У сярэдзіне 1950-х гадоў Браніслаў Ржэўскі праводзіў уласную кампанію публічных зваротаў да ўлад — піша лісты ў цэнтральныя беларускія газэты й ва ўстановы, зьвяртаецца да вядомых дзеячоў БССР. У зваротах у рэзкай форме выказваўся пра нацыянальную палітыку, якая праводзілася савецкімі ўладамі на Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаваньні ўжываньня беларускае мовы ў сфэры адукацыі, культуры й публічнага жыцьця. Акрамя таго, арганізуе напісаньне студэнтамі Гарадзенскага пэдагагічнага інстытута заяваў пра становішча нацыянальнае школы. Паводле ўспамінаў Вячаслава Анушкевіча, пасьля таго, як адну з напісаных па-беларуску навуковых прац Браніслава Ржэўскага зноў не прынялі да друку, у адным са зваротаў ён напісаў:
«Што вы робіце, вы ж губіце ў Беларусі ўсю адукацыйную сыстэму, вы хаваеце беларускую мову. Як гэта магчыма, што ўсе школы ў вёсцы на беларускай мове, у гарадох ёсьць на расійскай, а інстытуты ўсе на расійскай, ніводнага няма на беларускай».
Тамсама ён казаў, што
«Ужо даўно быў кандыдатам у вязьні, але неяк Бог абносіў».
16 лютага 1957 года Ржэўскі арыштаваны на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус.