Сёння, падчас урачыстай святой Імшы, не вылазіла з галавы адно параўнанне. Параўнанне падзеяў біблійных з падзеямі з сучаснай беларускай гісторыі.
Уваход Хрыста ў Ерузалем - гэта дэ-факта палітычная маніфестацыя, калі месцічы віталі Таго, каго лічылі сваім новым каралём. Паказвалі, што не хочуць жыць так, як жылі раней. Што хочуць новага жыцця.
Паводле свайго зместу гэта вельмі моцна нагадвае марш 16 жніўня 2020 года, калі беларусы спачатку нясмела, але з кожным крокам, з кожным позіркам, з кожным незнаёмым, але такім блізкім тварам сотнямі тысяч выходзілі на вуліцы сваіх гарадоў і вёсак.
І як ерузалемцы дзве тысячы гадоў таму махалі галінкамі пальмаў, гэтак і мы з вамі нацыянальнымі сцягамі пафарбавалі вуліцы Менску, Горадні, Берасця і іншых у бел-чырвона-белыя колеры. Колеры Хрыста.
Але як і тады, гэтак і цяпер радасць і эйфарыя не былі доўгімі. Хрыста затрымалі, збілі і ўкрыжавалі. Ягоныя вучні мусілі ўцякаць, выракацца і хавацца, іх лавілі і забівалі. Шмат хто разгубіўся, зняверыўся, расчараваўся. На жаль, тое самае сталася і ў Беларусі.
Але, як і апосталы і іншыя вучні Хрыста, мы мусім і надалей знаходзіць у сабе сілы, веру і моц, каб зноў і зноў не спыняцца, не здавацца, не забывацца. Каб урэшце і ў нас было сваё
ўваскрасенне.