «Салідарнасць» выйграла летам 1980 году, бо рабочыя, якія абвясцілі страйк, не выйшлі з фабрык на вуліцы, дзе адбыліся б сутыкненні і бойкі, як гэта было ў снежні 1970 году. Яны засталіся на фабрыках і чакалі, пакуль улада дасць слабіну.

🇵🇱 Калі нехта думае, што адна вялікая арганізацыя была б больш эфектыўнай, то ён памыляецца. У адну такую вялікую арганізацыю агентуры значна прасцей пранікнуць, кантраляваць яе знутры і знішчыць. У польскай апазіцыі канкуравалі вельмі розныя ідэі, людзі дыскутавалі, спаборнічалі паміж сабой. Гэта стала падмуркам польскай дэмакратыі пасля 1989 году.


Вось кажуць, калі б у Беларусі ў 2020 быў страйк, усё было б інакш. У 1980 годзе ў Польшчы быў агульнанацыянальны страйк, але праз 1,5 года ўлады закаталі ўсё пад асфальт. Акурат сёння сумная гадавіна пачатку гэтага працэсу. 43 гады таму ўлады камуністычнай Польшчы ўвялі ваеннае становішча.

Гэта быў адказ на “разгул дэмакратыі” (аналаг нашага 2020, але са страйкам), які за 1,5 года да гэтага ініцыявала “Салідарнасць”. Калі нехта не ведаў, то ў 1980 годзе адбыўся найбуйнейшы ў гісторыі Польшчы ўсеагульны страйк. Улады пайшлі на саступкі і зарэгістравалі прафсаюз «Салідарнасць. Але вельмі хутка камуністы адумаліся і пачалі татальную зачыстку нязгодных. Гэта прывяло да масавай эміграцыі (выхаў мільён палякаў) і расчаравання ўнутры краіны ў сэнсе барацьбы. Ажно 8 гадоў апазіцыя дзейнічала ў глыбокім падполлі, пакуль не перамагла ў 1989 годзе.

Пакідаю вас з тэзісамі польскага гісторыка Антонія Дудэка, з якім я меў гонар размаўляць 2 гады таму ў эфіры Свабоды.

🇵🇱 Першапачатковы энтузіязм, мабілізацыя мільёнаў людзей (у 1980) былі магчымыя толькі на працягу некалькіх месяцаў. Праз некалькі месяцаў гэтая падтрымка пачала змяншацца. Апакаліптычная прапаганда супраць «Салідарнасці» прымушала людзей сумнявацца ў тым, ці мае яна рацыю.

🇵🇱 Найбольш відовішчнай праявай дзейнасці апазіцыі ў 80-я гады ў Польшчы былі вулічныя дэманстрацыі. Але пасля ўвядзеньня ваеннага становішча гэтыя дэманстрацыі пачалі слабець. Людзі, якія ў іх удзельнічалі, плацілі высокую цану за такі ўдзел. І таму жадання паўтараць такія дэманстрацыі было ўсё менш і менш.

🇵🇱 Генерал Ярузэльскі ня толькі паабяцаў пакончыць з «Салідарнасцю», якая «разводзіць анархію». Ён паабяцаў правесці глыбокія эканамічныя рэформы, якія ўжо празь некалькі гадоў прынясуць фантастычныя вынікі. Але праз пару год палякі расчараваліся іх адсутнасцю. Разам з «перабудовай» Гарбачова гэта стварыла крытычную нагрузку, якая прымусіла Ярузэльскага пачаць рабіць змены. Так узнікла ідэя «круглага стала» і кантраляванай трансфармацыі, якая ў пэўны момант выйшла з-пад кантролю.

🇵🇱 Асноўныя дзяржаўныя структуры пасля ўвядзення ваеннага становішча пачалі напаўняцца людзьмі са спецслужбаў. Адбываліся масавыя чысткі чыноўнікаў дзяржапарату, якіх падазравалі ў спрыянні апазіцыі. У 1986 годзе польская выведка зламала шыфр, дзякуючы якому «Салідарнасьць» кантактавала са сваімі прадстаўнікамі на Захадзе.

🇵🇱 Наступствам ваеннага становішча стала большая залежнасць Польшчы ад СССР. Адной з прычын былі санкцыі. Але... перамоваў жадала найперш апазіцыя. У камуністаў была свая гульня.

🇵🇱 Камуністы паслядоўна працавалі на знішчэнне адзінства сярод апазіцыі. У 1985 годзе Служба бяспекі (аналаг КДБ у Беларусі) так апісвала сваю тактыку барацьбы з «Салідарнасцю»: «Палітычнай мэтай з'яўляецца разгубленасць у лагеры праціўніка і параліч яго адзінства і дзеяння». У дакуменце МУС мэты для сябе бачылі такія: 1) Паглыбленне розніц і антаганізмаў паміж асобамі і групамі, якія выконваюць кіраўнічую ролю. 2) Бесперапынная дэзынфармацыя.

🇵🇱 Улады затапталі апазіцыю. У 1984 годзе нелегальнай апазіцыйнай дзейнасцю на амаль 40-мільённую Польшчу займаліся каля 34 тысяч чалавек, а актыў складаў - 1,5 тысячы. А адзіныя перамовы прадстаўнікоў улады і апазіцыі маглі датычыць угаворванняў пакінуць краіну або выйсці з падполля. Аднак потым нешта пайшло не так і стала сюрпрызам як для ўлады, так і "Салідарнасці".

🇵🇱Гэта не да канца праўда, што было адзінства паміж «Салідарнасцю» і Каталіцкай царквой. Пасля ўвядзеньня ваеннага значная частка касцельнай іерархіі на чале з тагачасным прымасам Польшчы вырашыла, што «Салідарнасць» скончылася і што з яе больш нічога не атрымаецца.

🇵🇱 Была частка апазіцыі, якая не пагаджалася з мірнай стратэгіяй, пра якую гаварыў Лех Валэнса і большасць «Салідарнасці». Яны хацелі ісці далей і выкарыстоўваць дыверсійную дзейнасць супраць камуністаў. Абмяркоўваліся нават тэрарыстычныя дзеянні, але з гэтага нічога не атрымалася.


На Spotify i Apple Podcasts з'явіліся тры новыя беларускія падкасты. Варта падпісацца

Гэта праекты беларускай службы Радыё Ватыкан.

"Філасофскія нататкі" прысвечаныя самым вядомым у свеце мыслярам. Ад Платона, Арыстоцеля, Макіявелі, Тамаша Аквінскага да утопій Томаса Мора. Аўтар - кс. Раман Суша, лаўрэат прэстыжнай узнагароды папскага Фонду Centesimus Annus за даследаванне мітадызайну ў лічбавую эпоху.

Падкаст "Старонкі гісторыі" прысвечаны гісторыі Каталіцкага Касцёла на беларускіх землях. Гэта гутаркі з кандыдаткай гістарычных навук Раісай Зянюк. Раю паслухаць пра ксяндза Юзафа Барадзюлю, які 25 год правёў у ГУЛАГах.

Падкаст "У люстэрку вечнасці" - праект мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага. Ён расказвае пра мастакоў, дойлідаў, фатографаў розных эпох, знітаваных з Беларуссю. Орда, Тышкевіч, Альхімовіч. Усяго амаль 30.

Дарэчы, сачыць за абнаўленнямі і навінамі можна праз тг-канал радыё. Там і падкастаў больш, і агулам навін.

Варта падпісацца. https://t.me/vaticannewsbe


Гэты збор подпісаў за кандыдатаў быў незвычайны нават як на беларускія ўмовы. Паглядзеў гадзіны відэаматэрыялу афіцыйных каналаў і выбраў для вас самае смачнае і сенсацыйнае.

Нам трэба ваш лайк пад відэа, калі для вас гэта бяспечна. Дзякуй.

https://www.youtube.com/watch?v=_VUgC60m1Qs


30 год таму пачалася Першая чачэнская вайна. Памятаю, як у дзяцінстве глядзеў навіны на ОРТ і на слова "Дудаеў" дранцьвеў ад страху. Калі пасля яго забойства я даведаўся, што на мітынгу ў Менску Зянон Пазьняк абвясціў хвіліну цішыні па Дудаеве, то не мог зразумець - навошта, ён жа тэрарыст. Такія былі часы, калі амаль не было іншых крыніц інфармацыі.

Дзякуй Богу, цяпер магчымасці ў інфармацыі іншыя і можна выпраўляць свае паталагічныя ўспаміны з дзяцінства. Дапамагае ў гэтым чачэнскі гісторык, былы прэс-сакратар і дарадца прэзідэнта Ічкерыі Аслана Масхадава, Майербек Вачагаеў:

«Першай памылкай чачэнцаў падчас першай вайны было тое, што яны намагаліся дзейнічаць як армія. Як толькі яны разбегліся і пачалі дзейнічаць як атрады, як ваяры, асобныя групы, з гэтага моманту расейцы ня ведалі, з кім яны змагаюцца. Вайна з чачэнскага боку вялася выключна партызанскай барацьбой. Калі б гэта была звычайная армія, то расейскае войска знішчыла б яе імгненна. Расейцы маглі лёгка прайсці нават у горную частку, але вяртацца для іх заўсёды было праблемай. Бо з гор, зь лесу, адусюль наносіліся ўдары. Іх проста падрывалі. Яны не ведалі, што той хлопчык, якому 10–11 год, які падышоў да іх і спрабаваў штосьці гаварыць па-руску, ён насамрэч падклаў міну і яшчэ расказаў сваім, колькі там расейцаў.

І падчас першай, і падчас другой вайны ў чачэнцаў не было страху. Калі прыяжджала калона, то чачэнскія хлопцы крычалі «Ваня, Ваня» і паказвалі жэст з пальцам, яны ўсяляк дэманстравалі расейцам сваю пагарду. А па-другое, чачэнцам было шкада расейцаў. Гэта была не нянавісць, а пагарда, бо яны паводзілі сябе па-скоцку. Тое, што яны цяпер рабілі ў Бучы, мы ўсё гэта перажылі. Для нас гэта Алды, Зандак, усе тыя населеныя пункты, якія яны праходзілі і дзе гвалцілі нашых людзей. Расейскія салдаты адразалі чачэнцам вушы, галовы. Яны паказалі прыклад. Здзек над нябожчыкам лічыўся ў чачэнцаў чымсьці неверагодным. І вось нам пачалі прадаваць галовы без целаў, або целы без галоваў. Прадавалі па 3 тысячы даляраў. Сям’ю, у якой былі такія грошы, цяжка было знайсьці, збіраць грошы мусіў увесь род. У чачэнскай традыцыі лічыцца праблемай хаваць чалавека нават без аднаго пальца. І калі табе даюць цела бязь нейкай часткі — гэта абраза і прыніжэнне роду. Расейцы паказалі прыклад, а пасля пайшлі і ў нас мярзотнікі, якія казалі — а чаму мы ня можам?"

Рэкамендую тэкст цалкам https://smarturl.click/xBowY


«Пуцін усіх перайграў». Падзенне рэжыму Асада ў Сірыі нагадала мне гэтую збітую формулу. Яе вельмі часта паўтаралі, калі казалі пра Сірыю. Маўляў, ох, ох, якія геніяльны стратэг і тактык Пуцін. Злы, але геній. Мяне гэта тады здзіўляла і я напісаў у 2018 годзе тэкст. Ён ніжэй.

Расея размаўляе з ЗША наконт Сірыі. «Пуцін усіх перайграў». Расея праводзіць Чэмпіянат свету па футболе. «Пуцін усіх перайграў». Пуцін сустракаецца з Трампам. «Пуцін усіх перайграў». Калі мы лайкаем і шэрым гэтую лухту, то сапраўды дапамагаем Пуціну выйграць.

Савецкія газеты выкарыстоўвалі для прапаганды цэлыя развароты. У эпоху сацыяльных сетак гэта робяць кароткія выразы-штампы. Паколькі многія з іх забаўныя, мы бяздумна посцім іх. Без рэфлексіі пра наступствы. Так мы ствараем бурбалку, у якую самі сябе заганяем. А потым зацята пачынаем змагацца з праблемай, якую самі стварылі.

Штамп «Пуцін усіх перайграў» адныя пішуць ад захаплення, другія са страху і безвыходнасці, а іншыя для сьмеху. Але ўсе яны дапамагаюць ствараць ілюзію пра паспяховага лідэра-супэрмэна, які ледзь не кіруе светам. Механізм ператварэння хлусні ў «праўду» вядомы: паўтарыць хлусню шмат разоў. І тады ў самых, здавалася б, вытрывалых, узьнікаюць сумневы.

Пуцін, маўляў, моцны, бо ўвёў войскі ў Крым, кантралюе Данбас, яго агентаў ловяць ажно ў Вашынгтоне або вінавацяць у атручванні замежных грамадзян у Англіі. Але затрымайцеся на імгненне. Праз Крым Пуцін заварыў такую кашу, якую яго краіна будзе расхлёбваць дзесяцігоддзямі. А камфортам і дабрабытам сваіх грамадзянаў Расея за гэта ўжо плоціць. На Данбасе «рускі мір» кантралюе невялікі лапік зямлі. На больш у іх не хапіла сілы перад украінцамі. Злоўленыя на Захадзе расейскія агенты — гэта ж іх поўны правал і сорам расейскіх спецслужбаў.

Пуцін перайграў хіба толькі Буціну, якая была гатовая прадаваць сваё цела амерыканскім палітыкам. А што Пуцін выйграў у Сірыі? Труны з расейскімі пілётамі і шалёныя выдаткі на вайну? Расейскі ВУП роўны маленечкім Бельгіі і Нідэрландам. Там, дзе расейскія кампаніі здабываць нафту і газ, каб грэць імі Еўропу, людзі паляць у печках дровамі і ня маюць каналізацыі. Пасля пафасных і страшных прамоваў Пуціна расейскія ракеты не запускаюцца з палігонаў, а тэхніка глухне на парадах. Дык каго перайграў Пуцін, апрача людзей, з якімі ён жыве ў адной краіне? Таму быць задаволены ад фразы «Пуцін усіх перайграў» можа быць толькі сам Пуцін.

Эфект Пуціна не большы за неўсвядомленую цягу маладых дзяўчынак перад кепскімі хлопчыкамі. То Пуцін на кані з голым торсам, то лётае з журавамі, то рассякае воды Чорнага мора і можа даць у твар пры неабходнасці. Bad guys заўсёды падаюцца больш сэксоўнымі, адважнымі і самаўпэўненымі. На моцных нават крытыкі і апаненты глядзяць прыцішана. Са страхам, але і з захапленнем. Аднак псіхолягі даўно раскусілі «альфасамцоў». Іх сакрэт — звычайная паказуха для публікі.

Любы небарака можа стаць альфасамцом, калі б для ўласных мэтаў ён выкарыстоўваў спецслужбы, войска і пляваў на законы. Бачылі мы прыклады Чаўшэску, Кадафі і Мугабэ, ведаем. Што гэта за мастацтва? Перайграла ўсіх Амерыка, купіўшы Аляску за капейкі і зарабляючы на ёй мільярды, і выклікаючы гэтым зайздрасць Расеі. Перайграла Фінляндыя, якая кінула Расею і пабудавала эфэктыўную дзяржаву, у якой быць дыктатарам проста нявыгадна. Перайграе Пуціна кожная краіна, куды ўцякаюць расейцы з мазгамі і грашыма.

Самая агрэсіўная зброя пуцінскай Расеі — гэта прапаганда. Яна танная і эфектыўная. Прапагандзе ўдаецца рабіць з мазгоў мякіну, а людзей няздольнымі думаць і рабіць высновы. Вялікасьць і геній Пуціна — частка гэтай прапаганды.

Расея ня там, дзе людзі размаўляюць па-расейску, і тым больш, яна не бязмежная, як лічыць сам Пуцін. Мяжа Расеі заканчваецца там, дзе людзі не дазваляюць павесіць сабе на вушы расейскую локшыну.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.