Naračanščyna | Нарачанскі край


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Познавательное


Naračanščyna — краязнаўчы канал пра Мядзельскі раён. Тут вас чакаюць цікавыя факты, сустрэчы з велічнай прыродай і вандроўкі па знакамітаму Нарачанскаму краю!
Інстаграм: https://www.instagram.com/naraczanszczyna
Сувязь/рэклама: @Narachanski_bot

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Статистика
Фильтр публикаций


🌿 29 студзеня 1858 года нарадзілася Марыя Скірмунт-Твардоўская — аўтарка прац па батаніцы, складальніца шматлікіх гербарных збораў рэдкіх відаў раслін. Адна з першых жынчын (а можа і першая), якая прафесійна даследвала флору Беларусі.

Была дачкой Канстанціна і Габрыэлі Скірмунтаў, уладальнікаў маёнтка Шэметава. Тут прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады, пачалося захапленне раслінамі, іх гербарызацыяй і вызначэннем.

Пасля заканчэння ў Кракаве курсаў па батаніцы, яна занялася скрупулёзным вывучэннем флоры травяністых раслін ў ваколіцах роднага маёнтка, пісала навуковыя працы. Кола яе пошукаў паступова пашыралася і з цягам часу ахапіла тэрыторыю ў межах сучасных Мядзельшчыны, Смаргоншчыны і Пастаўшчыны, азёраў Свір і Нарач. Пасля гэтага два дзясяткі гадоў яна даследавала тэрыторыю Палесся. Была пахаваная ў Пінску. Сабраны ёй гербарый захоўваецца ў Польшчы.


Беларускі дзеяч і паэт Адам Гурыновіч (1860 - 1894) – ураджэнец былога фальварка Кавалькі сучаснага Мядзельскага раёна – быў паслядоўнікам Францішка Багушэвіча, творчасцю якога ён захапляўся. Верагодна, Адам Гурыновіч пачаў пісаць па-беларуску менавіта пад уплывам творчасці Багушэвіча.

Своеасаблівым паэтычным маніфестам гучыць прысвечаны песняру беларушчыны верш «Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею…», дзе Мацей Бурачок - адзін з псеўданімаў Францішка Багушэвіча:

"Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею,
Што між братоў нашых знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы.
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная ідзе у калейку
I будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі,
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі."


25 студзеня 1860 года ў фальварку Кавалькі нарадзіўся беларускі паэт, перакладчык і збіральнік фальклору — Адам Гурыновіч


22 студзеня 1939 ў вёсцы Качаны нарадзіўся беларускі мастак і графік Васіль Шаранговіч

Васіль Шаранговіч вучыўся ў Мядзельскай школе і за ўсё жыццё праілюстраваў больш за шэсцьдзесят кніг, у тым ліку: «Старыя беларускія хронікі» У. Караткевіча, «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Новая зямля» Я. Коласа. Аўтар серыі работ «Край нарачанскі».

У 2009 годзе выйшла аўтабіяграфічная кніга В. Шаранговіча «Ген жыцця»

У Нарачы працуе галерэя Васіля Шаранговіча, для якой ён перадаў 130 сваіх твораў жывапісу і графікі.


Мядзельскі кірмаш зімой у 1930-я гады на фота і ў дзённіках Максіма Танка:

20 студзеня 1938

А сёння цэлы дзень пракірмашавалі мы з бацькам у Мядзеле. Сёе-тое купілі на вяселле. Каля Носькавай крамы прывязаўся быў да мяне нейкі п’яны ці, можа, падасланы тып. Усё цягнуў мяне ў чайную Здановіча, каб пачаставаць гарэлкай, а калі я адмовіўся, пачаў гразіць: «Пачакай! Яшчэ ты не ўсё адседзеў у турме...». Ледзь я ад яго адкараскаўся. Як вярталіся дамоў, разы два нашы развалы перавярнуліся. Змёрз я ў сваім ватнім паліто. Шкадаваў, што не ўзяў кажуха. Дамоў вярнуліся позна. Бацька застаўся распрагаць каня, а я, забраўшы ўсе пакупкі і бутлю з газай, пабег у хату.


Узгаданая ў гэтым фрагменце чайная Здановіча на плошчы месцілася крыху правей, у доме Франца Гараднічага (другое фота).




107 гадоў таму, 15 студзеня 1918 года, сваю працу распачала Будслаўская беларуская гімназія на базе беларускай пачатковай школы, што працавала з сакавіка 1917 года.

У гімназіі ад пачатку навучаліся больш за 300 вучняў. Вывучаліся наступныя прадметы: спевы, маляванне, рамёствы і сельскагаспадарчыя навукі, апроч гэтага выкладаў пчаляр-садавод і святары — каталіцкі, праваслаўны і рабін. Гімназія фінансавалася коштам заснавальнікаў, і гэтага ледзь хапала на ўтрыманне будынка. Становішча палепшылася пасля абвяшчэння незалежнасці БНР, тады пачалі прыходзіць падручнікі з Вільні і Горадні.

У 1920 годзе ў Будслаў прыехаў інспектар, які аб'явіў, што гімназія зачыняецца і прапанаваў бацькам аддаць іх дзяцей у польскую школу. Супраць гэтага выступілі 500 жыхароў Будслаўскай гміны, але ўрад пакінуў гэта без увагі.

Ілюстрацыя — мастацкая рэканструкцыя за аўтарствам праекта Naračanščyna, зробленая паводле праекта архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага.


Валы мядзельскага замка на паўвостраве возера Мястра

Замкавае гарадзішча займае пагорак памерам 105х120 м. Мядзельскі замак існаваў у XV — пачатку XVIII стст. і меў дзве лініі абароны з бастэямі і бастыёнамі.

Падчас раскопак археолагамі на гарадзішчы, былі выяўлены і матэрыялы часоў Кіеўскай Русі, а менавіта ганчаровая кераміка 11-13 стагоддзяў, жалезныя вырабы, косці дзікай і свойскай жывёлы, луска і косці рыбы.


Перадзамча на паўвостраве Замак возера Мястра

Селішча ранняга сярэднявечча, якое размяшчаецца на ўсход і паўночны ўсход ад месца замка. Займае ўзвышанную ўсходнюю частку паўвострава. Падчас раскопак тут былі выяўлены сляды неалітычнай стаянкі: агнішчы, крамянёвыя ножападобныя пласціны і наканечнікі стрэл, ляпная кераміка. Вышэй залягалі напластаванні сярэдневечнага перыяду. Сярод знаходак 10-13 стагоддзяў — ганчарная кераміка, жалезныя нажы, дужка ад вядра. Матэрыялы 14-17 стагоддзяў — гліняны посуд, гаршковая кафля, жалезныя вырабы. Пастаяннае жыццё на селішчы спынілася ў пачатку 18 стагоддзя

980 2 13 10 44

Віншуем праваслаўных чытачоў нашага канала з Раством Хрыстовым! Няхай гэтае чароўнае свята напоўніць ваша жыццё святлом, цяплом, радасцю і дабрабытам. Жадаем вам міру, дабра і сямейнай утульнасці. Няхай анёл-ахоўнік засцерагае вас ад усіх бед і нягод!

✏️ Царква ў Крывічах у сучаснасці і на фота каля 1900 года



Показано 11 последних публикаций.