Sceptic.club


Kanal geosi va tili: Belarus, Ruscha


Думаць. Сваёй. Галавой.
Клуб інтэлектуальнага погляду на свет.
Першае правіла клубу: калі нешта выглядае надта добра, каб быць праўдай, хутчэй за ўсё, гэта мана.
https://sceptic.club/be/
https://www.facebook.com/Sceptic.club

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Kanal geosi va tili
Belarus, Ruscha
Statistika
Postlar filtri


#analytics | Неверагоднае: як праўдзівая хлусня Трампа стала нормай у ЗША

Трампа пераабралі, і ўжо два месяцы ён дае дыхту на радзіме і па-за межамі. Ну, ок — Трамп дык Трамп. Гэта справа амерыканцаў. Але не дае спакою пытанне: як аматары Трампа мірацца з ягонай неверагоднай хлуснёй? Усіх жа ў дзяцінстве вучылі, што хлусіць — дрэнна. Як мільёнам дарослых людзей собіць ігнараваць гэтую моцную наладу?

То гэты пост ня столькі пра Трампа і ЗША, колькі пра здольнасць homo ігнараваць хлусню, калі яму гэта выгадна. Мне захацелася капнуць глыбей, каб усё ж такі зразумець гэты феномен на жывой практыцы.

Адно з самых папулярных, як мне падалося, тлумачэнняў, чаму хлусня Трампа не праблема, гучыць так:
Усе палітыкі хлусяць. Дэмакраты хлусяць ўвесь час. Але яны робяць гэта прыхавана, подленька, за зачыненымі дзвярыма, прыкрываючыся прыгожымі словамі. Трамп жа робіць гэта шчыра, наўпрост, ад душы, што значна больш сумленным за іншых.

Хлусня даказвае праўдзівасць? А так бывае???

Адметны прыклад – пост былога кангрэсмена і радыёвядоўцы Джо Ўолша яшчэ ў жнiўнi 2017:
«Усе палітыкі хлусяць. Абама схлусіў. Хілары схлусіла. Трамп, па меншай меры, адкрыты і сумленны ў сваёй хлусні».
Іншыя апраўдваюць свайго прэзідэнта так:
«Так, ён хлусіць, бо ня робіць выгляд, нібы бездакорны».
А былая вядоўца Fox News Мэгін Келі адзначыла:
«Добра, зараз я ўзарву ваш мозг: Я думаю, што Трамп сумленны. У сэнсе так, ён хлусіць як усе палітыкі, але ёсць у ім нешта надзвычай сумленнае».
Гэта каханне, няйначай.

Былі і іншыя варыянты:
«Мы ведаем, што часам Трамп прыхоўвае праўду, але ён увесь на віду, ён не крывіць душой»
«Усе палітыкі лгуны, Трамп таксама, але ён – свой»
«Трамп кажа тое, што ўсе думаюць, але баяцца сказаць»
Цікавае тлумачэнне феномену выказаў палітычны аналітык Марк Шылдс:
«Прыхільнікі ўспрымаюць яго сур’ёзна, хоць і не літаральна, у той час як апаненты наадварот успрымаюць літаральна, але не сур’ёзна».

Тэкст цалкам

• • •
Дарэчы, зусім нельга сказаць, што амерыканцы гэты феномен не заўважалі. Разумныя людзі яго заўважылі яшчэ на самым старце, пісалі пра яго, аналізавалі, папярэджвалі... Але, падобна, трампізм гэта сацыяльная эпідэмія, ад якой не ўратавацца аднымі толькі думкамі інтэлектуалаў.

Такім чынам, мы маем вельмі цікавую метамарфозу, якая шмат кажа пра нашыя з вамі здольнасці да рацыянальнага і маральнага мыслення.

Каб быць здольным заявіць «Трамп хлусіць адкрыта, таму ён сумленны», у дадзеным выпадку каб стаць трампістам, трэба мець высокую талерантнасць да хлусні.

У нармальнай сітуацыі ня важна, хто маніць — хлусня застаецца хлуснёй, бо вось ёсць бясспрэчныя абвяржэнні. Але ў нашай сітуацыі з маральнай праблемы хлусня ператвараецца ў зброю дабра?

Корань праблемы, як на мой погляд, той самы, што і ў сённяшняй РФ — паталагічны сацыяльны канфармізм. Калі «свае» становяцца важней за праўду і гуманізм, да нас завітвае новы штам быцылы фашызму.


#practice | Тэст на крытычнае мысленне

Сітуацыя з Трампам, Зяленскім, Авальнай залай і ваеннай дапамогай — добрая нагода, каб паназіраць за сабой і тым як вы пра гэта думаеце пад уплывам эмоцый:
1. Ці задаецеся пытаннем «што, калі я памыляюся?»
2. Ці не будуеце разважанні ад (гатовага) адказу?
3. Ці не падмяняеце рацыянальнасць рацыяналізацыяй?
4. Ці дастаткова аб‘ектыўныя вашыя крыніцы?
5. Ці не змушае вас страх згубіць твар выдаваць пажаданае за сапраўднае?

Аддзяляць меркаванне ад эмоцый даволі балюча. Свядомасць намагаецца бараніцца: «гэта блюзнерства, так думаць!». Прапускаючы перакананне праз фільтр гэтых пытанняў, можна добра зразумець, у які менавіта момант мільёны людзей аддаюць перавагу адчуванню праваты перад фактычнай праўдай. Я вось гэта цудоўна адчуў.

Паспрабуйце, гэта і ёсць крытычнае мысленне.


#opinion | «І што мне зрабіць?

Вайна, голад, наркатычны крызіс, барацьба за незалежнасць, бясконцы канфлікт, трыюмф радыкалаў... У свеце безупынна адбываюцца страшныя рэчы, на якія мы ніяк ня можам паўплываць. Таму старана гартаем стужку далей. Бо і так хапае клопату.

«А што я магу з усім гэтым зрабіць?!» Гучыць разумна.

Але думаю, ёсць тое, на што кожны з нас дакладна здольны: ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ.

Пагадзіцеся, кожны здольны прыкласці намаганні, каб разабрацца, што адбываецца. Ведаць праўду звычайна няпроста, але на гэта мы сапраўды здольныя.

Так, так, нельга асягнуць неабсяжнае. Таму ёсць яшчэ адна рэч. Яна не патрабуе ўвогуле нічога, акрамя інтэлектуальнай сумленнасці: мы можам дакладна ведаць, чаго НЯ ведаем.

Не было часу, натхнення — окей, але гэты прагал павінен заставацца прагалам, пакуль яго свядома не запоўнілі.


#propaganda | Паліталагічная рэформа Дугіна

У дадатак да папярэдняга посту.

У вышэйшай палітычнай школе імя Івана Ільіна пры РДГУ падрыхтавалі для міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі 240-старонкавы курс лекцый па паліталогіі і 76-старонкавую канцэпцыю выкладання гэтага прадмета (крыніца).

Существующая модель преподавания политологии оказывается не просто устаревшей и неактуальной, но вредоносной, формирующей опасные и враждебные, противоречащие российской цивилизации и русской культуре установки у обучающихся.

То бок вы прынцыпова не такія як мы.
Гражданственность — это приоритет государственной и общественной жизни над частной, постановка ценностей и интересов Отечества над индивидуальными интересами, общего блага над частным.

Расія і пуцін убералес!
Российское царство явилось прямым политическим преемником Византийской (Римской) империи.

Нас абрала сама гісторыя.
Неолиберализма опасен, потому что культивирует в обществе индивидуализм, космополитизм, вседозволенность, отрицание идеалов патриотизма, служения Отечеству, цивилизационной самобытности России.

Што яшчэ раз сведчыць, што вы нам не проста чужыя, а ворагі.
Плебисцитарная демократия — это идеальная и наиболее устойчивая модель отношений власти и народа. Это сильная персонифицированная президентская власть единоличного лидера, опирающегося на общенародную поддержку. И этот идеал уже реализован в современной России.

Бла-бла-бла, расія сёння вялікая як ніколі.
Еще один важный элемент отношений государства и народа — сакрализация власти. И в этом нет ничего плохого. Напротив принципы разделения и сменяемости власти ведут к концентрации властных полномочий в структурах неизбираемой анонимной государственной и партийной бюрократии.

Усе вашыя прынцыпы — хрэнь сабач'я.
Катехон — это сила, удерживающая мир от беззакония и пришествия Антихриста. В древние времена «катехонами» считались римские, а затем византийские императоры. В современном мире катехон — это Россия и российская власть.

Расія — пуп Зямлі.
Государство — это не продукт коллективного договора индивидуумов или материальных условий существования, а выражение присутствия в мире духовного начала, проявляющегося в общественной жизни.

Пуцін нам пасланы богам.
Россия — государство-цивилизация.

No comments.

Так, нічога новага. І ўсё ж звярніце ўвагу на гэты наратыў яшчэ раз. Бо трэба аддаць яму належнае, нягледзячы на поўную сваю фантазійнасць, ён:
А. Мае ў сабе даволі чоткія адказы на экзістэнцыйныя пытанні:
• з чаго ўсё пачалося
• што адбываецца
• што павінна быць
• чамы мы (яны) маем на гэта права
Б. Падабаецца начальству і масам
Нават тыя, каму ня блізкая канцэпцыя агулам, прымаюць некаторыя тэзы за аксіёмы.
В. Рэгулярна транслюецца на ўсю краіну
Спачатку былі маргінальныя кніжкі, ідэі з якік пачалі распаўсюджваць медыя, а зараз тыя ідэі становяцца часткай абавязковай навучальнай праграмай.

А+Б+В = новая рэальнасць. А тое, што цалкам выдуманая, дык гэта не істотна. Выдумайце сваю і прымусце свет з ёй лічыцца. А ня можаце, то жывіце паводле нашай.

Нехта можа запытаць, навошта трэба зноў прапускаць праз сябе гэтае паскудства? Справа ў тым, што час, калі можна было падобны маразм усходняга суседа проста ігнорыць, сышоў. Цяпер гэта частка рэальнага жыцця, якую немагчыма ізаляваць у пакоі з мяккімі сценамі.

Можна доўга спрачацца, якая частка расіян гэты наратыў падтрымлівае, якая не, але з тым, што гэтая «казка» спарадзіла абсалютна рэальны рашызм, спрачацца складана. А з тым, што яна знявечыла мільёны жыццяў, увогуле бессэнсоўна.


#thinking | Наратывы: каротка пра тое, чым кіруецца ход думак

Сёння трэці год вайны бессэнсоўнай, жахлівай і злачыннай. Гэта добрая нагода яшчэ раз паспрабаваць зразумець, як такое стала магчымым — паразмаўляць пра наратывы.

Наратыў — гэта гісторыя. Мы абменьваемся гісторыямі, думаем гісторыямі і лепей памятаем тое, што аб‘яднана агульнай драматургіяй. Асабліва калі гісторыя нам даспадобы.
Наратыўнае мысленне — частка нашай прыроды, і мы ня можам вырвацца з-пад ейнай улады. Зрэшты, гэтага рабіць і ня трэба, бо падобная мадэль вельмі нам дапамагае.

Па-першае, мы маем глыбокую патрэбу ў сэнсах. Наратывы цудоўна дапамагаюць іх ствараць, упарадкоўваючы факты (і ня толькі) у паслядоўнасць, якая будзе выклікаць адчуванне «мне ўсё ясна!». Гэтае адчуванне — чыста фізіялагічны феномен, звязаны з дафамінавай сістэмай узнагароды. Таму мы з такой сілай сінімі пальцамі трымаемся за свае ўлюбёныя гісторыі пра рэальнасць.

Па-другое, наратывы забяспечваюць кагнітыўную эканомію: мозг імкнецца эканоміць рэсурсы, таму спрашчае складаныя з'явы да простых схем — наратывы. Што робіць іх прасцейшымі для запамінання.

Па-трэцяе, прычынна-наступнаснае мысленне: наратывы дапамагаюць будаваць лагічныя ланцужкі.

Па-чацвертае, прагназаванне: часта наратывы плюс-мінус няблага апісваюць жыццёвыя заканамернасці і гэта дазваляе прадказваць будучыню.

Па-пятае, паразуменне: аперуючы падобнымі наратывамі, нам прасцей разумець і прадказваць дзеянні іншых людзей.

Па-шостае, навучанне: наратывы дапамагаюць прасцей перадаваць інфармацыю, бо у такім выглядзе яна прасцей запамінаецца.

Усё гэта робіць мысленне наратывамі максімальна натуральным і не патрабуючым свядомага кантролю.

Але рэальнасць заўсёды складаней за ўяўленні пра яе, менавіта таму даць ёй рады без наратываў не выглядае магчымым.

Прынцыповая не 100-адсоткавая адпаведнасць наратываў рэчаіснасці не праблема, калі не забывацца пра гэты факт. Праблемай становіцца, калі наратыў, які мы знаходзім у сваёй галаве, прымаецца за вынік уласнага мыслення. Кшталту «я падумаў, даследаваў тэму і прыйшоў да высновы».

Не!
На жаль, так бывае далёка не заўсёды.

Адкуль мы бярэм наратывы?

Частку наратываў мы выводзім з уласнага досведу. Гэта гісторыі, якія мы ствараем сапраўды самастойна, але гэтак бывае рэдка.

Яшчэ частку наратываў даследчыкі лічаць прыроджанай, сцвярджаючы, што наратыўнае мысленне — гэта эвалюцыйная адаптацыя.

І вялізны аб'ём наратываў мы засвойваем праз культуру, выхаванне і камунікацыю.

Мараль майго апавядання такая, што гісторыі, якімі мы мыслім, зусім не абавязкова наш інтэлектуальны здабытак. А ўлічваючы, што людзі ў сярэднім любяць верыць у казкі, прыняць за ісціну якую-небудзь бздуру выглядае даволі звыклай сітуацыяй. Калі зірнуць на гісторыю чалавецтва скептычна, знайсці пацверджанне гэтай аксіёме будзе проста.

Адныя праз хібныя наратывы робяць памылкі, другія — злачынствы, а трэція — бессэнсоўныя жахлівыя злачынныя войны.

P.S. Каб адчуванне «мне ўсё ясна!» не з'яўлялася на пустым месцы, не забывайцеся пачасцей задавацца пытаннем «адкуль я гэта ведаю?» і «як я да гэтага прыйшоў?». Кайф ад пачуцця яснасці глушыць крытычные мысленне, а нам такога дакладна ня трэба.


#opinion | Невялікая просьба да ўсіх аматараў простых рашэнняў і адэптаў думкі «Трамп прыйдзе — парадак навядзе»

Праверце, калі ласка, свае ўнутраныя ўстаноўкі. Не, не для мяне, вядома, хто я такі? Для сябе. Пасачыце за сабой — за тым, як вы крок за крокам будзеце адступаць ад сваіх прынцыпаў і апраўдваць любыя дзеянні Трампа.

Як вы ўжо апраўдваеце ягоную безупынную хлусню — ну гэта ж палітыкі, яны заўсёды хлусяць, ну гэта былі проста перадвыбарчыя абяцанні, давайце ня будзем ставіцца да гэтага сур’ёзна (цікава, у які момант вы пагадзіліся з тым, што хлусня прэзідэнта — гэта нармальна?).

Вы будзеце ўвесь час адступаць, спрабуючы знайсці хоць нейкую апору пад нагамі. Але яе ня будзе.

Вы будзеце спрабаваць тлумачыць дзеянні Трампа тым, што «гэта ўсё дэмакраты нарабілі» і «даўно пара было асушыць гэтае балота»… але гэта ж толькі пачатак. Потым будзе прыкладна наступнае: «Трамп — гэта лека, горкае, але лека», «зразумейце, што ў гэтай сітуацыі інакш дзейнічаць было нельга», «Амерыка нікому нічога ня вінная», «але ж у свой мінулы тэрмін Трамп не разваліў Амерыку» і г.д.

Вельмі вас прашу, правядзіце ў сабе нейкую чырвоную лінію, за якую вы не гатовыя адступіць ні пры якіх абставінах. Дзе тая подласць, якую вы ўжо не стрываеце?

Пуціністы вельмі пераканаўча даказалі, што такой лініі не існуе, але ж вы свабодныя людзі, у вас жа ёсць Канстытуцыя, права народу мець зброю і права народу на паўстанне. Вы ж не такія. Што для вас будзе «перабор»? Калі Трамп здрадзіць Украіне? Калі здрадзіць Еўропе? Калі здасць Тайвань? Калі падамне пад сябе ўсе галіны ўлады? Калі ўвядзе інстытут камісараў? Калі адмовіцца сыходзіць з улады? Калі ў Штатах пачнуцца грамадскія беспарадкі і ў гарады будуць уведзены войскі? У які менавіта момант вы скажаце — стоп, гэта ўжо не салют Беламі, гэта ўжо сапраўдная паўнавартасная зіга?

Вы ўяўляеце сябе крутымі мужыкамі, што разбіраюцца ў жыцці. Вам здаецца, што вашы апаненты — слюнцяі і сапляжуі, ружовыя аднарогі, якія гадзяць матылькамі. Але, магчыма, вельмі хутка вы зразумееце, што быў вялікі сэнс у такіх дзіцячых і наіўных словах: «Ніколі і ні пры якіх абставінах нельга абіраць прэзідэнтам імсцівага і хлуслівага нягодніка».

(с) Дзмітры Чарнышоў


#opinion

«Асвенцым не зваліўся з неба. Гэта відавочная рэч!

Не будзьце абыякавымі, калі бачыце гістарычную хлусьню. Не заставайцеся абыякавымі, калі бачыце, як мінулае падцягваюць пад патрэбы сучаснай палітыкі. Калі якая-небудзь меншасць падвяргаецца дыскрымінацыі.

Адзінаццаты запавет: не будзь абыякавым, бо калі не, то ты нават не заўважыш, як на цябе, на тваіх нашчадкаў раптам з неба абрынецца «нейкі Асвенцім».

(с) Мар'ян Турскі, польскі гісторык, журналіст і вязень нямецкага лагера Асвенцім

Запазычана з Fb Дзмітрыя Гурневіча




#analytics | Тры з паловай тыдні прэзідэнцтва Трампа адной карцінкай

Прафесарка Крысціна Пэйджэл з Універсітэцкага каледжа Лондана паказала дзеянні адміністрацыі Трампа за першыя некалькі тыдняў у выглядзе дыяграмы Вена, якая ўключае пяць шырокіх абласцей, якія адпавядаюць рысам пратоаўтарытарных дзяржаў.

• • •
Усё гэта ня значыць, што ЗША ўжо стала аўтакратыяй. У рэшце рэшт 50% людзей у краіне адпачатку лічылі, што Трампа нельга дапускаць да ўлады і гэтыя 50% прысутнічаюць ва ўсіх інстытутах. Амаль. І вось гэтае «амаль» вельмі непакоіць.

Але...
Ну, вось толькі тры пункты, названыя Крысцінай Пэйджэл:
• прызначенне яўна лаяльных персон на ключавыя пасады
• спроба адхілення старшыні Федэральнай выбарчай камісіі
• звальненне пракурораў, што расследавалі справы Трампа
Нагадаю, што 6 з 9 суддзяў Вярхоўнага суду таксама рэспубліканцы.

Людзям з нашым досведам ня трэба тлумачыць, чым гэта ўсё пахне. А калі пачытаць, што з сябе ўяўляе Project 2025, кепскі пах усяго гэтага розруху становіцца яшчэ больш знаёмым.


#science | Даклад пра стан НАН Беларусі: як памірае нашая навука

НАН Беларусі — даўно не храм ведаў. Хіба чырвоны куток, ня больш. Але апошнія 5 гадоў і гэты куток прыведзены ў заняпад. Вось сухія як старыя акадэмскія прабіркі лічбы, якія дэманструюць заганны трэнд.

Фінансавая кома
З 1% ВУП на навуку ў 1996 (прыкладна 3,2% дзяржаўнага бюджэту) фінансы паступова ўрэзаліся да мізэрных 0,42% у 2024 (каля 1,1% ад дзяржаўнага бюджэту). Для параўнання, летась Літва вылучыла на навуку 1,11% ВУП, Польшча — 1,44% ВУП, Эстонія — 1,75% ВУП. Усё гэта, канечне мала ў параўнанні ў ЗША — 3,45%. Але 0,42% — гэта проста нішто.

Міжнародная ізаляцыя
Доля публікацый беларускіх навукоўцаў у Scopus і Web of Science панізілася з 1,8% да мізэрных 0,8%. Гэта прыкладна 1000 работ у год (за перыяд з 1991 па 2024). У маленькай Літве гэты паказчык у 4,5 разы большы.

Нашую навуку проста незаўважна.

Эміграцыя мазгоў
З 2020 па 2024 гады каля 15% даследчыкаў НАН Беларусі пакінулі свае пасады, пераважна праз палітычны пераслед і адсутнасць перспектыў развіцця.

Больш за 70 даследчыкаў НАН Беларусі былі звольненыя або падвергнутыя адміністрацыйнаму ціску праз падзеі жніўня 2020 (як і аўтар даследавання)​.

Асабліва значныя страты назіраліся ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук, дзе было звольнена або вымушана звольніцца да 30% супрацоўнікаў у некаторых інстытутах.

Больш за 400 беларускіх навукоўцаў пераехалі на працу ва ўніверсітэты і даследчыя цэнтры Літвы, Польшчы, Нямеччыны ды іншых краін ЕС.

Пасля падзей 2020 у многіх інстытутах НАН адбылася замена кіраўніцтва, прычым на ключавыя пасады прызначаліся асобы без навуковых заслуг, але з высокай палітычнай лаяльнасцю​.

Ідэалогія
У даследаваннях ўсё часцей змушаюць адлюстроўваць дзяржаўныя наратывы, у тым ліку «правільныя» гістарычныя інтэрпрэтацыі і падтрымку сацыяльнай стабільнасці пад кіраўніцтвам нязменнага лідара.

Таксама НАН Беларусі актыўна ўдзельнічае ў стварэнні матэрыялаў, якія падтрымліваюць афіцыйную пазіцыю па «санкцыйным ціску Захаду» і «ролі Беларусі ў барацьбе за міжнародную справядлівасць»​.

Ажно цэлых $58 млн вылучана на касмічныя праекты (гэта 63% ад усяго фінансавання фізічных навук) — праграму стварэння новага беларускага спадарожніка. Пры гэтым спадарожнік распрацаваны пры ўдзеле РФ, а ягоныя тэхнічныя магчымасці істотна саступаюць аналагам.

У лідарах фінансавання — аграрная навука. Ага, сюрпрызаў ня будзе. Яна атрымлівае самую вялікую долю дзяржаўных грошай сярод усіх навуковых галін. Толькі вынікаў не відаць — даследаванні амаль не цытуюцца ў міжнародных базах.

Па сутнасці, акцэнт робіцца на фінансаванні праектаў з прапагандысцкім або палітычным значэннем. Вось і ўсё.

Карацей, НАН ператварылася ў «Нацыянальную Акадэмію Нічога». Гэта ўжо не акадэмія, а проста яшчэ адзін дэпартамент міністэрства бессэнсоўнасці і тугі. А галоўная формула любой дысцыпліны цяпер: лепей быць лаяльным, чым эфектыўным.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Інстытуцыянальны аналіз Сяргея Бесараба.


#opinion
Абсалютна цынічны, але эфектыўны метад ператварыць любую хлусню, гвалт і абсурд у «асаблівасці культуры».

Элегантнае ўхіленне ад адказнасці. Гэтак сцвярджае злодзей, што крадзеж — гэта проста «альтэрнатыўная эканамічная практыка».

Фраза-развод, якая робіць любую крытыку бессэнсоўнай, бо адмаўляе наяўнасць якіх-колечы агульных правіл.

Культурная разнастайнасць? Не, проста (а)маральны рэлятывізм.


#opinion | Прапаганда VS публіцыстыка. Вы дакладна ня блытаеце іх?

Ёсць дзве катэгорыі людзей: адныя хочуць зразумець, другія — пацвердзіць тое, у што вераць. Першых абслухоўвае публіцыстыка, другіх — прапаганда. Людзі часта ня робяць між імі розніцы, бо яны рэальна гучаць падобна. Але гэта дзве розныя мовы, адна з якіх стымулюе мысленне, другая наадварот прытарможвае яго.

Прапаганда — гэта інфармацыйны фастфуд. Простая, ясная, адназначная, з элементарным пасылам: вось — д'Артаньян, а вось гэта — карабасы. Яна не патрабуе ні інтэлектуальных намаганняў, ні часу, ні натхнення. Затое дае адчуванне, што ты на баку дабра.

Публіцыстыка — гэта непрыемная мікстура. Лека ад ілюзій, якое разбурае камфортную ўпэўненасць. Яна дазваляе метадычна вытручваць памылкі ў перакананнях, што безумоўна карысна, але гэты працэс патрабуе навыкаў, часу, намаганняў і можа быць даволі балючым. Такі сабе занятак пасля цяжкага працоўнага дня.

Возьмем для прыкладу зорку БТ Рыгора Азаронка і аўтара reform.news Ігара Ленкевіча, куды менш вядомую асобу. Іх можна было бы назваць калегамі, калі б не адно «але»: яны ставяць перад сабой процілеглыя задачы. Астатнія адрозненні — пытанне стылю.

Азаронак:
«Западные кукловоды вновь пытаются раскачать лодку стабильности. Но Беларусь — это не та страна, где можно так просто управлять умами людей.»

Лянкевіч:
«Почему-то каждый диктатор убежден, что его случай окажется уникальным. А к нему лично и к его наследию история будет милостива.»

Азаронак — класічны прапагандыст. Ён працуе не з ідэямі, а з рэфлексамі. Ягоныя тэксты — гэта салодкая маса са страху, гневу і гонару. Ён нават не пераконвае, ягоная задача выклікаць рэакцыю, эмоцыю дзеля якой ён і надрываецца. У ягоным свеце выбар не прадугледжаны: «ты — або з намі, або супраць нас».

Лянкевіч, наадварот, піша для тых, хто трымае інтэлект у тонусе, пазбягаючы рэфлекторных рэакцый. Ён можа быць з’едлівым, рэзкім, цынічным, але не таму, што хоча кагосьці прынізіць, а каб расхістаць піраміду ўяўленняў пра свет чытача. Ягоная задача не прадэманстраваць дабро і зло, а разабраць па складовых сістэму, у якой мы існуем.

Такім чынам,
прапаганда кажа: «ВЕР!».
Публіцыстыка кажа: «ДУМАЙ!»

Прапаганда баіцца пытанняў, бо яны знішчаюць яе.
Публіцыстыка існуе толькі пакуль у кагосьці пытанні застаюцца.

Прапаганда правакуе страхі.
Публіцыстыка — сумнівы.

Глядач Азаронка шукае апраўдання сабе і сваёй нянавісці да ворага.

Чытач Лянкевіча, хоча глыбей зразумець. Не факт, што ён прыме ўсе аргументы аўтара, але ён прыйдзе да яго зноў, бо ўласнае меркаванне — гэта частка працэсу. Публіцыстыка ўвогуле не павінна быць камфортнай — ейная задача быць карыснай.

То як адрозніць адно ад другога?
Прапаганда крычыць, патрабуе вернасці, не трывае іншадумства.
Публіцыстыка задае пытанні, месцамі раздражняе і але пакідае прастору для ўласнага даследавання.

Прапаганда трэба там, дзе трэба забіць думку. Публіцыстыка наадварот гэтую думку сілкуе.

І, вядома, публіцыстыка — гэта пра факты. Аўтар можа памыляцца, але падыход да працы ў яго сумленны, байкі пра белага бычка — гэта не публіцыстыка. Прапаганда не замарочваецца этычнымі меркаваннямі, ейная задача — вера аўдыторыі ў наратыў.

Калі вы не ўпэўненыя, што перад вамі — прапаганда ці публіцыстыка, задайце простае пытанне:
ЦІ ДАЗВАЛЯЕ ГЭТЫ ТЭКСТ МНЕ ДУМАЦЬ?

Напрыклад, тэкст гэтага посту?


#factcheck | ЗНОЙДЗЕНЫ СПОСАБ ДЛЯ ПЕРАМЯШЧЭННЯ Ў ПРАСТОРЫ І ЧАСЕ!

Такі артыкул надоечы трапіў мне на вочы. Украінскія навукоўцы распрацавалі тэхналогію, заснаваную на раней тэарэтычных мадэлях, якая дазваляе імгненна перамяшчацца ў прасторы і часе. Паводле аўтараў, хуткасць святла чалавецтву больш не абмежаванне, а мільёны светлавых гадоў — не адлегласць.

Крута, праўда? )

Відавочна, гэта нейкая лухта, але я выкарыстаю гэты кейс для ілюстрацыі ўжывання крытычнага мыслення.

• Калі вы фізік
Думаю, вам дастаткова проста зірнуць артыкул па дыяганалі. Але што калі гэта ваш высакалобы снабізм не дае ацаніць геніяльнасць прарыўной ідэі, якая зменіць фізіку да непазнавальнасці? 🧐 Падумайце над гэтым.

• Калі вы не фізік
Немагчыма разбірацца ва ўсім. То як быць, каб ацаніць гучную заяву не па сваёй спецыяльнасці? Тут трэба кіравацца фармальным падыходам:

1. Ці ёсць спасылкі на папярэднія навуковыя даследаванні або даследчыкаў? У канцы артыкулу як бы ё два лінкі, але вы паспрабуйце па іх перайсці.

2. Ці ёсць тэхнічныя дэталі? У тэксце ёсць нейкія разлікі, але здаецца іх малавата каб «создавать межзвездные порталы».

3. Ці парушаюцца законы фізікі? Так: «со скоростью превышающей скорость света».

4. Адсутнасць незалежнай праверкі. Рэцэнзентаў я не знайшоў, а выданне рэпутацыі ня мае.

5. Ці ёсць інфармацыя пра аўтараў? Ёсць: «Федорец С.Г. ведущий конструктор УКРНИИТМ, Днепр, Украина , Мазан Н.Н. ведущий инженер УКРНИИТМ, Днепр, Украина, Божок И.Н. ведущий инженер УКРНИИТМ, Днепр». Як бачым, асобаў з навуковай ступенню сярод іх няма.

6. Ці не занадта гучная заява, каб быць праўдай?

Па ўсім відаць — заява сумніўная.

• Калі вы не фізік і ў вас увогуле няма часу разбірацца
Менавіта такімі чытачамі мы звычайна і з'яўляемся.
Дастаткова аднаго пытання: наколькі сенсацыйна гучыць навіна?

ЭКСТРААРДЫНАРНЫЯ ЗАЯВЫ ПАТРАБУЮЦЬ ЭКСТРААРДЫНАРНЫХ ДОКАЗАЎ

Таму алгарытм максімальна просты: дачакацца, калі пра гэта напішуць у Science (можна не чакаць).

Я на 99% упэўнены, што не напішуць, бо не аднойчы сутыкаўся з падобнымі «прарывамі».

P.S. Вядома, Science таксама можа памыляцца, просты інжынер можа зрабіць навуковае адкрыццё, а фармальны падыход можа выплюхнуць разам з вадой немаўля.

Але якая верагоднасць?

Як часта заявы, што хуткасць святла нам больш не перашкода пацвярджаліся? Я такога ня чуў. То паводле апрыёрнай верагоднасці ў гэтым выпадку шанцы таксама блізкія да нуля.


#science | Яны сярод нас: асобы з антысацыяльным разладам

Дакладная прычына антысацыяльнага разладу асобы невядомая, але генетычная складовая ацэньваецца ад 38% да 69%. Астатняе — уплыў асяроддзя: фізічны/маральны/сэксуальны гвалт і занядбанасць у дзяцінстве. Менавіта таму АСА часта сустракаецца ў жыхароў неспрыяльных кварталаў.

Меркаваная распаўсюджанасць АСА у папуляцыі складае ад 1% да 4%. Мужчыны ў 3-5 разоў часцей за жанчын атрымліваюць дыягназ АСА: 6% мужчын і 2% жанчын.

Значную карэляцыю з АСА мае злоўжыванне псіхаактыўнымі рэчывамі і нізкі ўзровень адукацыі і інтэлекту.

Дыягностыка
Паводле DSM-5 АСА характарызуецца ігнараваннем і парушэннем правоў іншых, пачынаючы з 15 гадоў, плюс тры і больш наступных прыкмет:
• ігнараванне сацыяльных норм і закону
• каварства і сістэматычная хлусня
• імпульсіўнасць і няздольнасць да планавання
• раздражняльнасць і агрэсіўнасць
• нядбалае стаўленне да ўласнай і чужой бяспекі
• безадказнасць і няздольнасць выконваць абавязкі
• адсутнасць згрызотаў сумлення, эмпатыі і зацятая рацыяналізацыя такіх паводзінаў
• асоба павінна быць старэйшай за 18 гадоў.

Рызыкі
Пацыенты з АСА маюць вышэйшую рызыку заражэння віруснымі (у тым ліку венерычнымі) інфекцыямі, а таксама павышаную смяротнасць у выніку няшчасных выпадкаў, траўм, самагубстваў і забойстваў. Карацей, усё тое, што звязана з рызыкоўнымі паводзінамі.

Лекаванне
Дагэтуль надзейнага алгарытму, на жаль, не існуе. Ані псіхалагічныя, ані медыкаментозныя спосабы барацьбы з разладам не даюць надзейнага эфекту. Можна толькі лекаваць спадарожныя станы.

Навошта вам гэтая інфармацыя?

Каб лепей разумець некаторых людзей, якія ня толькі жывуць сярод нас, але часам і кіруюць.

Улічваючы тое, што ўлада робіць з мазгамі, для палітычнай аналітыкі аўтакратый даўно пара бы прыцягваць і псіхіятраў.


#cognitivebias | Закон Ору, або хто здольны аргументаваць усё

Па сеціве гуляе выслоўе:

У ШТО Б ТЫ НІ ПАВЕРЫЎ — ТЫ ЗНОЙДЗЕШ СПОСАБ ГЭТА ДАКАЗАЦЬ

У арыгінале фраза гучыць: Whatever the Thinker thinks, the Prover proves.
На рускую яе пераклалі: что бы ни думал Думающий, Доказывающий это докажет.

Гэта выдатная ілюстрацыя для кагнітыўнага скажэння пад назвай «памылка пацверджання» (confirmation bias): мы заўважаем і адбіраем тыя факты, якія пацвярджаюць нашыя перакананні, і ігнаруем тыя, што ім супярэчаць.

У момант, калі спрацоўвае гэтае кагнітыўнае скажэнне, адбываецца фазавы пераход з рэжыму рацыянальнасці ў рэжым рацыяналізацыі. Усвядоміць гэты факт, як правіла, можна толькі постфактум, таму крытычнае мысленне бессэнсоўнае без рэгулярнай рэфлексіі.

Так што чалавек, здольны аргументаваць усё, — гэта вы. І я. І любы іншы homo.

P.S. «Закон Ору» — ад ангельскага «or» («або»). Так амерыканскі пісьменнік Роберт Антан Ўілсан падкрэсліваў розныя магчымыя вынікі мыслення, якія залежаць ад падыходу.


#opinion | Пра крытычнае мысленне, нявызначанасць і ўкраінцаў

У якасці тлумачэння таго, як грамадства і асобныя людзі ўспрымаюць інфармацыю, падзеі і тэндэнцыі, у што вераць, чаго хочуць, часта называюць «адсутнасць крытычнага мыслення», бо «дрэнная адукацыя», «дурні" або «гэта прыроджанае». Ну, у сэнсе, ВОСЬ КАБ УСЕ ЎКРАІНЦЫ МЫСЛІЛІ ТАК ЖА САМА КРЫТЫЧНА, ЯК Я І МАЕ АДНАДУМЦЫ, ВОСЬ ТАДЫ БЫЛА БЫ КРАІНА...

Гэта міф.

Крытычнае мысленне ў гэтым выпадку (на думку аўтараў) — гэта той метад мыслення і той набор перакананняў, які вызнае аўтар выказвання. Напрыклад, крытычна мысліць у такой канцэпцыі — гэта падтрымліваць ці не падтрымліваць пэўнага лідара, ідэалогію (якая правільная, бо слушная), рэлігію. Але так гэта не працуе.

Асобную катэгорыю «крытычнага мыслення» складаюць тыя, хто наслухаўся Шчадравіцкага і ягоных вучняў. І іхнюю «школу метадолагаў». Гэтыя людзі як навучаць свайму крытычнаму мысленню, дык хоць вешайся. Гэтая постсавецкая пошасць многім мазгі засрала.

Дык што ж такое сапраўднае крытычнае мысленне? Крытычнае мысленне цесна звязанае з рацыянальным і навуковым падыходам да вырашэння задач. Навуковы метад прадугледжвае мінімізацыю ўплыву на аналіз (высновы) і рашэнні кагнітыўных скажэнняў. А іх дзясяткі.

Чалавек — істота НЕ рацыянальная. І з чым больш крызіснымі асабістымі ці сацыяльнымі працэсамі яна сутыкаецца, тым больш выносіць меркаванні і прымае рашэнні шляхам спрашчэння рэальнасці і скарачэння ланцужкоў мыслення. І знаходзіць тое простае рашэнне, якое ўсё патлумачыць. Хто там вінаваты, хто здраднік, чаму той падаткі ня плаціць і хто вінаваты, што працы няма. Любы чалавек уразлівы да гэтага.

Таму, калі грамадства агулам ці чалавек індывідуальна перажывае востры крызіс нявызначанасці (ад вайны да цяжкай хваробы сваяка), расце попыт:

• на папулізм і простыя рашэнні. Чым большы разрыў між багатымі і беднымі, чым менш працуюць сацыяльныя ліфты — тым больш папулізму.
• на варажбітак і астролагаў, на гамеапатыю, гуру ды іншыя мадэлі магічнага ўзаемадзеяння з сусветам. У СССР попыт на калектыўнага Кашпіроўскага быў вялікі ня толькі таму, што была дрэнная адукацыя. А пераважна праз крах ладу жыцця, зразумелай карціны свету.
• на фінансавыя піраміды. Яны не таму найбольш папулярныя ў перыяды крызісаў, што людзі дурнеюць і менш «крытычна мысляць». А таму, што ўразлівасць да простых рашэнняў расце.
• на канспіралогію рознага кшталту.

Чым вастрэйшы крызіс — тым больш людзей скоча назад, ажно да магічнага мыслення. Людзі з выдатнай адукацыяй і яшчэ ўчора цалкам рацыянальныя.

Адзіны сапраўды дзейсны механізм мінімізаваць уплыў скажэнняў мыслення на прыняцце рашэнняў — паніжаць агульны ўзровень нявызначанасці. Таму, чым лепей людзі жывуць, тым больш адэкватна яны мысляць. І наадварот.

Сістэма адукацыі, вядома, павінна адаптавацца да новай інфармацыйнай эпохі. Бо яна сапраўды рэвалюцыйная. Але ня трэба думаць, што пакуль грамадства трасе, у людзей у галаве нешта нармалізуецца. У тым ліку ў маёй ці тваёй, дарагі чытач. Бо гэта ня так працуе.

Лепшае, што можна зрабіць, каб не нашкодзіць і не пагоршыць сітуацыю ва ўмовах інфармацыйнай рэвалюцыі — не павышаць гэты ўзровень нявызначанасці. Таму я пагарджаю тымі, хто навальвае эмоцыі і ставіць клікбейт загалоўкі, каб быў рэйтынг ці грошы. Бо гэтыя людзі — інфармацыйныя тэрарысты ў чыстым выглядзе.

Так, людзі не мысляць крытычна не таму, што яны дурныя, хворыя ці ў іх мазгі прамытыя. На апошняе хіба што ў КНДР можна спаслацца ці ў замкнёных сектах. Простых рашэнняў патрабуе вал нявызначанасці, беднасць, уразлівасць. Але нічога катастрафічнага тут няма. Мы праходзім роўна ўсё тое, што праходзілі іншыя грамадствы, дзяржавы, культуры. І ў галаве кожнага з нас права і магчымасць выбіраць рэакцыю, якая штурхае нас да канструктыўных дзеянняў або гістэрыкі ды роспачы. Гэтым правам лепш карыстацца.

Што пачытаць па тэме? Ды хаця бы Даніэля Канэмана і Рычарда Талера. Яны дагэтуль не састарэлі.

Дзякуй за ўвагу.

© Юрій Богданов


#opinion

Выбары адбыліся. Ура. Ну як, «выбары»... Сёмы сольны канцэрт начальніка канцлагера. Сагналі гледачоў, а маэстра выканаў каронны шлягер пра стабільнасць. Кулямётчыкі напагатове, таму апладысменты не змаўкалі.

Стабільнасць. Але вось што важна: дагэтуль ё людзі, перакананыя: «Ну, а што? Чаму ты лічыш, што ён не перамог? Нехта замінае галасаваць? Можа, не 80%, але большасць жа аб'ектыўна за яго.»

Спадарства, выбары гэта не пра пханне бюлетэняў у скрыню. Галасаванне — гэта фінальны акт пяцігадовай працы грамадства: свабода слова, канкурэнцыя ідэй, крытыка, дыскусіі, вяршэнства права, самастойнасць інстытутаў, роўны доступ кандыдатаў... Ну, вось гэтае ўсё. Іначай гэта проста ўбогае шоў падтрымання тухлай легітымнасці. Падробка. Імітацыя. Фікцыя. Спроба пераканаць усіх і сябе, што айчынная ўлада пахне прыкладна як заходнія аналагі.

А што да галасавання... Дык у нас жа вурны чароўныя: што б ты ў іх ні кінуў, вынік будзе — ад 75,65% за Карабаса Барабаса. І няма розніцы, колькі людзей на шоў прыйдзе.


#science | Улада нявечыць мазгі. Што вам пагражае, калі вы станеце вялікім начальнікам?

Улада — гэта іншае вымярэнне.

Нават калі вам давялося кіраваць трыма землякопамі, вы павінны былі адчуць незвычайны подых сілы.

Мы глядзім на палітыкаў праз прызму ўласнай абывацельскай маралі і каштоўнасцяў. Гэта натуральна, але памылкова.

Справа ў тым, што новае асяроддзе патрабуе адаптацыі, а палітычны Алімп гэта абсалютна новае, незнаёмае простым смяротным сацыяльнае асяроддзе. І людзі, трапіўшы туды, адаптуюцца. Нават законная абмежаваная ўлада моцна мяняе чалавека, а неабмежаваная ўлада проста ператварае яго ў іншы від homo.

Неабмежаваная ўлада — гэта не проста маральны выбар, а шлях аналагічны таму, што праходзіць наркаман да татальнай залежнасці ад хімічнага рэчыва. Зрэшты, улічваючы гэтыя акалічнасці, імкненне да неабмежаванай улады ўвогуле наўрадці можна разглядаць як свядомае рашэнне. Хімічныя метамарфозы ў мозгу папросту не пакідаюць іншага выбару.  

А метамарфозы страшныя. Атрымаўшы неабмежаваную ўладу, у чалавека павышаецца імпульсіўнасць, паніжаецца эмпатыя і разуменне рызыкі. Навакольныя ператвараюцца ў сродкі рэалізацыі жаданняў, што характэрна пры нарцысічным разладзе асобы. Структуры мозгу, якія раней стваралі маральныя абмежаванні, больш не працуюць паводле агульнапрынятых прынцыпаў.

Таму нам цяжка зразумець нават дэмакратычных палітыкаў, а што тычыцца аўтакратаў, гэта хутчэй прадмет вывучэння псіхіятраў, чым палітолагаў. Знешне яны выглядаюць як людзі, але даўно ўжо сталі нечым іншым. У нейкім сэнсе байкі пра рэптылоідаў маюць пад сабой грунт. 

Маральныя арыенціры знявечаных уладай не сумяшчальныя з нашымі. Іхнія рашэнні па-ранейшаму рацыянальныя, але гэтая рацыянальнасць базуецца на законах з іншага вымярэння. Яны — форма жыцця, ізаляваныя ад адэкватнай зваротнай сувязі, канчаткова знявечаная беспакаранасцю. Беспакаранасць сілкуе ілюзію ўсёдазволенасці, якая павялічвае адарванасць ад рэальнасці яшчэ больш.

Вынік неабмежаванай улады — галюцынацыя ўсемагутнасці.

Таму гэтыя людзі з такой сілай «не трымаюцца» сінімі пальцамі за ўладу, бо добра разумеюць, што жыць сярод людзей ўсё адно больш ня змогуць. Яны — іншыя. 

Закаранелы зэк, выходзячы на волю, не знаходзіць там сабе месца, а турма далёка не самая прыемная установа. Адаптацыя... А ці знойдзе ў звычайным жыцці сабе месца чалавек, у якога было ўсё акрамя сусвсетнага панавання?

Вялікая ўлада — гэта вельмі небяспечная таксічная рэч. Дэмакратычныя стрымкі і абмежаванні сапраўды вельмі разумныя засцерагальнікі ментальнага здароўя няшчаснага, якому гэтая ўлада дасталася. Але дыктатары зрываюць гэтыя кайданы, чым асуджаюць сябе на незваротную мутацыю. І ладна, калі б толькі сябе. Сваіх падданых яны рана ці позна акунуць у страшную катастрофу, што мы маем (ня)шчасце назіраць на ўласныя вочы.


#cognitivebias | Кант, Ніцшэ і кагнітыўная нягнуткасць

Аднойчы мне давялося мець справу з аналагічным персанажам, толькі той вызнаваў крыніцай ісціны не Канта, а Ніцшэ)

Гэта выглядала і камічна, і страшнавата адначасова. На што здольны чалавек з такім здранцвелым мысленнем? Асабліва з фіксацыяй на Ніцшэ...

Пазней я даведаўся, што гэта даволі распаўсюджаны феномен, названы рыгіднасцю мыслення.

Рыгіднасць (або нягнуткасць) мыслення — гэта схільнасць мысліць шаблонна, трымлівацца фіксаваных ідэй і рашэнняў, нават калі ёсць доказы, што яны не працуюць. Чалавек цяжка прымае новае і пакутліва перажывае змены абставінаў.

На чым бы ні адбылася фіксацыя — на Бібліі, Ніцшэ або марксізме-ленінізме — усё гэта праява аднаго сіндрому.

Часцей такі стан гэта вынік стрэсу, трывожнасці і адсутнасці перспектыў. Як вы разумееце, рыхтык наш час. Нядзіўна, што з усіх закуткоў павылязалі адэпты крайніх ідэалогій (як правых, так і левых).

То, каб засцерагчыся ад гэтай трасцы, беражыце нервы. І будзьце скептычныя)


#analytics | ISW: Ціхае заваяванне Расіі: Беларусь

«Беларусь ператвараецца ў ваенны, палітычны і эканамічны працяг Расійскай Федэрацыі, што стварае пагрозу для ейнага суверэнітэту і ператварае яе ў інструмент для рэалізацыі расійскіх геапалітычных амбіцый. У гэтым працэсе беларуская нацыянальная ідэнтычнасць і незалежнасць паступова знішчаюцца.»

Гэта цытата з дакладу ISW «Ціхае заваяванне Расіі: Беларусь». ISW — Інстытута вывучэння вайны, амерыканскі аналітычны цэнтр, які спецыялізуецца на вывучэнні ваенных і палітычных працэсаў у свеце, асабліва тых, што пагражаюць міжнароднай стабільнасці. Даклад падрабязна разбірае культурныя, ваенныя і палітычныя метады Расіі, скіраваныя на ліквідацыю беларускай незалежнасці.

Культурная акупацыя
Тут падмуркам з’яўляецца ідэя «рускага свету»: беларусы — гэта частка «адзінай рускай нацыі», штучна падзеленай у ХХ стагоддзі. РПЦ падтрымлівае гэтую ідэю і ў 2024 годзе афіцыйна зацвердзіў дакумент, які заклікае да «адзінай місіі» і аб'яднання «рускага народа». Гэтая рыторыка наўпрост адмаўляе права беларусаў на асобную нацыянальную ідэнтычнасць і незалежнасць.

Расія актыўна прасоўвае свае інтарэсы праз адукацыйную ды інфармацыйную палітыку. Стварэнне адзінага падручніка па гісторыі — ключавы інструмент, які накіраваны на перапісванне гісторыі Беларусі пад расійскі наратыў. У беларускую інфармацыйную прастору інтэграваныя расійскія медыя, якія фармуюць спрыяльнае стаўленне да інтэграцыі з Расіяй і знішчаюць нацыянальную самасвядомасць.

Ваенная прысутнасць
Расія ўжо практычна зафіксавала Беларусь як свой ваенны хаб. Пасля 2020 году яна дамаглася размяшчэння ў Беларусі сваіх сіл і зброі, уключаючы тактычную ядзерную зброю. Сумесныя вучэнні і стварэнне «Рэгіянальнай групоўкі войск» падпарадкоўваюць беларускую армію расійскаму камандаванню. Беларуская тэрыторыя фактычна выкарыстоўваецца як плацдарм для пагрозы Украіне і НАТА.

Палітычнае паглынанне
Саюзная дзяржава становіцца інструментам для поўнага знішчэння беларускай дзяржаўнасці. У перспектыве плануецца стварэнне наднацыянальных органаў улады, якія падмяняюць беларускія дзяржаўныя інстытуты. Беларусь усё больш губляе кантроль над унутранай і знешняй палітыкай, ператвараючыся ў рэгіянальнага сатэліта Расіі.

• • •
Так, для нас гэта ўсё даўно не навіна. Але дагэтуль ёсць катэгорыя грамадзян з сінім пашпартам, што «палітыкай не цікавіцца», якая дэманструе загадкавы антрапалагічны феномен: навокал радыкальна мяняецца культурны і палітычны ландшафт, але чалавек гэтага не заўважае. Гэта як пры землятрусе не адчуваць штуршкоў і не разумець, чаму падаюць дамы.

І безумоўна, гэты даклад важная веха ў змене оптыкі міжнароднай супольнасці пры назіранні за намі.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.