🗣
Учора, 13 лютага, Андрэй Хадановіч выступіў з прамовай, якую назваў "Горад на далоні" на прэзэнтацыі анталогіі з беларускімі перакладамі літоўскай паэзіі "Горад на гары"Прыводзім тэкставую версію выступу з Міжнароднага фестывалю паэзіі памяці Міхася Стральцова:
🗣 Літоўскую паэзію перакладаю каля дваццаці гадоў. Тое, што я ня ведаю літоўскай мовы, мне ніяк не замінае, хутчэй наадварот – моцна дапамагае. Бо мае калегі і сябры, выдатныя літоўскія паэткі і паэты, робяць столькі падрыхтоўчай працы, што пасьля гэтага проста сорамна перакладаць кепска.
Ладнай часткі гэтых перакладаў не было б, каб у другой палове нулявых не зьявілася выдатнага фэстывалю “Вялікае Княства Паэзіі”, які быў прыдуманы ў Літве і адначасова ў Беларусі. У Беларусі, бо гэта было ў Менску, а ў Літве – таму што на тэрыторыі Літоўскай Амбасады. Фэстываль адбываўся ў Менску, у Вільні, у Кракаве, у Кіеве, у Харкаве, у Луцку – і да кожнай сустрэчы зьяўляліся новыя пераклады, а пасьля кожнай – новыя сяброўствы, зь якіх расьлі чарговыя вершы, якія таксама было трэба перакладаць.
Потым беларускія і літоўскія паэты (разам з калегамі з Украіны і Грузіі) сустракаліся на пленэрах, дзе перакладалі адно аднаго на беразе мора – спачатку Балтыйскага, у Паланзе, а потым Чорнага, у Батумі. Аднойчы я апісаў наш творчы працэс у кароткім вершыку:
Беларускія перакладчыкі
працуюць зранку,
старанна падбіраючы,
падбіраючы словы,
якія раскідвалі ўночы
п’яныя грузінскія паэты.Як вы цудоўна разумееце, на месцы п’яных грузінскіх паэтаў маглі быць – і часта бывалі – беларусы і літоўцы. З часам паэты-перакладчыкі дасягнулі такой дасканаласьці, што навучыліся абыходзіцца бяз мора.
Напрыклад, на літоўска-ўкраінскіх пленэрах у Львове, куды – згодна з прынцыпам “Трэцім будзеш?” – запрашалі і беларусаў. Або на менскім фестывалі “Вершы на асфальце”, рэгулярнымі гасьцямі якога сталі літоўцы. Тым больш, што іх прыезд актыўна падтрымлівала Літоўская Амбасада. Асабліва калі амбсадарам быў паэт Эвалдас Ігнатавічус.
Сёньня міжнародны паэтычны фэстываль са зразумелых прычынаў ня можа адбываецца ў Беларусі, і вось ужо ў чацьверты раз наш фэст праходзіць тут, у Вільні – і гэта было б немагчыма без салідарнасьці і дапамогі літоўцаў. На ім адбылася і прэзэнтацыя анталёгіі беларускай паэзіі па-літоўску “Бела-чырвона-белы”, чыё зьяўленьне – таксама моцны і прыгожы жэст літоўскай салідарнасьці з намі і нашай незалежнай культурай у часы рэпрэсій.
Анталёгія “Горад на гары” зь беларускімі перакладамі літоўскай паэзіі, што зьяўляецца таксама ў Вільні і таксама на нашым фэсьце, – спроба кроку ў адказ. Спадзяюся, яе прачытаюць многія беларусы, якія зараз жывуць у Літве. А таксама ў Польшчы, Грузіі і паўсюль, дзе мы сёньня жывём. Веру ў працу кантрабандыстаў-кніганошаў, дзякуючы якім кнігу будуць чытаць і ў самой Беларусі 🗣
Выпуск пра літоўскую літаратуру ў беларускіх перакладах на канале CHADANOVIČ:
➡
https://youtu.be/CZz9KNhzaHo