Paville | Pavilenščyna


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Искусство


Pavilenščyna – гэта канал, у якім распавядаецца пра Астравецкі, Ашмянскі, Валожынскі, Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі і Смаргоньскі раёны. Іх гісторыя, незвычайныя мясціны і іншыя цікавінкі.
Канал ёсць апалітычным.

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Искусство
Статистика
Фильтр публикаций


Репост из: Спадчына
Планіроўка Івянца на нямецкім аэрафотаздымку. У цэнтры характэрны для сярэднявечча і рэнесансу рынак трохвугольнай формы. Такія ж рынкі былі ў Вілейцы, Віцебску, Друі, Крычаве, Лідзе, Мінску, Магілёве, Мазыры, Навагрудку, Ашмянах, Шарашове, а таксама трохвугольную форму мае ратушная плошча ў Вільні.

У Івянцы ад плошчы амаль нічога не засталося акрамя некалькіх старых дамоў, які фарміравалі дугападобны фронт забудовы.

#Івянец #горадабудаўніцтва


4 сакавіка 1897 году ў Качанох нарадзіўся Васіль Фаміч Шаранговіч — савецкі беларускі партыйны дзяяч.

3 кастрычніка 1930 да лютага 1934 году быў 2-ім сакратаром і сябрам Бюро ЦК КП(б)Б.

Чалец Палітычнае камісіі для перагляду расейска-беларускага слоўніка й новых правілаў правапісу беларускай мовы, што займалася перапрацоўкай акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году, які, на думку бальшавіцкага партыйнага кіраўніцтва, недастаткова збліжаў беларускую мову з расейскай. Па выніку працы камісіі была створаная так званая наркамаўка.

Кіраваў разгортваньнем у БССР кампаніі масавых рэпрэсіяў супраць грамадзтва.

Неўзабаве дайшла чарга й да самога Шаранговіча. Пасьля нядоўгага выкананьня абавязкаў першага сакратара 27 ліпеня 1937 году ён быў арыштаваны.

Асуджаны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 13 сакавіка 1938 году за «ўдзел у контрарэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня. У апошнім слове прамовіў:

«Я прачуў увесь кашмар зьдзейсьненых мной здрадніцкіх, падступных злачынстваў супраць савецкага народу, супраць Савецкай краіны. Кожны такі, бы я, безумоўна будзе раздушаны ўсёй магутнасьцю савецкай улады.»


Праз 2 дні, 15 сакавіка, Васіль Фаміч Шаранговіч быў расстраляны.

Шаранговіч — чарговы прадстаўнік бальшавіцкае карнае сыстэмы, што па выніку сам стаўся ахвяраю яе бязьлітаснасьці й пачварнасьці.

#мядзельшчына


3 сакавіка 1890 году ў Даўгінаве нарадзіўся Лявон Язэпавіч Заяц — беларускі палітычны й грамадзкі дзяяч, дыплямат, публіцыст ды мэмуарыст.

Удзельнічаў у тэатральных пастаноўках (роля Падарожнага ў спэктаклі паводле твору Элізы Ажэшкі «У зімовы вечар», роля Якіма Сарокі ў пастаноўцы «Паўлінка» паводле твору Янкі Купалы).

На Першым Усебеларускім зьезьдзе абраны чальцом Рады БНР*.

Быў сябрам Народнага сакратарыяту Беларусі. Пасьля расколу Рады БНР* 13 сьнежня 1919 году загадчык канцылярыі й дзяржаўны сакратар у Народнай Радзе БНР*.

Удзельнік Другое Ўсебеларускае канфэрэнцыі ў Бэрліне.

3 1925 году ў БССР, кансультант Наркамфіну.

19 ліпеня 1930 году арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюз вызваленьня Беларусі», высланы на 5 гадоў ва Ўфу.

У 1935 годзе зноў арыштаваны абласным упраўленьнем НКУС СССР, памёр у турме падчас сьледзтва.

На другім здымку — Лявон Заяц стаіць першы з правага боку.

#вілейшчына

*Рада БНР ёсьць экстрэміскім фармаваньнем паводле рашэньня КДБ Беларусі ад 2 ліпеня 2023 году.


«Робяць» польшчыну — паведамленьне зь мястэчка Вішнева каля Валожына.

З заходнебеларускае газэты «Беларуская доля». №14, ад 14 лютага 1925 году.

Крыніца.

#валожыншчына


Зусім нядаўна нацыянальны архіў ЗША пачаў выкладаць у вольны доступ нямецкія аэрафотаздымкі тэрыторыі Беларусі 1939-1945 гадоў.

Знайшоўся там і Івянец.

Здымак зроблены 29 ліпеня 1941 году.

#івянеччына


Сёння спаўняецца 10 год як з намі няма краязнаўцы, этнографа і грамадскага дзеяча Аляксея Лужынскага.

З успамінаў яго сябра (надрукавана ў альманаху «Вілейскі павет» №2):
У гэты ж дзень, ля бягомальскіх Баяр, мяне моцна уразіла, як Аляксей вітаўся з галоўнымі сакральнымі помнікамі вярхоўя Вяллі: Стэп-каменем і сасной Акулінай. Ён адразу падышоў, абапёрся нагой на прыступку, прыўзняўся, на пэўны час, завіс над зямлёй, абхапіўшы вялізны валун. Моўчкі прытуліўся да яго, заплюшчыў вочы. Як быццам хацеў нешта пачуць або прасіў, каб камень падзяліўся сваёй сілай перад далёкай воднай дарогай. А можа, нічога не прасіў і не слухаў, а так сабе, проста і пяшчотна «сканіраваў» з яго сакральную інфармацыю. У любым выпадку, гэта была не дэманстрацыя, а менавіта эмацыйная праява любові да гісторыі нашай зямлі, да легенд, да родных каранёў.


Аляксей шмат навін дадаваў на сайт vialejka.info. Бывалі перыяды, што акрамя яго нічога ніхто на сайт не пісаў. Калі ў апошні час сайт не абнауляўся — разумелі, што Лёша хварэе...

Вечная памяць!

#вілейшчына


Репост из: Naračanščyna | Нарачанскі край
👋🏻 Дабрыдзень, дарагія падпісанты

На нашым medium-канале выйшаў артыкул пра востраў "Выспа", што на Нарачы: яго легенда, гісторыя ды асаблівасці. Усім зацікаўленым прапаноўваем да прачытання!

https://medium.com/@naracanscyna


Вялае, сядзіба Тышкевічаў.

Бэнэдыкт Тышкевіч з жонкай Клярай Бэнкрафт.

1893 год.

#івянеччына


Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х у Заходняй Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў пэдагогаў і вучняў Радашкавіцкае беларускае гімназіі (тагачаснае напісаньне — Радашкоўская беларуская гімназія).

Па гэтай прычыне ў верасьні 1928 па загадзе Маладэчанскага старасты з прычыны «небясьпекі публічнага спакою» — большасьць навучэнцаў Радашкавіцкае беларускае гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжою Польшчы, пераважна ў БССР, аднак некаторыя скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі.

На здымку — адзін з нумароў сатырычнага часопісу «Маланка», у якім выяўленая карыкатура пра закрыцьцё Радашкавіцкае беларускае гімназіі.

#маладзечаншчына


Валожын, могілкавая капліца бэрнардынаў.

Помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў Валожыне. Знаходзіцца на пагорку ў цэнтры могілак, направа пры ўезьдзе ў места з боку Менску.

У другой палове XIX ст. улады Расейскае імпэрыі гвалтоўна перарабілі капліцу пад царкву Маскоўскага патрыярхату.

Твор архітэктуры клясыцызму.

У 2013 годзе ў выніку перабудовы над капліцай паставілі пазалочаныя купалы, завершаныя маскоўскімі купаламі-цыбулінамі.

«Благоустройство» ад РПЦ ва ўсёй красе.

Вось, што здараецца, калі старажытная архітэктура ня мае ахоўнага статусу. Хаця, насамрэч, нават з ахоўным статусам зьнішчаецца мастацкае аблічча цэркваў.
Цудоўны прыклад — царква ў Латыгалі.

#валожыншчына


Аднаго дня да Клімковіча ў хату прыйшлі барысаўскія паліцыянты ў хату й кажуць:

Перадайце калі ласка спадару Клімковічу, што яго на заўтра чакае ў сябе бурмістар Барысава.

А тады бурмістрам быў Станкевіч. Гэта прапанова, ад якой адмовіцца практычна немагчыма.

Назаўтра Клімковіч надзеў стройчык, гальштук, капялюш і прыходзіць да Станкевіча. Той пытаецца:

– Чым зараз займаецеся, спадар Клімковіч?

– Пішу,
– кажа, – гістарычную п’есу.

– Цудоўна, – кажа Станкевіч, – мы якраз арганізуем у Барысаве тэатр, будзе, што ставіць на прэм’еру.

Клімковіч кажа:

– Разумееце, спадар Станкевіч, у мяне дачка ў эвакуацыі. Што будзе зь ёй, калі пойдзе п’еса? Я не магу пайсьці на гэта.


Станкевіч кажа:

– Канешне, разумею. Не выпадае супрацоўнічаць. Тады адзінае, што магу прапанаваць, гэта – ідзеце да партызанаў (да іх лётаюць самалёты з Масквы), перакажыце нашую размову, і тады яны Вас пераправяць у Маскву, бо далей ужо я Вас ахоўваць не змагу.


Клімковіч падзякваў, хацеў сысьці, а той кажа:

– Толькі капялюш, калі ласка, пакіньце.


Клімковіч вярнуўся, і сапраўды ўсё так і здарылася. Пайшоў да партызанаў, дамовіўся, што яго й жонку пераправяць у Маскву, і зьляцелі адной ноччу.

А ў тую ж самую ноч Станкевіч паслаў на балота барысаўскіх паліцыянтаў, і тыя прастрэлілі некалькі разоў дзедаў капялюш і сказалі, што, нібыта, калі Клімковіч уцякаў да партызанаў, яны стралялі… Ужо для немцаў была адмазка. І вось толькі прастрэляны капялюш…

Вось такая амаль калядная гісторыя 42-га году пра беларусаў, якія апынуліся па розныя бакі, але ўсё адно засталіся добрымі й чалавечнымі адзін да аднаго.

На першым здымку — Міхась Клімковіч.
На другім — Станіслаў Станкевіч (з правага боку) разам з Мікалаем Шчорсам і Натальляй Арсеньневай падчас шпацыру ў Вільні. Другая палова 1930-х гг.


23 лютага 1907 году ў Арлянятах нарадзіўся Станіслаў Станкевіч — беларускі літаратуразнаўца, грамадзка-культурны дзяяч, публіцыст, крытык.

Паходзіў з роду Станкевічаў, ягоны родны дзядзька па матчынай лініі — Ян Станкевіч — зьяўляўся адным з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў.

Падчас навучаньня ў Вільні дзейнічаў ў Беларускім Студэнцкім Зьвязе; рэдагаваў «Крыніцу» й «Студэнцкую Думку», зьяўляўся стваральнікам і старшынём унівэрсытэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы.

Падчас вайны быў бурмістрам спачатку Барысава, пасьля Баранавіч.

Выратаваў былога старшыню Саюза савецкіх пісьменьнікаў Беларусі Міхася Клімковіча, якога маглі забіць немцы. Міхась Клімковіч ёсьць аўтарам тэксту гімну БССР «Мы, беларусы».

Дэлегат Другога Ўсебеларускага кангрэсу.

Напрыканцы 1945 году ў ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны ўзначаліў нелегальны Беларускі нацыянальны цэнтар. Быў першым старшынём Антыбальшавіцкага блёку народаў.

Рэдагаваў часопіс БНЦ «Рух» і газэту «Бацькаўшчына». Стварыў філію нью-ёрскага Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нямеччыне, рэдагаваў усе чатыры кнігі «Запісаў» Інстытуту, якія былі выдадзены ў Мюнхэне.

З 1962 году жыў у Нью-Ёрку. З 1963 году й да сьмерці зьяўляўся галоўным рэдактарам газэты «Беларус», якой пад ягоным рэдагаваньнем выйшла каля 200 нумароў.

Зьяўляецца аўтарам працы «Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу» пра ідэалёгію й практыку русыфікацыі ў Беларусі ў 1950-х — на пачатку 1960-х гадоў.

#ашмяншчына
#нашвядомызямляк

418 0 3 14 16

На дзень роднай мовы выкладаем мапу з павілейскімі тапонімамі (назвы вёсак, рэчак) балцкага паходжання ды іх тумачэннем.

Невялічкае тлумачэнне:

сінім колерам пазначаны гідронімы (назвы вадаёмаў);
светла-зялёным — назвы вёсак, дзе не прыведзена тлумачэнне, але аб балцкасці кажуць, напрыклад, суфіксы і канчаткі;
зялёным — тапонімы, якія паходзяць ад імя ці мянушкі;
цёмна-зялёным — тапонімы паходзяць не ад імені ці мянушкі.

Чаму менавіта балцкія тапонімы? Бо яны хаваюць у сабе шматвекавую спадчыну і таямніцы нашай гісторыі. Яны нашмат даўнейшыя, чым, напрыклад, славянскія, і сягаюць у глыбіні стагоддзяў.

Мапа яшчэ толькі напаўняецца — пагэтаму чакайце абнаўленняў.

#Павілле

669 2 14 4 34

Была створана суперсуполка "Архіў Павільля", куды я буду выкладваць цікавую інфармацыю, файлы, спасылкі і навігацыю па каналу.
Запрашаем усіх хто хоча больш дасканала вывучаць рэгіён.

@pavillee
@pavillee
@pavillee


Репост из: Paville | Pavilenščyna
19 лютага 1890 году ў вёсцы Барані на Астравеччыне нарадзіўся Канстантын Стаповіч – беларускі нацыянальны дзяяч, паэт, гісторык, каталіцкі сьвятар і публіцыст, вядомы пад псэўданімам Казімер Сваяк.

Быў адным зь першых сярод беларускіх ксяндзоў, хто пачаў весьці службу роднай мовай. Склаў першую вялікую беларускую кніжку да набажэнства «Голас душы».

Падчас Першае Ўсясьветнае вайны ў Клюшчанскай акрузе намаганьнямі Стаповіча было адкрыта сем школ. Не хапала настаўнікаў — Стаповіч адкрыў курсы па іх падрыхтоўцы. Падручнікі, школьныя прылады ён таксама прывозіў зь Вільні, часта — набытыя за ўласныя грошы.

У канцы 1916 за беларусізацыю касьцёла Стаповіча пераводзяць на Беласточчыну ў Карыціна, дзе ён таксама спрабаваў увесьці беларускую мову ў касьцёле, але гэта было адразу забаронена мясцовым пробашчам.

У канцы 1920 году Канстантын Стаповіч атрымаў разьмеркаваньне ў Засьвір, дзе служыў у Касьцёле Найсьвяцейшае Тройцы. Праз данос Сваяку было забаронена весьці службы па-беларуску. У Засьвір да Стаповіча прыяжджаў мастак Рамуальд Ракіцкі, сябра «Хаўрусу Сваякоў», які намаляваў абраз Сьвятога Язапата Кунцэвіча для галоўнага алтара. Таксама прыяжджаў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі з Жодзішак, што рабіў казаньні па-беларуску. Прыяжджаў мастак Язэп Драздовіч, які падарыў Стаповічу некалькі абразоў.

Казімер Сваяк памёр у 36 гадоў, пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

#астравеччына
#мядзельшчына
#нашвядомызямляк


Лазіў уначы на прасторах інтэрнэту й натыкнуўся на такі цікавы здымак:

«Żydoūskaja škoła ü m. Wałożynie Wilensk. hub. Ašm. paw.»


Здымак паходзіць з «Нашае Нівы» ад 6 студзеня 1911 году.

Убачыўшы пабудову я адразу дапетрыў, што тое зусім ня школа ў Валожыне, а сынагога ў Воўпе. Жыдоўская школа ў Валожыне й дагэтуль стаіць на цэнтральным пляцы (як будзеце наведваць гэтыя мясьціны, абавязкова зазірніце туды — яно таго варта).

Цікава, што ёсьць прычынаю такое памылкі — няведаньне рэдактараў (што малаверагодна) альбо звычайная памылка падчас друку, грошы на выпраўленьне якое адсутнічалі.

#валожыншчына


Зімовая #івянеччына

Показано 17 последних публикаций.