Sceptic.club


Kanal geosi va tili: Belarus, Ruscha


Думаць. Сваёй. Галавой.
Клуб інтэлектуальнага погляду на свет.
Першае правіла клубу: калі нешта выглядае надта добра, каб быць праўдай, хутчэй за ўсё, гэта мана.
https://sceptic.club/be/
https://www.facebook.com/Sceptic.club

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Kanal geosi va tili
Belarus, Ruscha
Statistika
Postlar filtri


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
#practice | Хто вашыя эксперты?

Тэарэтычна, эксперт — гэта амбасадор аб'ектыўнай рэальнасці. Ён бесстаронні і аднолькава аўтарытэтны для ўсіх. На практыцы ж, вядома, усё заблытана і ў кожнай суполкі можа быць свой пул экспертаў, са сваімі фактамі.

Прыклад з прыватнага жыцця: сваяк дасылае відос і піша: «Вось літоўскі палітолаг Айніс Пяткус. Паслухай уважліва, што кажа». Відэа на гадзіну, то спачатку я спраўджваю, ці ёсць у гэтым сэнс. Гуглю. А ён ня гугліцца. Што за такі Айніс Пяткус ажно з цэлым каналам па аналітыцы?.. Гуглю па-літоўску. Адзінае, што пра яго можна даведацца: (увага) ён — старшыня асацыяцыі аўтасэрвісаў Літвы. Публікацый у гэтага палітолага — нуль.

Другі прыклад: шлюць мне лінк на інтэрв'ю ажно з самім Аляксандрам Песке! Вось, кажуць, паслухай☝🏻 Хто гэта? Ніхто. Можаце ў якасці практыкавання высвятліць самі)

Дык вось пытанне: ШТО РОБІЦЬ ЧАЛАВЕКА ЭКСПЕРТАМ? Адкуль у яго такі тытул? Каму і чаму вы давяраеце?

Пост са сваімі адказамі на гэтыя пытанні я зраблю пазней.


#book | Вер мне — я экстрасэнс!

«Вы можаце быць вельмі спагадлівым чалавекам, які чулліва рэагуе на патрэбы іншых людзей, але бываюць моманты, калі вы разумееце, што дзейнічаеце вельмі эгаістычна...»
Хто пазнаў сябе, стаўце лайк 🙂

Экстрасэнсорыка. Няма чалавека, які б ніколі не задаваўся пытанне «а можа яно і праўда працуе?.. Ну, можа не ўсё, але [падставіць патрэбнае] дакладна ж працуе!» А можа вы яшчэ і «Бітву экстрасэнсаў» глядзелі?

У якасці адпачынку ад стужкі навінаў, хачу вас пазнаёміць з кнігай, якая вельмі падрабязна раскрывае сутнасць працы «экстрасэнса» — халоднае чытанне.

Гэта прыкладна як «халодныя званкі» ў сеткавым маркетынгу, толькі ў сферы магічных паслуг.

Як пачаць сеанс, як выклікаць давер і самае галоўнае — як атрымаць ад кліента асабістую інфармацыю, каб той нічога не заўважыў.

Цікавае чытво, вельмі якасна высвечвае менавіта тыя моманты, на якія трэба звярнуць увагу ў першую чаргу.

Лінк


#analytics | Вайна стала часткай расійскага жыцця

На «Голос Америки» выйшаў добры тэкст, дзе расійскі сацыёлаг Аляксей Лівенсон з «Левада-цэнтру» спрабуе адказаць на пытанне, як за 1000 дзён змянілася стаўленне расіян да вайны.

Зменаў значна менш, чым чакалі многія назіральнікі за гэтымі працэсамі. Так званая «стомленасць ад вайны», якую шмат хто прадказваў, ці, наадварот, вялікі ўздым у сувязі з ваеннымі падзеямі – ні тое, ні другое не адбылося. Мы зафіксавалі толькі рэзкі ўздым ухвалы дзейнасці Пуціна на пасадзе прэзідэнта да ўзроўню больш як 80% у лютым 2022. З таго часу гэты паказнік практычна не апускаўся ніжэй за 80%. А да гэтага кастрычніка ён падняўся да 87%.

Сітуацыя, якая існуе зараз, ня лічыцца «трыумфальнай» нават прапагандыстамі. Адпаведна, з'яўленне такога высокага паказніка павінна тлумачыцца нейкімі іншымі нутранымі прычынамі. То мы сталі задаваць пытанне ў вострай форме: калі б Пуцін абвесціў, што спыняе ваенныя дзеянні, ці падтрымалі бы вы яго? І тут мы атрымалі, на нашае здзіўленне, 70% падтрымкі спынення ваенных дзеянняў.

Але задавалася не адно пытанне, а два. Другое такое: калі б Пуцін абвесціў на наступным тыдні пра спыненне ваенных дзеянняў і вяртанне Украіне тэрыторый, ці падтрымалі б вы? Тут колькасць падтрымліваючых скарачаецца больш чым удвая – толькі 30% падтрымліваюць такі варыянт.

Чаму? Глыбінныя інтэрв'ю паказваюць: бо такі сцэнар разглядаецца як параза. Гэтае слова – «параза» – многімі расіянамі ўспрымаецца як катастрофа: «Расія перастане існаваць», «яна разваліцца», «улада Пуціна скончыцца»…

Што яшчэ ўплывае на расіян?

Аперацыя ў Курскай вобласці? Калі дапусціць, што ўкраінскі бок кіраваўся ідэяй даць расіянам адчуць цяжар вайны, то гэта не спрацавала, закрануўшы выключна тых, да каго яна сапраўды прыйшла. Для астатніх аперацыя засталася лакальнай і ня стала шокам.

Прапаганда? Так, яна ўплывае хаця б таму, што каля 60% расіян даведваюцца пра «СВО» з ТБ. Важна, што гэта іхні ўласны выбар. Справа ў тым, што, калі ты даведваешся чужы пункт гледжання і пачынаеш разумець, што за ім стаіць ёсць рацыя, то трапляеш у надзвычай некамфортную сітуацыю разыходжання на каштоўнасным узроўні са сваім асяроддзем.

Страх? Гэты чыннік моцна перабольшаны. Ёсць меркаванне, што калі пры апытанні адкажаш, што супраць вайны, трапіш пад рэпрэсіі, людзі гэта ведаюць і баяцца. Гэтая логіка, як выяўляецца, абсалютна хібная. Насамрэч, мы маем каля 15%, хто адказвае «не падтрымліваю», і каля 20%, хто кажа, што краіна ідзе заганным шляхам. Гэта ня нейкія смельчакі, а звычайныя грамадзяне, якія ў іншых меркаваннях супадаюць з большасцю. І нам не вядомы ніводзін выпадак, калі хто-небудзь пацярпеў за няправільны адказ у нашых апытаннях.

Лаялізм? Сапраўды мае месца сімвалічная кансалідацыя грамадства вакол Пуціна. Гэта найважнейшая асаблівасць расійскага жыцця на працягу чвэрці стагоддзя. Яна фіксуецца паказчыкамі рэйтынгаў, якія практычна ніколі не апускаліся ніжэй за 60%.

Дабрабыт? Ёсць частка насельніцтва, якая мае ад вайны фінансавыя выгады. То праўду кажуць: «Каму вайна, а каму маці родная». Але на саму вайну ў той ці іншай ступені ідуць маргіналізаваны кантынгент. Гэта не абавязкова крымінальнікі, але і тыя, хто крануўся сацыяльнага дна з іншых прычын. Такі мужчына думае пра сябе: «Ну як, ты мужык, сям'ю ня можаш пракарміць? А зараз я зраблю так, што змагу». Для такіх раптам з'явілася магчымасць годна выканаць сваю мужчынскую ролю.

Але самае важнае – гэта тое, што вайна стала нормай. У гэтым і справа. Вайна перастала хваляваць. У жыцці ёсць смерць: бабулі і дзядулі паміраюць, хваробы, аварыі... Але цяпер і вайна стала натуральнай часткай надзённага жыцця.

Тое, што павінна адчувацца як катастрофа, так не адчуваецца. У той час як тое, што адбылося з грамадскай мараллю, з уяўленнямі пра дабро і зло, выглядае сапраўднай катастрафічна.

• • •
Ня даць сабе прызвычаіцца да дрэннага – опцыя даступная абсалютнай большасці. Але большасць жа і не здае сабе справы, што гэта трэба рабіць свядома. Гэта персанальная адказнасць за ўласную мараль.


#opinion | Гісторыя ня вучыць?

Расійскі патрыярх Гундзяеў заявіў, что «о неизреченному Божьему промыслу это оружие создавалось в обители преподобного Серафима. Благодаря этой силе Россия осталась независимой и свободной».

«Ядзерная атака малаверагодная, нягледзячы на пагрозы Пуціна», — паведамляе Reuters.

А па ТБ Аргентыны паказалі, як будзе выглядаць адказ НАТА на ядзерную агрэсію РФ.

Пасля WW2 людзі кляліся, што зробяць усё, каб нічога падобнага больш не паўтарылася. Гісторыя ня вучыць?

Насамрэч, вучыць. Але людзі ўсё адно паўтараюць памылкі мінулага. Не таму, што ня ведаюць гісторыю, а таму, што веды-та перадаюцца, а эмоцыі — не.

Я даўно лічу, што музеі WW2 (подленька званай вялікай айчыннай у нас) павінны быць такімі, каб пасля іхняга наведвання ванітавала. Так, неэтычненька, затое патрэбныя эмоцыі надзейна перададуцца новым пакаленням, акурат тая інфа, што не трапляе ў падручнікі.

Ведаць і разумець — розныя рэчы.


#thinking | Як жа намі проста маніпуляваць... Аналаз каментароў у TikTok.

Найбольш ад тэхгалогіі дыпфэйк пакуль што выйграюць толькі ашуканцы, прапагандысты і гумарысты. Калі з першымі дзвюма катэгорыямі ўсё нібыта ясна, то апошняя нагадвае: нават нізкаякасны відавочны дыпфэйк усё яшчэ знаходзіць тых, хто ўспрымае яго сур'ёзна.

Іранічны TikTok канал @fatamiimbjn (“Пет’юра”) з пачатку 2023 году рэгулярна публікаваў жартаўлівыя дыпфэйк-відэа з украінскімі палітыкамі ў галоўных ролях. Прымітыўна зробленыя, часта з відавочнымі прыкметамі штучнай маскі, «надзетай» на відэа рэальных вайскоўцаў, за больш як паўтара гады забяспечылі аўтару больш за 150 000 падпісантаў і 4,2 млн падабаек. На дадзены момант канал выдалены, але ён застаецца добрым прыкладам, які эфект могуць аказваць дыпфэйкі.

Асаблівасці алгарытмаў TikTok выводзяць кантэнт каналу па-за межы кола падпісантаў. Асобныя відэа вірусяцца і збіраюць мільёны праглядаў ды каментаў, у тым ліку ад людзей, якія не знаёмыя з іншым кантэнтам на канале і таму рызыкуюць успрыняць жартаўлівыя фэйкі сур'ёзна. І ўспрымаюць.

Каб зразумець маштабы праблемы і тое, ці сапраўды намі так проста маніпуляваць, выданне TEXTY.org.ua загрузіла больш за 10 000 каментароў да чатырох папулярных відэа з TikTok-каналу. З несапраўднымі Алегам Ляшком і Юрыем Луцэнкам у галоўных ролях «недзе на перадку». Так рэдакцыя выдання паспрабавала зразумець, якая частка каментатараў прыняла гэтыя відэа за чыстую манету.

Вынікі такія:
• Мінімум 20% каментароў жадалі фэйкавым Ляшку і Луцэнку анёла-ахоўніка, выказвалі сваю павагу ды дзякавалі ад шчырага сэрца за смеласць.
• Яшчэ 4% былі больш стрыманымі ў сваім захапленні ды пісалі «Малайчына!», «Красава!», «Паважаю!».
• У 41% выпадкаў нельга было дакладна сказаць, ці распазнаў каментатар фэйк.
• 23% каментатараў усё зразумелі і проста назіралі або кпілі з іншых за няўважлівасць, тупасць або наіўнасць. І дзякавалі аўтару за добры настрой.
• А вось 12% каментатараў праявілі надзвычайную крытычнасць да відэа, не заўважыўшы пры гэтым, што перад імі фэйк. Яны дапускалі, што акоп несапраўдны, абвінавачвалі ў пастаноўцы ды акторскай ігры, або ўвогуле браліся за фактчэк: адзначалі, што ў Бахмуце няма пяску, здзіўляліся, чаму на відэа няма іншых вайскоўцаў, звярталі ўвагу на няправільны колер скотчу або занатда добры манікюр і чыстыя рукі.

Людзі рэальна не разумеюць ці проста троляць у каментах?

Адрозніць адно ад другога часта сапраўды вельмі складана. Але на шчырасць каментатараў указвае як мінімум іхняя колькасць. Толькі для чатырох відэа колькасць троляў павінна быць большай за 2 000. Таму прасцейшае тлумачэнне выглядае больш праўдзівым: людзі проста вераць таму, што бачаць у выпадковых рэкамендацыях стужкі сацсеткі. І іхняя прага выразіць эмоцыі, пакінуўшы камент, часта пераважае жаданне зазірнуць у профіль каналу і з першага погляду зразумець, што верыць яму ня варта.

Жарты жартамі, але масавае пашырэнне дыпфэйкаў мае цалкам рэальныя наступствы. Ужо сёння дыпфэйкі Ілана Маска дапамагаюць ашуканцам атрымаць мільярдныя прыбыткі. А Deloitte далучаецца да агульнага занепакоення, мадэлюючы магчымыя сцэнары таго, наколькі істотна штучны інтэлект прывядзе да росту ашуканства ў банкаўскай сферы, гаворка пра мільярды даляраў.

Яшчэ адна сур'ёзная праблема ў тым, што нават жартаўлівыя дыпфэйкі могуць спрыяць так званаму deepfake-related skepticism. Галоўная ідэя ў тым, што масавае пашырэнне гэтай тэхналогіі грае на руку дэзінфарматарам і канспіролагам, падрываючы веру ў існаванне надзейных фактаў як такіх і размываючы рэальнасць.

Такім чынам, каб дыскрэдытаваць нязручную інфармацыю, дастаткова проста абвінаваціць яе ў фэйкавасці, чым шмат хто і карыстаецца.

Ёсць і добрыя навіны, напрыклад некаторыя даследаванні наадварот сведчаць, што фэйкі і дэзінфармацыя спрыяюць павышэнню даверу да надзейных крыніц. Праўда, якім чынам людзі вызначаюць гэтую надзейнасць — бабка надвое казала.

Падрабязней на TEXT.org.ua


#thinking | Калектыўны нарцысізм: калі любоў да сваіх становіцца паталогіяй?

Здавалася б, якая нацыя ці група ня лічыць сябе ў нечым абранай? Тым ня менш, калі большасць членаў групы падзяляюць веру ў тое, што іхняя супольнасць мае адмысловую каштоўнасць і значнасць, гэта можа сведчыць пра калектыўны нарцысізм. Праблема ў тым, што такія групы патрабуюць прывілеяванага стаўлення, а не роўных правоў, а гэта спараджае ксенафобію, шавінізм, тэрарызм ды іншыя «радасці» нашага часу.

Даследаванні, праведзеныя ў лабараторыі Prejudice Lab у Голдсміцкім каледжы, паказваюць, што людзі з высокім узроўнем калектыўнага нарцысізму асабліва адчувальныя нават да самых нязначных правінаў у дачыненні сваёй групы. У адрозненне ад людзей з нарцысізмам як асабістай рысай, якія маюць высокае меркаванне пра саміх сябе, калектыўныя нарцысы схільныя перабольшваць цяжар віны ў дачыненні іміджу сваёй групы і агрэсіўна рэагаваць на іх.

Калектыўныя нарцысы лічаць, што іншыя людзі недастаткова ўсведамляюць важнасць і каштоўнасць іхняй групы. Яны адчуваюць, што іхняя група заслугоўвае адмысловага стаўлення, і патрабуюць прызнання і павагі, якіх яна, як яны лічаць, заслугоўвае.

Іншымі словамі, калектыўны нарцысізм уяўляе сабой веру ў перабольшаную значнасць і важнасць сваёй групы, якая патрабуе так званай знешняй валідацыі — падтрымкі ды ўхвалы з боку іншых.

Калектыўныя нарцысы ня проста задаволеныя тым, што належаць да каштоўнай групы. Яны скіроўваюць сваю энэргію не на паляпшэнне групы і павышэнне ейнай каштоўнасці, а на адсочванне таго, наколькі ўсе вакол, асабліва іншыя групы, прызнаюць і адзначаюць надзвычайную каштоўнасць іхняй групы. Калектыўныя нарцысы патрабуюць прывілеяванага стаўлення, а не роўных правоў.

Калі справа тычыцца іхняй уласнай групы, калектыўныя нарцысы губляюць пачуццё гумару. Яны рэагуюць з павышанай агрэсіяй на тое, што яны ўспрымаюць як абразу сваёй групы, нават калі крыўдзіць іх ніхто і не збіраўся.

У любым грамадстве частка людзей заўсёды будзе адпавядаюць крытэрам асабістага нарцысізму. Аднак калектыўны нарцысізм можа ахопліваць цэлую групу, вынікам чаго могуць стаць, здавалася б, раптоўныя і нічым не справакаваныя ўсплёскі міжгрупавой агрэсіі ці перадузятае стаўленне да групы меншасці.

Калектыўны нарцысізм уяўляе сур'ёзную небяспеку як групавы сіндром — калі большасць членаў групы падзяляюць веру ў тое, што іхняя група не атрымлівае належнага прызнання, і калі такая пазіцыя вызначае мінулае і сучаснасць гэтай групы. Таксічнасць такога калектыўнага нарцысізму настолькі высокая, што можа служыць тлумачэннем і антысемітызму, і сусветным войнам.

МРТ-даследаванні мозгу калектыўных нарцысаў выявілі фізіялагічныя доказы таго, што гэтыя людзі асабліва адчувальныя да пагроз і непрымання ў дачыненні іхняй групы. Гэта вельмі важна, бо ёсць дадзеныя, што людзі атрымліваюць эмацыйнае задавальненне ад магчымасці агрэсіўна рэагаваць на непрыманне з боку іншых.

Даследаванні таксама паказваюць, што калектыўны нарцысізм звязаны з падтрымкай аўтарытарных і нацыяналістычных рухаў, якія часта вызнаюць крайнія ідэалагічныя пазіцыі.

А сапраўды ж знаёмы анамнез, не знаходзіце?


• • •
Крыніца: Why collective narcissists are so politically volatile


#analytics | Чаму ў расійскім войску не забіваюць камандзіраў?

Чаму расійскія салдаты не страляюць у сваіх камандзіраў, нягледзячы на ўсе здзекі, катаванні і «мясныя штурмы»? Больш навукова пытанне гучыць так: чаму ў расійскім войску няма фрэгінгу, нягледзячы на тое, што для яго ёсць усе ўмовы?

Фрэгінг (fragging) — гэта наўмыснае забойства салдатам камандзіра. Гэтае слова з'явілася падчас вайны ЗША ў В'етнаме і паходзіць ад ангельскага «fragmentation» (фрагментацыя), якое адносіцца да фрагментацыйных гранат. Менавіта яны часта выкарыстоўваліся для забойства камандзіраў і вышэйшых афіцэраў салдатамі, што былі незадаволеныя жорсткімі загадамі або некампетэнтнымі дзеяннямі афіцэраў.

Выбухаючы, граната знішчала ўсе доказы, праз што наўмыснае забойства даказаць было складана.

А што ў Расіі? Здзекі, карупцыя, татальная пагарда жыццём салдата, катаванні, «абнуленні» сваіх і, канечне, «мясныя штурмы»… Такія ўмовы ня могуць не выклікаць напружанасць, канфлікты, паніжэнне маралі, але сведчанняў пра фрэгінг няма.

Ён увогуле магчымы ў расійскім войску?

Складаныя пытанні, чорт бы іх пабраў, кожны раз патрабуюць лонгрыдаў для адказу. Вось і зараз у мяне атрымалася многабукаф. Але пытанне гэта цікавае і задаюць яго ўжо даўно і ўсё часцей. Пры гэтым комплексных адказаў я пакуль не сустрэў, толькі «бо рабы», «бо оркі».

Тэкст тут: Чаму ў расійскім войску не забіваюць камандзіраў?


#opinion | Меркаванне VS перакананне

Абмен меркаваннямі часта сканчаецца сваркай. Упэўнены, вы таксама гэта заўважылі. А ўсё таму, што людзі насамрэч абменьваюцца не меркаваннямі, а перакананнямі. Між імі танюткая грань, але прынцыпывая розніца:

МЕРКАВАННЕ — ГЭТА найперш ПРА ФАКТЫ, ПЕРАКАНАННЕ — ПРА ЭМОЦЫІ, пра веру.

Да любога меркавання лёгка можна дадаць «... але я магу памыляцца». Перакананні ж вельмі рэдка суправаджаюцца згодай на існаванне хаця бы тэарэтычных альтэрнатыўных варыянтаў. Бо перакананні зробленыя з эмоцый.

Калі людзі вырашылі абмяняцца перакананнямі, значыць яны ўзяліся абгрунтаваць справядлівасць сваіх эмоцый. Гэта рацыяналізацыя ў чыстым выглядзе — падбор аргументаў пад гатовы адказ.

Аспрэчыць апраўданасць эмоцый апанента заўсёды выглядае як пагроза ягонай ідэнтычнасці і выклікае даволі заканамерную агрэсію. Агрэсія ж, у сваю чаргу, служыць 100-адсоткавым пацверджаннем уласнай праваты, бо не ўспрымаць свае эмоцыі як прыкмету ісціны надзвычай складана. Так кола замыкаецца.

Меркаванне ж паводле азначэння ня тоеснае ісціне, бо гэта вынік рэфлексіі, якая яшчэ ня скончаная. Прынамсі так павінна быць.

Перакананне, безумоўна, можа быць справядлівым і нават ісцінным. Праблема ў тым, што калі яно такім НЕ з'яўляецца, то усё адно не дапускае свайго выпраўлення. Такі механізм свядомай карэкціроўкі ў перакананнях не прадугледжаны.

Адрозніць перакананне ад меркавання даволі проста — абраза. Калі нешта абражае і на гвалт патрабуе абароны, з вялікай верагоднасцю гэта яно — перакананне. Калі састынеце, варта яго перагледзець. Раптам яно хібнае...

Калі ўсё ж такі атрымаецца застацца ў рамках меркаванняў, то бок плюс/мінус, фактаў, то часта дыскусію можна звесці да аднаго прынцыповага пытання:

ЧЫЕ КРЫНІЦЫ БОЛЬШ НАДЗЕЙНЫЯ?

А гэта пытанне выключна метадалагічнае і безэмацыйнае. Яно пра тое, як чалавек працуе з інфой. І гэта пытанне найперш да сябе:
• як я адбіраю крыніцы?
• як я ацэньваю іхнюю надзейнасць?
• як я супрацьстаю кагнітыўным скажэнням?
• ці гатовы я паставіць на свае крыніцы рэпутацыю?

Чаму я вырашыў давяраць сваім крыніцам? Ці было гэта свядомым рашэннем?

Гэты пост без адказаў — на падумаць.
А як вы адказваеце на гэтыя пытанні?


#propaganda | Што ня так з апытаннямі на вуліцы?

Чаму жанр размовы карэспандэнта на вуліцы з мінакамі толькі прыкідваецца аб'ектыўным? Чаму Vox Pop — гэта хутчэй прапаганда, чым журналістыка?

Сутнасць жанру такая: «мы ішлі па вуліцы, сустрэлі выпадковых людзей і вось, што яны нам сказалі...» Насамрэч, гэта абсалютна ня так.

На зары тэлебачання жанр Vox Populi служыў у якасці хоць нейкай зваротнай сувязі з гледачом: карэспандэнт чапляецца да мінакоў на вуліцы з пытаннямі і пасля адказы транслююць у эфіры. Усё выглядае салідна — Vox Populi гэта ж глас народу, што можа быць вышэй?

Але ўжо даўно падобнае апытанне на вуліцы служыць для затыкання дзірак у эфіры. Трэба нешта дадаць на пару хвілін? Вось ё Vox Pop пра новы мост. Рабіць такія рэпартажы даручаюць стажорам або пачаткоўцам. Карэспандэнт атрымлівае ў студыі канкрэтнае пытанне і пасля задае яго выпадковым людзям. Як правіла, ні сам карэспандэнт, ні людзі якіх ён апытвае, у тэме нічога не разумеюць. Ім усім увогуле напляваць.

Большасць людзей ад чэла з мікрафонам шарахаецца, хаця менавіта з імі было бы цікавей за ўсё паразмаўляць — яны кудысь спяшаюцца, нечым занятыя, карацей, яўна пры сур'ёзнай справе. Але спыняюцца часцей тыя, каму няма чым заняцца.

Гэта ня значыць, што ўсе ўдзельнікі Vox Pop лайдакі і фрыкі, але верагоднасць высокая. Шмат хто з адэкватных грамадзян адказвае шчыра «я ня ведаю», але такі адказ нікуды ня варты і ў фінальнае відэа ня трапіць.

Такім чынам карэспандэнт за некалькі гадзін наскрабае дзясятак меркаванняў, пра рэпрэзентатыўнасць якіх гаворкі няма, і цягне іх у студыю. Ясная справа, рэдакцыя зацікаўленая зрабіць з гэтага хоць нешта годнае, таму ў эфір пойдуць самыя палярныя і яркія выказванні. Пажадана, каб там была проста жэсць.

А вось з жэсцю рыхтык і праблема. Бо сярэдні чалавек ня мае абдуманага меркавання па ўсіх пытаннях сусвету. Гэта нармальна. Але ўявіце, вось ідзе ён па вуліцы і тут яго агаломшваюць пытаннем. У такой сітуацыі мы, як правіла, бярэм той адказ, які «пад рукой» — пачутае па тэлевізары і яшчэ не забытае. Такім чынам, мы маем замкнёны контур: замест меркавання людзі пераказваюць тое, што пачулі ў папярэдніх эфірах і так раз за разам.

Медыя, па сутнасці, не цікавыя думкі людзей, яму цікава паказаць іх цікава. Прычым рэдакцыя загадзя ведае, што людзі скажуць. Гэта сацыёлагі замарочваюцца з выбаркамі і методыкамі, але за Vox Pop няма ніякай методыкі і навукі. Толькі спех і жаданне выдаць у эфір паболей жэсці.

Але гэта не ўся бяда. А што калі аўтары свядома хочуць маніпуляваць інфармацыяй? Калі ў іх задача ня проста выдаць жэсць, а выставіць кагосьці ўродам? Ад такога прыёму жанр Vox Pop не абаронены ўвогуле ніяк. Гэта ж не проста асобныя людзі, а цэлы народ кажа — гэта ж ягонае меркаванне... І паспрабуй гэта абвергнуць. Але гэта чысцюткая маніпуляцыя, асабліва калі рэзануе з карцінай свету гледача.

Сёння жанр Vox Pop атрымаў другое нараджэнне ў інтэрнэце. Сучасныя сацсеткі дэманструюць нам кантэнт паводле алгарытмаў, якія вырашаюць за нас, што нам будзе цікава. Лайкі, каменты, падпіскі — як выявілася, нас даволі проста спрагназаваць. Так, тое, што атрымлівае больш рэакцый атрымлівае большы распаўсюд. Прычым ня важна, якія гэта рэакцыі, галоўнае іхняя наяўнасць.

Таму сацсеткам вельмі выгадна, калі людзі спрачаюцца. Дыпламатычная гэта дыскусія ці тупы срач — сацсеткам ня важна, важная ўцягнутасць аўдыторыі. Так сацсеткі робяць Vox Pop адным з самых папулярных жанраў у сеціве. Ён па-ранейшаму вельмі танны і эфектны, а трафік ня пахне. І чаго толькі дзеля яго ні зробіш...

Што можа быць прасцей: змяшчаеш людзей у недарэчныя абставіны, яны выглядаюць недарэчна, а пасля такія самыя звычайныя людзі адчуваюць непераадольную патрэбу выказацца.

Зрэшты Vox Pop усё ж мае права на жыццё. Гэта сапраўды магчымасць выказацца. Але ён можа існаваць у грамадстве са свабодай сумлення, дзе прысутнічае вялікая палітра меркаванняў, у рэдакцыях няма цэнзуры, а людзі не падладжваюцца пад меркаванне начальства. То бок калі выказвацца бяспечна, а ў нашай краіне з гэтым праблемы.

Крыніца


#practice | Восем запаветаў скептыка

Кажуць, што веданне некаторых прынцыпаў пазбаўляе патрэбы ведаць мноства фактаў. Ніжэй 8 думак, якія менавіта такімі прынцыпамі з'яўляюцца.

Стандарт Сагана:

экстраардынарныя заявы патрабуюць экстраардынарных доказаў.

Брытва Окама:
самае простае тлумачэнне звычайна з'яўляецца самым правільным.

Брытва Хітчанса:
што было прынятае без доказаў, можа быць адрынутае без доказаў.

Брытва Юма:
прычыны павінны быць дастатковымі для атрымання эфекту, які яны тлумачаць.

Брытва Хэнлана:
ніколі не тлумачце злым намерам тое, што правільней патлумачыць некампетэнтнасцю або глупствам.

Качыны тэст:
калі нешта выглядае як качка, плавае як качка і крычыць як качка, хутчэй за ўсё гэта і ёсць качка.

Прынцып фальсіфікацыі Попера:
каб лічыць тэорыю навуковай, трэба мець магчымасць яе абвергнуць.

Прынцып Джона Лока:
беспамылковая прыкмета любові да ісціны — не прымаць ніякую гіпотэзу з большай упэўненасцю, чым дазваляюць доказы, на якіх яна грунтуецца.


#analitics | Карусель эмоцый: узровень маніпулятыўнасці ўкраінскіх тэлеграм-каналаў

Выданне TEXTY.org.ua правяло цікавае даследаванне: навучылі ШІ (штучны інтэлект) выяўляць самыя пашыраныя тэхнікі маніпуляцыі і скармілі яму стужку навінаў з 50 найпапулярнейшых ва Ўкраіне тэлеграм-каналаў за лета 2024.

Да працэсу навучання ШІ прыцягнулі 14 дасведчаных журналістаў і аналітыкаў. Аналіз ішоў па дзесяці самых ўжываных тэхніках:

1. Эмацыйна нагружаная мова: выкарыстанне слоў і фраз з яркай эмацыйнай афарбоўкай (пазітыўнай або негатыўнай).
2. Бліскучыя абагульненні: эксплуатацыя пазітыўнага стаўлення людзей да такіх абстрактных рэчаў як «справядлівасць», «свабода», «дэмакратыя», «патрыятызм», «мір», «шчасце», «любоў», «праўда» і г.д. — словы, якія павінны выклікаць моцныя эмацыйныя рэакцыі і пачуццё салідарнасці без канкрэтных аргументаў.
3. Эйфарыя: выкарыстанне падзеі, якая выклікае адчуванне шчасця, а таксама мабілізуе і падымае баявога духу.
4. Апеляцыя да страху: злоўжыванне пачуццём страху (які часта базуецца на стэрэатыпах і прымхах) для падтрымкі пэўнай тэзы.
5. Страх, няўпэўненасць і сумнівы: падаванне звестак такім чынам, каб выклікаць у аўдыторыі няўпэўненасць, сумнівы, недавер і страх.
6. Апеляцыя да народу: спроба пераканаць аўдыторыю далучыцца і пачаць дзейнічаць, бо «астатнія робяць тое самае». Маўляў, большасць ня можа памыляцца.
7. Клішэ без сутнасці: кароткія агульнаўжываныя фразы, якія маюць на мэце змякчыць кагнітыўны дысананс і заблакаваць крытычнае мысленне. Звычайна гэта агульныя фразы, якія прапануюць простыя адказы на складаныя пытанні або адцягваюць увагу ад іншых накірункаў думкі.
8. «Сам дурань!»: дыскрэдытацыя пазіцыі апанента, праз абвінавачванне яго ў крывадушнасці без наўпростага абвяржэння аргументаў. Часта гэта адказ на крытыку або няёмкае пытанне ў форме «А што наконт...?»
9. Выбіральная праўда: выбіральнае выкарыстанне толькі тых дадзеных і фактаў, якія падтрымліваюць пэўны пункт гледжання, ігнаруючы контраргументы.
10. Пудзіла: скажэнне пазіцыі апанента праз падмену тэзы ягонай тэзы на іншую, прасцейшую дла аспрэчвання.

Дакладней за ўсё ШІ вызначала першыя пяць тэхнік.

Важна разумець, што аналіз праводзіўся не паводле зместу, а паводле структуры мовы, характэрнай для прыёмаў, якія робяць тэкст больш эмацыйным і адцягваюць увагу ад фактаў і доказаў.

Што паказала даследаванне?
Калі вам хочацца верыць, што гэтыя прыёмы ўласцівыя толькі расійскім прапагандыстам, вы расчаруецеся: у нацыянальным сегменце тэлеграму ўкраінцы сутыкаюцца з маніпуляцыямі штодня. Нават па некалькі разоў на дзень (у залежнасці ад таго, якія каналы чытаеце) вы можаце сутыкнуцца з вельмі маніпулятыўнымі постамі.

Найлепшы вынік у канала «Громадске» — вельмі годнае СМІ, падпішыцеся, калі хочаце мець незаангажаваныя навіны Ўкраіны.
Найгоршы вынік паказалі каналы «Женщина с косой», «Картель» і «Резидент». Я такіх ня ведаю, але калі вы падпісаныя, лепей адпішыцеся.

Метадалогію, канкрэтныя прыклады, лічбы і вельмі сімпатычную інфаграфіку глядзіце ў першакрыніцы.

• • •
Яшчэ раз адзначу, што гэтае даследаванне не пра змест, а пра форму. Гэта значыць канкрэтнае пасланне і тым больш кантэкст у ім улічыць было нельга. Але ж мы ўсе разумеем, што падчас вайны без эмацыйнай мовы часам абысціся немагчыма, бо людзей трэба нечым натхняць і матываваць. І ўсё ж рэгулярнае выкарыстанне падобных метадаў добра выяўляе маніпулятыўны кантэнт, і гэта ўжо не пра інфармаванне і нават не пра натхненне, а пра сістэматычную агітацыю.


#factcheck | Беларускае войска адно з лепшых у свеце?

Днямі шырока распаўсюдзілася інфа, што войска Беларусі 12-е ў свеце. Вось пра гэта піша СТВ (але гэта не першакрыніца).

Сур'ёзна? Ажно 12? А ці не занадта добра гэта гучыць?

Робім фактчэк:
1. Пераходзім на сайт стваральніка рэйтынгу — U.S. News & World Report
2. Знаходзім рэйтынг, і бачым, што войска РФ, там увогуле на 1 месцы
3. Задаемся справядлівым пытаннем: а што за метадалогія.
4. Знаходзім метадалогію і даведваемся:

Рэйтынг войска — гэта складовая частка агульнага апытання пад назвай «Best Countries». Ключавое слова тут АПЫТАННЕ. Але каго апытвалі? Знаходзім адказ у метадалогіі:
Інфармаваныя эліты (8 096 чалавек): людзі з вышэйшай адукацыяй, якія лічаць сябе сярэднім класам або вышэй і спажываюць навіны ня менш за чатыры дні на тыдзень.
Бізнес-лідары (4 424 чалавекі): старэйшыя кіраўнікі або ўладальнікі малога бізнесу, якія маюць у падпарадкаванні супрацоўнікаў.
Абывацелі (7 509 чалавек): людзі старэйшыя за 18 гадоў, рэпрэзентатыўныя па ўзросце і поле для сваёй краіны.

Агулам апытанне праводзілася ў 36 краінах, дзе апытаныя ацэньвалі іншыя 35 краін на аснове 73 атрыбутаў, у тым ліку «моцная армія» ў субрэйтынгу Power.

Ці былі сярэд апытаных ваенныя эксперты — не ўдакладняецца. Тэарэтычна магло і быць колькі дзясяткаў чалавек проста ў сілу закону вялікіх лікаў, але апытанне яўна на іх не арыентавалася.

Такім чынам:
Апытанне ад U.S. News & World Report выглядае якасным і рэпрэзентатыўным, АЛЕ яно не пра фактычную рэальнасць, а пра ўяўленне аб ёй спажыўцоў медыя: як краіну бачаць грамадзяне іншых краін.

Выкарыстанне рэйтынгу як аргумента пра «адну з лепшых армій у свеце» з’яўляецца маніпулятыўным.

• • •
Стоп. Дык а на якім жа тады месцы Беларусь насамрэч?
Адным з самых надзейных рэйтынгаў узброеных сіл лічыцца Global Firepower Index (GFP). Ён заснаваны на канкрэтных, колькасных ваенных паказніках і ацэньвае 145+ краін па шырокім спектры крытэраў. Беларусь у ім на 64 месцы. Для параўнання: ЗША — 1, Расія — 2, Украіна — 18, Эфіёпія — 49.


#fun | Той выпадак, калі правіла №1 скептык клубу не працуе 😀

А гэта што значыць? Гэта значыць, што правіла адпавядае крытэру фальсіфікаванасці Карла Попера, і гэта вельмі добра.
Разбавім трошкі сур'ёзнасць стужкі канала.


#opinion | Цімаці Снайдэр пра памылкі ЗША ў дачыненні да Расіі і Ўкраіны [2]

Але галоўная віна ляжыць на СМІ. Заходняя грамадская думка абмяркоўвала заходнюю зброю як суперзброю. Таму, калі ўкраінцам былі дасланыя 10 ці 15 Bradley, мы вырашылі, што робім нешта вялікае.

Трэці слуп амерыканскай сістэмы, якая развалілася: заканадаўства.
20 красавіка, пасля больш як паўгады палітычнай грамадзянскай вайны, Кангрэс ухваліў 61 млрд даляраў дапамогі ЗША для барацьбы Ўкраіны. Папярэдні транш падтрымкі для гэтай краіны быў зацверджаны… больш як 470 дзён таму.

Гэты паскудны вынік невялікай перавагі рэспубліканцаў у Кангрэсе, многія з якіх маюць уласныя, даволі своеасаблівыя, уяўленні пра інтарэсы Амерыкі ва Ўкраіне. Пуцінская фракцыя вельмі актыўная і добра арганізаваная ў гэтай групе.

Яна старанна працуе на карысць прэзідэнцкай кампаніі Дональда Трампа, якая становіцца тым больш паспяховай, чым менш прадуктыўнымі з’яўляюцца ўкраінскія справы ЗША.

Амерыка марудная. Захад марудны.

Вельмі цяжка быць украінцам, ведаючы, што твае найлепшыя браты гінуць на фронце штодня, і чуць ад людзей у Вашынгтоне: «Гэта нармальна, бо ў гэты час году ў Кангрэсе заўсёды канікулы».

Але калі Ўкраіна прайграе, мы можам чакаць распаўсюду ядзернай зброі па ўсім свеце і верагодную вялікую вайну на Далёкім Усходзе. Але гэта яшчэ не ўсё. Наступнае, што будзе знішчана — рэпутацыя Амерыкі.

Нават калі некаторыя амерыканцы пераканаюць сябе, што Украіна ня мае для іх значэння, людзі ва ўсіх кутках Зямлі цяпер глядзяць на гэтую краіну як на «надзвычай лёгкі тэст для ЗША». Надзвычай лёгкі, бо Амерыцы ня трэба пасылаць сваіх салдат на вайну з Расіяй; бо грошы, неабходныя для праходжання тэсту, дробязь у параўнанні з рэальнымі выдаткамі на падобнае заданне; бо з ідэалагічнага пункту гледжання гэтая вайна тычыцца каштоўнасці, якую Амерыка здаўна дэкларуе як галоўную — дэмакратыя. І яна зараз пад прамой і смяротнай пагрозай.

Калі мы ня зможам прайсці выпрабаванне, якое ёсць надзвычай лёгкім у вачах ня толькі нашых саюзнікаў, але і ворагаў, мы ня можам чакаць, каб нехта з іх паверыў, што мы зможам прайсці больш складанае выпрабаванне ў будучыні.

Яшчэ адно: нават калі Украіна прайграе, гэта не азначае, што яна знікне. Гэта азначае толькі, што ейныя надзвычай дасведчаныя і адважныя салдаты будуць прымусова ўключаныя ў расійскія войскі. Гэта таксама азначае, што тэхналогіі, якія Украіна распрацавала самастойна, тэхналогіі, якія былі б вельмі карысныя, напрыклад, Тайваню перад магчымым кітайскім уварваннем, адыйдуць да Расіі і Кітая.

Што тады мы будзем мець?
Расію, якая выйграе вайну і вырашае, што правілы ня маюць значэння.
Расію, якая атрымае шмат новых рэсурсаў.
Расію, якая давядзе, што няма прычын успрымаць Амерыку сур'ёзна.
Калі мы дазволім Расіі ўзяць Украіну пад кантроль, гэта будзе зусім іншая Расія. Зусім іншая Украіна. Зусім іншая Еўропа. Зусім іншы свет.

Тэкст цалкам


• • •
Гэтаму тэксту ўжо шэсць месяцаў, нават дзіўна, як я яго прапусціў. Але ён яшчэ доўга ня страціць актуальнасці. Ён увогуле прэтэндуе на тое, каб увайсці ў падручнікі, у якасці адказу на пытанне «як мы апынуліся ў такім свеце?»

*Цімаці Снайдэр — сусветна вядомы гісторык з Ельскага ўніверсітэта, эксперт у гісторыі Цэнтральна-усходняй Еўропы.


#opinion | Цімаці Снайдэр пра памылкі ЗША ў дачыненні да Расіі і Ўкраіны [1]

18 красавіка на лекцыі ў The University Club of New York прафесар *Цімаці Снайдэр сказаў: «У лютым 2022 году адна рэч аб’ядноўвала амерыканскую адміністрацыю і рэжым Пуціна: вера ў тое, што Ўкраіна падзе цягам 72 гадзін».

Гэта, у сваю чаргу, павінна змусіць нас усвядоміць, што ўсё магло скласціся зусім іначай. Сёння мы маглі б жыць у свеце, у якім палітычны парадак быў бы моцна вызначаны ваеннай перамогай Расіі два гады таму, калі б прэзідэнт Зяленскі і ўкраінскі ўрад уцяклі з краіны, якая трапіла бы пад кантроль агрэсара. З усімі наступствамі.

Усё магло пайсці зусім інакш, чым пайшло.Так, ва Украіне не дайшло да відавочнага масавага генацыду, але былі Буча і Марыюпаль, расіяне масава дэпартавалі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, а ўкраінскіх лідараў, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі, працягваюць забіваць.

І ўсё ж мы ўспрымаем як належнае тое, што ўкраінскае войска спыніла генацыд і канчатковае знішчэнне ўкраінскага грамадства. «Найгоршага ня здарылася, бо гэтага не магло здарыцца», — здаецца, так лічыць нашая супольнасць аднавокіх аптымістаў.

А гэта, у сваю чаргу, азначае, што толькі купка разумных людзей усведамляе, колькім цывілізаваны свет абавязаны ўкраінцам за апошнія два гады.

Па-першае, яны спынілі «жахлівы наступ Расіі на міжнародны правапарадак», адной з асноўных гіпотэз якога з'яўляецца тое, што адна краіна ня можа беспадстаўна ўварвацца ў іншую краіну і акупаваць ейную тэрыторыю. Украінцы, абараняючы свае межы, адстойваюць гэты прынцып. Калі б яны здаліся, сіла гэтага прынцыпу была бы зусім іншай, чым цяпер.

Заходнія еўрапейцы таксама абавязаны ўкраінцам за захаванне ўсёй цяперашняй мадэлі Еўрапейскага Саюзу. І гэтая мадэль заснавана на меркаванні, што постімперскія краіны могуць калектыўна ўзяць на сябе абавязальніцтвы адносна прагрэсу і міру, не звяртаючыся да вайны. Гэтая мадэль усё яшчэ выглядае надзейнай галоўным чынам таму, што ўкраінцы ўсё яшчэ ваююць. Калі яны здадуцца, яна стане ненадзейнай.

Яшчэ адна рэч, якую мы ўспрымаем як належнае ў нашым свеце, гэта тое, што Ўкраіна выконвае ўсю «брудную працу» для НАТА, а мы радасна і без роздуму ўспрымаем гэта як належнае.

Але гэта яшчэ не ўсё: ўкраінскі супраціў Расіі паказвае кітайцам, што шырокамаштабныя наступальныя аперацыі сёння складана і непрадказальна праводзіць. І менавіта гэта замінае Кітаю развязаць сваю ўласную бойню. Робячы тое, што робяць украінцы у супрацьстаянні з Расіяй, яны адначасова стрымліваюць Кітай так, як ЗША не змаглі б яго стрымліваць.

І яшчэ адна рэч — ядзерная вайна. Украінцы даюць свету аргумент, што не кожная краіна, якая можа сабе гэта дазволіць, павінна мець Бомбу. Аднак калі б яны прайгралі або здаліся, супрацьлеглы аргумент набыў бы вялікае значэнне.

Украінцы выйграюць нам час. І зусім не зразумела, якой валютаю мы будзем ім вяртаць.

Слупы дысфункцыі Захаду

Першы: сацыяльныя сеткі
Праблема ў тым, што гэтыя медыя не найлепшыя ў прыцягненні ўвагі людзей да сур’ёзных праблем на працяглы час.

Другі няспраўны элемент амерыканскай сістэмы кіравання: ўрад. Было памылкай лічыць, што роля ўраду ЗША толькі ў тым і крыецца, каб прадбачыць планы Расіі, а пасля вырашаць, што ён можа зрабіць, каб спыніць ўварванне. Гэта было тое, што прыдумала амерыканская адміністрацыя. Не было размовы пра тое, як дапамагчы Украіне, калі Расія нападзе на яе.

Між вясной і восенню 2022 года быў перыяд «вялікай цякучасці»: расіяне разумелі, што могуць прайграць, а ўкраінцы — што могуць перамагчы. Праблема ў тым, што амаль ніхто з вашынгтонскай палітычнай эліты вакол адміністрацыі Байдэна ня быў гатовы скарыстацца гэтай магчымасцю.

Больш за тое, мы дасылалі зброю ў сімвалічнай колькасці і якасці. Асабліва, калі гаворка ідзе пра сістэмы супрацьпаветранай абароны і дальнабойнае ўзбраенне. Каб замест 10 ці 20 HIMARS даслалі 100 ці 200, вайна, хутчэй за ўсё, скончылася бы.


#book | Падначаленне аўтарытэту: навуковы погляд на ўладу і мараль

«Эксперымент патрабуе, каб вы працягвалі!»
Гэта стандартная фраза з вядомага ўсім эксперыменту Стэнлі Мілгрэма, дзе людзей білі токам за хібныя адказы.

Крыніцай натхнення для Малгрэма стаў халакост. Ён ня мог зразумець, як стала магчымым, што тысячы звычайных немцаў падпарадкаваліся нацысцкім ўладам і далучыліся да «канчатковага вырашэння габрэйскага пытання».

Эксперымент ярка прадэманстраваў усяму свету ўласцівы нам канфармізм — наколькі лёгка белы халат або пагоны пазбаўляюць чалавека волі. Нават калі ўдзельнік пераходзіў усе чырвоныя лініі маралі, якія закранаў эксперымент, пачуўшы чароўную фразу «у вас няма выбару, вы павінны працягваць» 65% падыспытных працягвалі выконваць злачынны загад.

«Найбольш распаўсюджаная рэакцыя прыстасавання заключаецца ў тым, што чалавек здымае з сябе адказнасць і перакладвае яе на прадстаўніка законнай [для яго] улады. Ніякага маральнага доўгу: ён успрымае сябе толькі як прыладу знешняга аўтарытэта. Апынуўшыся ў агентным стане, чалавек перастае быць сабой і здабывае якасці, якія звычайна яму не ўласцівыя». Такія высновы робіць Мілгрэм са свайго эксперыменту. Пагадзіцеся, гучыць вельмі актуальна.

Цікавы факт, мала хто ведае, але ў яго было ажно 18 варыяцый, і кожная з іх дапаўняе разуменне феномену. Магчыма, калі б замест Дастаеўскага вывучалі Мілгрэма, карысці было бы значна больш. Здавалася б, сваім эксперыментам Мілгрэм патлумачыў прыроду чалавечага іерархічнага канфармізму лепей за любога пісьменніка, але роўна праз 50 год, як ён гэта зрабіў, мы ўбачылі Бучу.

Дарэчы, калі вам хочацца задаць (вельмі правільнае) пытанне: а ці можна верыць гэтаму эксперыменту? Усе ж ведаюць пра крызіс узнаўляльнасці ў псіхалогіі. Адказ будзе: так, верыць можна.
У 2000-х эксперыменты, натхнёныя Мілгрэмам, праводзіліся ў Польшчы і Францыі. Узровень падпарадкавання быў стабільна вышэй за 60%. У 2009 Амерыканскі псіхолаг Джэры Бургер паўтарыў эксперымент у адаптаванай да сучасных этычных стандартаў форме. Ён абмежаваў максімальны ўзровень «шоку» да 150 вольт (ніжэй за смяротны ўзровень у арыгінальным эксперыменце), але 70% удзельнікаў усё адно былі гатовыя на загад аўтарытэта дайсці да максімальнага разраду.

Такім чынам, падначальвацца — у нашай прыродзе. Уяўляючы сябе ў эксперыменце, кожны перакананы, што ён-та дакладна не паддасца злачыннаму аўтарытэту. Але практыка паказвае, што большасць памыляецца. Дастаткова паглядзець на колькасць выканаўцаў волі дыктатара ў 2020 і пасля яго — «не» сказалі адзінкі. Падпарадкавальнасць, трэба меркаваць, 99%.

Пра самога сябе, эмацыйна, мне таксама вельмі цяжка дапусціць, што я мог бы папоўніць статыстыку злачынных канфармістаў. Але рацыянальна я добра разумею, што магу ў гэтым памыляцца. Добрая навіна ў тым, што калі ведаць пра гэтае сваю ахілесаву пяту, шанцы ў момант Х сказаць «не» злачыннаму загаду істотна павышаюцца. Таму вельмі рэкамендую абнавіць у сваёй памяці дэталі і высновы эксперыменту. А яшчэ пазнаёміць з імі сваіх дзяцей, бо ў школе такога не распавядаюць.

Спрынт кнігі


#analytics | Шпіёны Пуціна замышляюць глабальны хаос

Нядаўна ў брытанскім The Economist выйшаў цікавы артыкул — «Шпіёны Пуціна замышляюць глабальны хаос». Ня тое, каб мы маглі даведацца з яго нешта новае, але гэта яўнае сведчанне, што палітыкі краін Захаду пакрысе прыходзяць да разумення, чым ёсць сённяшняя Расія насамрэч.

Яны вельмі доўга пазбягалі тэмы крамлёўскіх злачынстваў і іх можна зразумець — сваіх праблем хапае. Але глабальны размах крамлёўскіх пакасцяў проста не пакідае магчымасці з'ехаць на тармазах. Пачалося называнне рэчаў сваімі імёнамі, без дыпламатычнага пустаслоўя: «Шчыра кажучы, расійскія спецслужбы крыху здзічэлі», — выказаўся Кіраўнік брытанскай MI6 Рычард Мур.

Глабальную шкодніцкую зацею Крамля можна было бы палічыць хоць і злачынным, але па-свойму таленавітым праектам. Як схемы тэлефонных махляроў, якія ўмеюць вельмі тонка працаваць з чалавечай псіхалогіяй. Крэмль дзейнічае мэтанакіравана, комплексна, сістэмна... калі б яны таж жа сама зацята ўзяліся за ліквідацыю ачковых сарціраў у сваёй краіне, справа ўжо была бы напалову зробленая. Але не, невытлумачальная цяга да шкоды і подласці вядзе рэй.

Мне дзеянні Крамля нагадваюць калектыўную Шапакляк, якая лічыла, што добрымі справамі праславіцца нельга. Дзіўныя яны.

Пераклад артыкулу «Шпіёны Пуціна замышляюць глабальны хаос»


#thinking | Афект як інфармацыя

Вам знаёмая эмоцыя, калі вы адчуваеце «так! як гэта ведаю»? Лёгкасць, камфорт, вызначанасць — вельмі прыемны стан, хай сабе і цягнецца ўсяго імгненне.

Аднойчы, у чарговы раз адчуўшы гэты інтэлектуальны аргазмік, я вырашыў спраўдзіць, ці сапраўды ведаю. Ну каб жалезабетонна пераканацца ў сваёй праваце. Але фактчэк паказаў, што я памыляўся і эмоцыя была на пустым месцы. Але ж такая натуральная...

Доўгі час я думаў, што адкрыў нешта новае ў псіхалогіі 🧐 пакуль не даведаўся, што гэтая з'ява ўжо добра вывучаная (раз, два). Устойлівай назвы ў яе няма, але мне падабаецца «афект як інфармацыя» — схільнасць блытаць эмоцыю «мне гэта знаёма!» з валоданнем фактычнай пацверджанай інфармацыяй.

Як гэта бывае ў жыцці. Дапусцім, глядзіць нехта тэлек, а там кажуць «цар зноў усіх перайграў». І гэты нехта адчувае «так! як і заўсёды!» Тым самым ён як бы сцвярджае «і гэта праўда, бо я ж магу параўнаць — я ведаю пра ўсе папрэднія разы!». Але што ён ведае насамрэч?

Калі яго распытаць, ён можа прыгадае шчэ пару такіх навінасных сюжэтаў, але хутчэй не прыгадае нічога канкрэтнага. У яго ёсць толькі эмоцыя «так, я гэта ведаю!», якая без рэфлексіі падмяняе сапраўднае разуменне.

Па сутнасці, гаворка пра ўмоўны рэфлекс: стымул — рэакцыя. Адкуль бяруцца такія рэфлексы ў сферы палітыкі, здагадацца нескладана. Шматразовымі паўторамі прапаганда робіць свае тэзы спачатку знаёмымі, пасля прымальнымі, а затым проста аксіяматычнымі — не патрабуючымі доказаў. І ўсё. «Захад жа заўсёды нас ненавідзеў, хіба не?»

Насамрэч, «афект як інфармацыя» не такая простая з'ява і ў залежнасці ад сітуацыі можа быць абумоўленая некалькі рознымі прычынамі:

1. Афектыўная эўрыстыка — гэта механізм, пры якім эмоцыі служаць падказкамі для прыняцця рашэнняў. Гэта значыць, адчуваючы станоўчыя ці адмоўныя эмоцыі, людзі могуць рабіць высновы менавіта на іхняй падставе, а не на аргументаваных доказах. Часам іншага не застаецца, але калі ёсць магчымасць, лепей падумаць. Двойчы.

2. Ілюзія ўпэўненасці — гэта адчуванне праваты, якое ўзнікае без дастатковых доказаў. Механіка простая: калі ў нас няма падстаў для ўпэўненасці, мы можам перажываць тыя самыя эмоцыі, што былі бы пры іхняй наяўнасці. Адрозніць першае ад другога надзвычай складана.

3. Кагнітыўная лёгкасць — калі нешта здаецца лёгкім для разумення, мы схільныя ўспрымаць гэта як дакладнае або праўдзівае. Тое самае здараецца, калі мы блытаем сваю ўпэўненасць з наяўнасцю рэальных доказаў.

Як адрозніць афект ад рэальнай інфармацыі?
Пра гэта можна напісаць шмат, але ёсць адзін вельмі эфектыўны рэцэпт:

КАЛІ ІНФАРМАЦЫЯ ВАМ ДАСПАДОБЫ, ДА ЯЕ ТРЭБА СТАВІЦЦА ЎДВАЯ СКЕПТЫЧНЕЙ




#propaganda | Doppelganger: маштабны зліў дакументаў фабрыкі хлусні

У Foreign Affairs выйшаў цікавы артыкул пра тое, чаму правільная, здавалася б, рэакцыя на расійскія дэзынфармацыйныя атакі — выкрыць і забаніць — гэта менавіта тое, што фэйкаробам і трэба. А яшчэ пра тое, як яны ўводзяць у зман крэмль.

На пачатку верасня расійскі дэзынфармацыйны праект Doppelganger зноў трапіў на першыя палосы. Упершыню гэты праект быў выкрыты ў 2022 амаль на самым старце свайго існавання. Dopprlganger распаўсюджвае фэйкавыя артыкулы, відэа і апытанні ў ЗША, Францыі, Нямеччыне і Ўкраіне па праблемах, якія палярызуюць грамадствы гэтых краін. Гэты праект у тым ліку кланаваў цэлыя сайты навінасных выданняў, змяшчаючы на іх уласныя фэйкавыя гісторыі, мемы і карыкатуры, і прасоўваючы іх праз сацсеткі.

З пераменным поспехам з фэйкавым кантэнтам змагаліся сацсеткі, фактчэкеры і спецслужбы. Перыядычна Doppelgagner трапляў у медыя, здабываючы славу магутнай крамлёўскай фабрыкі ілжы.

Як выявілася, за Doppelgagner стаіць прыватная маскоўская фірма Social Design Agency (дызайнеры, блін...). І ў рэшце рэшт ФБР атрымала доступ да 190 старонак нутраной дакументацыі гэтай канторы. Доступ да гэтых дакументаў таксама атрымала нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.

Калі раней акалічнасці працы Doppelganger былі загадкай, то цяпер 3000 асобных файлаў пралілі святло на шмат якія дэталі: мэты, метады, планы праектаў, KPI, справаздачы, пратаколы нарадаў, ідэі для новых фэйкаў і бюракратычныя працэдуры — усё стала здабыткам грамадскасці. Так, адна з найбуйнейшых дэзынфармацыйных кампаній у свеце пасля заканчэння Халоднай вайны была цалкам раскрытая.

І што ж мы даведаліся? Каротка наступнае:

1. Хаця Расія выкарыстоўвае новыя тахналагічныя метады распаўсюду дэзы, шмат якія метады засталіся нязменнымі з часоў Халоднай вайны.

2. Разам з заходняй аўдыторыяй падманутым аказаўся і сам крэмль — у плане эфектыўнасці дзейнасці кампаніі.

3. Найбольшую падтрымку агітатары Doppelganger атрымалі ад дэмакратычных СМІ — менавіта яны раскруцілі гэты праект, зрабілі яму PR і нават сама назва «Doppelganger» гэта таксама прыдумка заходніх журналістаў.

І гэты трэці пункт ясна паказвае, што ў падыходах СМІ да барацьбы з дэзай трэба нешта тэрмінова мяняць, бо цяперашнія захады хутчэй ствараюць для яе спрыяльныя ўмовы, чым шкодзяць.

Усе дэталі ў скарочаным перакладзе

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.