ЦЕСЛЯ ЖЫЦЦЯ
Сяргей Дубаўцэвіч
Раман
(пачатак)
1
Добра сварыцца ў лістападзе. Калі дробны дождж, нават не дождж, а нейкая празрыстая імжа вісіць у паветры, і чамусьці хочацца яе параўнаць з маннай кашай, такія дробныя крупінкі вадкасці, і ты едзеш праз іх на ровары, і гэтыя пастаянныя прыцемкі, і настрой ніякі. У гэты час сварыцца лепш, чым вясной ці ўлетку. Тады розніца настрояў будзе вельмі заўважнай. А ў лістападзе настрой і так гаўно, дык нават асаблівай розніцы не заўважыш.
Мы з жонкай жывём у Вільні, яна працуе з беларускімі навінамі, я нейкі час не працаваў, а потым стаў дастаўшчыкам ежы. Ёй не падабаецца мая нерэгулярная праца і такія ж заробкі. Яна атрымлівае больш. Але ў Беларусі асноўныя грошы зарабляў я і не патрабаваў ад яе знайсці «нармальную» працу. Гэта яна мне так сказала раніцай: «Знайдзі сабе ўжо нармальную працу». Ну і пайшло-паехала. Я пастараўся ў адказ сфармуляваць нешта культурнае, але, відаць, у інтанацыі красамоўна чыталася «ідзі на хуй».
У Беларусі я быў пісьменнікам. Ды не абы-якім. Я зарабляў сваімі кніжкамі, у нас гэта рэдкасць. Таму астатнія пісьменнікі мне зайздросцілі. А зараз я эмігрант у Вільні, у мяне крызіс жанру і, відаць, сярэдняга веку таксама. У мяне за плячамі брудна-зялёны заплечнік дастаўшчыка, у якім я вязу ежу па дажджлівай лістападаўскай Вільні.
2
Мы здымаем кватэру ў раёне Паўпіс. Плацім 700 еўра за аднушку. За гэтыя грошы можна зняць трохпакаёўку ў Фабіёнішках, Шэшках ці Віршулах, але Кася заўпарцілася, тыпу мы і так ў Беларусі жылі ў вёсцы, хочацца пажыць у нармальным месцы з пасудамыйкай ды кавярнямі побач.
Хаця пасудамыйка ў нас была і ў Азярышчы, вёсцы майго дзеда, куды я пераехаў пасля яго смерці. Тады ў мяне таксама быў крызіс жанру і, як падавалася тады, сярэдняга ўзросту — гэта я ўжо потым зразумеў, што тое яшчэ была маладосць. Пераехаў я яшчэ без Касі, бо тады не быў з ёй знаёмы. Пачаў пісаць у фэйсбук даўншыфтарскія заметкі, тыпу хрэнь ваш горад, трэба быць бліжэй да зямлі, і тут людзі жывуць. Гэта я зараз неяк са злосцю пра гэта кажу, бо прайшоў час і мне сорамна за тое сваё жыццё. А тады я быў даволі шчыры, і, відаць, гэтая шчырасць падкупала. Бо мае допісы пачалі перадрукоўваць у беларускіх СМІ — Наша Ніва, Белсат, Будзьма, Куку ды іншыя сіцідогі. У адным з іх дарэчы Кася і працавала, тады яна ў мяне і закахалася, кажа, што па маіх тэкстах.
Потым нехта параіў мне сабраць мае пасты ў кніжку, бо колькасць лайкаў і перапостаў зашкальвала. Я спачатку не рашаўся, бо, калі шчыра, не лічыў, што гэта правільна — рабіць кніжку з пастоў. Але ж... Але ж я заўсёды марыў быць пісьменнікам. Якая розніца, падумаў я, гэта ўсяго толькі першая кніжка, я нікому не абавязаны. І пайшоў спачатку да Логвінава. Той прапанаваў мне надрукаваць 300 экзэмпляраў за мой кошт. Гэта, кажа, стандартна, ты і 300 не прадасі. Неяк мяне гэта зачапіла. Карацей, справіўся ў выніку і без Логвінава і першую тысячу прадаў за месяц. Потым другая тысяча, трэцяя — за год разышлося дзевяць тысяч маіх кніжак. А паколькі выдаўцом быў я сам, то і прыбытак увесь пайшоў мне.
Я адрамантаваў дзедаву хату. Помпа качала мне ваду з калодзежа, у хаце я зрабіў ванну з гарачай вадой і пасудамыйку таксама купіў. Тады да мяне ў Азярышча пераехала Кася, з якой мы ўжо некаторы час нешта муцілі. Так што пасудамыйка ў нас была. Але ў Фабіёнішках, канешне, хаты прасцейшыя, чым у мяне ў Азярышчы, без пасудамыек.