Салавейка


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Linguistics


Пашырэньне ведаў пра беларускую мову, клясычны правапіс і вымаўленьне + практыкаваньні
Дапаможнік для вывучэньня й адраджэньня беларускае мовы й йіншыя праекты: https://taplink.cc/prajekty
🤍 Падтрымаць: https://bmc.link/salaviejka

Related channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Linguistics
Statistics
Posts filter




Forward from: SŁOŬNIČAK | Дасьледуйма роднае
"Для ўсяго ёсьць свой тэрмін, i час для кожнай рэчы пад небам" (Эклезіяста 3:1)

Нядаўна slounik.org выдаліў з сайту "Расейска-беларускі слоўнік дадатковай лексікі" Зьмітра Саўкі. Чаму гэта важна?
Вось трошку інфармацыі пра гэты слоўнік ад спн. Наста Кахан.

"У свой час беларускі мовазнавец Зміцер Саўка, даследнік і выбітны стыль-рэдактар, узяўся ўкладаць падручны дапаможнік. Прапанаваныя словы там не замяняюць і не адмяняюць таго, што існуе, а дапаўняюць.
Ці ё беларускі варыянт «бутэрброду», «лузеру»? Як сказаць без калькі з расейскае «задним числом», «чтиво»? Як сказаць «болеутоляющее»?
Слоўнік нам усім паказвае магчымасці мовы. Пра ўсё можна сказаць па-беларуску трапна, па-свойму. Карыстаймася!"

І гэты слоўнік выдалілі. Чаму? Адказу няма, але пускаць на забыцьцё гэты слоўнік, вядома, нельга!

Дзеля таго мы яго ўклалі для вас у выглядзе pdf, каб вы маглі карыстаць зь яго пры кожнай нагодзе. Прадмову да гэтага слоўніка напісала спн.Наста Кахан, за што вялікая падзяка.
Сам слоўнік вы можаце знайсьці тут!

Ніжэй вы знойдзеце ўзор звароту ў slounik.org з просьбаю вярнуць слоўнік на сайт.

Вельмі просім пашырыць гэты слоўнік, каб людзі ведалі сваю моўную спадчыну!

Памятайце!
"Для ўсяго ёсьць свой тэрмін, i час для кожнай рэчы пад небам; Час шукаць i час губляць, час захоўваць i час пакiдаць".

Мы ўжо мелі час губляць і пакідаць, аж цяпер мусіць налучыцца час захоўваць і шукаць!


З днём матчынае мовы! 🕊

Салавейка запрашае ўсіх у гульню!

✨ ПРАВІЛЫ:

• На выяве першае слова — МАЦІ 🧡

• Першы камэнтатар мае прыдумаць і напісаці слова, што пачынаецца з апошняе літары пачатковага слова (маці) — то бо зь і.

• Кажны наступны камэнтар мае пачынацца з апошняе літары пярэдняга камэнтара, ды гэтак далей 😉

• 1 камэнтар — 1 слова па-беларуску.

• Словы могуць быці на хоць якую тэму.

Гуляйма ж! ☀️

*
За выяву шчыра дзякую @belarusan 🥰


🔹 Заданьне. Прачытайце ўголас тэкст, зьвярне́це ўвагу на вымаўленьне мяккіх зычных, а таксама — і. Перапішэце паводле клясычнага правапісу („тарашкевіцы“), падчыркне́це ўсе ягоныя асаблівасьці.

*/*/*

✨ Спяваць на хлеб (уласна бел.) — збіраць міласціну, жабраваць.

— Хадзем, Арсень, — рыкнуў Шлык, — абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў (У. Караткевіч. Алíва і меч).

• У выразе — намёк: жабракі, выпрошваючы міласціну (хлеб), спявалі жаласныя песні.

Прыклад y драме Я. Купалы „Раскіданае гняздо“: „Старац ідзе наперад, за ім — Марыля з дзецьмі па бакох, a за Марыляй — Данілка. Усе пяюць „Лазара“ — Данілка іграе“.

*/*/*

↓ Разьвязак ↓

✨ Сьпяваць на хлеб (уласна бел.) — зьбіраць мíласьціну, жабраваць.

— Хадзем, Арсень, — рыкнуў Шлык, — абыдземся бяз гэтага салапёкі, каб ён на хлеб сьпяваў (У. Караткевіч. Алíва й меч).

• У выразе — намёк: жабракі, выпрошваючы міласьціну (хлеб), сьпявалі жаласныя песьні.

Прыклад y драме Я. Купалы „Раскіданае гняздо“: „Старац ідзе наперад, за йíм — Марыля зь дзецьмі па бакох, a за Марыляй — Данілка. Усе пяюць „Лазара“ — Данілка йграе“.

#фразэма #практыка #тарашкевіца #вымаўленьне


Мой сябра @belarusan начараваў яшчэ адну паштоўку!✨

@belarusan:
“Блакітныя рысы — зьмерзлыя рэкі Беларусі. Белае — зьмерзлая зямля Беларусі. Калі прыглядзецца, то можна ўбачыць зьмерзлыя дрэвы Беларусі. Салавейкі паляцелі ў йіншы край і вернуцца, калі ў Беларусь прыйдзе запраўдная вясна.”

Спадзяюся, неўзабаве мне ўдасца разьвязаць астатнія пытаньні й тады нарэшце змагу ўвесь свой час і ўсе свае моцы аддаваць на карысьць беларушчыны.

Шчыра дзякую ўсім за чаканьне й падтрымку! ❤️‍🩹
Бывайце здаровыя й клапацéцеся пра сябе!🕊


🎄ЧАРОЎНЫХ СЬВЯТАЎ!✨

Ці ведалі вы, што Салавейка можа прадказаць будучнасьць? Вось праґноз на 2023 год.

🎆 Два першыя забачаныя словы прадкажуць, што чакае вас у новым годзе. Каб пасіліць эфэкт, напішэце йіх у камэнтарох, і прароцтва пэўна ажыцьцявіцца!

🐾 Дзякую шаноўнаму Кіраўніку праекту BIEŁARUSKI ŠAŁ за дапамогу з выявай і агулам! ☀️

5.3k 8 35 32 34

🧶 Разьвязак заданьня

Пункты, дзе ў абодвух выпадках зьмякчаецца З перад наступным галосным: 2, 3, 5

1. З'ехаў з Ірану. — Зьехаў з [Ы]ра́ну.
2. З'явіўся з іншага свету. — Зьявіўся зь йíншага сьвету.
3. Сумна без Яны і без Ігара. — Сумна бязь Яны й бязь йÍгара.
4. Гаварыў з ім праз інтарнэт. — Гаварыў зь йíм праз [ы]нтарнэ́т.
5. На сняданак з'еў кашу з яблыкам. — На сьняданак зьеў кашу зь яблыкам.

✏️ З зьмякчаецца перад Е, Ё, Ю, Я й націскным Í (йí).

❗️ Ненаціскны І пасьля зычных вымаўляецца як [Ы], таму З перад йім не зьмякчаецца:
• з [Ы]ра́ну, праз [ы]нтарнэ́т.

Калі нешта трэба асобна патлумачыць, пішэце, калі ласка, у камэнтарох ✨

📚 Тэорыя.


Заданьне. Уважліва прачытайце. Абярэце пункты, дзе ў абодвух (!) выпадках зьмякчаецца З перад наступным галосным.
Poll
  •   1. З'ехаў з Ірану.
  •   2. З'явіўся з іншага свету.
  •   3. Сумна без Яны і без Ігара.
  •   4. Гаварыў з ім праз інтарнэт.
  •   5. На сняданак з'еў кашу з яблыкам.
146 votes


📝 Практыка. Памякчэньне зычных перад Е, Ё, Ю, Я, І

📚 Тэорыя.

Адкажэце на пытаньні:

1. Якія гукі называюцца ётавымі й чаму?
2. Якія зычныя гукі зьмякчаюцца перад ётавымі?
3. Якія зычныя гукі не зьмякчаюцца перад ётавымі?
4. Калі зьмякчаецца З перад І?
5. Калі не зьмякчаецца З перад І?


🔸Практыкаваньні. Прачытайце ўголас. Зьвярне́це ўвагу на націскі. Патлумачце самі сабе, чаму вы вымаўляеце акурат так, а ня йначай. Перапішэце прыклады паводле клясычнага правапісу, падчыркне́це ягоныя асаблівасьці.

📍Каб убачыць усе адказы, націсьніце на тэкст, схаваны пасьля працяжнікаў.

❗️[ы] — толькі вымаўляем, а пішам заўсёды празь і.

• з ёй — зь ёй;
• без яе — безь яе;
• з'есці — зьесьці;
• з'ехаць — зьехаць;
• без ёгурту — бязь ёгурту;
• бяз'ядзерны — бязья́дзерны;
• пад'яжджае — пад'яжджае;
• з'яўляецца — зьяўляецца;
• без языка — безь языка́;
• без е́жы — бязь е́жы;

• з Ігнатам — з [Ы]гна́там;
• з Íнаю — зь йÍнаю;
• без ілюзіяў — без [ы]лю́зіяў;
• з ім — зь йíм;
• без інею — бязь йíнею;
• цераз Індыю — церазь йÍндыю;
• з інжынэрам — з [ы]нжынэ́рам;
• з існасцю — зь йíснасьцю;
• з інструмэнтам — з [ы]нструмэ́нтам;
• без інтрыгі — без [ы]нтры́гі;

• цякуць слёзы з ягоных вачэй — цякуць сьлёзы зь ягоных вачэй;
• з яскравымі зменамі — зь яскравымі зьменамі;
• без імя́ — без [ы]мя́;
• цытата з інтэрвію — цытата з [ы]нтэрвію́;
• з юнацкім імпэтам — зь юнацкім [ы]мпэ́там;
• мост цераз Ясельду — мост церазь Ясельду;
• ехаў з Ярэмічаў — ехаў зь Ярэмічаў;
• раз'юшаны звер — разьюшаны зьвер;
• сыплюцца іголкі з ялінкі — сыплюцца йголкі зь ялíнкі.

#практыка #клясычны_правапіс #тарашкевіца #вымаўленьне


📚 Памякчэньне зычных перад Е, Ё, Ю, Я, І

🎬
Моўнік. Асыміляцыйная мяккасьць — пад пагрозаю (3:10)

⚡️ Гукі Е, Ё, Ю, Я ды націскны Í называюцца ётавымі галоснымі, бо ўтвараюцца спалучэньнем двух гукаў: нескладовага [й] і адпаведнага галоснага.

• Í — спалучэньне [й] + [і] = [ЙІ]
• Я — спалучэньне [й] + [а] = [ЙА]
• Е — спалучэньне [й] + [э] = [ЙЭ]
• Ё — спалучэньне [й] + [о] = [ЙО]
• Ю — спалучэньне [й] + [у] = [ЙУ]

Нагадаю:
Гук [й] — заўсёды мяккі.
З, С — заўжды зьмякчаюцца перад мяккімі зычнымі.


✏️ Правіла 1. Вымаўляем мякка З перад Е, Ё, Ю, Я ды націскным Í. На пісьме мяккасьць паказваем празь мяккі знак:

• зьезд, зьеў, зьйíнеў, зьява, разьюшыцца;
• церазь я́мы, бязь йíх, зь йÍраю, зь Ягорам, церазь Юравічы;


⚡️Перад ненаціскным І зычныя гукі не зьмякчаюцца, бо [і] не пад націскам пасьля зычных чуваць як [ы] (бач допіс пра І, Ы):

• без індыка — [без ындыка́];
• перад Ігнатам — [перад Ыгна́там].


✏️ Правіла 2. Вымаўляем цьвёрда ўсе зычныя (апроч З, С, Н, Л, В, Ў) перад Е , Ё, Ю, Я ды націскным Í. На пісьме цьвёрдасьць у сярэдзіне слова паказваем праз апостраф:

• б'е, п'е, сям'я, вераб'йíны, вар'ят, аб'ява, ад'езд;
• ад Яна, перад йíм.

#тэорыя #клясычны_правапіс #тарашкевіца #вымаўленьне


Працягваем вывучаць адметы беларускага вымаўленьня

Вітаю, шаноўнае спадарства!

Мы ўжо разабраліся зь пераходам НЕ й БЕЗ у НЯ й БЯЗ, з асыміляцыйнаю мяккасьцю й вымаўленьнем І, Ы — цяперака нарэшце прышоў час разабраць памякчэньне зычных перад Е, Ё, Ю, Я, І.

Гэтая тэма ўходзіць у топ-5 памылак вымаўленьня, якія несьвядома робяць амаль усе беларускамоўныя людзі — нават дыктары на радыё, сьпевакі, вядоўцы, блогеры, лектары й акторы.

Усяму віною — па-першае, рэхорма правапісу 1933 году, якая скасавала разьдзяляльныя мяккія знакі пасьля З і ўвяла заместа йіх апострафы (што захоўваецца й у сучасным афіцыйным правапісе, які вывучаюць у ўстановах адукацыі),

а па-другое — дрэнная якасьць выкладаньня беларускае мовы ў школах, унівэрсытэтах.

Такім парадкам, настаўнікі беларускае мовы добра вучаць, што апостраф (') паказвае цьвёрдасьць, а пра вынятак з афіцыйных правілаў чамусьці амаль увесь час маўчаць, праз што большасьць беларусаў звыклі вымаўляць словы тыпу „з'яўляецца, з'езд“, як і напісана — выразна цьвёрда (заместа мяккага „зьяўляецца, зьезд“).

Наступнымі допісамі будуць тэорыя й практыкаваньні на тэму „Памякчэньне зычных перад Е, Ё, Ю, Я, І“, якія маюць дапамагчы навучыцца мяккаму вымаўленьню.

Зычу ўсім посьпехаў і добрага дня!❤️

***
p.s. надоечы крыху выправіла допіс з тэорыяй пра вымаўленьне І, Ы, і цяперака ён стаўся лягчэйшым для ўспрыняцьця, то ж, хто яшчэ ня бачыў ці каму было складана — раю пачытаць 😉




Найчарнейшая з ночаў
адбылася з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 году, калі савецкія кáты расстралялі больш за 100 руплівых працаўнікоў на ніве адраджэньня Беларусі. Сярод расстраляных — 22 беларускія літаратары — паэты, пісьменьнікі, перакладнікі й крытыкі.

🕊 Раю да прагляду цыкл з 18 лекцыяў „(Не)расстраляныя“ ад праекту tuzinfm.by, каб бліжэй пазнаёміцца з жыцьцём і творчасьцю Юлія Таўбіна, Майсея Кульбака, Юркі Лявоннага, Анатоля Вольнага, Міхася Зарэцкага, Ізі Харыка, Міхася Чарота, Зямы Піваварава, Валерыя Маракова, Уладзіслава Галубка, Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Сяргея Астрэйкі, Вацлава Ластоўскага, Сяргея Мурзо, Цішкі Гартнага, Сяргея Фаміна й Васіля Шашалевіча.

📍На сайце nochpaetau.com зьмешчаны сьпіс кнігаў і рэсурсаў, дзе можна знайсьці яшчэ больш інфармацыі пра расстраляных паэтаў.

Памятайма закатаваных і забітых таленавітых беларусаў, чытайма, слухайма й пашырайма йіхныя творы ды працягвайма працаваці на ніве беларушчыны!🕊

Наапошку, шаноўныя чытачы, прапаноўваю вам паслухаць верш Міхася Чарота „На могілках“, які прачытаў мой любы сябар дзеля пашаны памяці ўсіх загінулых у тую ноч.


📚Загадныя хормы дзеясловаў на -еце (-эце)

Адважна, брацьця, наперад ідзе́це
Цьвёрдай і правай ступою!
Кожнаму сьмела ў вочы глядзе́це,
Праўду нясе́це з сабою!

К.Каганец
„Наш сымболь“, 1893г.


„У 1910–20-я г
ады была агульная думка, што ў літаратурнай мове трэба адназначна аддаваць перавагу адмысловым беларускім загадным хормам з канчаткам -е́це (-э́це): бярэ́це, глядзе́це, нясе́це, пішэ́це.

Савецкія рэфарматары 1933-га зрабілі абавязковымі толькі хормы дзеясловаў на -і-це (-ы-це): нясіце, рабіце. Гэта таксама хормы беларускія — толькі што менш адметныя, агульныя з расейскімі.

Таму ў несавецкім літаратурным ужытку на працягу паваенных дзесяцігодзьдзяў хормаў на -і-це (-ы-це) стараліся высьцерагацца. Пераважна гаварылі й пісалі: вазьме́це, жыве́це, ле́це, пе́це, скажэ́це.

Хормы з канчаткам -еце (-эце) у паўднёва-заходнім беларускім дыялекце жывуць да сёньняшняга дня.✨

Прыклады ўжываньня:

• Хадзе́це сюды.
• Глядзе́це пільна.
• Зрабе́це нам ласку.
• Кажэ́це толькі праўду.
• Вазьме́це — гэта ад сэрца.
• Прынясе́це, як вам ня цяжка.
• Калі будзе час, напішэ́це нам.
• Будзьце ласкавыя, нале́це кавы.

(Ю. Бушлякоў „Жывая мова“)


❗️Важна быць пільнымі й сачыць за націскамі. Калі ў 2-й асобе адзіночнага ліку націск падае на аснову, то й у множным ліку націск будзе на аснове:

ня кры́ўдзі йіх — ня кры́ўдзеце йіх;
нацíсьні мацней — нацíсьнеце мацней.


Дадатак

🎬 Моўнік. Загадны лад (4:05)

📎 'https://t.me/salaviejka/56?comment=168' rel='nofollow'>Выявы старонак з „Дыялекталягічнага атласу беларускае мовы“(1963г.), дзе пазначана, у якіх мясцовасьцях ужывалі адметную хорму на -эце/-еце ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя.

📎 Прыклад ужываньня хормы на -эце/-еце ў кнізе „Беларуская правапісь з практыкаваньнямі“ (Ян Станкевіч, 1921).

#тэорыя #адметы #дзеяслоў

952 0 10 12 20

Forward from: МОВА ПОБАЧ
Прыклад моўнай дыскрымінацыі ў школе.

‼️Важна! Вы маеце права запаўняць па-беларуску любы дакумент, бланк, пісаць што заўгодна і дзе заўгодна. Калі вам гэта забараняюць, гэта парушэнне заканадаўства аб мовах і трапляе пад артыкул 10.16 КаАП.

📄 Заява пра стварэнне перашкодаў у карыстанні дзяржаўнай мовай падаецца толькі ў папяровым выглядзе (можна даслаць ліст поштай) у выканкам або гарадскую адміністрацыю па месцы парушэння. Мы звычайна яшчэ дублюем заяву ў аблвыканкам і ў пракуратуру, гэта працуе.


Разьвязак практыкаваньня 7
[ і ] вымаўляецца як [ы]

1, 2, 3, 5, 6, 9, 10

❗️Зьвярнеце ўвагу на націскі

1. Сродак існаваньня — сродак [ы]снава́ньня;
2. Ніяк іначай — ніяк [ы]на́чай;
3. Лёг і заснуў — лёг [ы] заснуў;
4. Хто ідзе? — хто йдзе?;
5. Брат і сястра — брат [ы] сястра;
6. Хто там ідзе? — хто там [ы]дзе́?;
7. Падручнік Ігара — падручнік йÍгара;
8. Сястра і брат — сястра й брат;
9. Сярод інтравэртаў — сярод [ы]нтравэ́ртаў;
10. Максім Іванавіч — Максім [Ы]ва́навіч.

📚Тэорыя (п. 4)


Разьвязак практыкаваньня 6
[ і ] вымаўляецца як [й]

1, 2, 4, 6, 7, 8, 10

❗️Зьвярнеце ўвагу на націскі

1. Рака Ігумéнка — рака Йгуме́нка;
2. Поле і лес — поле й лес;
3. Няма іхных рэчаў — няма йíхных рэчаў;
4. Гэта Іван — гэта Йва́н;
5. Лес і поле — лес [ы] поле;
6. Добрая ідэя — добрая йдэ́я;
7. Адзеўся і пашоў — адзеўся й пашоў;
8. Гожае імя́ — гожае ймя́;
9. Сыплюцца іскры — сыплюцца йíскры;
10. Не існуе — ня йсну́е або не йснуе́.

📚 Тэорыя (п. 2, 3)


Разьвязак практыкаваньня 5
[ і ] вымаўляецца як [йі]

✅ 1, (2), 3, 4, 5, 7, 9, 10

❗️Зьвярнеце ўвагу на націскі

1. Мая краіна — мая крайíна;
2. Да Ірыны — да Йры́ны або [да йіры́ны];
3. У сваім свеце — у свайíм сьвеце;
4. Спробы супакоіць — спробы супакойіць;
5. Рака Íпуць — рака йÍпуць;
6. Без гэтых істотаў — бяз гэ́тых [ы]стотаў;
7. Пры ім — пры йíм;
8. Гром і маланкі — гром [ы] маланкі;
9. Спрадвечная існасць — спрадвечная йíснасьць;
10. Занясу іншым разам — занясу йíншым разам.

📚 Тэорыя (п. 1)


🔸 Практыкаваньне 7. Прачытайце ўголас, патлумачце сабе правіла. Абярэце ўсе варыянты, дзе [ і ] вымаўляецца як [ ы ].
Poll
  •   1. Сродак існаваньня
  •   2. Ніяк іначай
  •   3. Лёг і заснуў
  •   4. Хто ідзе?
  •   5. Брат і сястра
  •   6. Хто там ідзе?
  •   7. Падручнік Ігара
  •   8. Сястра і брат
  •   9. Сярод інтравэртаў
  •   10. Максім Іванавіч
69 votes


🔸 Практыкаваньне 6. Прачытайце ўголас, патлумачце сабе правіла. Абярэце ўсе варыянты, дзе [ і ] вымаўляецца як [ й ].
Poll
  •   1. Рака Ігумéнка
  •   2. Поле і лес
  •   3. Няма іхных рэчаў
  •   4. Гэта Іван
  •   5. Лес і поле
  •   6. Добрая ідэя
  •   7. Адзеўся і пашоў
  •   8. Гожае імя́
  •   9. Сыплюцца іскры
  •   10. Не існуе
64 votes

20 last posts shown.

499

subscribers
Channel statistics