Вера Лукашэнкі: ад «праваслаўнага атэіста» да «духоўнага пастыра нацыі»
Аляксандр Лукашэнка на працягу сваёй палітычнай кар’еры дэманстраваў складанае і неадназначнае стаўленне да веры. У 1990-я ён сам назваў сябе «праваслаўным атэістам», і гэтая формула на доўгія гады адлюстроўвала яго адносіны да рэлігіі — паказная набожнасць без глыбокага духоўнага зместу. Аднак з часам яго стаўленне да рэлігіі пачало
змяняцца - пра гэта выйшаў сюжэт на «Нашай Ніве».
Рэлігійная няграматнасцьУ маладосці Лукашэнка займаўся атэістычнай прапагандай ў таварыстве «Веды» — арганізацыі, якая ўзнікла пасля роспуску Саюза ваяўнічых бязбожнікаў. Менавіта тады ён упершыню адкрыў для сябе Біблію.
Лукашэнка, як член Камуністычнай партыі, змагаўся з рэлігіяй у меру сваёй кампетэнцыі. Навязваць атэізм яму даводзілася нават святарам, якія супраціўляліся таму, што ўкладаў ім у вушы маладзён. Але з цягам часу Лукашэнка і сам прызнаўся, што адчуў слабасць сваёй пазіцыі і паступова страціў інтарэс да гэтай барацьбы.
Падчас сваёй першай прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка таксама прызнаўся, што не ведае дакладна, ці ахрышчаны, і даведаўся пра гэта ўжо дарослым ад маці, якая сама была камуністкай.
Яго няведанне базавых рэлігійных рытуалаў выклікала мноства камічных і нязграбных сітуацый, напрыклад, адсутнасць звычкі хрысціцца або блытаніна ў віншаваннях на Вялікдзень. Паказальна выглядае відэа, якой з'явілася ў 2021 годзе на Вадохрышча, дзе Лукашэнка п'е святую ваду і чокаецца з кубкам свайго шпіца Умкі.
Сучаснае разуменне верыПадзеі пяцігадовай даўніны разам са старэннем, якое імкліва адбіваецца на здароўі, моцна паўплывалі на перакананні былога атэіста Лукашэнкі. Як і многія людзі з савецкай ментальнасцю, бліжэй да смерці ён стаў задумвацца пра тое, што будзе пасля яе. Цяпер Лукашэнка ўсё часцей згадвае Бога і ўсё часцей з'яўляецца ў цэрквах. Аднак, нярэдка ён выкарыстоўвае храмы як палітычную трыбуну.
Усё больш актыўна Лукашенка ўдзельнічае ў паказных рэлігійных рытуалах: купанне на Вадохрышча, малітвы ў «свайго» святара, стварэнне рэлігійнага антуража пакоя з выкарыстаннем іконаў і сімвалаў усіх канфесій.
Здаецца, што ён стварыў уласную форму веры, дзе спалучаюцца палітычная выгода і асабісты культ. Яго выказванні пра свае «прароцтвы», «дар Божы» і «адмысловую місію» выглядаюць як сакралізацыя ўлады — спроба паказаць сябе не проста кіраўніком, а «духоўным пастырам нацыі».
Адносіны з канфесіяміХаця Лукашэнка фармальна дэманструе талерантнасць да ўсіх канфесій, яго стаўленне заўсёды было інструментальным. Да Праваслаўнай Царквы ён бліжэй, бо яна падтрымлівае рэжым. У выпадку Каталіцкага Касцёла стаўленне доўгі час было нейтральным. Аднак, калі Касцёл заняў прынцыповую пазіцыю падчас пратэстаў 2020 года, Лукашэнка распачаў рэпрэсіі. Напрыклад, не пускаў у краіну каталіцкага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.