Святлана Ціханоўская – з нагоды Сусветнага дня здароўя:«Сёння сістэма аховы здароўя ў Беларусі як ніколі адарваная ад рэчаіснасці. Пад ціскам рэжыму на першае месца ставяцца не прафесійныя стандарты і дабрабыт пацыентаў, а ідэалагічныя прынцыпы. Усё «замежнае», за выключэннем расійскага і кітайскага, пазіцыянуецца як варожае. Незалежныя даследаванні, міжнародны досвед і аб'ектыўныя ацэнкі ігнаруюцца, калі не адпавядаюць «праўладнай» пазіцыі.
У выніку медыцынскія работнікі вымушана
з'язджаюць з краіны праз невыносныя ўмовы працы, а новае пакаленне адмаўляецца ад прафесіі, дзе няма месца свабодзе і чалавечнасці. Гэта стварае ў грамадстве трывожнасць і страх: ці атрымаеш своечасовую дапамогу, ці знойдзецца месца ў шпіталі, ці зможаш дастаць з-за мяжы патрэбныя лекі… У прапаганды заўсёды «ўсё добра». Але беларусы бачаць сапраўдную карціну: хранічная загружанасць лекараў, дэфіцыт спецыялістаў і агульнае зніжэнне якасці медыцынскіх паслугаў.
У такіх умовах на лекараў выпадае каласальная нагрузка. Яны працуюць на знос – часам без адпачынку і нават перапынку на абед. Менавіта іх прафесіяналізм і адданасць ратуюць беларускую медыцыну пры адсутнасці падтрымкі з боку дзяржавы. Я захапляюся стойкасцю і самаахвярнасцю нашых медыкаў, калі чую пра цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца.Ініцыятывы, што ўзніклі ў 2020 годзе, працягваюць дапамагаць. Такія каманды, як
ByMedSol і
OkDoc, робяць вялікую справу для людзей. І дзякуючы неабыякавасці, салідарнасці і асабістай адказнасці беларусаў мы ўсё лепей разумеем, што клапаціцца пра сябе і блізкіх – гэта нармальна.
Мы ўсе заслугоўваем жыць у краіне, дзе галоўная каштоўнасць – чалавечае жыццё. У якой
лекараў не звальняюць і не пазбаўляюць ліцэнзіі з-за іх грамадскай пазіцыі, а падтрымліваюць і шануюць за цяжкую працу. У якой чалавек не адзін і заўсёды можа разлічваць на ўсебаковую падтрымку.
Цяпер мы ўсе робім унёсак, каб Беларусь стала такой краінай. Крок за крокам, праз давер, салідарнасць і клопат адно аб адным. Але важна пры гэтым захоўваць сілы, ментальнае і фізічнае здароўе. Таму я нагадваю вам: беражыце сябе, клапаціцеся пра блізкіх. Не саромейцеся звярнуцца па дапамогу, не бойцеся казаць пра свае праблемы і складаны псіхалагічны стан.
Здароўе – гэта не толькі пра лекі і шпіталі. Гэта пра чалавечнасць, пра павагу, пра падтрымку. Я ўпэўненая, што гэта стане нормай у нашай будучай Беларусі».
Ілюстрацыя: ByMedSol