#dissidentby
💔 Вікторыю Кульшу ў пачатку гэтага тыдня перавялі ў СІЗА-3 Гомеля. Яна павінна была выйсці на волю 6 красавіка. Але на яе
ў чацвёрты раз завялі крымінальную справу па арт. 411 – гэта пятая крымінальная справа супраць яе і чацвёртая менавіта па гэтым артыкуле.
⭐️
Вікторыя Кульша была адміністратаркай чата "Кіроўцы 97%", за што была затрыманая 4 лістапада 2020. У выніку яе асудзілі на
2,5 года пазбаўлення волі. У чэрвені 2022 Вікторыю Кульшу ўпершыню асудзілі па арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). На той момант у яе было ўжо 34 спагнанні.
🎉 Чарговы суд над жанчынай распачаўся ў красавіку 2023 года, дзе ёй зноў прысудзілі
яшчэ адзін год зняволення. А ў кастрычніку 2023 года Вікторыю Кульшу асудзілі трэці раз і
зноў дадалі 1 год па 411 артыкуле. Да гэтага часу жанчына правяла 7 месяцаў у СІЗА і павінна была выйсці на волю 6 красавіка 2025 года. Але
супраць Вікторыі ўзбудзілі чацвёртую крымінальную справу. Зараз блізкія да ейнай сям'і паведамляюць, што яна знаходзіцца ў СІЗА-3.
💧 Агулам Вікторыя ўжо адбыла ў зняволенні 70 сутак ШІЗА і 6 месяцаў у ПКТ. Таксама вядома, што супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы
ўжывалі супраць жанчыны псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягнуў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.
У сваіх інтэрв'ю былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк згадвала пра Вікторыю:
У Вікторыі Кульшы, напэўна, ужо адмовілі ныркі. Яна трымала галадоўкі месяцамі, адмаўлялася ад вады і ежы. Яна ўскрывала сабе вены. Яе кідалі за гэта ў ШІЗА – і там яна зноў ускрывала сабе вены. Яна трымала галадоўкі ў ПКТ. Яна адмаўлялася ад дапамогі лекараў.
Незалежныя эксперты па правах чалавека
26 сакавіка заклікалі беларускія ўлады зрабіць захады ў сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з жанчынамі, што ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях. У тым ліку, яны выказалі трывогу з нагоды небяспечнага для жыцця стану палітзняволенай Вікторыі Кульшы:
Г-жа Кульша ў цяперашні час утрымліваецца ў Зарэчанскай выпраўчай калоніі №24, і, згодна з атрыманымі паведамленнямі, яе фізічнае і псіхічнае здароўе сур'ёзна пагоршылася. Тым не менш, ёй адмаўляюць у неабходнай медыцынскай і псіхалагічнай дапамозе, і яна працягвае падвяргацца жорсткаму абыходжанню.
Артыкул 411 Крымінальнага кодэкса дазваляе бясконца падаўжаць тэрміны зняволення на падставе абвінавачанняў у «непадпарадкаванні», якія выстаўляюцца тымі самымі супрацоўнікамі калоній, што адказныя за жорсткае абыходжанне з вязнямі.