Гандбол са сваёй званіцы


Kanal geosi va tili: Belarus, Ruscha
Toifa: Sport


Асабісты погляд на падзеі ў эўрапейскім і сусветным гандболе


Kanal geosi va tili
Belarus, Ruscha
Toifa
Sport
Statistika
Postlar filtri


Хто стане чэмпіёнам?
So‘rovnoma
  •   Венгрыя
  •   Германія
  •   Гішпанія
  •   Швецыя
17 ta ovoz


Сябры, прашу прабачэння, што даўно не было тэкстаў. На тое ёсць шэраг прычын, пачынаючы з цяжкага працоўнага графіка і завяршаючы невялікай колькасцю падзей. Нажаль не магу абяцаць, што гэта не здарыцца зноў, але буду імкнуцца да графіку "мінімум адзін пост на тыдзень".

І вось нарэшце ёсць пра што расказваць. Па-першае гэта чэмпіянат Эўропы U18. Галоўная ягоная сенсацыя — гульня французаў. Гэта генерацыя яшчэ слабейшая за папярэднюю.

Абсалютная канкурэнтаздольнасць на першым этапе, дзіўная нічыя са славенцамі і недастаткова магутны выступ супраць сербаў. Вынік — барацьба за тое, каб увогуле застацца ў эліце.

Але рабіць трагедыю з гэтага пакуль не варта (канешне, калі каманда застанецца ў эліце). Тут можна звярнуцца да папулярнай заходней ад Буга думкі наконт рэзультатаў у моладзевым узросце. Галоўная задача на гэтым этапе — прагрэс і атрыманне навыкаў. Калі каманда дасць дарослым камандам 3-4 гульца ўзроўню асноўнай каманда, то і добра.

Пра што можна казаць, так пра прасадку вынікаў на гэтым этапе. Калі праз два гады ўсё застанецца на тым жа ўзроўні, то тады ўжо трэба будзе нешта мяняць.

На другім полюсе знаходзяцца партугальцы. Канешне, мы ведаем, што ў апошнія гады гэта краіна робіць вялікія крокі наперад. Але кожны з іх уражвае болей за папярэднія. У Чарнагорыі не згулялі браты да Кошта — ужо падрыхтаваныя для дарослай кар’еры. Глыбіня рэзерваў уражвае, няхай нават максімальны патэнцыйны вынік — толькі пятае месца.

Таксама варта ўзгадаць венграў. Каманда праводзіць вельмі якасны турнір. Класічная каманда з добрай задняй лініяй, крыху старамодная і ў той жа час вельмі сімпатычная.

Фаварыты — гішпанцы. Яны забралі ў французаў статус каралёў моладзевых турніраў. Пакуль што ўсё ідзе да таго, каб забраць другое золата за лета.

Непапулярным, але лагічным рашэннем было б аддаць тытул MVP фарэрцу Олі Міттуну. Няхай ягоная зборная не можа бароцца за медалі, але сам левы паўсярэдні выглядае настолькі лепш за астатніх, што можна зрабіць выключэнне.

Наперадзе фінальны ўік-энд. Шмат што зможа змяніцца, але першыя ўражанні менавіта такія.


Колькі афрыканскіх каманд дойдзе да галоўнага раўнду ЧС?
So‘rovnoma
  •   5
  •   4
  •   3
  •   2
  •   1
24 ta ovoz


Гішпанцы лікуюць у Эўолпе, егіпцяне на дзве галавы вышэйшыя за ўсіх у Афрыцы

Скончыліся адразу два топ-турніры. І калі ў Афрыцы егіпцяне не дазволілі адбыцца сенсацыі, то на моладзевым Эўра перамогу нечакана святкавалі гішпанцы.

Чаму нечакана? Так, слушна, гішпанцы былі аднымі з фаварытаў, але ні ў водным паказчыку яны не былі лепшымі. Хіба што акрамя лепшай атакі.

Калі сумаваць усе складнікі поспеху, імаверней было б золата партугальцаў. Дарэчы яны і былі наперадзе большую частку фінальнай сустрэчы. Але гэта быў той тып вырашальнага паядынку, калі на першы план выходзяць нервы і вопыт.

Партугальцы трапілі ў сваю ж пастку. Яны вельмі добра расклалі сілы па дыстанцыі: ў першым тайме тэмп задавалі патэнцыйна другія нумары, потым за справу ўзяліся браты да Кошта. Але замест таго, каб у неабходны момант ізноў змяніць акцэнты, яны працягнулі рабіць стаўку на сваіх галоўных зорак.

Тыя былі ўжо не ў лепшых кандыцыях. Гішпанцы шмат лепей распараджаліся рэсурсамі і былі за тое ўзнагароджаны.

Увогуле на гэтым турніры шмат чаго было завязана на тое, каб падысці да той ці іншай сустрэчы ў аптымальнай форме. Найбольш яскравы прыклад — дзве паразы шведаў сербам.

Пры прыкладна роўным класе калектываў абедзе сустрэчы завяршыліся з разгромным лікам. І справа не ў тым, што Стэфан Додзіч і Мілан Кос гулялі лепшыя свае сустрэчы (так, яны безумоўна звышталенты, але гэта не галоўнае).

Падалося, што шведы зарана выпрацавалі рэсурс, што ў адсутнасці лідараў кшталту траўмаванага Эліата Стэнмальма, значна ўскладніла жыццё. Пры гэтым срэбра ці нават золата было больш чым рэальным. За адну памылку ў абароне ў канцоўке сустрэчы з гаспадарамі прыйшлося заплаціць медалём.

Калі эўрапейская моладзь мела інтрыгу за лічаныя хвіліны да сканчэння апошняй сустрэчы, то ў Арфыцы пытанне пра чэмпіёна не стаяла ўвогуле.

Егіпцяне ўзялі такі тэмп, што ўжо хутка будуць прэтэндаваць на ўзнагароды чэмпіянатаў сусвету. У той жа час астатнія каманды кантыненту хутчэй дэградуюць, чым развіваюцца.

У гэтым плане выхад зборнай Каба-Вердэ ў фінал паказальны. Каманда, яка існуе тры гады, абскоквае тых, хто гадамі выбудоўваў свае школы. Больш за астатніх сваёй неканкурэнтаздольнасцю здзівілі тунісцы.

Канешне ў Польшчы і Швецыі ўсё яшчэ можна чакаць сюрпрызаў, але на фоне некаторых каманд, нават прадстаўнікі Злучаных Штатаў выглядаюць цікавей. Дарэчы, у групе ім гуляць з мараканцамі.


Фаварыт -
So‘rovnoma
  •   Партугалія
  •   Гішпанія
  •   Данія
  •   Венгрыя
  •   Швецыя
  •   Францыя
  •   Сербія
  •   Германія
14 ta ovoz


Моладзевы чэмпіянат Эўропы: засталося восем прэтэндэнтаў на золата

Як заўжды, сезон пачынаецца са спаборніцтва самых таленавітых маладзёнаў. Наўрад ці чэмпіянат у Партугаліі зменіць трансферныя планы гэтага лета, але спартовыя дырэктары возьмуць на заметку не аднаго гульца.

Дарэчы, адзін з галоўных трансфераў гульцоў гэтага пакалення быў завершаны да пачатку турніру. "Ольбарг" падпісаў Томаса Арнольдсэна, якога зараз параўноўваюць з маладым Мікелем Хансэнам.

Па выніках групавога этапу знайшліся два бездакорныя калектывы. Па-першае, гэта шведская каманда. Скандынавы былі нашмат мацнейшыя за французаў і харватаў. Гэта робіць іх галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу ў турніры.

Па-другое, вельмі моцна выглядаюць гаспадары. Яны вырвалі першынства ў групе на апошніх хвілінах паядынку з суседзямі гішпанцамі. І калі шведы — гэта збалансаваная каманда, то партугальцы маюць выражаных лідараў: братоў да Кошта са "Спортынгу". Кіка дык і ўвогуле адгрузіў 14 галоў у вырашальнай сустрэчы. У тым ліку на апошніх секундах.

Таксама высокія шансы на добры вынік ёсць у гішпанцаў. Нягледзячы на паразу ў апошняй гульні, яны выглядаюць стабільнейшымі за венграў і датчан. У другой палове шансы немцаў, французаў і сербаў прыкладна роўныя.

У першай васьмёрцы тэарэтычна маглі апынуцца дзве іншыя каманды. Фарэрцы пачалі з гістарычная перамогі над датчанамі, але не здолелі ўтрымаць тэмп. Славенцам яны прайгралі мінімальна, а вось венгры ім учынілі разгром. Не дапамог Эліас Элефсэн а Шыпагету. Галоўны талент краіны праваліў два матчы.

Да апошняга моманту заставаліся шансы на выхад у італьянцаў. Перамога над сербамі выводзіла іх у асноўны раўнд. Але на фоне сербаў яны выглядалі няўмекамі. Справа пра асноўныя тэхнічныя кампаненты. Напрыклад, пасы ў адрыў не раз не даходзілі да адрасатаў.

Увогуле, было даволі цікава назіраць за тым, як за кошт волі да перамогі выйграваліся некаторыя матчы. Але не болей. Усё ж недастатковы клас калектываў не даваў вырашаць больш сур’ёзныя задачы.

У той жа час хапае і амаль што дарослых каманд. Шведы і гішпанцы выглядаюць даволі добра з псіхалагічнага пункту гледжання. Без залішніх нерваў, спакойна яны ідуць да сваёй мэты.


Гудмэ...
So‘rovnoma
  •   Выйдзе ў плэй-оф
  •   Праваліцца
21 ta ovoz


Нант...
So‘rovnoma
  •   Выйдзе ў плэй-оф
  •   Праваліцца
22 ta ovoz


Ліга чэмпіёнаў: калі сабраліся мацнейшыя

Упершыню за ўсе гады існавання новай формулы Лігі чэмпіёнаў мы маем усіх мацнейшых у спісе ўдзельнікаў. Са спартовага пункту гледжання да ЕГФ няма ніякіх пытанняў.

У рэшце рэшт няма абмежавання на колькасць віцэ-чэмпіёнаў. Таму мы маем "Веспрэм", "Ольбарг", "Нант" і "Віслу" сярод удзельнікаў. Астатнія былі надта слабыя. "Гранальерс", "Спорцінг" і "Байя-Марэ" нават блізка не адпавядаюць узроўню. "Эльверум", "Заграб" і (ў меншай ступені "Цэле") выглядаюць цікавей.

Нажаль заяўка "Матора" нават не разглядалася. Гуманітарныя рэзоны засталіся на другім плане. Хутчэй за ўсё гэта значыць канец існавання клуба ў цяперашнім выглядзе. Гульцы разбягуцца. Гэта не азначае, што пасля вайны нельга будзе сабраць новую каманду, але лёгкім гэтае мерапрыемства не будзе.

У выніку лёсавання мы атрымалі дзве няроўныя групы. У першай ёсць тры фаварыты — ПСЖ, "Магдэбург" і "Веспрэм". Астатнія пяць калектываў плюс-мінус роўныя.

Цікава, што атрымаецца ў "Гудмэ". Чэмпіёны Даніі — сапраўдны канвеер талентаў, але ці здолеюць яны захаваць узровень пасля сыходу групы гульцоў, якія вызначалі малюнак гульні ў апошніх сезонах.

Мы ўжо бачылі балканскія варыяцыі на гэтую тэму, але на працягу дзесяцігоддзяў былі толькі некалькі выпадкаў, калі атрымліваліся канкурэнтаздольныя праекты. Паглядзім, што атрымаецца ў скандынаваў.

У другой групе падзяленне хутчэй "5 на 3". За шосты радок будуць спрачацца "Нант", "Эльверум" і "Заграб". Найцікавейшы аспект гэтай барацьбы — вынікі французскага клуба. Тэарэтычна каманда Альберта Энтрэрыаса — фаварыт.

Але калі здарыцца асечка, а "Нант" зноў стане другім, то ў Вене з’явіцца аргумент за тое, каб дапускаць у турнір толькі ПСЖ, а замест узяць каго-небудзь больш экзатычнага.

І тут паўстае цікавае пытанне: ці знойдуцца новыя прэтэндэнты на месца ў Лізе чэмпіёнаў. Пакуль што на тое не падобна. Хутчэй нават 16 каманд - зашмат.

Для мяне ідэальны варыянт — турнір 12 клубаў у два кола з фіналам чатырох напрыканцы. Але ніхто ў Вене на такія змены не пойдзе.


— Ці здольная ЕГФ быць жорсткай? — Не, але ёсць выключэнні

Самыя цікавыя навіны апошняга часу прыйшлі са Славакіі і Паўночнай Македоніі. Лёс "Татрана" і "Вардара" вырашалі чыноўнікі ЕГФ. У абодвух выпадках клубы могуць быць незадаволеныя.

Македонцаў пазбавілі права на ўдзел у Лізе чэмпіёнаў. Выглядае болей, чым лагічна, але паверыць у паслядоўнасць Відэрэра і яго падначаленых.

Давайце адразу адкажам на пытанне, чаму ўсе інсінуацыі на тэму велічы клуба і праблем для рэгіёна не маюць сэнсу. ЕГФ ужо неаднойчы давала паблажкі клубу, але той так і не здолеў выплаціць запазычанасці да часу X.

Я нават магу ўявіць, што ў Вене былі не супраць, каб пакінуць клуб у Лізе, але трываць шматгадовую непаслухмянасць ужо было недарэчна.

Але гэта добрая прыкмета. Нарэшце да ЕГФ дайшло, што яны ў стане хоць штосьці вырашаць. Нажаль распачалі яны з меней важных рэчаў. Тыднёвая паўза перад выключэннем расейскіx і беларускіх клубаў — гэта штосьці незразумелае.

Нават калі адкінуць усе маральныя аспекты, усё роўна няма чаго абмяркоўваць. Гавораць, што пад час дыскусій дапускалася, што матчы маглі б адбыцца ў Брэсце — у некалькіх кіламетрах ад легітымных кропак для ўдару з пункту гледжання міжнароднага права.

Кожны арганізатар, які дбае пра ўдзельнікаў сваіх турніраў, павінен гэта ўлічваць. Але здаецца мне, СЕХА-Газпрам-ліга будзе не супраць. Чаго чакаць ад арганізацыі, якая дагэтуль не парвала сувязі з Газпрамам.

Сваёй пасіўнасцю балканцы нібы кажуць, што грошы важнейшыя за рэпутацыю. Канешне, у некаторых выпадках гэта свядомая пазіцыя. Сербы, напрыклад, праносяць расійскія сцягі на міжнародныя матчы і ніяк не выказваюць салідарнасць з Украінай. Увогуле ў іх ёсць вялікая талерантнасць да ваенных злачынстваў.

Але ж застаюцца харваты, македонцы, венгры (але ў "Веспрэме" я не так упэўнены). "Матор" (якімі бы ні былі погляды Багуслаева) выйдзе з Лігі. "Татран" таксама. Пры гэтым славацкі клуб паказвае моцны прыклад усім астатнім.

Там цвяроза разабралі сітуацыю і вырашылі гуляць з чэхамі. Была спроба заявіцца ў Кубак ЕГФ, але дазволу на гэта ніхто не даў. Што ж, каманду чакае перабудова, але я веру, што ў перспектыве клуб знойдзе сваю нішу.


Ці стане "Кельцэ" ў наступным сезоне мацнейшым?
So‘rovnoma
  •   Так
  •   Не
38 ta ovoz


Расчараванне ад паўфіналаў, 150 адсоткаў "Кельцэ" і новая "Барселона"

Фінал чатырох пакінуў неадназначныя ўражанні. З аднаго боку мы пабачылі матчы з высокай ступенню напружання, з іншага — якасць гандбола была высокай бадай што толькі ў галоўным фінале.

"Весмрэм" справядліва стаў чацвёртым. Цяперашні склад аб’ектыўна не мог спрачацца за золата. Камандзе не хапае стабільнасці, ёсць праблемы і з лідарствам. Цяжка сказаць, хто ў вырашальны момант здольны павесці за сабой партнёраў.

Троху ў меншай ступені тое ж справядліва і для "зебр". У другой палове сезона Філіп Йіха пабудаваў усё вакол Сандара Сагасэна. Траўма нарвежца зрабіла амаль немагчымым эфектыўнае выкарыстанне "7 на 6". Да таго ж сам на сабе быў не падобны Ніклас Ландзін. У такіх умовах нават трэці радок выглядае цудам.

"Барса" і "Кельцэ" выглядалі куды лепей. Нягледзячы на аб’ектыўныя праблемы з абаронай у паўфіналах, яны здолелі выкарыстаць свае моцныя бакі.

Польскі клуб увогуле працягнуў збіраць сімпатыі нейтральнай публікі і ў фінале. У некаторых аспектах "Кельцэ" выглядаў нават мацней, чым у рэгулярным сезоне. У першую чаргу гаворка пра ролю зменшчыкаў.

Глядзіш на тое, што робіць Бранка Вуявіч, і не разумееш, навошта яго аддаюць у арэнду. Назіраеш за Уладзіславам Куляшом — бачыш, як ён псіхалагічна вырас для вялікіх сустрэч.

Канешне, трансферы Бертуса Сервааса выглядаюць добра, але знойдзецца шмат заўзятараў, якія будуць менавіта па тых гульцах, што былі ў гэтым сезоне.
Але нажаль яны засталіся без вялікага трафея.

"Барса" другі год запар выпраўляе карму. Калі папярэдняе золата было лагічным з пункту гледжання ходу па сезону, то гэтае здабыта вялікай працай. Каталонскі клуб увосень і зараз — два абсалютна розных калектывы.

Спачатку тое, што навязваў Карлас Артэга, падавалася бесперспектыўным. Атака прасела, абарона не палепшылася. Але крок за крокам трэнер здолеў перапрашыць сваю каманду.

Гэтая "Барса" выглядае больш збалансавана. Так, яны ўсё яшчэ бягуць і завяршаюць атакі пры першай жа магчымасці. Але ёсць і выразныя планы B, C і так далей. Цікава, ці будзе ў гэтым накірунку працяг.


Хто згуляе ў фінале Лігі чэмпіёнаў?
So‘rovnoma
  •   Кельцэ і Кіль
  •   Кельцэ і Барса
  •   Веспрэм і Кіль
  •   Веспрэм і Барса
36 ta ovoz


Ці трэба нешта мяняць у Лізе чэмпіёнаў?
So‘rovnoma
  •   Так, хай шанец маюць усе чэмпіёны
  •   Так, хай гуляюць усе мацнейшыя
  •   Не, заставіць усё, як ёсць
32 ta ovoz


Контуры наступнай Лігі чэмпіёнаў: толькі адзін клуб ад Францыі?

Апошнія тыдні сфармавалі рысы наступнага сезона. Ужо зараз можна рабіць прадказанні, хто згуляе ў Лізе чэмпіёнаў.

Па-першае, 10 каманд атрымліваюць прамыя пуцёўкі. Гэта "Магдэбург", "Кіль", "Барселона", ПСЖ, "Пік", "Гудмэ", "Вардар", "Кельцэ", "Порту" і "Дынама". Няма сумневаў, што яшчэ адно месца дастанецца "Матору".

Трэба сказаць дзякуй "Піку" і "Гудмэ". Два топ-клубы — "Веспрэм" і "Ольбарг" — заталіся без прамой пуцёўкі ў турнір і цяпер з’яўляюцца галоўнымі прэтэндэнтамі на ўайлд-кард. У той жа час гэта дрэнная навіна для "Нанта".

Справа ў тым, што ў свой час Форум гандбольных клубаў замацаваў правіла, што толькі тры краіны могуць мець больш за адзін клуб у турніры. Калі не будзе зроблена выключэння, прыйдзецца рабіць выбар паміж "Ольбаргам" і "Нантам". І асабіста для мяне скандынавы — вялікія фаварыты.

Яшчэ адзін цікавы варыянт — плоцкая "Вісла". Але нажаль каціроўкі польскага клуба яшчэ ніжэйшыя. Ну і зусім цяжка ўявіць сабе сярод лепшых каманд кантыненту "Гранальерс".

Канешне, "Нант" і "Вісла" нашмат цікавейшыя за тых, хто можа ўзяць удзел у турніры. Я буду толькі рады, калі правілы зменяцца і мы пабачым усіх мацнейшых. Але хутчэй за ўсё прыйдзецца дабіраць тых, хто быў лепшым у сваёй краіне.

Спіс варыянтаў небагаты. Намінанты — "Заграб", "Цэле" "Юстад", "Кадэттэн" і "Эльверум". У шведаў шанцаў няма.

За кошт папярэдніх вынікаў найвышэйшыя каціроўкі ў "Эльверума". Нягледзячы на скромны ростар, нарвежскі калектыў даволі някепска выглядае ў турніры.

"Заграб" мае звышцесныя сувязі з венскім офісам. Цяжка ўявіць, што будзе прынята рашэнне не на карысць чэмпіёнаў Харватыі.

Выбар паміж "Цэле" і "Кадэттэнам" будзе цяжкім. Калі гадаць, то стаўкі троху вышэй будуць у Хаана Канэльяса і партнёраў.

Калі глядзець на ўзровень "Заграба", "Цэле" і "Кадэттэна" шчыра, то будзе відавочна, што нешта трэба мяняць. У іншым выпадку мы зноў атрымаем групы, дзе два няўдачніка будуць вызначаны задоўга да канца.

Але аб тым, чаму гэта наўрадці адбудзецца, пагутарым у наступны раз.


Дзве каманды ад Партугаліі ў ЛЧ?
So‘rovnoma
  •   Чаму б не.
  •   Вельмі шмат.
28 ta ovoz


"Бенфіка" — калі цярпенне ўзнагароджваецца

Фінальны ўік-энд Эўралігі прынёс сенсацыю. "Магдэбург" не змог выйграць яшчэ адзін кубкавы фінал і аддаў тытул гаспадарам.

У вырашальным матчы былі два роўныя калектывы. Калі адкінуць усе дробязі, то ўсё і павінна было завершыцца ў авертайме. Можа, нават і серыя сяміметровых была б справядлівай.

Але мы бачылі, як "Бенфіка" без двух палявых гульцоў выстаяла. Сяргей Эрнандэс зрабіў чарговыя сэйвы, а абарона папярэдніх чэмпіёнаў на той момант ужо была ні на што не вартая.

Безумоўна, клуб з Лісабона ў гэтым годзе выйшаў на свой пік. Нешта падобнае магло здарыцца ў пандэмійны сезон, але той быў перапынены пасярэдзіне. Зараз жа атрымалася ўсё.

Адна з фундаментальных падстаў гэтага чэмпіёнства — адсутнасць перастановак, нягледзячы на не самыя лепшыя вынікі ў апошнія гады. Падабраўшы ростар, у Лісабоне чакалі, пакуль усе гульцы не выйдуць на свой максімум.

У выніку мы маем вельмі добрую заднюю лінію, дасведчаных крайкоў, адэкватную (для цяперашняга ўзроўню) абарону і надзейных галкіпераў. Застаецца толькі вывесці каманду на пік формы ў неабходны момант.

Будзем справядлівымі: ў іншых абставінах "Магдэбург" павінен быў браць трафей. Але сезон на некалькі франтоў з выражанай стаўкай на бундэслігу не пакінуў шмат рэсурсаў.

"Бенфіка" ж наадварот у чэмпіянаце згуляла шмат горш, чым магла б. Па яго выніках яна не зможа падаваць нават заяўку на лігачэмпіёнскі апгрэйд. Хаця прыйдзі клуб на фініш другім, падстаў для ўайлд-кард было б дастаткова.

Гэты кірунак развіцця павінен стаць прыярытэтным. Спадзяваюся, калі-небудзь у недалёкай будучыні мы пабачым ажно два партугальскіх клуба ў галоўным клубным турніры Эўропы.

Галоўнае — зберагчы гульцоў. Пакуль што толькі адзін з іх стоадсоткава пакіне каманду: Ражэрыа Мараес вяртаецца ў Германію. Трансферы Сяргея Эрнандэса і Лазара Кукіча хутчэй за ўсё будуць ануляваны. Міжнародныя інстанцыі добра разумеюць гульцоў, якія не жадаюць ехаць у краіны, якія бяруць удзел у ваеннай агрэсіі.


Ці заслугоўвае "Вісла" гуляць у Лізе чэмпіёнаў?
So‘rovnoma
  •   Так
  •   Не
32 ta ovoz


Чэмпіёнскі тыдзень: ад "Кельцэ" да "Порту"

На гэтым тыдні завяршыліся, альбо заставілі толькі фармальнасці некалькі чэмпіянатаў. Тытулы ўзялі "Кельцэ", "Вардар", "Заграб", "Цэле", "Алімпіякос" і "Порту".

***

У Грэцыі АЕК здолеў здабыць толькі адну перамогу. Чацвёрты матч серыі — абарончае спаборніцтва. І Петрас Букавінас, і Томас Баўэр рабілі ўсё, што маглі. Але вырашалі ўсё не яны. Надзейныя захады партнёраў Баўэра дазволілі кіперу абмежаваць свае дзеянні.

***

"Вардар" упэўнена перайграў "Ціквеш" і аформіў тытул. Адзіны аспект, які хоць неяк цікавы, — час пачатку матча. З-за таго, што гульня пачалася зарана, трыбуны былі амаль пустыя.

***

"Заграб" не пакінуў ніякай інтрыгі, перайграў "Нэксэ" і ў другім матчы фінальнай серыі. Асабліва добра выглядаў Іван Чупіч, затое праваліўся Халіл Яганяц. Гэтага хапіла.

У серыі за бронзу прайшло два матча. Лік — 0:0. Усё таму, што ў залік ідуць толькі перамогі. Калі так працягнецца і надалей, то можна параіць адной з каманд наняць Гары Каспарава ў якасці кансультанта. Вопыт амаль 40-гадовай даўніны абавязкова спатрэбіцца.

***

Аўстрыйцы паклапаціліся пра такія сітуацыі і замест наступных матчаў адразу прыбягаюць да авертайму, а потым і да серыі сяміметровых. У паўфінальнай серыі "Крэмс" і "Файверс" спатрэбілася ўсё. Фінальную пару "Харду" саставіць "Крэмс".

***

Дзеля вызначэння чэмпіёна Швецыі спатрэбілася серыя адрываў. Чацвёрты матч не скончыўся пасля 60 хвілін, Не дапамаглі і 20 экстра-хвілін. Латарэя засталася за "Юстадам",

***

Апошнім храналагічна тытул аформіў "Порту". Пасля перамог над прамымі канкурэнтамі было досыць перайграць скромны "Агуаш Санташ", Атрымалася вельмі моцна — "плюс 16".

***

"Святая вайна" завяршылася нічыёй. Ажно да апошніх секунд не было зразумела, чым усё скончыцца.

Паядынак атрымаўся спякотным. Уратавала яго адно рашэнне дырэктарата лігі — запрасіць арбітраў з-за мяжы. Няма ніякай веры ў тое, што польскія суддзі маглі б паказаць чырвоную картку ўжо на 35-й секундзе.

У выніку ажно пяць гульцоў пакінулі пляцоўку з-за дысцыплінарных праблем. Дададзім сюды траўму Ніка Міндэхьі. Увогуле, гэта былі 60 хвілін брутальнай барацьбы.

У такіх выпадках вырашаюць альбо дробязі, альбо ўдача, альбо нервы. З апошнімі дрэнна было ва ўсіх, акрамя Андзі Вольффа. Ягоны сэйв і прынёс чэмпіёнства гасцям.

"Вісла" паказала характар і заслугоўвае месца ў Лізе чэмпіёнаў. Але хутчэй за ўсё туды трапяць каманды, значна слабейшыя за плаччан. Але гэта тэма для іншай гутаркі.


Срэбраная інтрыга ў Германіі...
So‘rovnoma
  •   яшчэ жывая
  •   ужо мёртвая
11 ta ovoz

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.