Як Жан Жылібер стаў... “адзічалым з Поўначы” 🧙♂️
✉️ Восенню 1778 года
Жан Эмануэль Жылібер, французскі лекар і батанік, які працаваў у Гродне, у лісце да свайго калегі Антуана-Ларана дэ Жусье, нечакана ў самым першым сказе назваў сябе
"дзікім з Поўначы". Гэтая фраза, вядома, жарт, але яна яскрава адлюстроўвае яго пачуцці: пераезд у Літву для яго быў сапраўдным культурным зрухам! Зрэшты, у тым жа лісце Жылібер не хавае і свайго энтузіязму: ён ганарыцца сваімі дасягненнямі і захоплены працай.
Уявіце сабе: усяго за два гады побыту ў Гродне Жылібер паспеў стварыць батанічны сад,
які па разнастайнасці раслін мог параўнацца з садам у Манпелье. Ён заснаваў кабінет натуральнай гісторыі з калекцыяй мінералаў і закамянеласцяў, якая не саступала найлепшым еўрапейскім зборам. Ён стварыў
анатамічны тэатр і бібліятэку. Жылібер з запалам браўся за вывучэнне мясцовых раслін, складаў каталог флоры ВКЛ і збіраў казурак.
✍️ У лісце да Жусье праз радкі чытаецца захапленне каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім і яго міністрам, графам Тызенгаўзам, якім ён дзякуе за падтрымку навукі. Жылібер задаволены сваім становішчам: ён займае высокія пасады, атрымлівае добры заробак і на хвалі натхнення называе Літву "вельмі прыгожай краінай". Яшчэ больш расхвальваў ён караля год раней у іншым лісце, які даслаў у Ліён прафесару Вітэту.
Але, як гэта часта бывае, першапачатковы энтузіязм праз нейкі час згас. У 1783 годзе Жылібер раптоўна пакідае Вялікае княства Літоўскае (а раней ён пераехаў з Гродна ў Вільню). Што ж адбылося? Сам ён тлумачыў гэта інтрыгамі, спробамі атручэння (трыма!
Пра адну мы пісалі раней), стомленасцю ад цяжкай працы, а таксама праблемамі са здароўем і сямейнымі праблемамі. Пазней, ужо ў Францыі, ён ва ўспамінах высоўваў абвінавачанні (даволі несправядлівыя) ў бок Тызенгаўза. А свае нібыта праблемы са здароўем Жылібер, хутчэй за ўсё, значна перабольшваў.
Цікава, што ў тым самым 1783 годзе ў Тызенгаўза арыштавалі маёмасць, ішла справа пра грашовыя махінацыі, якая аднак скончылася ў 1784 тым, што соймавая камісія зняла з графа ўсе абвінавачанні.
Вось так “адзічалы з Поўначы” праз некалькі гадоў зноў стаў культурным заходнееўрапейцам 😎
YouTube |
Instagram |
Buymeacoffee