«...глыбінная мараль і філасофія працоўнага народа дакладна выказана ў беларускай прыказцы: «Паміраць збірайся, а жыта сей». У амерыканцаў ёй адпавядае прыказка: «Мы павінны паміраць у чаравіках». Амерыканскі сацыёлаг прафесар Олвін Тофлер так патлумачыў, што гэта значыць: «Нават калі мы знаем, што павінны памерці, то ўсё адно будзем жыць так, як быццам нічога не здарыцца». Іншымі словамі — будзем жыць па-людску.Ніл Гілевіч
Несумненна, што гэта адзіная дастойная чалавека пазіцыя. Мы павінны заставацца людзьмі — да канца, што б нам ні пагражала!
У гэтым — найвялікшая мудрасць чалавечага розуму.
Жыць па-чалавечы, і ўсё рабіць па-чалавечы, і гаспадарыць на зямлі — па-чалавечы! На вялікі жаль, колькі мы бачым гаспадарнікаў рознага рангу — ад самага радавога да вельмі і вельмі высокага, з вялікімі паўнамоцтвамі, — якія дзейнічаюць не як мудрыя і добрыя гаспадары гэтай зямлі, а як, выбачайце, разбойнікі з вялікай дарогі, як нейкія рабаўнікі-прыблуды без роду і племені. Валянцін Распуцін у аповесці «Пажар» назваў такіх гаспадарнікаў архараўцамі. Гэта вельмі небяспечная для грамадства катэгорыя людзей — у іх няма за душой нічога святога. Апрача грубых матэрыяльных інтарэсаў і выгад — яны нічога ў жыцці не цэняць і нічога ведаць не хочуць. У сацыяльнай і маральнай сутнасці сваёй — гэта агрэсіўныя мяшчане-спажыўцы, дзікуны і цынікі. А калі і як ён пачынаецца — архаравец? Пра гэта трэба думаць, бо не перамогшы яго, не выкараніўшы ў нашым жыцці яго злачынную псіхалогію, — забяспечыць разумныя, беражліва-любоўныя адносіны да прыроды, да зямлі і яе багаццяў будзе немагчыма. Я не даю на пастаўленае пытанне адказу, хаця пэўныя меркаванні ў мяне, вядома, ёсць. Думаю, куды лепш, калі на ўсякае народжанае жыццём пытанне кожны з нас шукае і знаходзіць адказ сам. ва ўсякім разе, час, у які мы жывём, гатовых рэцэптаў не дае, ён патрабуе вялікай сацыяльнай і духоўнай актыўнасці ад кожнага.»
«Патрэбна новае мысленне» / 1987 г.
#беларуская_думка