"Сьмеласьць, зацятасьць, часта бескампраміснасьць і ўсё ж крытычнасьць розуму заўсёды адрозьніваюць Міколу. Пасьпяховы і моцны студэнт, Мікола заўсёды заставаўся чалавекам зьместу – форме не заўсёды прысьвячаў увагу – і гэта было сьвядома. Камфорт заходняга жыцьця ня вабіў яго – ён заўсёды вяртаўся дамоў у Беларусь. І заўсёды з акуратнасьцю падтрымліваў сувязь, рэгулярна пісаў, дзяліўся ўражаньнямі, распавядаў пра кніжныя навінкі, актыўна дэбатаваў на палітычныя і грамадзкія тэмы, раіўся. Мяне цешыла, што і пасьля ўнівэрсытэту Мікола працягваў пісаць, ставіць пытаньні і дзяліцца сваімі посьпехамі. Студэнт стаўся калегам, суразмоўцам, таварышам. Часта забываюць, што ён палітоляг: амальгамна і эмацыйна на першае месца ставяць азначэньні “анархіст”, “журналіст”. А ён перадусім удалы прафэсійны палітоляг, што яму вельмі добра дапамагала ў публіцыстычнай і ідэалягічнай дзейнасьці. Што робіць многія ягоныя тэксты дасюль грунтоўнымі і аналітычнымі. Не заўсёды я пагаджаўся з Міколам, але гэта толькі надавала нашым размовам здаровага напружаньня. Я і цяпер вельмі чакаю Міколу, каб працягнуць нашыя гвалтоўна спыненыя дэбаты…
А яшчэ я часта прыгадваю нашыя шпацыры ў Вільні, Менску і Коўне: Мікола любіў шмат хадзіць і размаўляць ідучы. Я ніколі не казаў яму, але ў тыя моманты Мікола мне заўсёды нагадваў слыннага героя кнігі Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры – Маленькага прынца. Бо акурат як герой кнігі Мікола сымбалізаваў для мяне вечнага вандроўніка ў сьвеце, які шукаў схаваныя сэнсы рэчаў і ўласнага жыцьця".
Уладзіслаў Гарбацкі пра Міколу на старонках Новага часу
https://novychas.online/asoba/heroi-sjarod-nas-mikalaju-dzjadku-35