😇
У Жыровіцах устанаўліваюць новыя пазалочаныя іканастасы ў рускім стылі, а барочныя перадалі ў музейСвята-Успенскі сабор Жыровіцкага манастыра ў Слонімскім раёне, дзе ў 2024 годзе распачалася рэстаўрацыя, працягваюць аздабляць у духу рускай традыцыі,
заўважыў тэлеграм-канал
@spadczyna.
Першапачаткова ва Успенскім саборы існаваў толькі цэнтральны іканастас, створаны каля 1730 года і выкананы ў стылі барока. У 1779 годзе майстар Рыгор Мядзведскі выканаў роспіс іканастаса, які ўключаў абразы апосталаў, цэнтральную выяву «Спаса Уседзяржыцеля» ў сярэбранай раме і бакавыя часткі, даданыя падчас рамонту храма ў 1860-я гады.
У 2023 годзе спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея і «Белрэстаўрацыі» выявілі неабходнасць рэстаўрацыі іканастасаў. У верасні 2024 года іх дэмантавалі, каб аднавіць пашкоджаныя элементы.
Паводле звестак, якія з’явіліся ўжо тады, існавала верагоднасць, што іканастасы пасля рэстаўрацыі застануцца ў музеі. Гэта пацвердзілася: барочныя элементы замянілі на пазалочаныя іканастасы ў рускім стылі, усталяваныя ў бакавых нефах, вядомых як Іаанаўскі і Свята-Пакроўскі прыдзелы. Новыя іканастасы значна вышэйшыя і не адпавядаюць першапачатковаму барочнаму інтэр’еру.