Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Политика


Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Политика
Статистика
Фильтр публикаций


«Рэжым дэманструе гатоўнасць падзяліць усю адказнасць за негатыўныя наступствы ў рэгіёне»

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, пракаментаваў абмеркаванне Расіяй і рэжымам Лукашэнкі планаў аб стварэнні завода па вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі:

«Распачынанне вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі відавочна з’явіцца эскалацыйным крокам і дадасць напружанасці ў рэгіёне. Гэты завод, хутчэй за ўсё, будзе функцыянаваць у інтарэсах перадусім Расійскай Федэрацыі, бо заяўленая вытворчая магутнасць – больш за 100 тысяч беспілотнікаў – відавочна перавышае патрэбы беларускай арміі.

Размясціўшы гэты завод у Беларусі, Расійская Федэрацыя вырашыць некалькі задач.

Па-першае, яна арганізуе вытворчасць высокатэхналагічнай прадукцыі непасрэдна каля меж НАТА і Украіны, што, безумоўна, спросціць лагістыку і планаванне далейшых аперацый, накіраваных на эскалацыю ў рэгіёне.

Па-другое, размяшчэнне гэтай вытворчасці ў Беларусі фактычна зробіць яе няўразлівай для ўкраінскіх сіл абароны. Як вядома, і гэта не сакрэт, што ўдары ўкраінскіх сіл па глыбіні тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку па вытворчых прадпрыемствах, нафтабазах і іншых стратэгічных аб’ектах, ужо дасягаюць паўтары тысячы і больш кіламетраў. Цяпер яны хаваюць гэтую вытворчасць, робячы яе недасягальнай.

Па-трэцяе, гэта стварае яшчэ адну вялікую мішэнь на Беларусі. У выпадку большай эскалацыі ў рэгіёне гэтая вытворчасць, персанал, які на ёй працуе, і тэрыторыя Рэспублікі Беларусь стануць цэллю нумар адзін.

Акрамя таго, абмеркаванне гэтых планаў паказвае, што рэжым Лукашэнкі, які ўзяў курс на палітычную, эканамічную і вайсковую інтэграцыю, усё больш паглыбляецца ў сферу інтарэсаў Расійскай Федэрацыі, робячы незваротныя крокі і канчаткова звязваючы сябе з рэжымам Пуціна. Такім чынам, ён дэманструе гатоўнасць падзяліць усю адказнасць за негатыўныя наступствы ў рэгіёне»

@CabinetBelarus


Репост из: Светлана Тихановская
Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць беларусаў, якія змагаліся за свабоду Італіі

Святлана Ціханоўская наведала Італію напярэдадні важнай гістарычнай даты – 80-годдзя вызвалення гэтай краіны ад фашызму. Беларусы таксама прымалі ўдзел у гэтай барацьбе, і 81 год таму ў бітве пад Монтэ-Касіна загінулі 264 беларускія жаўнеры.

Лідарка наведала могілкі польскіх жаўнераў Арміі Андэрса і ўсклала кветкі на магілы беларусаў, якія вызвалялі Балонню падчас Другой сусветнай вайны.

Святлана Ціханоўская:
«80 гадоў таму Балонню акупавалі нацысты. Першымі войскамі, якія ўвайшлі ў горад і прынеслі вызваленне, былі войскі Арміі Андэрса. Яна складалася ў асноўным з польскіх грамадзянаў. Тым не менш сярод жаўнераў налічвалася мноства беларусаў з Заходняй Беларусі. Нашыя людзі змагаліся не толькі за свабоду Італіі, але і за каштоўнасці: дэмакратыю, незалежнасць, права народа жыць без дыктатуры. Яны прыехалі, каб дапамагчы італьянцам вярнуць сваю краіну. Яны ведалі, што свабоду ў любым месцы варта абараняць.

Многія беларусы сёння змагаюцца ва Украіне, каб таксама абараніць свабоду. Яны ведаюць, што перамога Украіны азначае свабоду Беларусі. Ужо 80 з іх аддалі жыцці за гэтую справу. Свабода ніколі не датычыцца толькі адной нацыі. Калі мы абараняем Украіну, мы абараняем Беларусь і абараняем Еўропу. Сёння, калі беларусы працягваюць змагацца за будучыню, важна памятаць: нашая краіна заўсёды мела герояў, якія станавіліся на бок свабоды».


ААТ «Пеленг» могуць выключыць з міжнароднай асацыяцыі праз санкцыйны статус

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка на падставе інфармацыі Альянсу расследвальнікаў Беларусі накіраваў зварот у Дзяржаўны сакратарыят эканомікі Швейцарыі (SECO) з просьбай праверыць адпаведнасць сяброўства беларускай кампаніі ААТ «Пеленг» у Асацыяцыі гідраметэаралагічнай прамысловасці (HMEI) санкцыйным абавязацельствам Швейцарыі. Ён таксама заклікаў SECO прыняць меры для блакавання супрацоўніцтва паміж HMEI і кампаніяй, уключаючы магчымасць выключэння яе са складу асацыяцыі.

3 лютага прэс-служба HMEI абвясціла аб далучэнні ААТ «Пеленг» да арганізацыі, нягледзячы на тое, што кампанія знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Японіі, Украіны, Новай Зеландыі і Швейцарыі за падтрымку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

У звароце Павел Латушка падкрэсліў, што сяброўства ААТ «Пеленг» у HMEI дае кампаніі доступ да міжнародных экспертных груп, звязаных са Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй (WMO), а таксама магчымасць прасоўваць сваю прадукцыю на міжнародным рынку. Гэта выклікае занепакоенасць, паколькі арганізацыя, якая знаходзіцца пад санкцыямі, можа выкарыстоўваць платформу HMEI для абыходу абмежаванняў, што супярэчыць прынцыпам міжнароднай адказнасці і намаганням па ізаляцыі суб’ектаў, якія падтрымліваюць ваенную агрэсію.

Павел Латушка звярнуўся ў SECO як у кампетэнтны орган, адказны за выкананне санкцыйнага рэжыму, з просьбай:

правесці праверку абставін уступлення ААТ «Пеленг» у HMEI і ацаніць, ці не парушае гэта дзейныя санкцыйныя абавязальніцтвы Швейцарыі;

прыняць меры для блакавання супрацоўніцтва паміж HMEI і ААТ «Пеленг», уключаючы выключэнне кампаніі са складу асацыяцыі, каб пазбегнуць легітымацыі яе дзейнасці на міжнароднай арэне;

разгледзець магчымасць дадатковых мер у дачыненні да ААТ «Пеленг», каб прадухіліць выкарыстання швейцарскіх платформ для абыходу санкцый.

«Мы высока цэнім намаганні Швейцарыі ў падтрымцы міжнароднага міру і бяспекі праз выкананне санкцыйных мер. Упэўненыя, што Вашае ведамства падзяляе занепакоенасць адносна магчымых злоўжыванняў з боку суб’ектаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, у міжнародных арганізацыях», – адзначыў Павел Латушка ў звароце да SECO.

Намеснік кіраўніцы Кабінета паведаміў швейцарскім органам пра гатоўнасць падаць дадатковую інфармацыю і дакументацыю наконт ААТ «Пеленг» і яе ўдзелу ў падтрымцы ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

@CabinetBelarus


Збіраецца база беларускіх культурніцкіх арганізацый за мяжой. Запоўніце заяўку, калі вам можна пералічыць дапамогу

Прадстаўніцтва на нацыянальным адраджэнні Кабінета стварае базу арганізацый, якім можна пералічваць 1,2% ці 1,5% падатку ў краінах Балтыі і Польшчы:

«Калі вы займаецеся культурай, адукацыяй, медыя або грамадскай дзейнасцю, гэта можа стаць добрым і дадатковым інструментам фінансавай падтрымкі вашай арганізацыі. Беларуская супольнасць хоча дапамагаць сваім – і гэта рэальны спосаб атрымаць такую дапамогу.

Магчыма, вам здаецца, што гэта не працуе, але ўжо шмат арганізацый паспяхова карыстаюцца гэтым механізмам. 1,2% ці 1,5% – гэта не асобны падатак, а грошы, якія людзі ўсё роўна плацяць, толькі яны могуць самі выбраць, куды іх накіраваць. Для вас гэта магчымасць атрымаць дадатковыя рэсурсы на важныя праекты, а для людзей – спосаб падтрымаць тое, што ім блізка.

Каб трапіць у спіс арганізацый, якія могуць атрымліваць такую падтрымку, запоўніце заяўку.

Мы плануем выкарыстаць гэтыя дадзеныя для стварэння публікацыі і распаўсюджвання інфармацыі пра магчымасць накіравання 1,2%-1,5% падатку на падтрымку арганізацый, якія працуюць у сферы адукацыі, культуры, медыя і сацыяльных праектаў у гэтым годзе і актуалізацыю ў наступныя гады»

@CabinetBelarus


Стратэгія ЕС у дачыненні да Беларусі: каштоўнасны выбар ці «business as usual»?

«Важна, каб у гэты перыяд гістарычнай турбулентнасці Еўропа дакладна вызначылася і агучыла сваю стратэгію ў адносінах да Беларусі. Ці будзе гэты выбар заснаваны на каштоўнасцях, ці мы зноў сутыкнемся з падыходам "business as usual"? Я веру, што гэта будзе стратэгічны выбар на карысць адстойвання каштоўнасцей», – заявіў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка на X Еўрапейскім кангрэсе мясцовага самакіравання, які праходзіў 3-4 сакавіка ў Мікалайках.

Павел Латушка падкрэсліў, што важна выпрацаваць стратэгію, якая прывядзе да таго, каб Беларусь перастала быць пагрозай бяспецы Еўропы, трансфармаваўшыся ў дэмакратычную, незалежную і праеўрапейскую дзяржаву, якая стане часткай архітэктуры еўрапейскай бяспекі.

Павел Латушка таксама адзначыў заяву дэпутата Нацыянальнай асамблеі Францыі Фрэдэрыка Пэці аб прызнанні Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа беларускіх дэмакратычных сіл і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, якія з'яўляюцца важнымі інстытутамі дэмакратычных сіл для падтрымкі ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі краінамі. Фрэдэрык Пеці падкрэсліў важнасць і беспрэцэдэнтнасць выбрання за мяжой Каардынацыйнай рады Беларусі.

«Сёння многія беларусы задаюцца пытаннем: ці дастаткова моцная Еўропа, каб прыняць і рэалізаваць стратэгію падтрымкі беларусаў у дасягненні мэты – дэмакратычнай Беларусі? Лукашэнка застаецца саюзнікам Расіі, і гэта з’яўляецца сур’ёзным выклікам для Еўропы. Выклікам для будучай бяспекі Еўропы», – адзначыў Павел Латушка.

@CabinetBelarus


«Ксенія Луцкіна на волі, але сотні палітвязняў застаюцца за кратамі»

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская пракаментавала вызваленне Ксеніі Луцкіной:

«Кожнае вызваленне – вынік вялікай сумеснай працы. За кожным выратаваным жыццём стаяць дзясяткі людзей: тыя, хто падтрымліваў, арганізоўваў дапамогу, хто заставаўся ў цені, але быў важным звяном у ланцугу салідарнасці. Большасць з іх не публічныя, але без іх такія навіны былі б немагчымыя.

Мы дзякуем усім, хто быў побач на гэтым шляху.

Ксенія Луцкіна, нарэшце, на свабодзе, але пакінуць калонію – яшчэ не азначае вярнуцца да нармальнага жыцця. За час зняволення яе здароўе сур’ёзна пагоршылася, яна не атрымлівала неабходнай медыцынскай дапамогі, і цяпер перад ёй – доўгі шлях рэабілітацыі.

Падтрымайце Ксенію. Мы не вернем ёй гэтыя чатыры гады, але можам дапамагчы зноў стаць на ногі, адчуць пад імі глебу.

Тым часам у беларускіх турмах працягваюць знаходзіцца сотні палітзняволеных. Яны пазбаўленыя базавай дапамогі, медыцынскага дагляду. Іх становішча – крытычнае, і мы не можам спыніць барацьбу, пакуль кожны з іх не выйдзе на волю.

Мы жадаем Ксеніі моцы і хуткага аднаўлення. І дзякуем усім, хто працягвае змагацца за вызваленне палітвязняў. Кожнае намаганне мае значэнне»

@CabinetBelarus


Юлія Міцкевіч, першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, – пра неабходнасць падтрымкі зняволеных па палітычных матывах жанчын:

«Жанчыны ў беларускіх турмах сутыкаюцца з асаблівай жорсткасцю. Іх псіхалагічна і фізічна катуюць, ізалююць ад дзяцей, пазбаўляюць медыцынскай дапамогі і ствараюць для іх невыносныя ўмовы ўтрымання. Але яны не здаюцца нават у такіх умовах, падтрымліваюць адна адну, праяўляюць любоў і клопат.

Для беларускага рэжыму правы жанчын і гендарная роўнасць ніколі не былі важнымі ці прыярытэтнымі пытаннямі, а з 2020 года тыя, хто лічаць сябе ўладай, дзейнічаюць проста антыгуманна – б’юць па жанчынах, якія маюць голас, моц і сваю грамадзянскую пазіцыю, падзяляючы тым самым беларусак на “няправільных” і “правільных”.

Падтрымка жанчын у няволі – наш унёсак як дэмакратычнай супольнасці ў справу сацыяльнай справядлівасці. Таму кожны і кожная, хто сёння далучаецца да гэтай дапамогі, не проста ахвяруе матэрыяльна, але і робіць уклад у пабудову інклюзіўнай дэмакратыі, дзе голас жанчын не прыніжаецца, а мае значэнне»

@CabinetBelarus


«Яны павінны быць такія, як ты». Што гэта значыць?

В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі адрэагаваў на заяву Лукашэнкі, які забараніў міністру культуры браць на працу тых, хто выступаў супраць рэжыму, незалежна ад іх таленту:

«Лукашэнка адкрыта прызнаў тое, што і так відавочна: культура для яго – не сфера творчасці, а зона ідэалагічнага кантролю. Гаворка зусім не ідзе пра нацыянальныя інтарэсы, пра захаванне і развіццё беларускай культурнай традыцыі, пра важнасць унёску таленавітых творцаў у культурную спадчыну народа. Гэта ўсё яму непатрэбнае.

Ён патрабуе толькі аднаго – абсалютнай лаяльнасці. Не мае значэння, наколькі чалавек таленавіты, калі ён не гатовы складаць хваласпеў «найчалавечнейшаму чалавеку».

Сёння тыя, хто кіруе дзяржаўнымі ўстановамі культуры, самі не ствараюць нічога значнага. Ані новая мастацкая кіраўнічка Купалаўскага тэатра, ані дырэктарка Тэатра юнага гледача, ані рэктарка Універсітэта культуры – гэта не людзі, якімі магла б ганарыцца беларуская культура.

Але яны якраз такія, як трэба Лукашэнку. Як ён сказаў міністру культуры: «Ты – дзяржаўны чалавек. Яны павінны быць такія, як ты».

Ніякай лібералізацыі няма. У культуры усё яшчэ неперагорнуты 20-ты.

Насуперак усім тым, хто бачыць нейкія няўлоўныя прыкметы «паслаблення» ў краіне, Лукашэнка сам дае выразны адказ: ніводнаму вядомаму і таленавітаму творцу нічога не дараванае.

Забарона на прафесію не толькі не скончылася – яна атрымала новы імпульс. Рэпрэсіі супраць творчых людзей працягваюцца. Любая свабодная творчасць становіцца магчымай альбо «ў стол», альбо ў эміграцыі. Мы вяртаемся ў часы СССР, калі сапраўднае мастацтва магло існаваць толькі ў падполлі і размаўляць з гледачом эзопавай мовай.

Гэта ўсё не выпадковасць, а працяг свядомай палітыкі нацыянальнага выраджэння, якая ўхваляецца з усходу.

Менавіта таму сёння беларуская культура за мяжой – гэта яе авангард і вітрына. Творцы, якія былі вымушаныя пакінуць краіну, працягваюць ствараць Беларусь – і падтрымка іх працы цяпер важная як ніколі.

І гэта не толькі пытанне грантаў ці замежнай дапамогі. Гэта адказнасць кожнага з нас.

Нашы кнігі, спектаклі, карціны, музыка і спевы – гэта тое, што будзе жыць, калі сістэма, якая прымушае «быць такімі, як ты», скончыцца. Таму давайце інвеставаць у сваё».

@CabinetBelarus


Баркоўскі: «Назвы вуліц – гэта нашая памяць і нашая будучыня»

28 лютага ў Вільні адбыўся круглы стол «Урбананімічная прастора Беларусі: канцэпцыі ўпарадкавання, дэкаланізацыі, дэкамунізацыі», арганізаваны Прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Гісторыкі, мовазнаўцы і культуролагі абмеркавалі, чаму ў беларускіх гарадах і да сёння захоўваецца савецкая і імперская тапанімічная спадчына, як і чаму мясцовыя ўлады блакуюць перайменаванні і якія прынцыпы павінны быць у аснове вяртання гістарычных назваў. Удзел у дыскусіях прынялі Андрэй Казакевіч, Алесь Капуцкі, Алесь Чайчыц, Святлана Куль-Сяльверстава, Уладзімір Хільмановіч, Яўген Малікаў, Аляксей Ластоўскі, Алесь Адамковіч, Сяргей Харэўскі, Вінцук Вячорка.

В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі падвёў вынікі і растлумачыў значэнне круглага стала і працы ў межах яго тэматыкі:

«Назвы вуліц – гэта нашая памяць і нашая будучыня. Чалавек можа ўсё жыццё хадзіць па вуліцы Леніна і ніколі не даведацца, што продкі называлі яе Францішканскай. Жыць на Камсамольскай, не здагадваючыся, што яна насіла імя святога Феліцыяна – заступніка Мінска. Штодня мінаць плошчу 8 сакавіка і не ведаць, што ўвесь папярэдні час гэта быў Нізкі рынак.

Тапанімічная спадчына Беларусі працягвае заставацца пад моцным уплывам чужых ідэалогій. У гарадах і мястэчках дагэтуль дамінуюць назвы, звязаныя з савецкімі дзеячамі, «інтэрнацыяналам» і вайсковымі тэрмінамі. Мы бачым, што нават дзе была магчымасць для змен, чыноўнікі не спяшаліся пазбаўляцца «камуністычнага іканастаса». Сёння амаль не засталося тых, хто ўсур’ёз верыць у ідэі камунізму, але ў нашых гарадах працягваюць дамінаваць імёны рэвалюцыянераў і генералаў, якія ніяк не звязаны з мясцовай культурай.

Тапанімічная палітыка – гэта не толькі пытанне мінулага, але і будучыні. Як паказваюць даследаванні, тапанімічнае асяроддзе ўплывае на нашыя культурныя арыенціры. Калі ў буйных гарадах кожная трэцяя назва – савецкая, то што атрымлівае дзіця, якое расце ў такім атачэнні? Калі ў Мінску не знойдзецца вуліц ні Быкава, ні Барадуліна, ні Саламеі Русецкай, то якія каштоўнасці сфарміруюцца ў новых пакаленняў?

Мы не можам чакаць, калі гэтыя пытанні будуць вырашаныя самі сабой. Круглы стол яшчэ раз даказаў, што сістэмная праца павінна весціся ўжо зараз: стварэнне рэестраў аўтэнтычных назваў, распрацоўка тапаграфічных карт, каб быць гатовымі змяняць гарадскі ландшафт тады, калі адкрыецца акно магчымасцей.

Гэта не проста перайменаванні. Гэта аднаўленне гістарычнай памяці. Гэта выбар, які вызначае, у якім сімвалічным свеце будуць жыць будучыя пакаленні беларусаў».

@CabinetBelarus


Святлана Алексіевіч узнагароджаная Крыжом Адраджэння Беларусі

Узнагарода Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі прысуджаная беларускай журналістцы, пісьменніцы, лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі па літаратуры за шматгадовую працу, значны ўнёсак у нацыянальнае адраджэнне і развіццё Беларусі праз дзейнасць у сферы культуры.

Крыж Адраджэння Беларусі (братоў Луцкевічаў) Святлане Алексіевіч уручыла дэмакратычная лідарка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы ў Вільні.

@CabinetBelarus


«Трэба інвеставаць у беларускі народ, а не думаць аб тактычных зносінах з Лукашэнкам»

Павел Латушка даў інтэрв’ю аднаму з найбольш уплывовых польскіх выданняў «Gazeta Wyborcza». У ім намеснік кіраўніцы Кабінета падзяліўся ацэнкай кантактаў паміж новай адміністрацыяй ЗША і рэжымам Лукашэнкі, перспектыў адносін ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Еўропай, а таксама распавёў пра ролю «беларускага балкона», які можа выкарыстоўваць Лукашэнка і Расія ў дачыненні да ЕС. Публікуем некаторыя тэзісы:

«Умацаванне ЕС сёння ў нашых інтарэсах, у інтарэсах будучай свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Мы, беларусы, знаходзімся ў Еўропе і павінны спадзявацца на еўрапейскае партнёрства, на падтрымку з боку еўрапейцаў»

«Нашай задачай з’яўляецца тлумачэнне новай амерыканскай адміністрацыі і пашырэнне яе разумення ролі Лукашэнкі ў гэтай вайне, а таксама неабходнасць стварэння дэмакратычнай перспектывы для Беларусі»

«Я заўсёды шукаю аптымістычныя рашэнні. Пасля перамогі Дональда Трампа і ў сувязі з вайной ва Украіне еўрапейскія інстытуты не толькі задумваюцца, але і, нарэшце, пачалі прадпрымаць крокі, каб Еўропа стала мацнейшай і больш аб'яднанай, перш за ўсё самастойна клапоцячыся аб сваёй бяспецы».

«Трэба інвеставаць у беларускі народ, а не думаць аб тактычных зносінах з Лукашэнкам. Лукашэнка заўсёды будзе дзейнічаць у інтарэсах Пуціна, і гэта немагчыма змяніць. Заўтра Лукашэнка ўжо не будзе, таму варта ставіць на беларускі народ толькі ён можа абараняць незалежнасць»

«6 снежня 2024 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі ў Мінску пагадненне аб узаемных гарантыях бяспекі. Гэта дае Расіі магчымасць устаноўкі дадатковых ваенных баз на тэрыторыі Беларусі, якія могуць з’явіцца пасля вучэнняў "Захад 2025". Пагадненне таксама абавязвае Лукашэнку накіроўваць беларускае войска па просьбе Пуціна, напрыклад, у Курскую вобласць або ў Данбас, паколькі Крэмль лічыць гэтыя тэрыторыі сваімі. Пасля падпісання гэтай дамовы ніхто не можа сцвярджаць, што Лукашэнка працягвае праводзіць самастойную палітыку ці зможа стаць незалежным ад Расіі. Падпісаўшы гэтае пагадненне, Лукашэнка здзейсніў палітычнае самагубства».

Больш падрабязна па спасылцы.

Fot. Grzegorz Dąbrowski / Agencja Wyborcza.pl

@CabinetBelarus


Видео недоступно для предпросмотра
Смотреть в Telegram
Вольга Зазулінская – пра сустрэчу з былой палітзняволенай Аленай Маўшук

Сёння кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская і прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская сустрэліся з былой палітзняволенай Аленай Маўшук ў офісе дэмакратычнай лідаркі ў Вільні.

Вольга Зазулінская: «Спадарыня Алена правяла чатыры з паловай гады за кратамі. За гэты час яе пазбаўлялі перадачаў і магчымасці сустрэч з роднымі, а таксама падвяргалі фізічнаму і псіхалагічнаму гвалту. Нарэшце яе вызваленне адбылося, дзякуючы намаганням кіраўніцтва ЗША.

Алена Маўшук – маці пяцярых дзяцей. У 2020 годзе яе затрымалі разам з мужам падчас акцыі пратэсту, пасля чаго асудзілі на шэсць гадоў турмы.

Алена падзялілася, як адаптуецца да жыцця на свабодзе, расказала пра жахлівыя ўмовы, у якіх знаходзілася: катаванні, пастаянны ціск…

Але Алена як сапраўдная беларуска думае не толькі пра сябе. Асобна яна распавяла, у якім крытычным стане з-за праблем са здароўем і з-за нечалавечага абыходжання апынуліся Вікторыя Кульша, Алена Гнаук і Вольга Маёрава. Лёсы гэтых жанчын не павінны заставацца без увагі міжнароднай супольнасці і медыя. Мы павінны стаць іх голасам, як гэта зрабіла і Алена.

Цешуся, што мы змаглі сустрэцца з Аленай ў Вільні. Яе прыклад сведчыць, што вызваленні магчымыя. Гэта вынік сумеснага ціску, міжнародных намаганняў і салідарнасці. І пакуль сотні людзей усё яшчэ застаюцца за кратамі, гэтая праца не можа спыняцца»

@CabinetBelarus


Пытанні падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў і беларусаў у Польшчы, незалежных медыя і структур дэмсіл, забеспячэнне інтарэсаў Беларусі ў сувязі з развіццём падзей у геапалітыцы

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка правёў сустрэчы са старшынём Камісіі па справах эміграцыі і сувязей з палякамі за мяжой, былым маршалкам Сената Польшчы Багданам Барусевічам і намеснікам старшыні Камісіі па пытаннях сям'і, пажылых людзей і сацыяльнай палітыцы Сената Польшчы Янам Філіпам Лібіцкім.

З Багданам Барусевічам абмеркавалі:

неабходнасць захавання на парадку дня ў еўрапейскай знешняй палітыцы сітуацыі ў Беларусі і яе ключавое значэнне для бяспекі Еўропы;

важнасць падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі з боку Еўропы, у тым ліку ў кірунках функцыянавання іх інстытутаў;

падтрымку незалежных СМІ і блогераў у кантэксце барацьбы з дэзінфармацыяй беларускай і расійскай прапаганды;

важнасць працягу міжнароднага прававога і санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі з боку ЕС.

Багдан Барусевіч лічыць важным узмацніць процідзеянне абыходу санкцый з боку рэжыму Лукашэнкі ў інтарэсах Расіі, адначасова падкрэсліў гатоўнасць лабіраваць павелічэнне фінансавай падтрымкі для незалежных СМІ і блогераў у межах супраціву прапагандзе.

З Янам Філіпам Лібіцкім абмеркавалі:

падтрымку беларускай дыяспары і студэнтаў у Познані.

З Янам Філіпам Лібіцкім як членам ПАРЕ ад Польшчы абмеркавалі таксама супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы справаздачы ПАРЕ па пытаннях медыцынскай дапамогі ўкраінскім вайскоўцам у еўрапейскіх краінах. Павел Латушка ініцыяваў магчымасць улічыць у справаздачы важнасць падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся на баку Украіны і атрымалі раненні.

Падчас абедзвюх сустрэч бакі гаварылі аб розных аспектах падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці і беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь і знаходзяцца ў Польшчы.

@CabinetBelarus


Сустрэча ў Міністэрстве адукацыі Літвы: што чакае беларускіх школьнікаў?

В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета Маргарыта Ворыхава, дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова і старшыня Камітэта па адукацыі і навуцы Каардынацыйнай рады Павел Церашковіч сустрэліся з кіраўніцай Дэпартамента адукацыі Іалантай Навіцкайтэ, дырэктаркай групы па міжнародным супрацоўніцтве Юргай Струмскінэ і іншымі спецыялістамі Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы.

Абмеркавалі:

прыняцце ў Літве новага Закона аб меншасцях і яго ўплыў на дзейнасць школ для нацыянальных меншасцей;

павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, якія вядуць заняткі з беларускімі дзецьмі;

магчымасці інтэграцыі беларускай моладзі ў літоўскую сістэму адукацыі і арганізацыі адпаведных моўных курсаў;

магчымасці для сумесных праектаў.

Паводле слоў Іаланты Навіцкайтэ, падыход да адукацыі нацыянальных меншасцей не зменіцца з увядзеннем новага заканадаўства. Закон аб адукацыі рэгулюе, сярод іншага, адукацыю нацыянальных меншасцей, і гэтае рэгуляванне застаецца ў сіле. Прадстаўніца міністэрства запэўніла, што ніякіх абмежаванняў для існуючых школ нацыянальных меншасцей, у тым ліку Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны, не плануецца. Школа працягне сваю дзейнасць у звычайным рэжыме, захоўваючы навучанне на беларускай мове.

Міністэрства рыхтуе новы двухгадовы план адукацыі, які прадугледжвае павелічэнне колькасці гадзін вывучэння дзяржаўнай (літоўскай) мовы для школ нацыянальных меншасцей. Аднак гэта не павінна адбывацца за кошт скарачэння гадзін, адведзеных на вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці.

Іаланта Навіцкайтэ адзначыла важнасць інтэграцыі беларускай моладзі ў літоўскую сістэму адукацыі і магчымыя выклікі ў гэтым працэсе. Яна распавяла пра захады, якія прымаюцца, каб зрабіць гэты працэс як мага больш гладкім, асабліва ў частцы вывучэння літоўскай мовы, якая з’яўляецца абавязковым прадметам на выпускных экзаменах для ўсіх літоўскіх школьнікаў. Індывідуальныя запыты ў Міністэрства адукацыі, навукі і спорту разглядаюцца спецыяльнай камісіяй, якая можа вызваліць выпускнікоў ад гэтага экзамену, калі яны вучыліся ў літоўскай сістэме адукацыі толькі кароткі перыяд (да двух гадоў).

Акрамя таго, падчас сустрэчы прадстаўнікам Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы была прапанаваная ідэя арганізацыі сумеснай літоўска-беларускай канферэнцыі на тэму дэкаланізацыі і дэкамунізацыі адукацыі ва Усходняй Еўропе з выкарыстаннем досведу Літвы як прыкладу.

Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета: «Для нас падтрыманне адукацыйных праектаў для беларусаў за мяжой, асабліва тых, што адбываюцца на нацыянальнай мове, гэта безумоўны прыярытэт. І Скарынаўская гімназія ў Літве – гэта добры прыклад менавіта такога, фактычна ўнікальнага праекта школы з беларускай мовай навучання па-за межамі краіны. Для беларусаў, якія цяпер вымушана знаходзяцца ў Літве магчымасць аддаваць сваіх дзяцей менавіта ў беларускую гімназію, гэта істотны крок для захавання ідэнтычнасці і прыналежнасці да нашай культуры. Агульная падтрымка беларусаў і іх права на адукацыю ў краінах ЕС – тая задача, якую мы спрабуем выконваць для магчымасці захавання падстаў будучага нацыянальнага адраджэння».

Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета: «Гэтая сустрэча – важны крок у барацьбе за адукацыйныя правы беларускай моладзі. Для нас прынцыпова, каб беларусы, вымушаныя пакінуць сваю краіну з-за рэпрэсій, мелі роўны доступ да адукацыі і магчымасці інтэграцыі ў Еўропе, не губляючы сваёй мовы і культуры».

@CabinetBelarus


«Пакаленне, якое пакладзе канец дыктатуры»

Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава – да Сусветнага Дня некамерцыйных арганізацый:

«Сёння я хацела б асобна адзначыць ролю моладзевых НДА ў будучыні Беларусі. Бо яны выхоўваюць лідараў і лідарак, гатовых браць адказнасць за лёс краіны.

Рэжым Лукашэнкі баіцца актыўных людзей з крытычным мысленнем і абвостраным пачуццём справядлівасці, таму пасля 2020 года знішчыў 1800 НДА, у тым ліку моладзевых, якія займаліся ў асноўным пытаннямі адукацыі і правоў чалавека. Але нягледзячы на рэпрэсіі, ініцыятывы працягваюць дзейнасць – у падполлі і за мяжой.

«РАДА», «Задзіночанне беларускіх студэнтаў», «ІншыЯ». Бясспрэчна, гэта не офісы і пячаткі. Гэта людзі. І яны, нягледзячы на пераслед, падтрымліваюць палітвязняў, ладзяць адукацыйныя праграмы, рыхтуюць глебу для новай Беларусі. І я вельмі ўдзячная ім за ўсё, што яны робяць.

І пры кожнай магчымасці я заклікаю прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці узмацніць падтрымку беларускіх няўрадавых арганізацый. Бо гэта ўклад у пакаленне, якое пакладзе канец дыктатуры і пабудуе свабодную Беларусь»

@CabinetBelarus


Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук пракаментаваў нядаўнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў вайсковай сферы:

«Днямі Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла, што ў краіне фарміруюцца воінскія эшалоны, і перавозка войска можа мець значны маштаб. Паводле атрыманай інфармацыі, на станцыі «Багатырова» каля Мінска пачаўся адбор пасажырскіх вагонаў для Міністэрства абароны рэжыму Лукашэнкі, ужо падрыхтавана 48 вагонаў. Адначасова пададзеныя заяўкі на грузавыя вагоны для перавозкі вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і іншага абсталявання.

Учора была ратыфікаваная дамова паміж Мінскам і Масквой аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Гэты дакумент дае Расіі права ствараць вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі і замацоўвае яе магчымасць выкарыстоўваць Беларусь у сваіх ваенных мэтах. У выпадку ваеннага сутыкнення бакі будуць разглядаць напад на любога з іх як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы.

На фоне экспансійнай вайсковай палітыкі Расіі і яе адкрытай агрэсіі супраць Украіны любыя перамяшчэнні войскаў і тэхнікі на тэрыторыі Беларусі нясуць пагрозу. Няма ніякіх падстаў давяраць афіцыйнаму Мінску, калі ён заяўляе пра «планавыя вучэнні» або «штатныя манеўры». У 2022 годзе пад прыкрыццём вучэнняў Беларусь ужо стала пляцоўкай для ўварвання ва Украіну.

Паводле наяўных звестак, паміж беларускай і расійскай чыгункай праведзеныя ўніфікацыйныя мерапрыемствы для павелічэння прапускной здольнасці чыгуначных шляхоў. Чыгунка самы хуткі і эфектыўны спосаб разгортвання вайсковага кантынгенту, таму такая інфармацыя заслугоўвае асаблівай увагі.

Таму сітуацыя адсочваецца, аднак на дадзены момант няма прыкмет непасрэднай эскалацыі. Ключавым сігналам да прыняцця далейшых рашэнняў стане значнае накапленне жывой сілы і тэхнікі з боку суагрэсараў»

@CabinetBelarus


Павел Латушка вядзе кансультацыі з амбасадарамі краін-чальцоў ЕС, акрэдытаванымі ў Варшаве

За апошнія дні адбыліся сустрэчы намесніка кіраўніцы Кабінета з амбасадарамі Латвіі, Літвы і Францыі.

Асноўныя мэты сустрэч:

падтрымка з боку ЕС беларускіх незалежных СМІ і блогераў, якія супрацьдзейнічаюць прапагандзе ў Беларусі;

улік інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасці пры распрацоўцы стратэгіі еўрапейскай бяспекі;

падтрымка дэмакратычных інстытутаў Беларусі як рэальнай альтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі.

Павел Латушка: «Моцная Еўропа зможа размаўляць з рэжымам Лукашэнкі мовай сілы, якую ён толькі і можа зразумець. Моцная Еўропа – гэта дадатковая сіла для беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду.

Ва ўмовах спынення падтрымкі ЗША асабліва важна захаваць падтрымку беларускага грамадства ў ліку ключавых прыярытэтаў еўрапейскай палітыкі.

У сувязі з планамі па распрацоўцы стратэгіі еўрапейскай бяспекі важна прадугледзець у гэтым дакуменце падтрымку дэмакратычных інстытутаў, СМІ, блогераў і ў цэлым беларускай грамадзянскай супольнасці, якая імкнецца да аднаўлення дэмакратыі і свабоды ў Беларусі і вядзе барацьбу за незалежнасць краіны
».

Павел Латушка падзякаваў амбасадарам краін ЕС за прыняцце моцнага санкцыйнага пакета, падкрэсліўшы, што санкцыі адзін з інструментаў ціску, накіраваных на тое, каб прымусіць рэжым правесці змяненні ва ўнутранай і знешняй палітыцы, а менавіта:

- спыніць масавыя рэпрэсіі і вызваліць палітзняволеных;

- адмовіцца ад падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны;

- спыніць гібрыдную вайну супраць ЕС з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў.

Падчас сустрэч таксама перададзеная заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Падкрэслена важнасць далейшай дапамогі Украіне і падтрымкі памкненняў беларусаў да свабоднай і незалежнай Беларусі.

На фота: Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка з амбасадарам Францыі ў Польшчы Эцьенам дэ Понсэнам.

@CabinetBelarus


«Нам патрэбная моцная Еўропа і адкрытасць Еўропы для дэмакратычнага руху ў Беларусі»

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка выступіў на канферэнцыі да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, арганізаванай Сенатам Польшчы. 

Канферэнцыя прайшла 25 лютага ў Сенаце Польшчы, суарганізатарам выступіла глабальная кааліцыя Community of Democracies. У канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра, міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш, міністр юстыцыі, генпракурор Адам Боднар, намесніца міністра замежных спраў Ганна Радван, амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Боднар, прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаў, польскія сенатары і еўрадэпутаты.

«Стратэгія павінна быць толькі адна – моцная Еўропа, якая не саступае агрэсарам. Агрэсары разумеюць толькі мову сілы, таму прыйшоў час быць моцнымі», – адзначыў Павел Латушка.

У кантэксце пытання рэгіянальнай бяспекі намеснік кіраўніцы Кабінета згадаў важныя словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, агучаныя падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы: «мяжа бяспекі Еўропы праходзіць па ўсходняй мяжы Украіны, усходняй мяжы Беларусі, усходніх межах краін Балтыі, усходняй мяжы Фінляндыі».

«Нельга дазволіць, каб Беларусь стала падарункам для Пуціна. Са шкадаваннем заяўляю, што апошнім часам мы не чуем нічога пра Беларусь. Еўропа ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь не будзе дэмакратычнай краінай, бо Беларусь мяжуе з Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. І "беларускі балкон" мае стратэгічнае значэнне», – падкрэсліў прадстаўнік Кабінета.

Павел Латушка згадаў пра планы арганізацыі вучэнняў «Захад 2025», у рамках якіх Расія плануе сцягнуць у Беларусь 100-150 тысяч салдат: «Лукашэнка, калі спатрэбіцца Крамлю, гатовы будзе паўтарыць сцэнарый лютага 2022 года».

«Важна разумець розніцу паміж беларускім і расійскім грамадствам. У Расіі большасць падтрымлівае вайну, у Беларусі пераважная большасць не падтрымлівае вайну і ўдзел беларускай арміі ў вайне супраць Украіны. Большасць беларусаў супраць Лукашэнкі, а большасць расіян падтрымлівае Пуціна», – адзначыў Павел Латушка.

«З першых дзён поўнамаштабнай вайны беларусы змагаюцца на баку Украіны. Яны выходзілі на пратэсты, зрывалі рух ваенных эшалонаў, перадавалі разведданыя маніторынгавым групам. Увогуле беларусы за супраціўленне агрэсарам атрымалі 200 гадоў турмы. Усе апошнія сацапытанні паказваюць, што большасць беларусаў супраць вайны».

Павел Латушка асабліва адзначыў змаганне беларускіх дабраахвотнікаў у Палку Каліноўскага і іншых падраздзяленнях УСУ за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Таксама ён падкрэсліў гераізм беларусаў, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы Украіну.

«Ім нельга здрадзіць. Мы павінны матываваць беларусаў працягваць барацьбу за дэмакратыю.

Калі мы сёння прайграем гэтую барацьбу за беларусаў, то праз некалькі гадоў на мяжы з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай можа з'явіцца расійскі жаўнер, гатовы напасці на Еўрапейскі саюз, ці, у горшым выпадку, беларус у расійскай форме, гатовы да агрэсіі. Нельга пакінуць беларусаў за жалезнай заслонай.

Неабходная стратэгія ЕС для падтрымкі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Мы не просім F-35 – перадайце іх Украіне, але неабходна падтрымліваць беларускае грамадства, прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку, а таксама падтрымліваць незалежныя СМІ і блогераў.

Мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, актыўна падтрымліваем і будзем падтрымліваць Украіну, але нам таксама патрэбна моцная Еўропа і адкрытасць Еўропы для дэмакратычнага руху ў Беларусі
», адзначыў ў выступленні прадстаўнік Кабінета.

@CabinetBelarus


У Вільні пройдзе круглы стол, прысвечаны ўпарадкаванню найменняў гарадской прасторы Беларусі

Павел Баркоўскі, выканаўца абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, запрашае зарэгістравацца на мерапрыемства:

«Беларусы, як і нашыя суседзі ўкраінцы, моцна патрабуюць пераасэнсавання ўласнай сімвалічнай прасторы існавання, бо фактычны захоп «рускім светам» гістарычнай памяці і мясцовых традыцый пасля адбіваецца на ўзроўні трагедыі нацыянальнага маштабу.

Палітыка 4Д: дэкамунізацыі, дэідэалагізацыі, дэкаланізацыі і дэімперыялізацыі – гэта адзін з падмуркаў Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, на якой грунтуецца наша дзейнасць.

І гэты круглы стол – фактычны працяг адразу некалькіх распачатых нашым Прадстаўніцтвам кірункаў: палітыкі дэкамунізацыі і дэкаланізацыі і моўнай палітыкі.

На стыку гэтых тэм пры ўдзеле профільных спецыялістаў і экспертаў адбудзецца абмеркаванне таго стану, у якім цяпер знаходзіцца ўрбананімічная спадчына беларускіх гарадоў (назвы вуліц, плошчаў і праспектаў).

У якой ступені яна дасюль застаецца пад моцным уплывам савецкай і імперскай ідэалогіі? Якія наробкі мы ўжо маем, каб казаць пра існаванне арыгінальнай беларускай урбананімічнай традыцыі?

Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўвацца 28 лютага ў Вільні падчас круглага стала «Урбананімічная прастора Беларусі. Канцэпцыі ўпарадкавання, дэкаланізацыі, дэкамунізацыі».

У фінале мерапрыемства, з 18:00 да 19:00, адбудзецца адкрытая дыскусія «Якія могуць быць падыходы да ўпарадкавання ўрбаністычнага ландшафту Беларусі?», на якую мы запрашаем шырокую супольнасць. Удзельнікі дыскусіі – Вінцук Вячорка, Алесь Капуцкі, Павел Церашковіч, Алесь Пашкевіч. Мадэратар – Андрэй Казакевіч.

Дакладнае месца правядзення мы агучым пасля рэгістрацыі».

✍️ Рэгістрацыя для прадстаўнікоў медыя і гасцей

@CabinetBelarus


Кампанія «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» запрашае прыняць удзел у адукацыйным візіце

Гэтым разам удзельнікі накіруюцца ў Фландрыю – федэральны рэгіён Бельгіі – з 14 па 18 красавіка 2025 года.

«Візіт у Фландрыю – гэта ўнікальная магчымасць паглыбіцца ў еўрапейскі досвед дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання, пазнаёміцца з Фландрыяй – адным з найцікавейшых еўрапейскіх рэгіёнаў з моцнай мадэллю мясцовага самакіравання, стабільнай эканомікай і ўнікальным вопытам дэцэнтралізацыі», адзначыў Юрый Губарэвіч, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета і каардынатар кампаніі «Кадравы рэзерв».

Што чакае ўдзельнікаў?

Сустрэчы з прадстаўнікамі фламандскага парламента і ўрада
Знаёмства з практыкай мясцовага самакіравання
Паглыблены разгляд эканамічнага развіцця, бюджэтнай палітыкі, сацыяльных рэформ і грамадскай бяспекі

Для ўдзелу ў візіце неабходна далучыцца да «Кадравага рэзерву». Калі вы яшчэ не сталі ўдзельнікам праграмы, вы можаце падаць заяўку па спасылцы.

@CabinetBelarus

Показано 20 последних публикаций.