Вясна / Правы чалавека ў Беларусі


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Politics


Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96

Related channels  |  Similar channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Politics
Statistics
Posts filter


📄 Што пачытаць у нядзелю? Сабралі для вас галоўныя матэрыялы «Вясны» за тыдзень:

🔹У снежні не менш за 20 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны, а 49 чалавек выйшлі на волю па памілаванні

🔹Выбары*2025. Аналітычная справаздача аб утварэнні ўчастковых камісій

🔹У 2024 годзе прызналі 89 «экстрэмісцкіх фармаванняў», сярод іх — медыя, тэатральная трупа і грамадскія арганізацыі

🔹Кайданкі, электрашокер і слезацечны газ: спосабы застрашэння і катаванняў

🔹Снежань: значны рост выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу

🔹Сфабрыкаваныя пераклады і ілжывыя абвінавачванні. Што пішуць японскія СМІ пра затрыманых грамадзян у Беларусі

🔹Алег Мацкевіч: «Тры аргументы на карысць вызвалення Алеся Бяляцкага»

🔹Новая кніга пра Алеся Бяляцкага «За беларускае жыццё…» дасяжная для чытачоў

💳Падтрымаць «Вясну» на Patreon | Аднаразовым данатам


Цяжарную беларуску затрымалі на мяжы за абразу Кубракова

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчына ў 2020-м пакінула абразлівыя каментары на адрас міністра ўнутраных спраў Кубракова. Пасля гэтага яна з'ехала ў Літву.

За мяжой жанчына зацяжарыла і вырашыла вяртацца на радзіму.

Як толькі яна перасекла мяжу, яна была затрыманая. 


spis_ekstremistau.pdf
4.1Mb
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 чалавекі — цяпер у ім 4848 прозвішчаў

11 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі магілёўскага фаната Сяргея Ціханава, IT-спецыяліста Чэслава Герасімовіча, асуджаную за салідарнасць Таццяну Сцёпу.

Да допіса далучаны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

⁉️«Мама, я экстрэміст». Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у «Спіс экстрэмістаў»


Дыпламатаў Японіі не пусцілі на суд над палітзняволеным японцам Наканісі Масатосі

Пра гэта паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на японскае выданне Kyodo.

Амбасада Японіі звярнулася да беларускіх уладаў з просьбай дазволіць супрацоўнікам назіраць за судовым працэсам, але гэтая просьба была адхіленая. Дыппрадстаўніцтва заявіла, што «працягне прымаць адпаведныя меры для абароны японскіх грамадзян».

Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару».

Судовы працэс у дачыненні да японца пачаўся 10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Наканісі інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс у закрытым рэжыме прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.


Міліцыя пачала хадзіць па арэндных кватэрах — сярод іншага, пытаюць пра тое, што будзеш рабіць 26 студзеня

Па звестках @motolkohelp, у апошнія дні міліцыянты пачалі актыўна абыходзіць арэндныя кватэры ў розных гарадах Беларусі. Пачалося гэта яшчэ ў снежні, а выпадкі фіксуюцца як мінімум у Мінску, Магілёве, Мазыры і Бараўлянах.

Гаворка не пра стандартныя праверкі, калі кватэры абыходзяць участковыя. Цяпер міліцыянты тэлефануюць жыхарам у дамафоны, хочуць зайсці ўнутр і патрабуюць дамову аб арэндзе кватэры.

Па словах людзей, яны правяраюць арэндныя кватэры мэтанакіравана перад выбарамі*. Ходзяць не выпадкова, а па сваіх спісах, дзе ў тым ліку пазначаны жыхары/уладальнікі, якія раней былі затрыманыя альбо, што называецца «на алоўку».

Акрамя таго, у шэрагу выпадкаў, у жыхароў таксама пытаюцца, што яны плануюць рабіць 26 студзеня — у дзень выбараў*.

🗣Паведаміць пра затрыманне
⚖️Атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю
📝Абскардзіць дзеянні дзяржаўных органаў
✍️Звязацца з журналістамі «Вясны»


💔Былы палітвязень і музыка Алесь Папковіч выпусціў песню «Забароненая вясна». Яна пра надзею ў змрочныя часы

«Але ўсё зменіць час, і прарасце трава,
І непазбежна прыйдзе доўгачаканая вясна
», — спявае былы палітвязень.

Алесь Папковіч быў затрыманы разам з братам, Янам Папковічам, 2 верасня 2022 года групай Альфа напярэдадні запланаванага ад'езду ў Польшчу. Падчас затрымання быў збіты.

Паводле арт. 342 КК за ўдзел у адным Маршы пратэсту ў 2020 годзе яму прызначылі два гады калоніі і адправілі ў ПК № 3 адбываць тэрмін яшчэ да таго, як прысуд набыў законную моц. Там яго адразу змясцілі ў ПКТ.

Алесь выйшаў на волю 10 чэрвеня 2024 года, але ў хуткім часе быў вымушаны пакінуць Беларусь, каб не патрапіць пад новы пераслед. У эміграцыі ён працягвае займаццца музыкай. Былы палітвязень прыняў удзел у запісы музычнага альбома «Пазначаныя жоўтым».


Таксама ў вышуку вядомыя фатографы Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік

Ім інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).

На міліцэйскім стэндзе таксама размешчаныя фота іншых беларусаў, абвінавачаных па палітычных артыкулах.


Таксама на стэндзе «Іх шукае міліцыя» ў Мінску знаходзіцца і спявак Сяргей Міхалок

Паведамляецца, што яму інкрымінавана ч. 1 арт. 368 КК — «абраза Лукашэнкі».


Фотаздымак стэндап-коміка Славы Камісаранкі з'явіўся на стэндзе «Іх шукае міліцыя» ў мінскім ДАІ

Пра гэта Слава паведаміў у сваім Instagram.

Таксама на стэндзе можна заўважыць і спевака Сяргея Міхалка.

Нагадаем, 30 снежня Славу Камісаранку завочна асудзілі да 6 гадоў калоніі. Яго абвінавачвалі ў «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).


📍Паведамляйце «Вясне» пра затрыманні, ператрусы і «выклікі на размову»

Мы збіраем і захоўваем факты пераследу, што асабліва важна ў цяперашніх умовах.

Па жаданні, ваша інфармацыя можа застацца непублічнай. Вы таксама можаце перадаць такія звесткі праз вашых сяброў, што жывуць за мяжой.

@viasnainfo| @viasna_bot | @ViasnaSOS


З'явіліся фотаздымкі стэндаў «Іх шукае міліцыя» з Віцебска — у горадзе шукаюць праваабаронцаў, журналістаў, былых палітвязняў

Сярод іншых, на стэндах можна заўважыць былых палітвязняў Міхаіла Жамчужнага і Ціхана Клюкача, галоўнага рэдактара выдання «Віцебскі кур'ер NEWS» Аляксандра Корнышава, кіраўніка ініцыятывы «Хайсы — Віцебскія Курапа» Яна Дзяржаўцава, актывістку Крысціну Мірсалімаву.

Акрамя таго, у спісах праваабаронцы Павел Левінаў і Ірына Траццякова, а таксама двойчы журналістка Алена Шабуня.

Таксама на стэндзе хапае іншых людзей, якім інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Крыніца: @vitebsk_info


⁉️Этап рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта: што трэба ведаць?

З 22 па 31 снежня 2024 года ў Беларусі прайшла рэгістрацыя кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны. Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» распавядаюць пра падрабязнасці гэтага этапу выбараў.

• Чым важны этап рэгістрацыі кандыдатаў?
• Каго дзеючая ўлада выключае на этапе рэгістрацыі кандыдатаў?
• Якія фармальныя патрабаванні існуюць да кандыдатаў?
• Калі чалавек адпавядае названым вышэй «цэнзам» і не падпадае пад абмежаванні, тады ён аўтаматычна будзе зарэгістраваны як кандыдат?
• А што не так з выбарчымі цэнзамі ў Беларусі?
• Які парадак вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты?
• Хто прымае рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты?

Падрабязнасці 👉 elections2025.spring96.org/be/news/117126


❗️Праваабаронцы заклікаюць дакументаваць факты катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

«Вясне» вядома, што ў Беларусі працягваюцца масавыя катаванні і збіванні, утрыманне ў нечалавечых умовах у ізалятарах. Мы разумеем, што праз страх і рызыкі пераследу людзі баяцца звяртацца да праваабаронцаў для дакументавання гэтых фактаў. Але мы заклікаем з дапамогай фота і відэа самім фіксаваць сляды катаванняў і збіванняў. Акрамя гэтага, звяртайцеся да лекараў, каб зафіксаваць траўмы і захаваць медыцынскія дакументы. Гэта дапаможа ў будучыні прыцягнуць да адказнасці ўсіх датычных да рэпрэсій.

✍️Вы можаце самастойна задакументаваць ваш выпадак, дзякуючы «Практычнаму дапаможніку для пацярпелых»

🔹Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у месцах зняволення, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце @ViasnaDOC ці viasnadoc@spring96.org


Палітзняволенага Сяргея Франчука сёння зноў пачалі судзіць

У судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска 10 студзеня распачынецца чарговы суд над палітвязнем. На гэты раз яго абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Справу Сяргея будзе разглядаць суддзя Андрэй Літвін.

Нагадаем, Сяргей — стрыечны брат прадстаўніка АПК па абароне і нацбяспецы, былога намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.

Сяргея затрымалі 9 жніўня 2022 года. Летась яго двойчы запар асудзілі агулам да трох з паловай гадоў калоніі. Цяпер мужчына адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.


🤡Кіраўнік ЦВК сказаў, што не бачыць праблемы ў тым, што ў адкрытым доступе няма спісаў выбарчых камісій — маўляў, людзі могуць прыйсці на ўчастак і прачытаць прозвішчы на бэйджах

Пра гэта Ігар Карпенка заявіў на прэс-канферэнцыі.

«З мэтай абароны сябраў камісій ад агрэсіўнага ўздзеяння ў Выбарчы кодэкс былі ўнесены змены. У прыватнасці, зараз у газетах і на сайтах выканкамаў не публікуюцца персанальныя дадзеныя сябраў камісій. Гэта не значыць, што мы іх хаваем ад выбаршчыкаў. Калі выбаршчык прыйдзе на ўчастак для галасавання, то ўбачыць сябраў камісій, якія будуць насіць бэйджы з указаннем прозвішча, імя і імя па бацьку. Гэта заканадаўчая мера прадухіляе несанкцыянаванае выкарыстанне персанальных даных членаў выбарчых камісій».


📚Новая кніга пра Алеся Бяляцкага «За беларускае жыццё…» дасяжная для чытачоў

Да Дня праваў чалавека ў Беластоку 10 снежня выйшла з друку новая кніга, прысвечаная Нобелеўскаму лаўрэату прэміі міру, палітзняволенаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Выданне мае назву «За беларускае жыццё…».

Змест кнігі складаюць размовы Міхася Андрасюка з Алесем Бяляцкім з цыклу «Вочы ў вочы», успаміны Алеся пра музей Максіма Багдановіча, інтэрв’ю, Нобелеўская прамова, якую зачытвала жонка лаўрэата Наталля Пінчук, апошняе слова праваабаронцы на ягоным судзе і яго лісты з савецкага войска, якія друкуюцца ўпершыню.

Папяровы наклад быў невялікім, але ўжо сёння кніга дасяжная ў электронным фармаце. Яе можна спампоўваць і чытаць.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117119


Беларуса затрымалі за тое, што сарваў агітацыйны выбарчы плакат

Сцвярджаецца, што ўначы ў Мінску на прыпынку па вуліцы Аранскай невядомы сарваў агітацыйны плакат з інфармацыяй аб кандыдатах на выбарах*.

Як пішуць праўладныя тэлеграм-каналы, дзеянням мінчука будзе дадзена прававая ацэнка.


Forward from: Вясна: Палітвязні Беларусі
❗️Палітвязня Мікіту Емяльянава, які больш за пяць гадоў знаходзіцца ў зняволенні, зноў будуць судзіць

Актывіста анархічнага руху ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў. У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск.

А цяпер яго зноў будуць судзіць паводле арт. 411 КК. Суд распачнецца ўжо 15 студзеня. Палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады пазбаўлення волі.

Падрабязнасці 👉 https://spring96.org/be/news/117117


У Мінску стаматалагіню будуць судзіць за стварэнне тэлеграм-канала «ШапитоДичь»

У Мінскім гарадскім судзе 28 студзеня пачнуць судзіць 33-гадовую Алену Елькіну. Яе абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «закліку да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу будзе разглядаць Алена Ананіч.

4 ліпеня 2024 года КДБ прызнаў тэлеграм-канал «ШапитоДичь» «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле ведамства, дачыненне да яго мае Алена Елькіна. Праз пошук гэтая суполка не вызначаецца.

Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць са стаматалагіняй з Віцебску — апошнія допісы ў яе сацыяльных сетках датаваныя траўнем 2024-га году.

🗣Калі вам вядомыя акалічнасці справы ці інфармацыя пра Алену — калі ласка, паведамляйце праваабаронцам на @Viasnainfo


💔У снежні не менш за 20 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны, а 49 чалавек выйшлі на волю па памілаванні

На дадзены момант у Беларусі прызнаныя палітвязнямі 1258 чалавек, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва.

Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»), ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі». Рэжым Лукашэнкі таксама працягвае вызваляць палітвязняў з месцаў няволі па памілаванні.

Па даных «Вясны», у снежні на волю выйшлі мінімум 69 чалавек: 20 цалкам адбылі тэрміны, з якіх толькі дзве жанчыны, яшчэ 49 палітзняволеных памілавалі Указамі Лукашэнкі.

За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае «Вясна» ў штомесячным дайджэсце.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/117116

🌿Калі ласка, паведамляйце праваабаронцам навіны пра палітвязняў, а таксама пра іх вызваленні — @Viasnainfo.

20 last posts shown.