Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Политика


Афіцыйны тэлеграм-канал Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры. Пішам пра #магчымасці для творцаў, рэалізоўваем праекты, гуртуем супольнасці.
Для сувязі: instagram.com/resource_byculture
Канал пра дзейнасць Беларускай Рады культуры @radakultury

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Политика
Статистика
Фильтр публикаций


🎄 Святы ўжо зусім блізка. Яны літаральна стаяць на парозе ды грукаюцца да нас з вамі ў шыбы. То шлем вам усім нашыя самыя цёплыя віншаванні.

☺️ З Калядамі і Новым Годам!

Хай гэтыя святочныя дні напоўняць вашыя сэрцы вераю ў цуды. Хай вашыя вочы заіскрацца радасцю, а дамы зазвіняць вясёлым смехам. Хай адбудуцца доўгачаканыя сустрэчы з блізкімі. Хай вернецца надзея і запануе любоў. Хай 2025 год падорыць натхненне, сілы і смеласць увасобіць у жыццё вашыя самыя нечаканыя творчыя задумкі. Хай беларуская культура жыве і шырыцца па ўсім свеце як сучасная, моцная і паспяховая.

😉 Дзякуем, што ў гэты няпросты для ўсіх беларусаў час вы застаяцеся з намі.

З пашанай, каманда Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры


✈️ Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці #ArtPowerBelarus: Кацярына Льдокава з партугальскага гурта Mova Dreva і яе выступленне з беларускімі музыкамі ў Варшаве.

Mova Dreva выконвае песні, натхнёныя старажытнымі беларускімі мелодыямі, а яго піяністка і вакалістка Кацярына Льдокава спявае па-беларуску.

— У Партугаліі мая музыка знаходзіць добры водгук. Я заўсёды тлумачу слухачам, што спяваю менавіта на беларускай мове, расказваю пра гісторыю і сэнс песень, пра беларускую традыцыйную культуру, — дзеліцца Кацярына. — Партугальцы часта знаходзяць паралелі паміж беларускай і партугальскай культурамі. У традыцыйных культурах розных народаў шмат агульнага, бо ўсё, звязанае з сэрцам і душой, зразумелае кожнаму чалавеку, незалежна ад месца яго жыхарства.

— Мяне вельмі ўзрадавала тое, што ў Варшаве мы змаглі сабраць публіку. Слухачы, якія падыходзілі пасля выступаў, былі вельмі шчырыя і душэўныя, — успамінае спявачка. — Варшава пакінула вельмі прыемнае ўражанне. Гэта цудоўны горад, і месцы, дзе мы выступалі, былі таксама вельмі гасціннымі. Для мяне было надзвычай важна сыграць музыку, натхнёную беларускімі мелодыямі і песнямі, менавіта з беларускімі музыкантамі для беларускіх слухачоў.

Сярод мараў-планаў Кацярыны — вярнуцца ў Польшчу і працягнуць супрацу з беларускімі музыкамі. Таксама ў ліку пажаданняў на будучыню выступленні ў іншых гарадах Польшчы або суседніх краінах. Напішыце нам, калі вы можаце дапамагчы Кацярыне зладзіць гастролі ці паспрыяць у пошуку канцэртных пляцовак.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


🏞 Каго мы падтрымалі грантам #ArtPowerBelarus: інтэрнэт-праект alespushkin.com. Гэта каталог творчасці і жыццяпіс беларускага мастака Алеся Пушкіна, палітвязня, які трагічна загінуў у беларускай турме.

Стваральнікі сайта — прыхільнікі творчасці мастака, а іх праект — даніна памяці пра выбітнага беларуса.

— У нас ужо атрымалася сабраць шмат унікальных матэрыялаў, у тым ліку — малавядомыя жывапісныя працы Віцебскага перыяду мастака, — распавядаюць аўтары праекта. — Зробленыя фотаздымкі работ, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музеях за межамі Беларусі. Таксама мы атрымалі фотаздымкі, успаміны і іншыя прыватныя матэрыялы.

Стваральнікі alespushkin.com спадзяюцца, што фанстаронка мастака будзе папаўняцца новымі матэрыяламі. З дапамогай адмысловага інструмента можна ў рэжыме інкогніта перадаць на захаванне і для размяшчэння ў межах праекта матэрыялы — фотаздымкі, выявы работ, аўдыя- і відэафайлы. Так з цягам часу сціплы аматарскі архіў станецца сапраўды прадстаўнічым зборам.

Наступным крокам развіцця праекту яго ініцыятары бачаць падрыхтоўку да друку памятнага выдання пра Алеся Пушкіна з увагай на візуальную спадчыну мастака. Для гэтага яны звяртаюцца да ўсіх, хто мае фотаздымкі або ўспаміны пра творцу, а таксама фотаздымкі яго прац, даслаць гэтыя матэрыялы ў архіў праз пошту alespushkin@proton.me або інкогніта праз форму высылкі матэрыялаў на старонцы (у раздзеле "звязацца з камандай"). Таксама на наступны год запланаваная даследчая стыпендыя для мастацтвазнаўцы. Мяркуецца, што ангажаванне ў гэтую справу адмыслоўцы дапаможа працягнуць працу і падрыхтаваць якаснае выданне пра Алеся Пушкіна. Калі вы бачыце сябе аўтарам такой кнігі і гатовыя працаваць над даследаваннем — звяртайцеся да каманды праекта па ўказаным вышэй адрасе.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


🖥 sekktor.online — платформа, дзе акумулююца #магчымасці для беларускіх адмыслоўцаў і збіраецца афіша культурніцкіх падзей, паўстала пры падтрымцы #ArtPowerBelarus.

Дзякуючы суфінансаванню ад ArtPower Belarus каманда змагла прайсці стартавы этап распрацоўкі платформы: прадумаць структуру агулам, крокі запуску асобных яе частак і выпусціць MVP (мінімальна жыццяздольны прадукт) — сайт sekktor.online з ключавымі рубыкамі.

— Паколькі мы навічкі як у медыяменеджменце, так і ў прадуктовай распрацоўцы, то, каб прайсці праз старт, вывучаем шмат новых аспектаў: выбар тэхналогій, прыярытызацый па функцыянале, планаванне ўстойлівасці платформы, а даследаванне патрэб карыстальнікаў доўжыцца пастаянна, — кажа менеджарка праекта Кацярына Раманчык. — Зараз маем разгалінаваны прататып, а на сайце sekktor.online ёсць магчымасць карыстальнікам зарэгістравацца, каб далей самастойна публікаваць свае івэнты, праекты ці вакансіі, зручна захоўваць абраныя оўпэнколы і іншае. Асобным сервісам, у працяг дзейнасці Тэлеграм-каналу @sekktor, бачым агрэгацыю міжнародных магчымасцяў: грантаў, рэзідэнцый, конкурсаў і інш.

Што натхняе каманду шукаць і рухацца далей па гэтым складаным шляху?

— Найперш — пацверджанні, што пошук інфармацыі як пра магчымасці, так і пра івэнты беларускай культурніцкай афішы, вымагае шмат часу і сіл, што ў моманце цяжка ўбачыць увесь выбар, а на мета-ўзроўні — ацаніць стан беларускай культуры ў сённяшнім яе глабальным існаванні, — разважае Кацярына. — З пазіцыі людзей, занятых у беларускай культуры прафесійна, ёсць мноства “белых плямаў” у нашым культурніцкім медыяполі. Закрываючы іх, мы перакананыя, можна зрабіць мацнейшымі як асобных творцаў, так і цэлыя галіны дзейнасці. Усё гэта задачы, у якія суперцікава занурацца 🙂

❕ Тэлеграм-канал @sekktor цяпер мае статус “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Будзьце асцярожныя, клапаціцеся пра бяспеку сваіх паводзінаў у сеціве.


🚌 Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці #ArtPowerBelarus: кінарэжысёр Максім Швед і яго леташняя вандроўка ў Швецыю і Нідэрланды.

У Швецыі рэжысёр удзельнічаў у арганізацыі культурніцкіх мерапрыемстваў для беларускай дыяспары і прэзентаваў свае кінапрацы, а ў Нідэрландах — наладжваў прафесійныя сувязі з сусветнымі кінематаграфістамі падчас фэсту дакументальнага кіно IDFA.

— Гэта была вельмі плённая вандроўка. Апроч мноства знаёмстваў, сустрэч, я атрымаў цалкам новы досвед. Мяне запрасілі на падкаст, а таксама напісалі артыкул пра беларускую павестку ў шведскай штодзённай газеце Svenska Dagbladet, — распавядае Максім Швед. — Але галоўнае: я атрымаў водгукі ад удзячных беларускіх і замежных гледачоў. Гэта заўсёды натхняе не апускаць рук і працягваць ствараць дакументальнае кіно.

🎧 Слухаць падкаст з удзелам Максіма Шведа (па-англійску)

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


✈️ Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці #ArtPowerBelarus: паэтка Наста Кудасава і мастачка Святлана Дземідовіч. Яны зладзілі сапраўдны тур па гарадах Еўропы.

Падчас сустрэч з беларусамі ў Празе, Рызе і Капенгагене Наста і Святлана прэзентавалі паэтычна-мастацкую кнігу “Побач” ды праводзілі майстар-класы па тэхніцы трафарэта, у якой стораная кніга.

— Для нас грант ArtPower Belarus стаўся ўнікальнай магчымасцю наведаць новыя краіны, пашырыць далягляд, пабачыць, як многа беларусаў, зацікаўленых сваёй культурай, ёсць па ўсім свеце, — дзеліцца Наста Кудасава. — Безумоўна, спатканне з такімі людзьмі натхняе і надае сіл працаваць далей. Але галоўнае: кніга "Побач" змагла трапіць да большай колькасці чытачоў, а для любога аўтара самая вялікая радасць разумець, што зробленае табой мае сэнс і плён.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


📸 Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці #ArtPowerBelarus: аўтарка фотапраекта New Home Project Юлія Шаблоўская і яе вандроўка ў Марцін, Славакія. Тут прайшла выстаўка і майстар-класы ў межах фэсту аматарскай фатаграфіі AMFO.

“Калі я ўпершыню прамовіла “New Home Project”, гэта прагучала як назва фірмы, што займаецца праектаваннем і будаўніцтвам дамоў. А менавіта гэта наша каманда і збіралася рабіць: будаваць новы свет з дапамогай фотаздымкаў і дзяліцца гэтым досведам, — распавядае Юлія Шаблоўская. — На той момант (канец 2021 – пачатак 2022 года) тэма беларускіх палітычных уцекачоў ужо адышла на другі план у польскіх навінах, я набыла некалькі аднаразовых камер і завезла іх у варшаўскі прытулак для беларусаў, арганізаваны польскім фондам “Humanosh”. Дарослыя сталі маімі суразмоўцамі, а дзеці – суаўтарамі фотарэпартажу”.

Так з’явілася задумка рэгулярных сустрэч з дзецьмі і падлеткамі, якія перажылі міграцыю. Паступова праект пачаў жыць сваім жыццём: вось ужо два гады запар у яго межах праходзяць майстар-класы і выставы.

“Ужо падчас фэсту ў Славакіі для мяне было шокам убачыць усе здымкі з розных этапаў праекта ў адным пакоі. Я не задумвалася, колькі працы ўкладзена, колькі людзей дапамагала і колькі ўдзельнікаў прыйшло на заняткі, — дзеліцца Юлія. — Пажартавала, што магу апісаць кожны кадр з майстар-класаў: месца і час, дзе ён быў зроблены (хоць аўтара, напэўна, не заўсёды запомню). Гэта быў мой асабісты момант гонару. Я шмат чаму навучылася за гэты час, але самае важнае: адна ўсё не зробіш. Таму варта ствараць моцную каманду, каб далей ісці разам”.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


Репост из: Беларуская Рада культуры
ArtPower Belarus працягне падтрымліваць незалежную беларускую культуру.

Увесну 2025 года ArtPower Belarus, маштабная праграма, што фінансуецца Еўразвязам, працягне працу па спрыянні захаванню і развіццю незалежнай беларускай культуры. Абапіраючыся на добрыя вынікі, атрыманыя цягам рэалізацыі першай эдыцыі ArtPower Belarus (2022 - 2024), Еўракамісія прыняла рашэнне прадоўжыць праграму.

Асноўны фармат працы ArtPower Belarus — наўпроставая падтрымка беларускіх творцаў і дзеячаў культуры ў распрацоўцы і рэалізацыі іх праектаў праз конкурс грантавых заявак. Удзельнічаць змогуць як сталыя, так і зусім новыя культурніцкія ініцыятывы, а таксама асобныя творцы. Механізм конкурснага адбору і ўсе дэталі праграмы будуць абвешчаныя пасля афіцыйнага запуску ArtPower Belarus увесну 2025 года.

Праграма працягне рэалізоўвацца сумесна Беларускай Радай культуры і Дацкім інстытутам культуры. Падчас цяперашняй эдыцыі ArtPower Belarus, якая набліжаецца да завяршэння, прафінансаваныя 83 творчыя праекты беларусаў па абодва бакі мяжы і вылучаныя 57 грантаў мабільнасці, якімі скарыстаўся 231 чалавек.

Азнаёміцца з падтрыманымі праектамі можна тут.


Репост из: Беларуская Рада культуры
Запрашаем на прэзентацыю вынікаў даследавання “Поле незалежнай беларускай культуры 2024: актары, выклікі, будучыня”.

Калі? 12 снежня а 16:00 (CET) / 17:00 (EET)
Дзе? online (Zoom)
Увага! Для ўдзелу абавязковая рэгістрацыя

Беларускі культурны ландшафт моцна змяніўся за апошнія гады. Праз жорсткія рэпрэсіі, што застаюцца адным з ключавых фактараў, НДА, актыўныя ў сферы, цалкам або часткова перанеслі сваю дзейнасць за межы Беларусі. У эміграцыі з'явілася вялікая колькасць новых ініцыятыў, творчых калектываў, арганізацый рознай ступені ўстойлівасці і інстытуцыяналізацыі. Адбываюцца працэсы яднання дзеля большых супольных справаў. Разам з тым для беларусаў культура перастае быць забаўкай, а становіцца рысай ідэнтычнасці. Праблемы культуры цяпер роўныя актуальнаму палітычнаму парадку дня, салідарнасці, праблемам грамадзянскай супольнасці.

Усе гэтыя працэсы вартыя фіксацыі і вывучэння як адметныя рысы нашага часу.

Даследаванне, што будзе прадстаўленае падчас прэзентацыі, праводзілася ў кастрычніку – лістападзе 2024 г. і сталася працягам працы, выкананай напрыканцы 2023 года.

* На замову Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры ў межах праграмы #ArtPowerBelarus.


📣 Праект “Беларускія магістраты”, які рэалізуецца ў межах Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры, дзеліцца навінамі і запрашае на заўтрашні стрым!

На сёння актыўныя 2️⃣ магістраты: спартовы клуб “Волат” і Беларуская школа ў Варшаве.

👀 Што ў іх новага?

▫️ у штаце Беларускай школы ў Варшаве цяпер афіцыйна працуюць 15 настаўнікаў;
▫️днямі выйшаў трэці нумар часопіса “Буслянка”. Сачыць за ім можна тут, таксама школа рыхтуе ютуб-праграму для дзяцей пра навакольны свет (хутка будуць навіны!);
▫️школка і яе супрацоўнікі растуць і прафесійна развіваюцца: запусцілі онлайн-заняткі па гісторыі Беларусі, зладзілі запуск некалькіх анлайн-курсаў для дзяцей і дарослых (ангельская мова, матэмытака, прыродазнаўства, клясычны правапіс), узялі ўдзел у настаўніцкім форуме "Адукацыя ў Беларусі і эміграцыі"

✔️ сачыць за падзеямі ў школе: Facebook | Instagram

▪️ужо працуе новы філіял клуба “Волат” у Варшаве (Kowieńska, 12/20, школа № 127), тут праходзяць трэніроўкі па каратэ і агульнай фізічнай падрыхтоўцы для дзяцей 6–16 гадоў;
▪️у клубе развіваюцца новыя кірункі працы: вывучэнне англійскай мовы, трэніроўкі па боксе і ММА для дзяцей ад 7 гадоў, падлеткаў і дарослых;
▪️выхаванцы і выхаванкі “Волата” ўзялі ўдзел у гарадскіх, рэгіянальных і міжнародных спаборніцтвах у Польшчы і Славакіі;
▪️“Волат” ладзіць традыцыйныя сустрэчы-тэставанні фізічнай падрыхтоўкі для спартсменаў ва ўзросце ад 6 да 40 гадоў.

✔️ сачыць за падзеямі ў клубе: Instagram | Facebook


☃️ Чакаеце Калядаў? Давайце чакаць і рыхтавацца да свята разам!

Яшчэ ёсць колькі тыдняў, каб паспець зрабіць усё самае важнае. Упрыгожыць ёлку 🎄агеньчыкамі і цацкамі, купіць падарункі і загадаць самыя запаветныя жаданні.

У якасці лога ўсю зіму мы будзем выкарыстоўваць фрагмент каляднай паштоўкі, якую калісьці стварыў беларускі мастак і дызайнер, культуролаг і мастацтвазнаўца, паэт і мысляр Міхал Анемпадыстаў.

📌 Калі вы — мастак і хочаце, каб на нашым лога з’явілася вашая работа, — пішыце на resource@byculture.org.

❗️Памятайце, што Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры — частка экстрэмісцкага фармавання. Беражыце сябе, клапаціцеся пра ўласную бяспеку ў сеціве.


🔥 Сабралі гарачыя #магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры.

Больш абвестак пра навучальныя праграмы, арт-рэзідэнцыі і адкрытыя колы – на канале @sekktor. sekktor цяпер мае ўласны сайт, з яго дапамогай стала яшчэ прасцей арыентавацца ў свеце магчымасцяў.

▫️ “Дом творцаў” ладзіць конкурс заявак на стыпендыю. Запрашаюць беларускіх артыстаў любых кірункаў і іх праекты, якія немагчыма рэалізаваць у Беларусі або няма магчымасці для яго рэалізацыі за мяжой.

❕ Дэдлайн: 28.11 (сёння) да 23.59
Даведацца больш

▪️ Інстутыт імя Гётэ запрашае на онлайн-прэзентацыю праграмы стажыровак для беларусаў і беларусак MOST IV. Падчас сустрэчы можна даведацца пра магчымасці праекта, умовы ўдзелу, a таксама задаць пытанні.

Калі? 17 снежня 2024 а 18:00 (Менск)
Патрэбная рэгістрацыя (да 16 снежня ўключна)
Даведацца больш

▫️ Cross Culture Programme прапануе беларускім прафесіяналам і прафесіяналкам стажыроўку ў арганізацыях Германіі і іншых краін-партнёраў цягам 2-3 месяцаў. Пасля атрымання стыпендыі ўдзельнікаў размяркуюць на месца, адпаведнае досведу і сферы інтарэсаў.

Даведацца больш і падаць заяўку
Дэдлайн: 5 снежня


💥 Дасылаем нашыя самыя сардэчныя віншаванні беларускай пісьменніцы і перакладчыцы Ганне Янкуце з нагоды атрымання ІІ месца прэміі імя Ежы Гедройця!

Адметна, што гэтай высокай узнагародай адзначаны раман пра наш час, у якім лірычная гераіня, беларуская эмігрантка, спрабуе знайсці сваё месца ў новай краіне. “Час пустазелля” — кніга-рэфлексія пра наш час, пра лёсы беларусаў, якія апынуліся ў выгнанні і намацваюць жыццё на новай глебе. Гэта кніга-тэрапія, праз чытанне якой можна — услед за гераіняй — перастварыць уласнае ўспрыманне сябе і свету навокал.

Раім прачытаць 📚 на паперы | у лічбе

Мы вельмі ўсцешаныя, што дзякуючы праграме #ArtPowerBelarus і гранту мабільнасці, атрымальніцай якога з’яўляецца Ганна Янкута, раман “Час пустазелля” знайшоў дарогу да новых чытачоў. Таксама падчас вандроўкі Ганна змагла працягнуць працу над сваім новым праектам — даследаваннем лёсаў беларускіх эмігрантаў у Паўднёвай Амерыцы.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


Видео недоступно для предпросмотра
Смотреть в Telegram
🔈 Каго мы падтрымалі: оперная спявачка і выкладчыца вакалу Дар’я Новік.

Дзякуючы праграме мабільнасці #ArtPowerBelarus Дар’я зарганізавала тур па гарадах Польшчы і Літвы, дзе зладзіла серыю майстар-класаў па гукавой імправізацыі. Прыпынкамі ў вандроўцы сталіся Вільня, Беласток, Познань і Гданьск.

— На сустрэчы прыходзілі абсалютна розныя людзі! Аматары, прафесіяналы, спевакі, акторы, студэнты і нават тыя, хто ніколі ў жыцці не спяваў. Хтосьці хацеў разняволіцца, хтосьці — палепшыць свае навыкі і паглыбіць веды, а хтосьці — для тэрапіі, бо такія майстар-класы маюць тэрапеўтычны характар, — дзеліцца ўражаннямі Дар’я. — Мая галоўная задача — вяртаць ідэнтычнасьць, якую мы ўсе часам губляем у шалёным рытме жыцця ў мегаполісах. Хачу, каб людзі зноў пачалі ўспрымаць спеў як норму, а не як падарунак, дадзены выбраным. І каб карысталіся спеўнымі тэхнікамі з мэтай супакоіцца, палепшыць настрой і свой псіхалагічны стан.

Дар’я распавядае, што падарожжа было натхняльным і для яе самой як для прафесіяналкі. У выніку з’явілася задумка новага праекта. Было месца і для рэфлексій:

— Гэтая вандроўка паказала мне, што людзям вельмі не хапае такіх сустрэч! Удзельнікі не хацелі сыходзіць, хацелі далей спяваць, гутарыць, дзяліцца эмоцыямі. Гэта дарагога каштуе, бо сапраўды чалавеку патрэбен чалавек.

Відэа: 📱 darya_novik_vokal

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца)


✈️ Каго мы падтрымалі: куратарка і мастацтвазнаўца Вольга Кліп. Яе вандроўка на кірмаш Art Basel Paris сталася магчымай дзякуючы праграме мабільнасці #ArtPowerBelarus.

Тыдзень інтэнсіўнага прагляду, наведвання выставаў і вывучэння рынку. Падчас паездкі ўдалося ахапіць шмат: два плённыя дні на Art Basel, 3️⃣ іншыя мастацкія кірмашы і каля 1️⃣0️⃣ выставаў. Безумоўна, такі вынік уражвае!

“Гэтая вандроўка — канцэнтраванае знаёмства з актуальнымі трэндамі і ўніверсітэцкі год гісторыі мастацтва за лічаныя дні, — дзеліцца Вольга, — Арт Базэль — апора рынкавых адносін у мастацтве. Назіраць за тым, як на кірмашы задаюцца трэнды і ўздымаюцца новыя імёны, важна для разумення механізмаў працы рынку. Цікава, як галерэі дэманструюць мастакоў, якіх у гэты ж час можна ўбачыць на буйных інстытуцыйных выставах. Чарговы раз я пераканалася: кошт мастацтва шмат у чым фармуецца дзякуючы маркетынгу. Напрыклад, галерэя Лары Гагасяна можа ператварыць таленавіты, але не ўнікальны жывапіс у звышпрыбытковы аб'ект”.

Ці знойдзе беларускі мастак сваё месца на такой маштабнай падзеі?

“Творчасць мастакоў з Беларусі традыцыйна знаходзіць сваё месца ў міжнародным кантэксце, і некаторыя паспяхова працуюць на інстытуцыйным узроўні. Я не сустракала прац сучасных беларускіх мастакоў на Арт Базэль, але бачыла іх на іншых кірмашах падчас Арт Базэль. Лічу, што для мастака пагоня за трэндамі — памылковы шлях, і калі ён нават будзе плённым, то нядоўга. У мастацтве трэба быць сумленным і перш за ўсё перад самім сабой. І яшчэ патрэбны маркетынг, то бок знайсці сабе як мінімум аднаго крытыка, аднаго куратара, аднаго галерыста і двух калекцыянераў, як казаў Джэры Сольц”, — рэзюмуе Вольга.

Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


🔈 Каго мы падтрымалі грантам #ArtPowerBelarus: альбом "Пазначаныя жоўтым".

Музычны зборнік сёння прэзентаваны праваабарончым цэнтрам "Вясна" і творцамі, якія працавалі над праектам. Гэта аўтарка ідэі і менеджарка Крысціна Дробыш, аўтар тэкстаў і рэпер Аngst, музыка і рэжысёр Арцём Ставер, праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук. Да запісу далучыліся акторы і музыкі, сярод якіх — Андрэй Новік, а таксама былыя палітзняволеныя Алесь Папковіч і Алана Гебрэмарыям. З прычынаў бяспекі імёны ўсіх удзельнікаў не называюць.

У альбом увайшло 6 трэкаў, кожны з якіх апісвае важны момант ці аспект жыцця палітзняволенага Беларусі: затрыманне — умовы — суд — лісты — пасля вызвалення — дзеці.

“Для мяне ў гэтым праекце найважнейшым элементам з’яўляецца дакументальная праўда, — кажа Крысціна Дробыш. — Музычная частка вельмі моцная, але ж і яна дакументальная. Калі разбіраць складнікі інструменталу, то там бачыцца паўнавартасная драматургія. Тэксты будуюцца на аповедах, інтэрв’ю, прыватных размовах з палітвязнямі і іхнымі сваякамі. Таксама выкарыстоўваюцца запісы рэальных людзей. Такі сабе музычны вербацім”.

Што было самым складаным у працэсе працы? Запытваемся ў каманды.

“Усё. От рэальна ўсё. Чытанне кіламетраў тэкстаў, збіранне каманды. Начныя запісы, мантаж, — кажа Крысціна Дробыш. — Прасцей сказаць, што было простым — заварыць чарговую каву, каб далей ісці працаваць у максімальнай уключанасці”.

“Мне ж было складана адпачатку намаляваць у сябе ў галаве, якой мусіць быць музыка. Потым — якія трэба мастацкія прыёмы ўжыць, хацелася выкарыстаць паболей розных інструментаў”, — разважае Арцём Ставер.

🔗 Слухаць альбом на: Youtube i Soundcloud

❕Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, у адмысловай галерэі (дапаўняецца)


📱 Серыя адукацыйных відэа “Пра гэта не раскажуць у школе” ад праекта “Васьміног” даступная цалкам.

Аўтары ролікаў — Каця Барушка і Яўген Шапчыц — ставілі сабе на мэце шукаць нечаканыя і яскравыя факты пра Беларусь, каб бязлітасна здзіўляць імі гледачоў. Падаецца, літаральна ў кожным відэа гэтая мэта была дасягнутая. Не верыце? Праверце самі 😉

На YouTube-канале “Васьмінога” можна паглядзець усе 15 ролікаў. Над кожным з выпускаў працавала каманда журналістаў разам з вядомымі дзеячамі культуры.

Сярод кансультантаў: Наталля Бібікава, Ілля Бажко, Дзяніс Марціновіч, Тарас Тарналіцкі і многія іншыя. Для стварэння некаторых відэа аўтары выкарыстоўвалі візуалізацыі штучнага інтэлекту.

Кінематограф, фатаграфія, цэнзураваная літаратура, паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, гісторыя беларускай мовы і нават лайфхакі, якія дапамогуць вучыцца эфектыўней… Пасля прагляду ролікаў вашыя веды і веды вашых дзяцей стануць заўважна глыбейшымі ў кожнай з гэтых тэмаў.

👁 Глядзець відэа

* Распрацоўка канцэпцыі і беларусацэнтрычнасць праекта: @radakultury.


🔔 Каго мы падтрымалі грантам #ArtPowerBelarus? Акселератар "Тут і цяпер!" пад ментарствам Валярыны Куставай, паэткі, культурніцкай менеджаркі, аўтаркі і вядоўцы шэрагу праектаў на "Белсат".

Цягам некалькіх месяцаў 20 адабраных удзельнікаў праходзілі адукацыйна-тэарытычную частку, падчас заняткаў і кансультацый распрацавалі свае ідэі. Амаль дзясятак ініцыятываў змог разам з ментарамі зладзіць уласныя імпрэзы і рэалізаваць ідэі.

Я натхніўся на арганізацыю такога акселератара, бо бачу шмат цікавых, ініцыятыўных людзей навокал. У кожнай і кожнага ёсць свае задумкі, але амаль кожнаму і кожнай чагосьці не хапае для іх рэалізацыі, — кажа менеджар праекта Канстанцін Акінчыц — Я доўгі час займаўся арганізацыяй мерапрыемстваў, прычым не толькі музычных. Разумею, якія крокі трэба рабіць і часта бачу, якія памылкі здзяйсняюць нават мае знаёмыя. Шкада, калі на класны канцэрт праз недахопы арганізацыі можа ніхто не прыйсці. Таму задачамі акселератара былі сабраць людзей розных, даць ім веды і падтрымаць іх.

Праграма праекта ўключала:
▫️Блок тэарэтычных і практычных заняткаў
▫️Прыватныя і камандныя кансультацыі з адказамі на пытанні ўдзельнікаў
▫️Прэзентацыю праектаў і рэалізацыю найцікавейшых з іх

Як вынік — у выпускнікоў атрымалася зладзіць самыя розныя падзеі: ад майстар-класаў ці вандровак да ўласнага фестывалю.

Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай
галерэі (дапаўняецца)


👀 Не ведаеце, як бавіць доўгія лістападаўскія вечары? Вось 8️⃣ фільмаў, якія раім паглядзець онлайн на фестывалі «Паўночнае Ззянне-2024», што праходзіць з 4 па 21 лістапада пад слоганам «Вярнуцца да каранёў».

❕Паглядзець усе фільмы можна на платформе фэсту бясплатна, але важна зарэгістравацца.

▶️ «Скрозь святло», рэж. Вікторыя Ягорава
Пераканальная псіхалагічная драма з актуальным сюжэтам: дзяўчына з Беларусі спрабуе знайсці сябе ў эміграцыі, але сутыкаецца з дамагальніцтвамі з боку тых, хто нібыта ўзяўся ёй дапамагчы.
Калі? 15, 20 лістапада 00:00-23:59

▶️ «Песні зямлі, што павольна гарыць», рэж. Вольга Журба
Эмацыйнае падарожжа ў самае сэрца вайны – Украіна і ўкраінцы ніколі не будуць ранейшымі: жорсткі ды бескампрамісны позірк на разбуральны для краіны ды свядомасці людзей канфлікт.
Калі? 10 лістапада, з 00:00 да 23:59

▶️ «Кроў і караоке», рэж. Юры Сямашка
Мінімалістычны анімацыйны сюжэт ад беларускага генія-самавука. Айчынныя маргіналіі ў дасціпнай ды надзвычай эстэтычнай форме – парадаксальны погляд на звычайныя рэчы.
Калі? 10,16, 19 лістапада, з 00:00 да 23:59

▶️ «Чамадан», рэж. Даша Брыян
На вялікі жаль, валізы сталі сімвалам сучаснага свету міграцыі, рэлакацыі ды бежанства. Кароткае, але вельмі яркае відэаэсэ пра намаганні застацца сабою, пакінуўшы радзіму.
Калі? 10,13, 18 лістапада, з 00:00 да 23:59

▶️ «Лазневы дзень», рэж. Ганна Хінтс, Тушар Пракаш
Хвілінка на тое, каб прыпыніць бег складаных эмоцый і зняць цяжар ад пражытага. Групавы партрэт-рэлаксацыя, спроба зазірнуць ў самую сутнасць загадкавай эстонскай душы.
Калі? Сёння, 8 лістапада, з 00:00 да 23:59

▶️ «Песні зямлі», рэж. Маргрэт Олін
Смелая задума паказаць прыгажосць роднай зямлі, фільм-медытацыя, заглыбленне ў некранутую прыроду Нарвегіі. Рэжысёрка-філосафка прапануе маляўнічае падарожжа гарамі, фіёрдамі ды леднікамі з максімальным набліжэннем да сутнасці рэчаў у цэлым сусвеце.
Калі? 9 лістапада, з 00:00 да 23:59

▶️ «5 1⁄2 гісторый кахання ў адной вільнюскай кватэры», рэж. Томас Венгрыс
Калектыўны партрэт новых ды старых еўрапейцаў – жыццё зводзіць іх разам на некалькіх дзясятках квадратных метраў. Камернае драмедзі пра чалавечыя адносіны, розныя характары ды агульныя лёсы.
Калі? Сёння, 8 лістапада, з 00:00 да 23:59

▶️ «Nice Ladies», рэж. Марыя Панамарова
Цікавы і дасціпны расповед пра людзей у складаных абставінах, дакументальны партрэт украінскіх жанчын, якія не скараюцца лёсу і не збіраюцца губляць гумару ды імпэту. Натхняючы прыклад для ўсіх, каму зараз складана ды незразумела.
Калі? 18 лістапада, з 00:00 да 23:59

😊 Хочаце больш? Вывучайце праграму сёлетняга фэсту і выбірайце кіно на свой густ.


🔥 Не прапусціце гарачыя #магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры.

Больш абвестак пра навучальныя праграмы, арт-рэзідэнцыі і адкрытыя колы – на канале @sekktor. Дарэчы, sekktor цяпер мае ўласны сайт, з яго дапамогай стала яшчэ прасцей арыентавацца ў свеце магчымасцяў.

▪️ Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта ладзіць конкурс на атрыманне Прэміі імя Льва Сапегі. Гэта адмысловая праграма для грамадзян Беларусі. Арганізатары прапануюць: пражыванне, прэмію, інстытуцыйную падтрымку.

👉Даведацца больш і падаць заяўку (да 1 лютага 2025 г)

▫️ Праграма MOST, якую рэалізуе Інстытут імя Гётэ, адкрыла чарговы сезон конкурсу на стажыроўкі і іншыя прафесійныя візіты ў ЕС. Гэта праграма мабільнасці для беларусаў і беларусак. Прыём заявак пачаўся 29 кастрычніка 2024 і працягнецца да вясны 2027 года.

👉 Даведацца больш і падаць заяўку

▪️ Старамейкі дом культуры ў Варшаве аб’явіў набор на літаратурныя рэзідэнцыі. Браць удзел у конкурсе могуць паэты, празаікі, перакладчыкі, драматургі з Беларусі.

Дэдлайн: 18 лістапада

👉 Даведацца больш

▫️ Хуткі дэдлайн! Акселератар ByWomen запрашае беларусак, якія жывуць у Польшчы, узяць удзел у праграме падтрымкі. Калі вы хочаце распачаць сваю справу альбо рэалізаваць адукацыйны, культурніцкі, экалагічны альбо іншы праект, шукаеце ментарства і парадаў, то гэтая праграма — для вас.

Дэдлайн: 8 лістапада.

👉Даведацца больш

Показано 20 последних публикаций.